Вы тут

Намоленыя месцы над Дняпром


Сабор Трох Свяціцеляў, Свята-Мікольскі манастыр, Свята-Крыжаўздзвіжанскі сабор, Конкафедры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Станіслава. г. Магілёў

У кожнага чалавека — свая гісторыя хрышчэння. Большасць, мяркую, і не памятае, як іх хрысцілі, бо гэта адбылося, калі яны былі яшчэ немаўлятамі.

Мяне хрысцілі, калі мне споўнілася пяць гадоў. Помню, было змрочна і холадна, гарэлі свечкі. У купель мяне не акуналі, але давялося зняць калготачкі — я ўся заледзянела і потым захварэла. Гэта быў 1990 год, а храм для хрышчэння выбралі той, да якога было зручней за ўсё дабрацца бацькам і хросным, — сабор Трох Свяціцеляў. Бацька працаваў у Магілёўскім абласным тэатры лялек. Храм стаіць побач. Дакладней, не так: гэта тэатр стаіць побач з храмам.


Сабор Трох Свяціцеляў.

Там, дзе мяне хрысцілі

Сабор Трох Свяціцеляў — помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Храм атрымаў назву ў гонар Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Златавуста. У сабор можна ўвайсці з трох бакоў — гэта яго адметнасць. Як сведчаць крыніцы, першы камень храма быў закладзены ў 1903 годзе, у 1914 годзе будаўніцтва завяршылася. Змянілася ўлада, і ў 1961 годзе храм быў закрыты, а будынак аддадзены пад клуб завода «Строммашына». Завадчане хадзілі сюды на танцы, праводзілі гульні і творчыя спаборніцтвы. А ў 1979 годзе побач з былым храмам адкрыўся тэатр лялек.

Сабор зноў быў асвячоны і пачаў дзейнічаць 25 снежня 1989 года, у год адраджэння Магілёўскай епархіі.

Храм вянчаюць сем купалаў, а над уваходам знаходзіцца званіца. Калі пяюць званы — іх звон чуваць у тэатры. Дзіўна, але ў прыгожы храм, дзе мяне хрысцілі, я наведваюся зусім рэдка, хоць часта хаджу міма. Побач з саборам праходзіць шумная гарадская вуліца, праз дарогу — працуе завод, а насупраць — гудзе Цэнтральны кірмаш. Я люблю цішыню.

Зацёртыя фрэскі Падміколля

Ціха — на Падміколлі. Калісьці, у маім маленстве, на падыходах да Падміколля густа рос баршчэўнік, а з-за лістоты векавых дрэў сонца не трапляла на зямлю. Але мы з сяброўкамі любілі там гуляць, і ў гэтым была казачная загадкавасць і асалода: спусціцца з маста праз Дняпро, ісці ў паўзмроку, слухаць шэпт дрэў і спевы птушак, а потым раптам аказацца ў дняпроўскай нізіне, залітай сонцам, дзе стаіць Свята-Мікольскі манастыр — праваслаўны жаночы манастыр з даўняй і няпростай гісторыяй. Намоленае месца.

Упершыню Свята-Мікольскі храм згадваецца ў летапісных крыніцах у 1522 годзе. Летапісы распавядаюць, што драўляная царква некалькі разоў была перабудавана, раскрадзена, а потым загінула ў пажары. У 1637 годзе прыхаджане збудавалі новую часовую драўляную царкву і келлі для ўладкавання манастырскага жыцця пры храме, а пазней — у 1672 годзе — была збудавана і асвячоная цагляная царква з прыдзеламі ў гонар Хрысціцеля Гасподняга Іаана і святога вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага. У царкве не было ацяплення.

Свята-Мікольскі жаночы манастыр дзейнічаў з 1637 да 1719 года, потым быў ператвораны ў мужчынскі, які існаваў да 1754 года. У 1798 годзе быў асвечаны новы зімовы храм з ацяпленнем. Цяпер гэта Ануфрыеўскі храм.

У 1934 годзе Свята-Мікольскі сабор закрылі. Там знаходзілася перасыльная турма, пазней — кніжная база. У сярэдзіне ХХ стагоддзя ўсе сцены храма, на якіх знаходзіліся цудоўныя фрэскі, зацерлі цэментам. Захаваўся толькі цэнтральны іканастас Мікольскага сабора — яго адвезлі на рэстаўрацыю ў Мінск.

Калі пачаліся рэстаўрацыйныя работы ў манастыры, там было знойдзена мноства чалавечых астанкаў: гледзячы па ўсім, гэта былі астанкі арыштантаў, што загінулі ў турме.

У 1989 годзе быў нанава асвечаны Свята-Ануфрыеўскі храм. Менавіта ў ім 5 жніўня 1993 года на пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы да ліку мясцоваўшанаваных святых далучылі свяціцеля Георгія Каніскага.

Храм Царскіх мучанікаў, Новапакутнікаў і Спаведнікаў Царквы Рускай.

Манета, падораная імператарам

У манастыры захоўваюцца спісы Магілёўска-Брацкай іконы Божай Маці, Бялыніцкай Божай Маці і іконы «Жыватворнае неба». А ўлетку 2000 года, у час кананізацыі Мікалая Другога, у Магілёве быў знойдзены партрэт імператара. Цяпер ён асвечаны як ікона і знаходзіцца ў левым прыдзеле Свята-Мікольскага сабора, які носіць назву у гонар Святых Царскіх мучанікаў. Да іконы прымацаваная 5-рублёвая манета, якую імператар падарыў хлопчыку Сямёну Халіпаву ў час наведвання храма.

У канцы верасня 2005 года ў Магілёў завітала вялікая княгіня Вольга Мікалаеўна Кулікоўская-Раманава, жонка роднага пляменніка імператара — Ціхана Мікалаевіча. Княгіня падарыла Свята-Мікольскаму манастыру копію іконы Божай Маці «Траеручыца», якая знаходзілася ў Екацярынбургу ў Іпацьеўскім доме ў час зняволення царскай сям'і ў 1918 годзе.

Мікалай Другі з сям'ёй часта бываў у Магілёве. Тут захаваліся будынкі, дзе імператар жыў з сям'ёй, дзе знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ў час вайны. Іншым разам можна пачуць фразу: «Магілёў — апошняя сталіца самадзяржаўя». Невыпадкова ў горадзе з'явіўся храм у гонар Царскіх мучанікаў, Новапакутнікаў і Спаведнікаў Царквы Рускай.

Ідэя будаўніцтва храма належыць Высокапраасвяшчэннаму Максіму, архіепіскапу Магілёўскаму і Мсціслаўскаму. Месца пад будаўніцтва — знакавае: калісьці на Замкавай гары ўжо быў праваслаўны храм, а побач з паркам Горкага, што калісьці называўся Мікалаеўскім, знаходзіўся дом губернатара, у якім і змяшчалася Стаўка.

27 верасня 2002 года, у свята Уздзвіжання Крыжа Гасподняга, на месцы будучага храма быў устаноўлены і асвячоны Крыж з іконай святых царскіх пакутнікаў. У 2009 годзе ігумення Свята-Мікольскага манастыра Яўгенія падарыла прыходу храма звон дарэвалюцыйных часоў з выявай імператара Мікалая Другога. 27 мая 2011 года ў дзень каранацыі Мікалая Другога быў устаноўлены купал храма, а 17 лютага 2014 года Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел здзейсніў абрад вялікага асвячэння храма.

На месцы пажару

У парку Горкага ў савецкія часы знаходзіліся сцэнічная пляцоўка і каруселі, па выхадных іграў духавы аркестр. Сёння тут ціха. Цвітуць кветкі, пасаджаныя дбайнымі прыхаджанкамі. З драўлянай тэрасы, што выходзіць на схіл Замкавай гары, добра бачныя сінія-сінія купалы храма, вельмі любімага і вядомага ў Магілёве. Трэба спусціцца па прыступках з парку, прайсці крыху наперад — і за Магілёўскім кірмашом вас сустрэне ўтульны і прыгожы Свята-Крыжаўздзвіжанскі сабор.

Асноўны прыдзел галоўнага храма сабора — у памяць Уздзвіжання Жыватворнага Крыжа Гасподняга, другі прастол — у імя святых Барыса і Глеба. Таму многія па-ранейшаму называюць сабор Барыса-Глебскай царквой, і ён таксама стаіць на намоленым месцы. У старажытных дакументах можна знайсці сведчанні, што на месцы царквы ў XVІІ стагоддзі знаходзіўся Барыса-Глебскі праваслаўны манастыр, у якім змяшчалася першая праваслаўная епіскапская кафедра Іосіфа, першага самастойнага беларускага епіскапа. Тут жа ў 1637 годзе другі епіскап беларускі ў Магілёве Сільвестр Косаў склікаў першы Магілёўскі епархіяльны сабор, была заснавана друкарня. Але ў пачатку XVІІІ стагоддзя манастыр загінуў у пажары. Адноўлена была толькі царква — у 1869 годзе, на сродкі прыхаджан. Яе закрылі, калі прыйшла новая ўлада, але зноў адкрылі ў 1941 годзе, і доўгі час яна заставалася адзіным адкрытым храмам у Магілёве.

У гэтым храме я стала двойчы хроснай. Кожны раз гэта было незвычайнае адчуванне: як быццам я дакранулася да нябёсаў.

Касцёл Св. Станіслава.

Храм з пячных цаглін

Дакрануцца душой да нябёсаў у кожнага атрымаецца і ў Конкафедры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Станіслава. Гэты надзвычай прыгожы помнік архітэктуры XVІІІ стагоддзя сціпла схаваўся за шчыльнай гарадской забудовай — гэтак, што адразу і не знойдзеш. Сабор збудаваны на месцы былога кармеліцкага кляштара. У 1636 годзе на тэрыторыі кляштара была збудавана драўляная царква ў імя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, аднак у 1708 годзе падчас пажару яна згарэла, і толькі амаль праз 50 гадоў — у 1752 годзе — на яе месцы вырас каменны храм. Ёсць легенда, згодна з якой храм збудаваны з пячных цаглін, якія прынеслі гараджане як водкуп за забітага шляхціча.

25 снежня 1772 года Кацярына Другая абвясціла аб стварэнні ў Расійскай імперыі каталіцкай Беларускай епархіі з цэнтрам у Магілёве. Праз дзесяць гадоў Беларуская епархія была ператворана ў Магілёўскую архіепархію, і ёй сталі падпарадкоўвацца ўсе каталіцкія прыходы лацінскага абраду Расіі. З 1783 года сабор Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі стаў кафедральным саборам Магілёўскай архіепархіі. У Магілёве сабор часта называюць касцёлам Святога Станіслава, таму што яго апякун — Святы Станіслаў Рымскі.

У савецкі час у храме змяшчаліся Цэнтральны гістарычны архіў БССР, Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці — неверагодныя роспісы і ўнікальны арган з рэдкімі керамічнымі трубамі, які, згодна з паданнем, лічыўся ў Ватыкане пад нумарам «2», сышлі ў нябыт. Калі касцёл у пачатку 1990-х вярнулі вернікам, яго рэстаўрацыя доўжылася чатыры гады.

У нашы дні храм адкрыты. Ён прымае гасцей і ўдзельнікаў фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа»: сюды прыязджаюць артысты, выканаўцы духоўнай музыкі з усяго свету — сапраўднае свята шчырай веры, любові і святла.

І гэта стане гісторыяй

Яшчэ адзін храм, пра які нельга не распавесці, быў збудаваны ў горадзе зусім нядаўна. Доўгі час у раёне Магілёва, які называецца Задняпроўе, не было ніводнага праваслаўнага храма. Ідэя збудаваць кафедральны сабор узнікла яшчэ ў 1996 годзе, і на яе ўвасабленне спатрэбілася амаль дваццаць гадоў.

Кафедральны Спаса-Праабражэнскі сабор — адзін з самых вялікіх у краіне. Праект быў распрацаваны Леанідам Макарэвічам, а канструкцыйная частка — архітэктарамі «Магілёўграмадзянпраекта». Храм свабодна змяшчае тры з паловай тысячы чалавек, а вышыня яго — шэсцьдзясят метраў. Яго купалы зроблены па самай сучаснай тэхналогіі — з лёгкага металу, пакрыты сплавам з нітрыду тытану, які вельмі доўга застанецца яркім і зіхатлівым. Іканастас храма выканалі беларускія разьбяры пад кіраўніцтвам Міхаіла Юрэвіча. Сабор асвячоны 6 жніўня 2015 года.

Хтосьці скажа — навадзел! Але ўсё, што мы робім сёння, заўтра становіцца гісторыяй. Я хачу, каб храмы, якія вырастаюць сёння, стаялі не адно і не два стагоддзі, не гінулі ў пажарах, а асвятлялі горад бляскам сваіх купалоў і радавалі жыхароў святочным перазвонам. Хачу, каб нашы прапрапраўнукі падыходзілі да іх і з захапленнем казалі: «Цудоўны храм! Намоленае месца!»

Алёна БЕЛАНОЖКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».