Вы тут

Уладзімір Карачэўскі: Кіно — гэта інструмент, які павінен садзейнічаць аб'яднанню краіны


Ці месца ідэалогіі ў кіно і якія пытанні выходзяць на першы план у айчынных спецыялістаў сёння, расказаў карэспандэнту «Звязды» дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі


Фота: БелТА

Завяршаецца пракат па краіне фільма «Лёс дыверсанта», на мінулым тыдні стартавалі паказы навінкі, першага беларускага анімацыйнага мюзікла «Зоркі сёмага неба». Уладзімір Міхайлавіч, віншую вас і калег з прэм'ерамі. Калі ўжо згадала патрыятычную стужку «Лёс дыверсанта», давайце пачнём размову з тэмы ваеннага кіно. Здаўна і па сёння Нацыянальную кінастудыю «Беларусьфільм» называюць «Партызанфільм» з-за таго, што шмат кінастужак прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Наколькі сёння праўдзівае такое азначэнне кінастудыі, ці ўдзяляецца ўвага ваеннай гісторыі цяпер?

— Гэтай тэматыцы ўдзялялася і будзе ўдзяляцца ўвага. Сёння трэба гаварыць пра вайну і гаварыць сумленна, бо некаторыя імкнуцца перапісваць гісторыю. Мы забываем пра тое, што Беларусь — адна з самых пацярпелых ад Другой сусветнай вайны краін. Няма ніводнай сям'і, дзе б ні было сваякоў, якія ваявалі ці загінулі. А мы занадта легкадумна ставімся да гэтай тэмы, лічым, што можна проста забыць. Перамогу спрабуюць адабраць у нас, кажуць, што не было Хатыні, канцлагераў. Як гэта не было?! Сябры, трэба больш беражліва ставіцца да гісторыі. І я лічу, што наша кінастудыя павінна працягваць сваю знакавую традыцыю.

Кінастудыя носіць статус нацыянальнай. Чамусьці зараз мы саромеемся слова «ідэалогія». У амерыканскім кіно не сустрэнеш ніводнай стужкі, дзе б ні мільгануў іх сцяг — гэта не ідэалогія? У кіно яна павінна прысутнічаць. Нам неабходна вучыцца любіць сябе, паважаць, памятаць, хто мы ёсць. Нацыянальная кінастудыя павінна таксама займацца выхаваннем. Таму мы здымаем кіно, якое расказвае пра подзвігі, пра гераічнае мінулае і аб'яднанне людзей. На мой погляд, трэба хоць бы раз на год выпускаць па фільме такой тэматыкі.

— Як, на ваш погляд, зрабіць кіно пра Вялікую Айчынную вайну цікавым для маладых людзей? Як прыцягнуць аўдыторыю паглядзець той жа «Лёс дыверсанта»?

— Мы ўсе зараз шукаем правільнае рашэнне, «кручок», на які падчапіць гледача. Былі нядрэнныя прыклады ў расіян у выглядзе фільмаў «Мы з будучыні». Па сюжэце нашых сучаснікаў перакідвалі ў час Вялікай Айчыннай вайны, гледачы сачылі за развіццём іх характараў, ацэньвалі паводзіны герояў у пачатку фільма і ў канцы. Гэта належны ход. У кіно трэба гаварыць мовай, зразумелай сучаснай публіцы, і не рабіць пластмасавых герояў — подзвігі здзяйснялі простыя людзі. Я лічу, што толькі дарагой графікай, экшнам зараз гледача не зачэпіш. Трэба зацікавіць іншым — акцёрскім майстэрствам, псіхалогіяй, драматургіяй сюжэта. Напакаваныя спецэфектамі фільмы пра супергерояў і баевікі ўжо не цікавяць, як раней. Наконт «Лёсу дыверсанта»... Не ведаю, ці будзе ён зразумелы ўсёй моладзі, але мы паспрабавалі паказаць жывога героя.

— З ваеннай тэматыкай зразумела. А якія тэмы яшчэ ў трэндзе ў нацыянальнай кінастудыі?

— У мяне ёсць вялікае жаданне здымаць кіно для моладзі. Трэба вярнуцца да іх інтарэсаў — не загаворваць камерцыйным кіно, серыяламі, а здымаць фільмы на тэмы, якія іх хвалююць. Часам гэта будзе не зусім прыемнае кіно, але праблемы неабходна ўзнімаць. Напрыклад, як існаваць у сучаснай інфармацыйнай прасторы, як будаваць адносіны ў сям'і. Актуальная тэматыка барацьбы з наркотыкамі, негатыўным уплывам сацыяльных сетак, у трэндзе пытанне ўспрымання гісторыі сваёй краіны, паняцця свабоды. Акрамя таго, неабходна зразумець, чым мы можам быць цікавыя не толькі ўнутры краіны, але і за межамі. Хочацца зняць кіно, якое прыцягне і рускіх, і амерыканцаў, і кітайцаў, і індусаў, а таксама будзе запатрабавана ў інтэрнэт-прасторы. Кіно — гэта інструмент, які павінен садзейнічаць аб'яднанню краіны і яе развіццю.

— «Беларусьфільм» можа даць шмат магчымасцяў для кіназдымак: ад стварэння касцюмаў да постпрадакшну карціны. Наколькі паспяхова кінастудыі ўдаецца зарабляць на гэтых паслугах грошы?

— Кінастудыя — дарагая рэч для такой невялікай краіны, як наша. У нас ёсць поўны цыкл вытворчасці, свая натурпляцоўка, і мы ўвесь час зараблялі грошы. Калі ўдарыла пандэмія, колькасць знешніх заказаў паменшылася. Лакдаўн аказаў значны ўплыў на нашу знешнеэканамічную дзейнасць.

У 2019 годзе мы казалі аб прагрэсе: да нас прыехалі кітайцы, індусы, казахі, узбекі. Мы гаварылі нават пра стварэнне праграмы, якая садзейнічала б прыходу заказчыкаў. Цяпер жа марым пра вяртанне да гэтай тэмы і прыстасоўваемся да цяперашняй сітуацыі. Але мы спрабуем развівацца, зарабляць. Дзякуй за падтрымку дзяржавы, якая нас выратоўвае.

Кадр з фільма «Лёс дыверсанта».

Кінастудыя будзе зарабляць. Мы стварылі матэрыяльна-тэхнічную базу, працуем над уласнымі фільмамі — анімацыйнымі, дакументальнымі, вярнуліся да мастацкіх. Завяршыліся здымкі чатырохсерыйнага фільма, у найбліжэйшы час плануюцца здымкі васьмісерыйнага, запусцілі ў пракат некалькі карцін, спрабуем працаваць з замежнымі агентамі па продажы нашай кінабібліятэкі, займаемся рэстаўрацыяй. Мы прапаноўваем свае паслугі арганізацыям, што займаюцца не толькі кінавытворчасцю, але і рэкламай, турызмам, івэнтам. Ёсць ажыўленне і вялікія заказы на найбліжэйшы час.

— Часта можна ўбачыць у расійскіх фільмах мясціны Мінска. Чаму ў нашай сталіцы так імкнуцца здымаць карціны?

— Расіянам танней прывезці сваю здымачную групу і за кароткія тэрміны зняць фільм тут. У нас развітая інфраструктура, добрыя дарогі, прасцейшая лагістыка перамяшчэння, нармальныя цэны, свае спецыялісты. Для таго каб зняць фільм у Маскве, давядзецца прыкласці больш сіл. Прадзюсары лічаць грошы — у нас танней. Мы даём усе магчымасці для здымак: транспарт, масоўку, абсталяванне. Напрыклад, калі здымкі ў Маскве зоймуць месяц, тут група справіцца за тыдзень. У нас ёсць прыдатныя прасторы, натурпляцоўка, дзе магчыма здымаць прыродныя пейзажы.

— Чым канкрэтна кінастудыя дапамагае ў арганізацыі такіх здымак?

— Мы дапамагаем у комплекснай працы, калі трэба даць вялікія аб'ёмы касцюмаў, задзейнічаць маштабныя павільёны. Плюс у нас ёсць натурпляцоўка пад Мінскам, якая ўключае два возеры, лес, поле, партызанскі лагер. Там ёсць і месца для пражывання здымачнай групы.

— З расіянамі зразумела. А чым «Беларусьфільм» цікавы індусам, якія прыязджаюць да нас здымаць?

— Мы для іх экзотыка. Пры гэтым у нас шмат магчымасцяў для здымак. Яны вельмі хочуць працаваць з намі. У нас, паўтаруся, прывабная, развітая інфраструктура, спецыялісты, нармальныя цэны. І дзяржаўная кінастудыя дае гарантыі стабільнасці выканання абавязкаў. Па запыце мы можам аказаць шырокі комплекс паслуг: пачынаючы ад арганізацыі сустрэчы, наладжвання кантактаў з дзяржаўнымі органамі, дамоваў з пагранічнымі і мытнымі органамі. Мы можам арганізаваць здымачную групу, падабраць артыстаў, пашыць касцюмы, стварыць рэквізіт, дэкарацыі, заказаць транспарт, наняць каскадзёраў, забяспечыць выкарыстанне зброі, піратэхнікі. Напрыклад, для індыйскай кампаніі мы запрашалі супрацоўнікаў міністэрстваў абароны і ўнутраных спраў для масоўкі. І канешне, мы можам займацца постпрадакшнам — мантажом, гуказапісам, звядзеннем канчатковай стужкі.

— У Беларусі ёсць свае каскадзёры?!

— Ёсць і каскадзёры, і добрыя піратэхнікі. Замежныя піратэхнікі здзіўляліся: нашы спецыялісты рабілі за два-тры дублі тое, што можна здымаць увесь дзень. Неабходна толькі паставіць задачу і сказаць, што ёсць бюджэт, — яны арганізуюць усё.

— Калі закранулі пытанне спецыялістаў, як справы з кадрамі для кіно?

— Кадраў не хапае. Не хапае не толькі спецыялістаў, але і людзей, якія мысляць крэатыўна. Асабліва што датычыцца яркіх рэжысёраў, аператараў, мастакоў, сцэнарыстаў, грымёраў. Неабходна гадаваць выканаўчых прадзюсараў, якія могуць арганізаваць здымачны працэс. З кадрамі ёсць праблема, і гэта скажа не толькі «Беларусьфільм», але і прыватныя кампаніі. Хтосьці хоча вялікія грошы, хтосьці з'ехаў за мяжу, а хтосьці яшчэ не змог навучыцца ці не хоча мяняцца. Трэба абнаўляць кінасупольнасць і фарміраваць больш прафесійнае асяроддзе, якое не жыве мінулымі правіламі. Кіназдымачная група павінна адказваць не толькі за працэс, але і за канчатковы вынік. А ў нас некаторыя спецыялісты працуюць толькі на працэс, таму і ёсць пытанні да прадукцыі. Калі пачынаюцца размовы: «Дзе айчыннае кіно?», кажу, што дзяржава стварыла ўмовы, а пытанне да вас — рэжысёраў, сцэнарыстаў, аператараў: чаму вы не знялі якасна? Кіно робяць не дырэктары і не міністры. Я не здымаю адказнасці з адміністрацыі кінастудыі, мы спрабуем перабудоўвацца ўсе і хочам па-іншаму падысці да арганізацыі здымачнага працэсу.

Кадр з мультфільма «Зоркі сёмага неба».

— На кінастудыі зараз ідзе працэс рэстаўрацыі старых кінафільмаў. Раскажыце пра гэту дзейнасць.

— Гэту работу неабходна было пачаць гадоў дзесяць таму. У нас, у адной з нямногіх кінастудый постсавецкай, прасторы кінабібліятэка засталася за намі. Мы апошнія гады вярталі маёмасныя правы кінастудыі на большую колькасць фільмаў. Кінабібліятэка змяшчае фонд у 650 мастацкіх фільмаў розных жанраў, 2000 дакументальных стужак і 250 анімацыйных. Частка з іх не адпавядае цяперашнім тэхнічным крытэрыям. Патрабуюцца алічбаванне, абнаўленне гуку і колеракарэкцыя. Потым гэтыя стужкі магчыма перадаць у іншыя краіны для прагляду. Але і беларускія тэлеканалы сёння перайшлі на HD, і глядач хоча бачыць больш якасную карцінку. Нашы фільмы гатовы набыць, але неабходна больш высокая якасць. Спачатку пачалі рэстаўрацыю самастойна, а сёлета дзяржава нас падтрымала грашыма: дапамагла набыць абсталяванне. У гэтым годзе мы павінны 1320 хвілін фільмаў адрэстаўрыраваць за мэтавыя грошы і пусціць у продаж абноўленыя версіі. Зараз ідзе рэстаўрацыя фільмаў «Канстанцін Заслонаў», «Горад майстроў», «Юрка, сын камандзіра». Да Дня Незалежнасці хочам паказаць адрэстаўрыраванага «Канстанціна Заслонава». Маюць патрэбу ў рэстаўрацыі фільмы Віктара Турава і фільмы па творах Івана Шамякіна, Івана Мележа.

Сёлета анімацыйная студыя «Беларусьфільма» адзначыла паўвекавы юбілей. З нагоды выйшаў і першы поўнаметражны айчынны мультфільм. Раскажыце пра гэты кірунак кінастудыі.

— У нас выдатная школа анімацыйнага кіно са старымі традыцыямі. У жанры анімацыі здымаюць не толькі забаўляльнае кіно, але і фестывальнае — сапраўдныя творы мастацтва. Час уносіць карэктывы, і неабходна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі 2D, 3D. Мы закупілі некалькі працоўных станцый і плануем адправіць на павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў па анімацыі.

Закончылі поўнаметражны мультфільм «Зоркі сёмага неба». Гэта беларускі анімацыйны мюзікл. У ім шмат песень на музыку Леаніда Шырына. Тэма фільма досыць актуальная — стаўленне да інтэрнэту, патуранне слабасцям, уздзеянне на маладых людзей. Мульцік атрымаўся цікавы. І ўжо ёсць прапановы купіць фільм ад іншых краін. Прадставілі яго ў нашых кінатэатрах. Таксама мы пачалі работу па стварэнні поўнаметражнага анімацыйнага фільма ў тэхніцы 3D «Песня Сірын», які прысвечаны нашай гісторыі, міфалогіі. Гэты прыгодніцкі фільм будзе стварацца тры гады.

Беларускія мульцікі — не толькі для дзіцячай аўдыторыі. Мы зрабілі падзейны паказ мультфільма «263 ночы» з элементамі дакументалістыкі. Гэта фільм пра Мінскае гета. Закадравы тэкст чытае Арыстарх Ліванаў, гукааператар Віктар Морс — легенды савецкага кіно.

— Якія праблемныя пытанні выходзяць на першы план у айчынных спецыялістаў кіно сёння?

— Мы недастаткова займаемся самапіярам, не хапае грошай. Мы, беларусы, не вельмі любім сябе і лічым, што дзесьці лепей. Я задаю пытанне: «А ты глядзеў, перш чым крытыкаваць? Ты спачатку паглядзі, а потым рабі высновы».

Сёння мы перабудоўваем стратэгію адносін з кінематаграфістамі, больш дакладна вызначаем для сябе задачы. То-бок я зацікаўлены працаваць не на працэс, а на канкрэтны вынік. Таму і адбываюцца рэформы. Хтосьці лічыць мяне разбуральнікам традыцый, але прыйшоў час паглядзець на кінаіндустрыю па-іншаму. Мы ўжо не можам існаваць як раней.

— Вы можаце сказаць, што за тры гады, якія вы ўзначальваеце кінастудыю, там адбыліся значныя перамены?

— У нас адбываюцца ўнутрыстудыйныя рэформы. Пачалі больш актыўна працаваць на замежным рынку, вярнулі маёмасныя правы на кінабібліятэку, узмацнілі матэрыяльна-тэхнічную базу. У нас з'явіліся партнёры па ўсім свеце. Выхад на знешнія рынкі я лічу асаблівым дасягненнем. Мы сапраўды можам аказваць усе віды кінапаслуг, рэструктурыруем работу: перасталі працаваць на ўтрыманне кінастудыі, а працуем на эфектыўнасць. Мы вызначаем больш дакладна для сябе задачы: будзем пісаць сцэнарый пад канкрэтную тэму, а не чакаць сцэнарыі; змяняем мадэль існавання кінастудыі. Мы ўдзячны дзяржаве за падтрымку і спадзяёмся, што ў кінастудыі будзе цікавая будучыня.

Марыя ДАДАЛКА

Фота www.belarusfіlm.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.