Вы тут

Як прайшоў фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне


 

Тыдзень таму «Звязда» анансавала фестываль беларускай песні і паэзіі, які павінен быў адбыцца 11 і 12 чэрвеня ў Маладзечне. Свята праходзіць ужо дваццаты раз. Відавочна, што гэтага часу было дастаткова, каб сфарміраваць аблічча фестывалю. Напэўна, тыя, каму ўдалося трапіць 4—6 чэрвеня 1993 года на гарадскі стадыён Маладзечна, дзе адбываўся І Рэспубліканскі фэстываль песні і паэзіі, ніколі не забудуцца, як у 21.30 у знак пачатку на гледачоў высыпалі з верталёта паўтары тысячы гваздзікоў і руж... Якіх толькі сюрпрызаў не было за час існавання фестывалю! Колькі выдатных песень прагучала, колькі спевакоў пачалі адсюль шлях на вялікую сцэну, колькі прэзентавалася песень, якія сталі ўжо класікай!

Мы завіталі ў Маладзечна, каб паглядзець, як адбываўся фестываль дваццаты раз.


Ніколь Фургал са спецыяльным прызам імя Уладзіміра Мулявіна — хрустальнай гітарай.

Горад з розных бакоў

Фестываль падараваў магчымасць падрабязна пазнаёміцца з горадам. Канцэртная праграма праходзіла ў розных установах Маладзечна. Так, у нас атрымалася трапіць у музычны каледж імя Міхала Клеафаса Агінскага. Народны духавы аркестр каледжа выступіў з праграмай «Музыка беларускіх кампазітараў». На канцэрце прагучалі песні, якія хоць і маюць аўтараў, але ўжо даўно лічацца народнымі. Прызнаюся шчыра, я ніколі не магла ўявіць, што духавыя інструменты могуць гучаць настолькі пранікнёна. Больш за ўсё запомніліся дзве кампазіцыі: «Маленькі прынц» і «Беларусь» Уладзіміра Мулявіна.

На Цэнтральнай плошчы горада ўсе дні нешта адбывалася: то канцэртная праграма «Маладзечна — творчы горад», то парад духавых аркестраў «Фанфары Міншчыны», то акцыя дзіцячых калектываў Маладзечанскага раёна «Колер маёй краіны». Арганізатары не забыліся і пра парк Перамогі, у ім размясцілася канцэртна-забаўляльная пляцоўка «Тэрыторыя дзяцінства».

У мінулую паездку я звярнула ўвагу на Касцёл Святога Юзафа. Будынак выглядае стрымана і нават урбаністычна. Пабудаваны ў канцы ХХ стагоддзя, ён лічыцца ўзорам культавага збудавання ў сучасным стылі. На жаль, тады трапіць унутр не атрымалася. Але цяпер, падчас фестывалю, касцёл не толькі працаваў, але і стаў пляцоўкай для правядзення канцэрта беларускай духоўнай музыкі. Выканаўцамі былі ўдзельнікі харавога ансамбля Concertіno, які спецыялізуецца на сучасным выкананні рэлігійнай музыкі. У касцёле спевы а капэла гучалі асабліва: гукі даляталі да самых далёкіх закуткоў.

У дні фестывалю Маладзечна стаў турыстычным. Цэнтральная плошча, гарадскі парк, каледжы ды кінатэатр — усё было задзейнічана. Утылітарныя функцыі горада адышлі на другі план, галоўным жа стала культурнае напаўненне.

Нельга не сказаць некалькі слоў аб тэме свята. «Маладзечна-2021» быў прысвечаны адразу дзвюм тэмам: юбілею фестывалю, а таксама Году народнага адзінства. Менавіта таму падчас гала-канцэрта «Маладзечна — насустрач шлягерам» быў арганізаваны экскурс у гісторыю форуму: на сцэне амфітэатра з двух бакоў стаялі сталы, за якімі сядзелі знакамітыя кампазітары і артысты, удзельнікі фестывалю розных гадоў. У закрыцці фестывалю прынялі ўдзел знакамітыя беларускія ансамблі, якія сталі ўжо своеасаблівым брэндам: «Верасы», «Песняры» і «Бяседа». На канцэрт завіталі і вядомыя поп-выканаўцы — Алёна Ланская і Аляксандр Саладуха, чые галасы шмат разоў гучалі на маладзечанскім фэсце.

Свята вуліц

Каб трапіць у Палац культуры, трэба прайсці па пешаходнай вуліцы імя Сяргея Прытыцкага. Некаторыя месцічы называюць яе Брадвеем. Напэўна, з-за яе шырыні і прыгажосці. Там сканцэнтраваны асноўныя, неабходныя кожнаму гораду, будынкі. Але, акрамя тыповых магазінаў, пошт і банкаў, на маладзечанскім ёсць і сапраўдная цікавінка — кінатэатр «Радзіма», пабудаваны ў 1946 годзе, увасабленне архітэктуры мінулай эпохі. Чырвоны надпіс, выкананы ў рэтра-стылі, прыцягвае погляд. Дворыкі, якія адкрываюцца ў закутках, і маладыя, свежыя дрэўцы робяць пешаходку ўтульнай і ціхай.

А цяпер уявіце: прыгожая, па-беларуску чыстая, сонечная вуліца невялікага мястэчка. І тут яна запаўняецца мужчынамі ў рознакаляровых кашулях, якія спяваюць у мікрафоны... Мне нават падалося, кожны з іх думае, што падобны да Стаса Міхайлава. У шматлікіх шапіках прадаюцца цацкі: чамусьці найбольшую папулярнасць займелі коцікі і дэльфіны. Таксама даволі часта сустракаецца... авакада.

Беларускія сімвалы выкарыстоўваюцца самымі рознымі спосабамі. Можна набыць кубкі з бусламі, кубкі са збожжам, нават кубкі з выявай рагачоўскай згушчонкі. Кнігі, магніты, кепкі ды майкі — такі ажыўлены гандаль сувенірамі, быццам трапілі не на паэтычна-музычны фестываль ў рэгіянальны беларускі горад, а на курорт у разгар сезона.

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаіл Фінберг.

Памяць пра мінулае

Нарэшце я трапляю ў Палац культуры. Менавіта тут асноўная дзея фестывалю. Да ўрачыстага адкрыцця яшчэ шмат часу, а зараз ідзе трэці этап Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні. Відаць, што ўдзельнікі стараюцца і хвалююцца. Першая песня прысвечана Вялікай Айчыннай вайне, другая — Беларусі, трэцяя — нашай прыродзе. І так па крузе.

Тут можна паразважаць пра разнастайнасць рэпертуару... Мы ўжо звярнулі ўвагу на тое, што фестываль праводзіцца дваццаты раз: за гэты час можна выпрацаваць кірунак на эксперыменты, пошук цікавасцяў. Але часам складалася ўражанне, што тэмы песень, самі выступленні, нават сцэнаграфія не даюць уяўлення аб тым, у якім годзе гэта адбываецца: ці то ў 1980-м, ці то ў 2020-м. Маркеры сучаснасці адсутнічаюць. Шкада, але маладую публіку гэтым наўрад ці прывабіш.

Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні атрымала Ніколь Фургал. Ёй жа ўручылі спецыяльны прыз імя Уладзіміра Мулявіна — хрустальную гітару. Ніколь — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, зараз яна — салістка шоу-групы «Со-Ні-Ка» пры аб'яднанні «Ветразь» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Дзяўчына адзначыла:

— Я вельмі ўдзячная бацькам і настаўнікам. Выкладчыкі, якія вучылі мяне з дзяцінства, далі многае.

А вось тое, што прымусіла застацца да канца конкурсу і атрымліваць асалоду, — Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі. Дзякуючы яму была створана асаблівая, трапяткая атмасфера. Нават калі песні ў сваіх тэмах паўтараліся, ратавала выдатнае музычнае выкананне. Мастацкі кіраўнік аркестра народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг быў старшынёй журы конкурсу маладых выканаўцаў.

— Усё, што рабілася на конкурсе, — невыпадкова. Выканаўцы ўжо былі праслуханы, і мы ведалі, якія ў іх ёсць дачыненні да беларускай песні. Гэта для нас галоўная справа: трэба выявіць новых людзей, якія стануць пераможцамі ў міжнародных конкурсах. Родная Беларусь гэтага заслугоўвае! — адзначыў маэстра.

Што ў выніку?

«Маладзечна-2021» пазіцыянуецца як фестываль нацыянальнай песні і паэзіі. З песняй усё добра: пры ўсіх заўвагах ёсць і выдатнае выкананне, і сучасныя падыходы. А што з паэзіяй, якая таксама мусіць быць гаспадыняй на свяце? Безумоўна, тут гучаць песні на словы класікаў беларускай літаратуры, якіх немагчыма абмінуць: Коласа, Купалы, Багдановіча. Ёсць фальклор, які з'яўляецца асновай усёй культуры і таксама патрабуе ўвагі і сучаснага пераасэнсавання. Наконт паэзіі, якая ствараецца зараз: хацелася б большай разнастайнасці імён, тэм, паэтычных форм. Выдатна, што музычна-паэтычная гасцёўня «Святло Радзімы. Радасць Перамогі» сабрала ўдзячных слухачоў. Але чаму б са сцэны не гучаць і вершам паэтаў-эксперыментатараў, папулярных у моладзі? Як можна размаўляць аб сучасным культурным працэсе, калі тэмамі абраны толькі прырода ды вайна? Бясспрэчна, гэта важна. Але існуе яшчэ вялікі пласт праблем ды пытанняў, якія патрабуюць абмеркавання з дапамогай мастацтва.

Вялікай перавагай фестывалю з'яўляецца падтрымка народнай культуры. На вуліцах горада размясціліся стэнды гарадоў Мінскай вобласці. Можна было прыняць удзел у гульні, каб лепш пазнаёміцца з асаблівасцямі Салігорска. Дзяўчына ў блакітнай сукенцы прадстаўляла горад Чэрвень. Каля стэнда Бярэзіншчыны дзядуля ў нацыянальным касцюме стругаў велізарную лыжку. І ўсяго дня не хапіла б, каб падлічыць усе даматканыя ручнікі ды вязаныя цацкі, якія прадавалі бабулі.

Фестываль існуе, і нават паспяхова. Вялікая заслуга арганізатараў, што ён адбыўся ў наш няпросты час. Тое, што неабходна шукаць новыя напрамкі і імёны, мяняць фарматы і падыходы, зразумела ўсім, безумоўна, так і будзе. А пакуль падзякуем «Маладзечну-2021» за гасціннасць.

Арына КАРПОВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Музыка, родныя словы і іншае...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?