Вы тут

Прамень, ад якога святлеюць будні


Аляксандр Хазянін, аўтар кніг «Сярод добрых людзей» і «Скарбонка мудрасці», парадаваў трэцяй: «Светлыя прамені». Яна невыпадкова пабачыла свет у маладзечанскай друкарні «Перамога». Аляксандр Аляксандравіч амаль 25 гадоў быў галоўным рэдактарам «Маладзечанскай газеты».


Родам ён з вёскі Дукора Пухавіцкага раёна, а журналісцкі лёс закінуў на Маладзечаншчыну. Тым самым А. Хазянін пацвердзіў правільнасць знакамітага выказвання: радзіма там — дзе добра. А калі добра, то і існуе ўзаемнае паразуменне, падтрымка. Кніга «Светлыя прамені» — найлепшае сведчанне гэтаму.

У томіку прадстаўлены матэрыялы розных жанраў: нарысы, літаратурна-крытычныя артыкулы, літаратурныя партрэты, рэцэнзіі. Атрымалася як бы свайго роду выбранае, хоць аўтар і не ставіў перад сабой такую задачу. Проста сабраў пад адной вокладкай тое з напісанага, што, па яго меркаванні, дазваляе лепш зразумець яго творчы патэнцыял. З папярэднімі кнігамі я знаёмы добра: А. Хазянін належыць да тых творцаў, якія ведаюць цану прамоўленаму слову, таму і стараюцца загадзя, яшчэ пры падрыхтоўцы матэрыялаў, адсеяць выпадковае, неабавязковае. Каб у друк трапіла толькі «зерне». Наколькі Аляксандр Аляксандравіч патрабавальны, засведчыць яго новая кніга.

Адна з яе адметнасцей — поўнае ўяўленне аб Маладзечаншчыне. Адбываецца гэта праз біяграфіі, лёсы найбольш цікавых людзей, якія пражываюць тут: не ўсе, пра каго расказвае А. Хазянін, нарадзіліся на гэтай цудоўнай зямлі. Але і яны душой прыраслі да гэтага кутка.

Чытаючы, не звяртаеш увагу на тое, адкуль родам той ці іншы персанаж Аляксандра Аляксандравіча. Упэўніваешся, што ён свой. Бо настолькі праўдзіва псіхалагічна пранікае аўтар у людскія лёсы, што паўстае нейкі дзіўны вялізны панарамны малюнак: чым жыў чалавек і як жыве сёння, якія стасункі ў яго з іншымі, чым прапісаўся ў іх лёсах і ўвогуле які след пакідае на зямлі сваімі ўчынкамі, справамі, сваёй чалавечнасцю.

Апошняе надзвычай важнае, бо ў кнізе неаднаразова гучыць трывога: важна, каб чалавек ніколі не страчваў сваёй чалавечнасці, а заставаўся тым, кім і павінен па сваім, а шырэй — боскім прызначэнні. Упрыгожваць зямлю думкамі, справамі, памкненнямі, прыкладам.

З такіх — прафесар, доктар медыцынскіх навук Леанід Путырскі. «Паэт у медыцыне» — так назваў А. Хазянін нарыс пра яго. Хоць, правільней сказаць, гэта не нарыс у традыцыйным разуменні такога жанравага паняцця, а спалучэнне некалькіх жанраў. Аўтарскія развагі, без якіх не абысціся, калі перагортваеш старонкі змястоўнай біяграфіі, дапаўняюцца дыялогам.

Яго гарантуе гаворка на роўных. А яшчэ, што таксама важна, Аляксандр Аляксандравіч знаходзіць моманты ў біяграфіі свайго персанажа, якія наводзяць на роздум, пра невытлумачальнасць жыцця. Аднак акурат гэта ў нечым вызначае тое, што павінна адбывацца з чалавекам.

Школьнікам Путырскі шмат чым захапляўся: «У старэйшых класах гадаваў сотню трусоў… Але і лёгкай атлетыкай займаўся, і футболам, і хакеем, і ў школьных алімпіядах прымаў непасрэдны ўдзел. У дзявятым класе стаў пераможцам алімпіяды па англійскай мове, што давала права пазаконкурснага паступлення ў інстытут замежных моў». І раптам, кажучы словамі Бальзака, адбыўся яго вялікасць выпадак. Ды такі, што ледзь не каштаваў Лёшу жыцця. Гуляючы, дзеці вырылі ў траншэі для водаправода пячору. Калі ён стаў капаць у ёй сапёрнай лапаткай, тыя, хто знаходзіўся наверсе, пачалі скакаць. Зямля абвалілася і заваліла Путырскага. Выжыў, «дзякуючы таму, што ў траншэі ляжаў тварам уніз. Яго адкапалі сінім. Першае, што ўбачыў, вярнуўшыся з таго свету, гэта вялікія вочы доктара, які сказаў матулі Леаніда:

— Ну, вось, бачыце, будзе жыць. Ён яшчэ вырасце і стане вялікім чалавекам».

Напаткала бяда і тады, калі на занятках па фізкультуры кап’ё трапіла ў твар. Таксама не абышлося без дапамогі ўрачоў. Хіба можна было пасля ўсяго гэтага выбраць спецыяльнасць, не звязаную з медыцынай? Ды не проста высокакваліфікаваным, але і своеасаблівым паэтам у медыцыне. Невыпадкова А. Хазянін гэтае вобразнае параўнанне вынес у назву матэрыялу пра Путырскага. Аднак нездарма гаворыць пра Леаніда Аляксеевіча яшчэ і як аб «прафесары ў паэзіі». Можа, і перабольшванне гэта… Але што «дацэнт у паэзіі» — ніякага сумнення: піша вершы, мае ўласныя паэтычныя кнігі.

Магчыма, мая гаворка толькі пра адзін матэрыял у новай кнізе і зацягнулася. Але гэта, каб уявіць, як ён кампазіцыйна будуе нарыс дзеля дасягнення як мага больш поўнай абмалёўкі персанажа. Робіць гэта не праз апісальніцтва, не праз паднясенне толькі асобных фактаў. А асэнсоўвае і пераасэнсоўвае іх так, што пасля прачытання застаецца радасць ад знаёмства з персанажам.

Гэтакім жа шляхам — ад фактаў да іх абагульнення, ад пэўных штрыхоў з біяграфіі да іх асэнсавання, ад здатнасці чужы лёс у нечым суаднесці з лёсамі іншых — ідзе А. Хазянін і ў іншых сваіх матэрыялах, што ўспрымаюцца нарысамі-партрэтамі. Як жывы паўстае былы галоўны ўрач Мінскай абласной станцыі пералівання крыві Франц Світо («Бацькоўская навука»). Ён цікавы не толькі як спецыяліст — праявіў сябе і даследчыкам, доўгі час пішучы гісторыю мясцовай медыцыны.

Аляксандр Хазянін знайшоў у нарысах свой падыход і для асэнсавання багатага фактычнага матэрыялу, пішучы пра былога генеральнага дырэктара ААТ «Забудова» Іосіфа Русака («На павароце»), Героя Сацыялістычнай Працы Зою Задору («Сонца яе дня»), кіраўніка клуба бальных танцаў «Грацыя», што працуе пры маладзечанскай гімназіі № 10, Дзмітрыя Хаўроніна («Камертон і ліра») і іншых. У гэтай кагорце — стваральніца і на працягу многіх гадоў кіраўнік народнага клубнага аб’яднання «Адпачынак» Марыя Баландзіна («…А душа ў нас маладая»). З ёю Аляксандр Аляксандравіч знаёмы куды больш. Праз частыя кантакты. Сам не адзін год з’яўляецца ўдзельнікам гэтага калектыву аднадумцаў.

Знаёмячыся з кнігамі, дзе моцны краязнаўчы аспект (як «Светлыя прамені»), з асаблівым задавальненнем чытаю матэрыялы, у якіх абавязкова адкрываю для сябе нешта новае. Такім адкрыццём стаў артыкул «Янка Купала, альманах “Нарач” і купалаўская тэматыка на яго старонках».

Праўда, тое, што тычыцца сувязі народнага песняра з гэтым азёрным кутком Бацькаўшчыны, мне было знаёма і дагэтуль. А вось альманах, які выходзіў у Маладзечне, трымаць у руках не даводзілася. Цяпер жа неабходнасць заказваць яго ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адпала. Старонкі можна «перагарнуць» дзякуючы А. Хазяніну.

Радуе, што падрабязна расказваецца пра супрацоўніцтва з альманахам «Нарач» Міколы Ермаловіча. Ён, як вядома, з тых людзей, пра якіх чым больш ведаеш, тым выразней паўстае іх мастакоўскае аблічча. Зазірнуць у пачатак яго творчай дзейнасці важна па той прычыне, што звычайна пра яго гавораць (і апраўдана) як пра гісторыка, які па-новаму зірнуў на беларускую даўніну. Але на такую дзялянку Мікола Іванавіч ступіў не адразу, што відаць і па публікацыях у «Нарачы», дзе выступіў з артыкуламі «Вялікі пясняр чалавека» пра Янку Купалу і «Нарачанскі край у творчасці Максіма Танка». Гэтыя публікацыі дапамагаюць лепш раскрыць значнасць асобы таго, хто не проста жыў у Беларусі, а жыў у імя яе.

Калі, гаворачы пра М. Ермаловіча, аўтар кнігі дадаў у яго біяграфію хай сабе і маленькія, але важныя штрыхі, то да А. Хазяніна ніхто не пісаў такога аб’ёмнага творчага і даследчыцкага партрэта Міхася Казлоўскага, пра яго расказваецца вельмі падрабязна.

Працуе ж ён вельмі плённа, а яшчэ, што заслугоўвае ўхвалы, выбраў для сябе важны творчы і грамадскі кірунак. Калі казаць коратка — усё, што звязана з беларускасцю. Адзін пералік зробленага ім уражвае: стварэнне мастацкай гасцёўні Язэпа Драздовіча, літаратурнага музея Уладзіміра Караткевіча ў Маладзечне, выданне часопіса «Куфэрак», кніг паэзіі, прозы і краязнаўчай публіцыстыкі, паштовак, прысвечаных дзеячам беларускай культуры. А яшчэ аўтарства і ўкладанне аднайменных старонак у штотыднёвіку «Рэгіянальная газета»…

Аляксандр Хазянін патрабавальна ставіцца да слова, імкнецца даходліва выказваць думкі. Планку мастацкасці трымае на належнай вышыні. Выключэнне складаюць толькі матэрыялы, у якіх голас, скіраваны на асэнсаванне пэўных грамадскіх з’яў, гучыць празмерна дыдактычна. Канешне, падаецца ўсё правільна, з разуменнем. Як захапленне поспехамі, што адбываюцца ў нашым грамадстве, так і асуджэнне пэўных заган. Шкада толькі, што часам гэта робіцца як бы ў лоб. Такая правільнасць, безумоўна, сведчыць аб выразнасці яго грамадзянскай і творчай пазіцыі, якую нельга не вітаць. Аднак, каб прамоўленае хвалявала па-сапраўднаму, неабходна больш лірычнай споведзі. Душа душу — чытацкая аўтарскую, аўтарская чытацкую — лепш пачуе, калі прамоўленае загучыць споведдзю чалавека неабыякавага, заклапочанага тым, каб усё было ў жыцці не проста добра, а цудоўна. Менавіта такім роздумам, такім падыходам і напоўнены найлепшыя матэрыялы кнігі А. Хазяніна. Яе ўспрымаеш тым промнем, ад якога святлеюць будні.

Дарэчы, з’яўленне менавіта такой назвы невыпадковае. А. Хазянін, калі працаваў галоўным рэдактарам «Маладзечанскай газеты», любіў нагадваць сваім падначаленым, што сапраўдны журналіст — не толькі той, хто працуе прафесійна, але і з’яўляецца чалавекам адкрытай душы, здатны выпраменьваць святло. Што і сам рабіў у сваёй паўсядзённай працы.

Марат КАЗАРЫ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.