Вы тут

Расказваем пра чалавека, які тры дзесяцігоддзі ўзначальваў Чырвоны Крыж


Сёлета Беларускаму Чырвонаму Крыжу спаўняецца 100 гадоў. Без перабольшання можна сказаць, што пра гэту самую буйную гуманітарную арганізацыю ў нашай краіне ведае кожны, а за час свайго існавання яна дапамагла мільёнам чалавек. Яшчэ ў савецкія часы Беларускі Чырвоны Крыж быў адным з найлепшых у СССР. Падмурак і тагачаснага поспеху, а ў многім — і сённяшняга заклаў заслужаны ўрач БССР Уладзімір Іосіфавіч Сёмуха, які ўзначальваў арганізацыю на працягу трох дзесяцігоддзяў. Пра гэтага неардынарнага чалавека мы паразмаўлялі з яго дачкой, Аленай Тарасевіч.


Нарадзіўся Уладзімір Сёмуха ў 1928 годзе ў Баранавічах. У вялікай і дружнай сям'і было чацвёра дзяцей. Да слова, малодшы брат, Мікалай, розніца з якім ва ўзросце была 20 гадоў, пайшоў па слядах старэйшага і таксама стаў урачом. У 1947 годзе Уладзімір Сёмуха выдатна скончыў Баранавіцкую фельчарска-акушэрскую школу і паступіў на лячэбны факультэт Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута.

— Аднакурснікі — праўда, іх засталося вельмі мала — памятаюць тату не толькі як добрага таварыша і сябра, а таксама як актыўнага ўдзельніка студэнцкай самадзейнасці, — кажа Алена Тарасевіч. — Тата іграў на скрыпцы ў інстытуцкім аркестры. І на апошнім курсе на канцэрце пазнаёміўся з маёй мамай — Кларай Мікалаеўнай Герасімовіч. Гэта было адзінае каханне на ўсё жыццё — разам бацькі пражылі 69 гадоў.

У 1953 годзе пасля заканчэння медыцынскага інстытута Уладзімір Сёмуха быў накіраваны ў апарат Міністэрства аховы здароўя БССР, дзе ўзначальваў галоўнае ўпраўленне лячэбна-прафілактычнай дапамогі насельніцтву.

— У 1955-м у бацькоў нарадзілася першая дачка — мая сястра Святлана, а праз восем гадоў з'явілася я. Нягледзячы на тое што Святлана была татавай любіміцай, ад бацькоў ёй як старэйшай заўсёды больш даставалася за нашы агульныя свавольствы. Увесь вольны ад працы час бацька праводзіў у сям'і, з намі. Ён шмат нам чытаў, стараўся прывіваць любоў да музыкі (сястра іграе на фартепіяна), спорту, замежных моў. У дзяцінстве мы часта выязджалі на прыроду, дзе тата расказваў нам пра дрэвы, птушак, якіх ён ласкава называў «пічужкі».

У 1960 годзе Уладзіміра Сёмуху абралі старшынёй Цэнтральнага камітэта Таварыства Чырвонага Крыжа БССР. Ён вялікую ўвагу аддаваў людзям, што трапілі ў цяжкае становішча, папулярызацыі санітарнай культуры, падрыхтоўцы валанцёраў, прыцягненню бязвыплатных донараў, медыка-сацыяльнай дапамозе насельніцтву і іншым надзённым пытанням.

— Міласэрнасць, спачуванне і імкненне па першым поклічу прыйсці на дапамогу — гэта быў лад жыцця, пра які тата з натхненнем любіў успамінаць, — кажа Алена Тарасевіч.

Больш за тры дзесяцігоддзі Уладзімір Сёмуха ўзначальваў Беларускі Чырвоны Крыж. Пад яго кіраўніцтвам грамадская арганізацыя стала адной з самых масавых і запатрабаваных у краіне, а на працягу многіх гадоў увогуле была найлепшай у СССР. Рух донарства (больш за 95 % з іх здавала кроў бязвыплатна), дзве тысячы міласэрных сясцёр, якія дапамагалі інвалідам Вялікай Айчыннай вайны і даглядалі адзінокіх хворых, сандружыны і санпасты на прадпрыемствах — гэта толькі нязначная частка работы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Паралельна Уладзімір Сёмуха працаваў урачом-эндакрынолагам.

— Адметная рыса таты — гэта яго сумленнасць, прыстойнасць, высокая працаздольнасць, настойлівасць у рабоце, прастата і безмернае абаянне. За гэта тату любілі і паважалі ўсе, хто працаваў і жыў побач з ім. Прычым час у таты заўсёды быў правільна структураваны, ён умеў вылучыць галоўнае і дзіўным чынам паспяваў своечасова скончыць намечанае. Тата прытрымліваўся правільнага рэжыму дня, заўсёды своечасова клаўся спаць. Я, калі заседжваюся да ночы над сваімі дакладамі, шкадую, што не атрымала ад яго ў спадчыну гэту рысу, — кажа Алена Тарасевіч.

У 1970—1975 гадах Уладзімір Сёмуха быў камандзіраваны ў Жэневу, дзе працаваў намеснікам Генеральнага сакратара Міжнароднай федэрацыі Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і кіраваў усёй яе медыка-сацыяльнай дзейнасцю.

— Супрацоўнічаць даводзілася з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа, ААН, ЮНІСЕФ і іншымі міжнароднымі арганізацыямі. У таты была фенаменальная памяць, за кароткі прамежак часу ён авалодаў трыма замежнымі мовамі — англійскай, французскай і польскай.

За час работы ў Міжнароднай федэрацыі Уладзімір Іосіфавіч шмат ездзіў — ён наведаў больш чым 30 краін свету падчас міжнародных канферэнцый і сімпозіумаў па пытаннях барацьбы за мір, ліквідацыі наступстваў ваенных канфліктаў, аховы навакольнага асяроддзя, барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі, наркаманіяй і алкагалізмам. У прыватнасці ён падрыхтаваў праграму па барацьбе з халерай у Эфіопіі.

— Па розных пытаннях аховы здароўя і працы Таварыстваў Чырвонага Крыжа тата ездзіў і ў іншыя дзяржавы. Наогул за час работы наведаў больш за 60 краін свету. Нам з сястрой, калі мы былі малыя, з паездак тата заўсёды прывозіў аднолькавыя лялькі, але ў розным адзенні. І мы ніяк не маглі іх падзяліць. Сястры заўсёды здавалася, што ў маёй лялькі больш прыгожыя туфлі ці сукенка. Яна даводзіла мяне да слёз, за што ёй даставалася ад бацькоў.

У 1989 годзе Уладзімір Сёмуха быў абраны народным дэпутатам СССР і членам Вярхоўнага Савета СССР, быў намеснікам старшыні камітэта Вярхоўнага Савета СССР па ахове здароўя народа.

— З 1989 да 1992 года тата працаваў у Маскве, у Вярхоўным Савеце СССР на пастаяннай аснове. У той час мы з сястрой ужо былі дарослыя. Я працягнула дынастыю урачоў і, скончыўшы Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, працавала і цяпер працягваю працаваць псіхатэрапеўтам, дацэнтам кафедры псіхатэрапіі і медыцынскай псіхалогіі БелМАПА. А сястра выбрала спецыяльнасць паміж татавай і мамінай (мама ў нас педагог-філолаг) і працуе лагапедам у 20-й дзіцячай паліклініцы Мінска. Тата вельмі любіў дзяцей, а дзеці — яго, таму з бацькамі ў Маскве часта жылі ўнукі — мой сын Антон і дачка сястры Алена. Антон, адзіны хлопчык у нашым родзе, шмат часу праводзіў з дзядулем. І пераняў ад яго педантычнасць і перфекцыянізм. У бацькі на стале заўсёды быў ідэальны парадак, ён акуратна складваў усе рэчы. Так і ў Антона ўсюды ўзорная чысціня, нават у машыне, прычым у любое надво'е. Ён у многім браў прыклад з дзядулі, увогуле маіх бацькоў называў «мая другая мама» і «мой другі тата».

Нягледзячы на пастаянны цэйтнот у рабоце Уладзімір Сёмуха любіў пісаць, ён аўтар больш чым 80 навуковых публікацый па пытаннях арганізацыі аховы здароўя і працы Чырвонага Крыжа.

Уладзіміру Іосіфавічу прысвоена ганаровае званне заслужанага ўрача БССР, таксама ён узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», двума медалямі і трыма ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і іншымі ўзнагародамі.

— Для таты даражэй за ўсе ўзнагароды была людская падзяка і памяць тых, каму выратавалі жыццё бязвыплатныя донары, хто ў немачы і адзіноце атрымаў дапамогу і падтрымку медыцынскіх міласэрных сясцёр, для каго Чырвоны Крыж быў і застаецца сімвалам надзеі. Людзі, якім дапамог Чырвоны Крыж, у пошуку блізкіх (напрыклад, у той час гэта былі людзі, што ваявалі ў Афганістане і прапалі без вестак) дасылалі тату паштоўкі з падзякамі. А ён быў вельмі гуллівы, ад слоў падзякі ў яго адразу выступалі слёзы. З людзьмі, якія цанілі яго падтрымку, заўсёды завязваліся цёплыя адносіны. Ён добра памятаў усе прозвішчы, імёны, імёны па бацьку, стараўся ўсіх павіншаваць з днём нараджэння.

Сёлета 27 красавіка Уладзіміра Іосіфавіча не стала. Яму было 93 гады.

— Усё жыццё нашага бацькі — гэта сумленнае і бескарыслівае служэнне людзям. Мы з гонарам і любоўю будзем памятаць заўсёды нашага выдатнага тату, дзядулю, мужа і чалавека!

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Яго вылучалі сумленнасць, прастата і бязмернае абаянне

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.