Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


«Полымя»

Абуджэнне позняй вясны

Вясна — час, калі позіркі многіх людзей мастацтва непазбежна прыцягваюцца да прыроды, але відовішча ў кожнага выклікае розныя эмоцыі і рэакцыі. Паэзія ў пятым нумары «Полымя» адлюстроўвае гэтую разнастайнасць. Падборка Змітрака Марозава з характэрнай назвай «Ліст з былога» адкрывае часопіс радкамі: «Сад адквітнеў. Пялёсткавых завей наступнаю вясной ці прычакаю?..» Гэта разважлівыя вершы, вобразная і настраёвая дамінанта ў якіх — не вясна, а восень. Аўтар рэфлексуе на тэмы творчасці і жыцця, выкарыстоўвае шлях, дарогу як асноўную метафару. Вобразы прыроды атачаюць аўтарскія развагі пра тое, ці магчыма зразумець сэнс і таямніцу чалавечага жыцця.

Падборка вершаў Анхелы Эспіносы Руіс называецца «Штодзённыя цуды», але месца тыповым побытавым метафарам у тэкстах не знайшлося. Здаецца, што галоўныя цуды для аўтаркі — гэта пачуцці і сама магчымасць іх выяўляць праз паэзію. Разважанні пра прыроду паэзіі ў сабе, пачуцці аўтаномныя і накіраваныя на іншага чалавека сплятаюцца ў яе тэкстах у паток метафарычных радкоў. Ён узнёслы, сентыментальны і шматслоўны — можна здагадацца, што так паэтка ўтаймоўвае пачуцці, якія насамрэч перапаўняюць яе. Хаця вобразны шэраг у тэкстах падборкі хутчэй абстрактны, не мае пейзажнай асновы, але сам узнёслы настрой добра асацыіруецца з вясной.

Іна Фралова ў вершах з падборкі «Святло ветаха» выбірае некласічную форму, блізкую па спосабе выяўлення думкі да японскай паэзіі. Кароткія вершы ствараюцца з канцэнтрацыі на дэталях, разгортвання простых метафар-апісанняў. Сама аўтарка ў тэкстах быццам пяшчотна дакранаецца да неверагоднай рэчаіснасці, якую назірае, асцярожна ўключае сябе ўнутр метафары — успамінам, заўвагай, выпадковасцю. І такім чынам вузкі свет верша, засяроджанага на адным канкрэтным візуальным вобразе, пашыраецца, у яго з’яўляецца гісторыя. Цэнтральныя вобразы падборкі — лотаць і месяц — самі па сабе даволі шырокія, дабудоўваюць кантэкст да паўнавартаснай карціны, дазваляюць уявіць, у якіх абставінах або пад якімі ўражаннямі паэтка напісала гэтыя творы.

Проза ў майскім нумары «Полымя» прадстаўлена двума аўтарамі. У часопісе змешчаны пачатак аповесці Маргарыты Латышкевіч «Сярэдзіна зімы» і аповесць Ігара Капыловіча «Адзінота».

«Сярэдзіна зімы» — фэнтэзійная гісторыя пра князёўну, што жыве ў «крыху» старасвецкім замку і не надта верыць у варажбу, але паддаецца на прапановы служанкі паваражыць на свята. Пачынаецца з побытавай сцэны, чытач уваходзіць у тэкст, гледзячы на свет вачыма галоўнай гераіні. Потым адыходзім і назіраем збоку. Аўтарка падрабязна апісвае абстаноўку, знешнасць герояў, але ніколі не адыходзіць далёка ад гераіні, за думкамi i пачуццямi якой мы працягваем сачыць падчас усяго дзеяння. У яе характары сплятаюцца нейкая халоднасць,  нават цынізм — адзіны сродак адстойваць сваю аўтаномію — і прыхаваная пяшчота. На гэтай дыхатаміі і будуецца галоўны ўнутраны канфлікт.

Аповесць Івана Капыловіча заўважна адрозніваецца — хаця б тым, што твор абсалютна рэалістычны. Ён узнімае пытанні чалавечых магчымасцяў і крыніц моцы, шчырасці стасункаў і творчасці. Упершыню чытач бачыць галоўнага героя ў лякарні з моцнай траўмай пазваночніка і далей назірае за тым, як змяняецца яго стан і настрой, як безнадзейнасць трансфармуецца ў абуджэнне.

Ганна ІВАНОВА


«Нёман»

Мінулагодняй памяці лістота…

Пачынае новы нумар «Нёмана» рамантычная і крыху трывожная паэтычная падборка Леаніда ДранькоМайсюка «Пад знакам ісціны самой…» (з цыкла вершаў для А.) у перакладзе з беларускай мовы Ізяслава Катлярова — прыклад услаўлення прыгажосці і кахання, пошук іх паўсюль: у сонечных іскрынках з аксаміцістай луской, у калядным холадзе, у яркім іерогліфе сонца. Лейтматывам нізкі вершаў стала блуканне ў сне: «Мой сон, как ваза чистая, пустой…» Лірычны герой адчуў, што многае мінулася, і імкнецца запоўніць свой сон адчуваннямі, пачуццямі, пахамі і колерамі — жоўтым і сінім, а ў адным з твораў ён становіцца яшчэ і пурпурны. Сіні, дарэчы, адзін з ключавых для Анры Маціса, творчасцю якога захапляецца паэт, — колер смутку і холаду, спакою і вернасці. Яго ўплыў найбольш адчуваецца ў апошнім вершы нізкі:

Но мало ли чего хотеть

Могла б душа в мечтаньях сонных,

Коль проницательная смерть

Спокойно смотрит на влюбленных.

У кожным творы інтанацыю, рытм, гукапіс — тое, чым не ў апошнюю чаргу прываблівае паэзія Леаніда ДранькоМайсюка, — перакладчык імкнуўся перадаць як мага дакладней. Ці атрымалася — вырашаць чытачу.

Юрый Мацюшка выступае ў часопісе як аўтар насцярожана-песімістычнай паэтычнай падборкі «Мяне ўчора аклікнула вясна», апагеем якой стаў верш з красамоўным пачаткам: «Забыта наша мінулае даўно…»  Аўтар даследуе сучаснасць, разважаючы, напрыклад, пра выбар паміж вёскай і горадам, але найбольш яго цікавяць вечныя пытанні, без адказу на якія чалавецтву немагчыма дайсці да ісціны. Нарэшце, як вынікае, баіцца творца толькі аднаго: чалавек можа стаць манкуртам.

Не повернуть мгновенья вспять,

Земною мерой не измерить,

Но можно снова жить, дышать,

Любить, надеяться и верить.

Нягледзячы на тое, што пасыл аўтара адназначны, сустракаюцца радкі, дзе ўзнёслыя пачуцці ахопліваюць душу лірычнага героя. Але здараецца гэта толькі тады, калі ён сузірае хараство прыроды. Чакана, што менавіта вясна абуджае ў ім даўно забытыя пачуцці: адчуць сябе маладзейшым не позна, спадзяецца аўтар. Найлепшым у гэтым рэчышчы падаецца твор «Начлег» — больш удалы і багаты на вобразы.

Чатач мае магчымасць пазнаёміцца і з вершамі Рыгора Шакулава («Я шмат што бачыў на свеце…»), эколага і пісьменніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Абодва творы, «Сляза камандзіра» і «Клятва каля сцен Ленінграда», напісаны ў 1942 годзе, і гэтым многае сказана.

Друкуюцца ў майскім нумары шчымлівыя, з пэўнымі адценнямі дэкадансу вершы пад агульнай назвай «Кожны — сапраўды апошні на зямлі…» Васіля Гадулькі, які заўчасна памёр. Напісаў прадмову і зрабіў пераклад твораў з беларускай мовы Ізяслаў Катляроў. Меланхалічны настрой паэтычнай падборкі — сведчанне роспачы, душэўнай адзіноты, прадчування нядобрага, адсутнасці веры і надзеі ў лепшае («…и конечно, вряд ли вспомнят корни // прошлогодней памяти листву»)… Верш «Самагубцы» — найвышэйшая кропка эмацыянальнага напружання:

...Сбежавших не за жизни горизонт,

а вечность обретающих угрюмо,

вдруг примет ночь к себе под звездный зонт

и сбережет их имена от глума.

Сімволіка таксама ідзе на карысць агульнаму адчуванню твораў: пажухлы ліст, азяблая далонь, апошні сябар… У гэтай сувязі вельмі складана аддзяліць асобу паэта ад яго творчасці, бо ў кожным радку бачыцца заслона, якая перашкаджала жыць і ствараць — рашуча, упэўнена.

На некалькіх дзясятках старонак майскага нумара «Нёмана» змясціўся працяг рамана Людмілы Рублеўскай «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча» ў перакладзе на рускую мову Паўла Ляхновіча. Празаічную частку дапаўняюць фрагмент рамана Віталя Кірпічэнкі «За доляй» (твор пад назвай «На той, на Курскай, дузе», прысвечаны тэме вайны) і апавяданне Зігмунда Дзякевіча «Два дні салдацкага адпачынку», што ўсцешна, гумарыстычнае. На жаль, гэтага кірунку часопісу вельмі не стае.

Яўгенія ШЫЦЬКА


«Маладосць»

Дзве душы і гукаатрыманне

Рэдка калі атрымліваецца прыпыніцца напачатку і засяродзіць увагу ўжо на прадмове, але гэтым разам «Маладосць» дае для таго добрую нагоду. Калі надыходзіць час думаць, асэнсоўваць і пераасэнсоўваць, рабіць бясконцыя этычныя і гуманістычныя выбары, у пэўны момант следам за намеснікам галоўнага рэдактара часопіса так ці інакш прыходзіш да канцэпту двудумства. І датычыцца гэта, на жаль, не рамантычнага літаратуразнаўчага двусвецця з яго філістарамі і энтузіястамі, сувяззю паміж рэальным і містычна-ідэальным сусветамі. Гаворка хутчэй пра асаблівы сацыяпсіхалагічны стан, які яднае нас з героямі пэўнага кшталту літаратуры, прыклады якой — некаторыя кніжкі з лічбамі ў назвах. У прадмове тэма ўзнімаецца на ўзроўні мовы, дзе на прыкладзе дыхатаміі май/травень супрацьпастаўляюцца мёртвыя тэхнічныя даныя часопіснага афіцыёзу і жывыя паэтычныя радкі Вальжыны Морт. Што на языку, тое і навокал: гэта гісторыя не пра эстэтычна-каларыстычныя несупадзенні густаў, не пра розныя побытавыя арыенціры. Проста нехта бачыць сваё мінулае гэтак жа ясна, як і будучыню, а камусьці іншаму даспадобы жыццё ў бясконцай прадвызначанай і незалежнай ад яго сучаснасці.

Алесь Емяльянаў-Шыловіч у сваіх вершах стварае прастору суцэльнай унутранай вясны, калі няма розніцы паміж сакавіком і траўнем, калі ледзь заўважна розніца паміж жыццём і смерцю. Тэма дваістасці зноў паказваецца ў тэксце «верш з двума канчаткамі», дзе акрэсліваецца такая знаёмая для нас дыхатамія, як умоўналадныя роздумы пра немажлівасць змены таго, што ўжо адбылося, і аптымістычная ўпэўненасць у тым, што жыццё пераважыць. Два бакі аднаго медаля, кожны з якіх павінен быць зафіксаваны, але, згодна з кампазіцыйнымі перыпетыямі, «канчатковым канчаткам» друкуецца той, за якім сам аўтар замацоўвае больш істотнае сэнсавае напружанне.

Вершы Паўла Капанскага — добры прыклад выразнага аўтарскага стылю. Тэматычна ён у некаторай ступені — архетыповы беларускі паэт, бо ў сваіх творах па-інтэлігенцку асэнсоўвае сваё настаўніцкае быццё на пару з прыродна-пастаральным асяроддзем.

Акрамя таго, майскі нумар часопіса нясе свята для ўсіх, каму даспадобы жывое слова. Гэтым разам «Маладосць» прапаноўвае чытачам інтэрв’ю з музыкантам, вакалісткай і гітарысткай гурта «Няміга» Ксеніяй Валендай.

Данііл ЛЫСЕНКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.