Вы тут

Першы энергаблок БелАЭС атрымаў дазвол на прамысловую эксплуатацыю


Беларусь змяніла статус краіны-навічка ў атамнай справе на атамную краіну, стаўшы 34-й такой у свеце, і ўвайшла ў так званы клуб ядзерных дзяржаў. Пускавы комплекс першага энергаблока БелАЭС быў афіцыйна прыняты ў прамысловую эксплуатацыю. З моманту свайго падключэння да энергасістэмы краіны рэактарная ўстаноўка выпрацавала ўжо амаль 3 млрд кВт·г электраэнергіі, што дазволіла сэканоміць прыроднага газу больш як на 100 млн долараў.


Фабрыка перадавых тэхналогій

Менавіта так называюць эксперты праект БелАЭС, паколькі работа станцыі адкрывае новыя магчымасці для нацыянальнай эканомікі. Тэхналогіі будуць укараняцца не толькі ў энергетыцы, але і ў прамысловасці, навуцы, медыцыне, адукацыі, транспартнай галіне, упэўнены спецыялісты атамнай справы.

Мяркуецца, што праз год на БелАЭС запрацуе другі энергаблок, у выніку чаго Беларусь зможа эканоміць ужо каля 550 млн долараў у год на замяшчэнні прыроднага газу.

— Мы не сумняваемся, што ўжо праз год будзем адзначаць прыёмку другога энергаблока і ўсёй станцыі ў цэлым, — выказаўся пасля падпісання дакументаў аб дазволе на запуск комплексу ў прамысловую эксплуатацыю Аляксандр ЛАКШЫН, першы намеснік гендырэктара па атамнай энергетыцы дзяржкарпарацыі «Расатам». — Стрымальны фактар падчас будаўніцтва другога энергаблока, дарэчы, — папаўняльныя закупкі. Калі мы праводзілі пускавыя аперацыі на першым энергаблоку і нейкае абсталяванне пераставала дзейнічаць, для паскарэння працэсу яно замяшчалася абсталяваннем з другога энергаблока. Цяпер яго трэба зноў даставіць.

Прынцып стварэння электрычнасці на АЭС здаецца простым, калі не звяртаць увагі на маштаб. На лопасці турбіны дзьме пара, у выніку чаго тая пачынае круціцца. Валам турбіна злучана з генератарам, што і стварае электрычнасць, якая пасля ідзе на размеркавальныя прылады. Пара другога контуру вяртаецца, кандэнсуецца і пераўтвараецца ў ваду, якая пасля зноў награваецца і становіцца парай, растлумачыў Сяргей СЯЎКО, вядучы спецыяліст аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў:

— У турбіны дзве лопасці, кожная з якіх даўжынёй большая за метр, а іх агульны дыяметр — каля трох метраў. За адну секунду лопасць круціцца вакол сваёй восі 50 разоў. Пры такой хуткасці не павінна быць нават самай нязначнай вібрацыі турбіны. У «турбіністаў» ёсць нефармальны тэст — яны ставяць манету на турбіну на рабро, і калі яна не падае, значыць, усё працуе нармальна.

Турбінная зала на БелАЭС, дзе выпрацоўваецца электрычнасць.

Насамрэч, вядома, усё нашмат больш складана. Сістэма аховы станцыі настолькі цесная, што проста каб трапіць на работу, супрацоўнікі штодня праходзяць праз складаную сістэму ідэнтыфікацыі, якая апазнае іх па росце, вазе і сятчатцы вока. Атамшчыкі жартуюць, што пры такой праверцы мусяць падтрымліваць сябе ў тонусе, каб пасля не думаць, як тлумачыць аўтаматыцы, што ты — гэта ты, проста набраў пару кілаграмаў.

Дадатковы запас бяспекі

Праект БелАЭС — вынік шматгадовай работы па стварэнні першага рэактара, незлічоных праверак, тэстаў, даследаванняў. Дадатковымі даследаваннямі, а дакладней — ацэнкай запасаў бяспекі, якія мае станцыя звыш прадугледжаных заканадаўствам, сталі праведзеныя на працягу апошніх трох гадоў стрэс-тэсты. Падчас такой ацэнкі правяралася ўстойлівасць АЭС да землятрусаў, цунамі і іх спалучэнняў, яе рэакцыя на поўнае адключэнне, а таксама паводзіны персаналу пры рабоце з цяжкімі запраектнымі аварыямі, заўважыла Вольга ЛУГАЎСКАЯ, начальнік Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Дзяржатамнагляда:

— Па выніках такой самаацэнкі Беларусь падрыхтавала нацыянальны даклад, у межах якога былі прапанаваны розныя варыянты і рэкамендацыі па ўмацаванні бяспекі. Рабілася ўсё гэта добраахвотна, як і ўдзел у партнёрскіх праверках з боку еўрапейскіх калег. Сёлета ў два этапы праходзіла працэдура агляду, наколькі выконваюцца рэкамендацыі, якія былі ўключаны ў план дзеянняў краіны па ўмацаванні ўзроўню бяспекі. На першым этапе разглядаліся рэкамендацыі, выказаныя еўрапейскімі партнёрамі, якія, на іх думку, павінны былі быць выкананы да моманту прамысловай эксплуатацыі станцыі. Усе фізічныя дзеянні накшталт дадатковай крыніцы энергіі, а таксама дадатковыя механізмы і інструменты па ўмацаванні бяспекі былі імплементаваны на станцыі.

На атамнай станцыі безліч рухомых частак, якія награваюцца, таму іх трэба ахалоджваць. Робіцца гэта з дапамогай вады, якая амывае абсталяванне, што ўдзельнічае ў вырабе электраэнергіі, пасля чаго распырскваецца ў пырскальных басейнах і ахалоджваецца з дапамогай паветра. Збоку выглядае прыгожа — здаецца, нібыта працуе мноства фантанаў у некалькі радоў

Другі этап прадугледжвае працяглую перспектыву. Гэта больш ацэначныя пытанні, а таксама ўкаранення і развіцця стацыянарнай сеткі сейсмадатчыкаў, аналіз усіх эфектаў і ўплываў. У канцы жніўня Беларусь чакае чарговую партнёрскую праверку, а пад канец года — паўторную місію ІRRS, якая ў 2016 годзе ацэньвала гатоўнасць інфраструктуры рэгулявання ў краіне-навічку, якой тады была Беларусь. Цяпер гэтая місія будзе разглядаць, наколькі рэалізаваны выдадзеныя нашай краіне ў 2016-м рэкамендацыі, паясніла Вольга Лугаўская.

У сярэдзіне лета АЭС чакае місію ІPPAS, якая ацэніць нацыянальны рэжым забеспячэння фізічнай ядзернай бяспекі самой станцыі, ядзерных матэрыялаў і ўстановак, а таксама інфармацыйную і камп'ютарную бяспеку.

Штогод, як плануецца, на АЭС будзе вырабляцца каля 18,5 млрд кВт·г, што дазволіць забяспечыць да 40 % унутраных патрэб краіны ў электраэнергіі. У плане міжнароднай кліматычнай бяспекі крыніца стабільнай экалагічна чыстай энергіі (БелАЭС) дазволіць скарачаць выкіды парніковых газаў больш як на 7 млн тон у год.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Беларусь стала атамнай дзяржавай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.