Вы тут

Важна захаваць не толькі старыя фасады, але таксама і інтэр'еры


Усё часцей мы з сумам назіраем за тым, як перакройваецца горад, як старыя будынкі пацясняюць новыя, з'яўляюцца прыбудовы, убіраюцца дрэвы, мяняюцца шыльды на магазінах. А з прыходам новых уласнікаў часта знікае энергетыка добра знаёмых з дзяцінства інтэр'ераў. Сёлета мы назіралі, як рабочыя знімаюць шыльду «Океан» з будынка ў цэнтры сталіцы. А як хваляваліся раней за «Бярозку» ці кавярню ва ўніверсаме «Цэнтральны». Мы ўжо навучыліся шкадаваць дэталі, звязаныя з уласнымі ўспамінамі, а ўслед за гэтым прыходзіць і разуменне таго, што савецкая архітэктура таксама стала спадчынай.


Сёння ўжо нікому не трэба даказываць, як важна захаваць старыя фасады, але пакуль яшчэ мала хто задумваецца, што неабходна ратаваць, аднаўляць, рэканструяваць і інтэр'еры. На гэту праблему звярнулі ўвагу архітэктары-рэстаўратары Вадзім Глінік і Раман Забела.

Важна, каб гістарычныя будынкі не трапілі ў дрэнныя рукі, бо праз няведанне можна знішчыць каштоўныя дэталі спадчыны. Так, займацца праектнымі работамі сёння могуць многія, а вось спецыялістаў, якія здольны ўлічыць менавіта культурную вартасць аб'екта, не хапае (часта тут неабходны сур'ёзныя мультыдысцыплінарныя даследаванні, каб вывучыць будаўнічую гісторыю, матэрыялы, іх стан, пры неабходнасці правесці археалагічныя работы, вылучыць, што сапраўды варта захавання, якія напластаванні за якім часам з'яўляліся). На ўсю Беларусь іх каля 40 чалавек. Навукова-практычны цэнтр «Рэстабіліс», які ўзначальвае Вадзім Глінік, якраз за такі кірунак адказвае. Некалькі гадоў архітэктар-рэстаўратар кіраваў работамі ў Полацку, апошнія гадоў дваццаць працуе на галоўнай вуліцы Мінска — праспекце Незалежнасці — і змагаецца за захаванне архітэктуры савецкага часу.

Грандыёзная будоўля

Планы па змене аблічча галоўнай вуліцы Мінска ўздымаліся яшчэ да вайны, але з-за існуючай на той час забудовы ажыццявіць іх не атрымлівалася. Пасля страшэнных разбурэнняў Вялікай Айчыннай вайны ідэі аб стварэнні прыгожага савецкага гораду ўжо нішто не перашкаджала. Да распрацоўкі генеральнага плана былі запрошаны найлепшыя архітэктары Савецкага Саюза.

Генеральны план па адбудове Мінска быў распрацаваны за кароткі час. І ўжо ў 1944 годзе, адразу пасля вызвалення горада, пачаліся работы.

Усё было прадумана — не толькі шырыня і напрамак вуліц, размяшчэнне і памер будынкаў, але і азеляненне і нават такія дробязі, як сметніцы і дзвярныя ручкі. Ад цэнтральнай вуліцы адыходзілі бульвары, планавалася развёрстка вуліц, дамоў, спраектаваны водна-зялёны дыяметр. Гэта быў самы маштабны ў гісторыі савецкай архітэктуры праект. Такой на кіламетры спланаванай забудовы не заклалі нават у Маскве (там пасля вайны не было настолькі моцных разбурэнняў, а гістарычныя будынкі раскіданы па ўсім горадзе). Да таго ж ствараўся ідэальны будаўнічы ансамбль, прадумвалася, як горад будзе выглядаць з розных пунктаў. Таму праспект Незалежнасці ў свой час і трапіў у прэтэндэнты на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА.

Інтэр'ер — не толькі расфарбоўка, ляпніна, жырандолі, мэбля, дываны на падлогах. У тым ліку гэта і прастора. Тут не абысціся без вывучэння планіровачных рашэнняў, якія закладваліся ў будынкі пасляваеннымі архітэктарамі.

Першай чаргой грандыёзнай будоўлі кіраваў архітэктар Паруснікаў. Гэта дамы ад сённяшняй плошчы Незалежнасці да цырка. Уявіце, два з паловай кіламетра, забудаваныя з двух бакоў дарогі, і гэта за кароткі пасля вайны час. У ансамбль былі ўключаны і некаторыя ацалелыя даваенныя будынкі. Архітэктары паклапаціліся, каб яны былі гарманічна ўпісаны ў новы Мінск. Тады закладвалася ідэя горада-сада з малымі гарадскімі формамі, паркавымі і гарадскімі скульптурамі.

Увага аддавалася аздабленню фасадаў, але і ўнутры будынкі, якія павінны былі служыць як публічныя месцы (магазіны, пункты харчавання і адпачынку), задумваліся з багата і стыльна аформленымі інтэр'ерамі.

Здзейсніць усе задумы пасляваенныя архітэктары не паспелі. Пасля смерці Сталіна пачалася барацьба з «празмернай» прыгажосцю. Максімальна закласці новы горад удалося толькі да вуліцы Казлова. Пазней былі яшчэ ўзведзены асобныя будынкі, але такой комплекснай прадуманай забудовы ўжо не рабілі. І пра дэкор, з якім у 1950-х гадах аднаўляўся Мінск, таксама давялося забыць.

Больш за тое, захаваць адбудаванае таксама аказалася праблемай. Пасля пастановы аб барацьбе з «празмернасцямі» рамеснікі, якія пасля вайны ўручную стваралі складаныя элементы дэкору, аказаліся незапатрабаванымі. Была зменена і сістэма адукацыі. Калі архітэктура стала падпарадкоўвацца будаўніцтву, навучальныя ўстановы пачалі рыхтаваць спецыялістаў, гатовых «штампаваць» дамы, рабіць панэлі. «Дэкаратыўку», якая пачынала сыпацца, проста прыбіралі. Рамонты рабілі хто як мог...

А што ўнутры?

Захаваліся старыя фотаздымкі, якія дазваляюць адчуць, якім архітэктары ўяўлялі свет у ідэальным савецкім горадзе. На час стварэння ансамбля праспекта большасць першых паверхаў мелі прадуманыя, багата аздобленыя інтэр'еры. Калоны, мазаіка, дробнапамерная плітка, імітацыя мармуру ў тынкоўках, керамічныя ўстаўкі, ляпніна. І пад гэта з густам падбіралася шпанаваная мэбля, ствараліся шыкоўныя жырандолі...

Рамонты, перастаноўкі, змены ўласнікаў і пагоня за больш сучасным аздабленнем сціралі сляды былой прыгажосці. З'яўленне ў 1990—2000-х гадах новых матэрыялаў таксама стала выклікам для старых інтэр'ераў. Бойкія дылеры добра ігралі на постсавецкім голадзе да будаўнічых матэрыялаў і ва ўсю стараліся збыць свой тавар. Часта тыпавыя праекты пераносіліся з аб'екта на аб'ект. А так званы «еўрарамонт» з'ядаў больш багатыя інтэр'еры. Дарагія трывалыя матэрыялы, якія маглі б служыць яшчэ многа гадоў, замяняліся на пластык, калоны зашываліся гіпсакардонам.

Новым пакаленням, якія ўжо выраслі без непрымання і адмаўлення ўсяго савецкага, дасталася мала чаго аўтэнтычнага. Пасляваенныя інтэр'еры, падобныя на палацавыя залы, сёння маглі б быць той разынкай Мінска, якая была б цікавай і замежным гасцям.

Раней інтэр'еры аздабляліся пры дапамозе больш каштоўных матэрыялаў. Напрыклад, у 2000-х гадах з будынкаў праспекта Незалежнасці выкідаліся дубовыя дзверы. Сёння, каб замяніць ужо паржавелы метал зноў на натуральнае дрэва, трэба выкласці немалыя сумы. Так, металічныя дзверы можна знайсці за 300 долараў, а за масіўныя драўляныя сёння ўжо трэба выкласці 4—6 тысяч еўра.

Вельмі складана вяртаць спадчыну, калі за спінай няма дзяржаўнай падтрымкі. Сёння яшчэ можна пазмагацца за фасады, а вось інтэр'еры пакуль ніяк не ахоўваюцца, грошы на іх рэстаўрацыю не выдзяляюцца. Таму архітэктарам-рэстаўратарам даводзіцца шукаць падыходы да інвестараў, каб даказаць і каштоўнасць, і перавагі таго выгляду ўнутранага ўбрання памяшканняў, якімі іх задумвалі ў 1930-я, 1950-я, 1970-я гады. У асобных будынках удалося аднавіць аўтэнтычныя інтэр'еры. Напрыклад, у Доме афіцэраў і Палацы прафсаюзаў, Сувораўскім вучылішчы.

Вяртаць можна не толькі гістарычныя формы, ляпніну, але і колеры. Яшчэ шмат сюрпрызаў можна адкрыць пад назапашанымі з гадамі пластамі фарбы ці матэрыяламі, якія закрываюць старыя сцены і падлогі. Па знойдзеных на гарышчы старых бра ці дзвярных ручках можна адліваць дэталі для сучаснага аздаблення памяшканняў.

Інтэр'ер — не толькі расфарбоўка, ляпніна, жырандолі, мэбля, дываны на падлогах. У тым ліку гэта і прастора. Тут не абысціся без вывучэння планіровачных рашэнняў, якія закладваліся ў будынкі пасляваеннымі архітэктарамі. І калі ўявіць, як раней людзі адчувалі сябе ў гэтай прасторы, можна таксама знайсці шмат цікавых ідэй для стварэння (альбо аднаўлення) каларыту, энергетыкі памяшкання.

Як аказалася, займацца аднаўленнем інтэр'ераў можна і ў межах звычайнага бягучага рамонту. Важна толькі, каб у ім быў задзейнічаны кваліфікаваны рэстаўратар, які можа ацаніць каштоўнасць элементаў і падказаць рашэнні па іх захаванні. У той жа час бягучы рамонт замест інструмента, які здольны павысіць вартасць гістарычных інтэр'ераў, можа і знішчыць каштоўныя дэталі.

Важна таксама даць магчымасць спецыялістам вывучыць і занатаваць інфармацыю пра аўтэнтычнае аздабленне гістарычных аб'ектаў.

І нават калі новыя ўласнікі не гатовы выдзеліць грошы, напрыклад, на аднаўленне старых роспісаў і дэкаратыўных элементаў, можна знайсці рашэнні, як пад рознымі «зашыўкамі» да часу прыхаваць рэшткі мінуўшчыны і такім чынам пакінуць шанцы для іх вяртання ў будучыні.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Складнікі спадчыны, або Увагу інтэр'ерам!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.