Вы тут

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца ўнікальная рэліквія


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца ўнікальная рэліквія — ледзь уцалелая, пабурэлая ад крыві гімнасцёрка ўзору 1935 года з пяхотнымі малінавымі пятліцамі і двума лейтэнатскімі кубікамі. Гімнасцёрка была знойдзена восенню 1949 года пры расчыстцы завалаў каля Цярэспальскіх варот Брэсцкай крэпасці. У кішэні ляжаў камсамольскі білет на імя Аляксея Фёдаравіча Наганава. Афіцэр быў сярод тых байцоў бессмяротнага гарнізона, хто на світанку 22 чэрвеня 1941 года прыняў на сябе ўдар ворага.


У маі 1941 года разам з маладой жонкай Настассяй, ураджэнкай Брэсцкай вобласці, малады афіцэр пераехаў у саму крэпасць і атрымаў пакой у вежы над Цярэспальскімі варотамі.

Цярэспальскія вароты Брэсцкай крэпасці знаходзіліся на напрамку галоўнага ўдару ворага. Менавіта праз іх фашысты прарываліся ў цытадэль. Пасля магутнага артылерыйскага абстрэлу воіны, якім удалося выжыць, занялі аконныя праёмы ў казарме па абодва бакі ад варот. А ў вежы замацаваўся разам з байцамі лейтэнант Наганаў. Сіламі курсантаў палкавой школы ён рашыўся на кароткую раз'юшаную штыкавую контратаку і адкінуў ворага за вароты. Пасля на чале ўсяго двух стралковых узводаў арганізаваў абарону варот і доўга ўтрымліваў іх ад ворага. Маленькі гарнізон, які быў адрэзаны ад сваіх войск, не атрымліваў ніякіх загадаў ад вышэйшага камандавання, але ведаў і разумеў сваю баявую задачу.

Невядома, колькі часу байцы Наганава абаранялі Цярэспальскую вежу, на якой на зло ворагу працягваў лунаць чырвоны сцяг. Не ведаем мы і падрабязнасці гібелі афіцэра і яго байцоў. Верагодней за ўсё, немцы закідалі яго гранатамі. Падчас раскопак побач з Наганавым ляжаў яго пісталет. У абойме заставалася тры патроны, чацвёрты быў у канале ствала, а курок пісталета стаяў на баявым узводзе…

Настассі Наганавай удалося выжыць у той вайне. Яна вярнулася да бацькоў у вёску Матыкалы пад Брэстам. Дачку, што нарадзілася там увосень 1941 года, яна назвала Надзеяй.

Урач-педыятр Надзея Наганава прызнавалася: «Я часта пыталася ў маці, што ёй давялося перажыць, але яна не любіла ўспамінаць пра тыя жахлівыя дні. Уяўляю, як ёй было нялёгка застацца ўдавой у 19 гадоў, ды яшчэ цяжарнай. Паўсюль дзясяткі параненых, усё ўзрываецца, грыміць. Мама распавядала, што бацька быў камунікабельны, жыццярадасны, да яго цягнуліся людзі, ён вельмі любіў дзяцей». Надзея памятае, як раніцай 1949 года жыхары горада з вянкамі і букетамі накіраваліся да Брэсцкай крэпасці, каб правесці ў апошні шлях яе бацьку, байца лейтэнанта Наганава, які загінуў падчас бітвы. Жалобная працэсія расцягнулася больш чым на кіламетр. У 1965 годзе камандзір пешага ўзвода палкавой школы 333-га стралковага палка лейтэнант Аляксей Наганаў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені. А ў 1971 годзе, калі пачаў працаваць мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой, прайшло ўрачыстае перапахаванне яго і іншых астанкаў абаронцаў крэпасці з гарнізонных могілак пад пліты мемарыяла.

Надзея Аляксееўна, калі пабывала ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе захоўваецца гімнасцёрка яе бацькі, прызналася: «Вы не ўяўляеце, як мне хацелася прыціснуцца да яе і дакрануцца да памяці роднага чалавека».

Мікалай ШАЎЧЭНКА

Загаловак у газеце: Вяртанне героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».