Вы тут

На сямейны капітал у мінулым годзе накіравана 338 мільёнаў рублёў


Пастаянная камісія па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў правяла пасяджэнне, дзе абмеркавалі праекты законаў аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2020 год.


Людміла Ніжэвіч, старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах, адзначыла, што выкананне бюджэту адбывалася ва ўмовах эпідэміялагічнай сітуацыі, зніжэння сусветных цэн на асноўныя тавары, якія экспартуе краіна. Таксама негатыўнае ўздзеянне мела невыкананне асобных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

«Даходы бюджэту сфарміраваны ў аб'ёме 23,4 мільярда рублёў. Пры гэтым на працягу года адбылося ўдакладненне даходаў бюджэту на адзін мільярд рублёў. Істотны ўплыў аказалі даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці», — пералічыла дэпутат.

Па яе словах, калі паглядзець на структуру даходаў, то падатковыя займаюць каля 79 % і ў цэлым знізіліся неістотна — на 0,3 %. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці ўпалі больш значна — на 13 % у параўнанні з 2019 годам.

Як дадала дэпутат, асноўнае зніжэнне адбылося з-за скарачэння даходаў ад вывазных мытных пошлін нафты і нафтапрадуктаў, але страты ўдалося кампенсаваць дадатковымі даходамі, якія паступаюць ад вывазных мытных пошлін, звязаных з рэалізацыяй калійных угнаенняў. «Такім чынам, страты бюджэту ад вывазных мытных пошлін склалі 625 мільёнаў рублёў», — канстатавала Людміла Ніжэвіч.

Па яе словах, выкананне бюджэту склала за 2020 год 101 % удакладненага плана і 97 % першапачатковага плана, зацверджанага законам. Паўплывала пандэмія і на выкананне расходнай часткі бюджэту: расходы павялічаны да 26,4 мільярда рублёў.

«У структуры расходаў удзельная вага расходаў на сацыяльную сферу падрасла да 13 % да ВУП. Пры гэтым усе абавязкі па галінах эканомікі, узятыя на сябе Рэспублікай Беларусь, у 2020 годзе выкананы. Як і забяспечаны ўсе гарантыі, то-бок абавязкі па выкананні і пагашэнні знешняга і ўнутранага доўгу Рэспублікі Беларусь», — сказала старшыня Пастаяннай камісіі.

Яна адзначыла, што памер дэфіцыту бюджэту павялічаны адносна лічбаў, прынятых законам аб бюджэце, — да 2,2 мільярда рублёў.

Прысутны на пасяджэнні міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў у сваім дакладзе аб выкананні рэспубліканскага бюджэту летась паведаміў, што першапачаткова законам былі зацверджаны даходы ў памеры 24,4 мільярда рублёў і расходы ў 25,4 мільярда рублёў.

«Бюджэт 2020 года фарміраваўся, зыходзячы з базавага сцэнарыя развіцця эканомікі. Разам з тым яго выкананне ажыццяўлялася ва ўмовах пагаршэння ў пачатку года работы нафтахімічнага комплексу і запавольвання эканамічнай актыўнасці з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. Гэта прывяло да рэзкага і значнага зніжэння даходаў у бюджэт», — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, скарачэнне даходаў запатрабавала перагляду расходнай часткі бюджэту. Так, былі аптымізаваны расходы на суму 1,6 мільярда рублёў.

Юрый Селівёрстаў дадаў, што пандэмія запатрабавала павелічэння расходаў на медыцыну. Так, выдаткі на гэту галіну ў параўнанні з 2019 годам выраслі на 240 мільёнаў рублёў і склалі 1,2 мільярда рублёў. Работнікам аховы здароўя і сацработнікам, якія працавалі ў ачагах інфекцыі, выплачана дадаткова да асноўнага заробку 576 мільёнаў рублёў.

Міністр заявіў, што, нягледзячы на неспрыяльную эпідэміялагічную абстаноўку, бюджэт летась захаваў сваю сацыяльную накіраванасць, і выплаты адбыліся практычна без змен.

«Нейкага значнага прыросту з улікам мер чакаць не прыходзілася. Расходы рэспубліканскага бюджэту на адукацыю летась склалі 1,1 мільярда рублёў (на 103 мільёны больш, чым годам раней). Па навуцы аб'ём расходаў склаў 326 мільёнаў рублёў (0,2 % да ВУП)», — сказаў міністр фінансаў.

Паводле яго слоў, працягнута фінансаванне праграмы сямейнага капіталу: у мінулым годзе на гэтыя мэты накіравана 338 мільёнаў рублёў, адкрыта 15,3 тысячы дэпазітных рахункаў. За пяць гадоў існавання сямейнага капіталу, дадаў Юрый Селівёрстаў, па гэтыя віды падтрымкі шматдзетных сямей звярнулася амаль 94 тысячы грамадзян.

Марыя ДАДАЛКА

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».