Вы тут

Курс на інавацыі і прафесіяналаў: Гродзенскі аграрны ўніверсітэт адзначыў 70-годдзе


У рамках святкавання прайшлі пашыраныя пасяджэнні саветаў факультэтаў і ўніверсітэта, спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты з  ушанаваннем лепшых супрацоўнікаў ВНУ. Завяршыўся святочны тыдзень урачыстым мерапрыемствам з удзелам прадстаўнікоў абласных і рэспубліканскіх органаў улады.  Заключным акордам стала пасадка алеі “70 дасягненняў”.


За гады існавання з універсітэта выйшлі каля 40 тысяч спецыялістаў. Аб прэстыжы ВНУ сведчаць імёны вядомых выпускнікоў. Так, з 11-ці герояў Беларусі – тры выпускнікі ГДАУ. Гэта Аляксандр Дубко, Віталь Крэмко і Васіль Рэвяка. Многія прадпрыемствы, дзе працуюць выпускнікі, сталі ўжо брэндам краіны. Сярод кіраўнікоў сяльгаспрадпрыемстваў Гродзенскай вобласці – большасць атрымалі адукацыю менавіта ў аграрным універсітэце. У ліку выпускнікоў – вядомыя дзяржаўныя дзеячы, навукоўцы і вытворцы.

Высокая ацэнка ВНУ была выказана ў прывітальным лісце ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У ім адзначана, што ўніверсітэт уносіць вялікі ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі краіны. Многія выпускнікі маюць высокія ўзнагароды. У тым ліку званні Герояў Сацыялістычнай Працы і Герояў Беларусі. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што новае пакаленне студэнтаў будзе вызначаць аблічча і дасягненні беларускага аграпрамысловага комплекса заўтрашняга дня.

Дарэчы, Гродзенскі аграрны ўніверсітэт стаў першым ВНУ, які ў 1999 годзе наведаў Прэзідэнт. Гэта дало пэўны імпульс для далейшага развіцця. Ставілася задача не проста атрымаць прадукцыю, а перапрацаваць і выгадна яе прадаць. У хуткім часе тут пачалі навучанне па цэлым шэрагу новых  запатрабаваных спецыяльнасцяў. Так былі адкрыты факультэты ветэрынарнай медыцыны, бухгалтарскага ўліку, эканамічны, інжэнерна-тэхналагічны. На гэтыя спецыяльнасці  самы высокі конкурс.

А пачатак быў пакладзены ў 1951 годзе, калі на базе былога рэальнага вучылішча вырашылі стварыць сельскагаспадарчы інстытут. На першы курс было залічана 22 студэнта, пароўну на два факультэты.

У 2010 годзе інстытут атрымаў статус універсітэта. За гэты час тут падрыхтавалі звыш 35 тысяч кваліфікаваных спецыялістаў. Гэта шматпрофільная установа, якая налічвае 9 факультэтаў і 32 кафедры.

ВНУ  мае высокі рэйтынг і на міжнароднай адукацыйнай прасторы. Тут займаюцца каля 300 студэнтаў з 25 краін свету. Іх колькасць будзе павялічвацца. З ліпеня гэтага года плануецца адкрыццё факультэта для замежных студэнтаў.

Па словах рэктара  Вітольда Песціса, ГДАУ уяўляе сабой сучасную мадэль вышэйшай навучальнай установы “Універсітэт 3:0”, якая злучае адукацыйную, навукова-даследчую і вытворча-камерцыйную дзейнасць. Тут створаны новыя структурныя падраздзяленні, якія адпавядаюць сусветнаму ўзроўню. У іх ліку лабараторыя ДНК-тэхналогій, якая лічыцца адной з лепшых у рэспубліцы. Высокія рэкамендацыі мае галіновая біятэхналагічная лабараторыя па рэпрадукцыі сельскагаспадарчых жывёл. Пляцоўкай для  навучання сучасных метадаў і тэхналогій па вырошчванні сельскагаспадарчых культур з’яўляецца вопытнае поле на 100 гектар.  

Універсітэт працуе над тым, каб удасканальваць якасць падрыхтоўкі, пашыраць сучасныя метады і тэхналогіі адукацыі, выкарыстоўваць інавацыйныя падыходы і самаўдасканальванне ў навучанні. Стаіць задача рыхтаваць не толькі спецыялістаў сваёй справы, але і арганізатараў вытворчасці, лідараў сваёй прафесіі, падкрэсліў Вітольд Песціс. І такіх прыкладаў нямала.

У ліку выпускнікоў – міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван  Крупко. Ён падкрэсліў, што менавіта тут атрыманы тыя веды, якія дапамагаюць не толькі ў прафесіі, але і ў самім жыцці. А для краіны ўніверсітэт  – гэта кузня сапраўдных, паўнавартасных кадраў, высокі ўзровень адукацыі і трывалыя традыцыі. 

Многія выпускнікі паспяхова працягваюць працоўную дзейнасць у сценах універсітэта, адзначыў у сваім выступленні намеснік прэм’ер-міністра  Рэспублікі Беларусь Аляксандр Субоцін і пажадаў новых дасягненняў у навуцы і адукацыі. На яго думку, тое, што на ўрачыстасці прысутнічаюць прадстаўнікі аграрнага комплекса ўсіх узроўняў, сведчыць аб высокай запатрабаванасці такіх спецыялістаў.

У ВНУ нямала падстаў ганарыцца сваімі дасягненнямі, падкрэсліў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. За 70 год падрыхтаваны дзясяткі тысяч спецыялістаў, якія сваёй працай забяспечылі, у тым ліку, эканамічныя поспехі краіны, заслужылі прызнанне і на міжнародным узроўні. Зараз варта не страціць гэта імкненне ісці наперад, абапіраючыся на традыцыі, мудрасць і адказныя адносіны да працы. Уладзімір Каранік расказаў, што сам ён заканчваў іншую ВНУ, але тут вучыліся яго бацькі, таму Гродзенскі аграрны ўніверсітэт ён лічыць родным і для сябе.

Падчас урачыстых мерапрыемстваў у файе ўніверсітэта была арганізавана выстаўка інавацыйных праектаў.

Навуковыя школы прадставіў біятэхналагічны факультэт – адзін з “кітоў” ВНУ.  На момант стварэння тады яшчэ сельскагаспадарчага інстытута ён называўся заатэхнічным,  паведаміў намеснік дэкана факультэта Арцём Прэсня. Зараз змянілася не толькі назва, але і падыходы да навучання. Яны адпавядаюць сусветным нормам па частцы кармлення і развядзення жывёлы. Ёсць свая навуковыя школа і ў галіне пчалярства. Даследавана, што прысутнасць пчол на палях дазваляе павялічваць ураджайнасць да 15%.

Смачную прадукцыю прадставіў інжэнерна-тэхналагічны факультэт. На выстаўцы можна было ўбачыць новыя распрацоўкі. Тут працуюць над тым, каб палепшыць смакавыя якасці хлебабулачных, кандытарскіх вырабаў і харчовых канцэнтратаў. У выпечцы робіцца акцэнт на ўдасканальванні рэцэптуры. Напрыклад, хлеб з папрыкай, зерневымі шматкамі, гарбузрвым пюрэ, ільняной мукой. Макароны ў выглядзе палачак з дабаўленнем сока бурака, таматаў. Пробная партыя ўжо атрымана ў прамысловым маштабе, паведаміла  старэйшы выкладчык кафедры тэхналогіі захавання і перапрацоўкі расліннай сыравіны Аліцыя Гузевіч. Такія функцыянальныя вырабы з мінеральнымі дабаўкамі, арганічнымі кіслотамі зараз карыстаюцца попытам. Студэнты шукаюць магчымасць зрабіць прадукцыю больш таннай.

Заключным акордам святочных мерапрыемстваў стала пасадка алеі, якая сімвалізуе жыццё і рост навучальнай установы. Большасць дрэў – гэта яблыні, а таксама саджанцы дуба. Новая алея названа “70 дасягненняў” і з’явіася перад галоўным корпусам універсітэта, ля памятнага знака, які устаноўлены ў гонар стварэння ВНУ.

Маргарыта УШКЕВІЧ

фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?