Вы тут

Наталля Качанава: Абарона сваёй краіны – абавязак кожнага яе грамадзяніна


На выязным пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі яго удзельнікі разгледзелі вельмі важную і актуальную тэму — як удасканаліць падрыхтоўку прызыўнікоў да службы ў войску ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь? Бо менавіта ў гэтым бачыцца важны фактар умацавання абароназдольнасці ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз.


Мір і спакой — самае важнае

Гутарка на гэтую тэму прайшла на базе 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай Рагачоўскай Чырвонасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава ІІ ступені брыгады імя Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (вайсковая частка 14147).

Як звярнула ўвагу напачатку сустрэчы старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, тэма, сапраўды, вельмі важная (яе актуальнасць складана пераацаніць): абараняць сваю дзяржаву — гэта абавязак кожнага маладога чалавека. І асабліва важна разумець, наколькі самі маладыя людзі сёння асэнсоўваюць, што абарона Радзімы — гэта рэальная задача, доўг, асабліва калі ў свеце неспакойна. Аднак пакуль ёсць прабелы ў гэтай рабоце, хаця і выбудавана эфектыўная сістэма, падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента.

— Гэта сур’ёзнае пытанне, да якога мы ўсе павінны адносіцца нераўнадушна. У гэтай рабоце не павінна быць фармалізму. Сумленна, адкрыта, прыстойна, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Наша задача — агульнымі намаганнямі зрабіць усё магчымае, каб маладое пакаленне разумела: ніхто не абароніць краіну, яе незалежнасць, мір, акрамя нас саміх. І гэта не высакапарныя словы. У войска павінны ісці маральна падрыхтаваныя, фізічна моцныя юнакі. Усе павінны разумець, што будучае нашай краіны залежыць ад нас.

Яна запрасіла далучыцца да гутаркі ўсе зацікаўленыя бакі: кіраўнікоў Мінабароны, Мінадукацыі, міністэрства аховы здароўя і іншых ведамстваў з той мэтай, каб акрэсліць праблемна-тэматычнае поле і вызначыць, што яшчэ неабходна зрабіць дзеля таго, каб работа па патрыятычным выхаванні моладзі была больш эфектыўнай, рацыянальнай і пабудаванай у правільным кірунку.

Як расказаў міністр абароны Віктар ХРЭНІН, у краіне зараз дзейнічае сістэма па патрыятычным выхаванні моладзі: ва ўстановах адукацыі функцыянуюць 99 ваенна-патрыятычных класаў, у якіх навучаюцца 1800 дзяцей, штогод дзейнічаюць 22 спартыўна-патрыятычныя летнікі, дзе праходзяць аздараўленне больш за дзве тысячы школьнікаў (дарэчы, за пяць гадоў у 723-х профільных летніках аздаравіліся больш за 50 тысяч навучэнцаў), 53 цэнтры дапрызыўной падрыхтоўкі.

Але гэтага недастаткова, перакананы міністр. Як паказаў сёлетні вясновы прызыў, запатрабаванасць у папаўненні была задаволена на 49%, пры гэтым 41% грамадзян, якія падлягаюць прызыву, мелі адтэрміноўку ад службы ў войску.

Трэба адзначыць, што на колькасць прызыўнікоў, безумоўна, уплывае і здароўе юнакоў.

Як расказаў міністр аховы здароўя Дзмітрый ПІНЕВІЧ, у сістэме былі перагледжаны некаторыя падыходы па прызнанні годнымі для службы ў войску юнакоў (але так, каб не пакутавала абароназдольнасць арміі). Аднак гэта не надта паўплывала на рост колькасці навабранцаў. У 2020-м годнымі былі прызнаны 62,9% маладых людзей (рост 0,4% у параўнанні з 2019-м), нягоднымі — 19,8% (зніжэнне на 1,4%). Асноўныя прычыны: прыроджаныя анамаліі, праблемы з пазваночнікам, сардэчна-сасудзістай сістэмай. Шмат юнакоў з бранхіяльнай астмай, цукровым дыябетам. Дарэчы, многія з гэтых праблем фарміруюцца ў школе: з першай групай здароўя яе заканчваюць толькі 10% выпускнікоў, з другой — 70%. Важна, лічыць міністр, фарміраваць свядомыя здароўезахоўваючыя паводзіны ў сучасных школьнікаў.

Школа павінна не толькі вучыць, але і выхоўваць

Між іншым, Віктар Хрэнін сярод іншых бачыць праблему зніжэння цікавасці юнакоў да свайго абавязку па службе ў войску, у тым ліку у тым, што не заўсёды колькасць праведзеных мерапрыемстваў у сістэме адукацыі, перарастае ў якасць і моладзь часта пераканана, што абараняць дзяржаву павінен нехта іншы, а не ён. Аднак трэнд на кантрактную армію — не адпавядае сучасным умовам. Ён патлумачыў, што ў сучаснай арміі дастатковая колькасць «кантрактнікаў» (у мірны час складае 65%), аднак ці здольная яна будзе адэкватна абараніць краіну, яе свабоду і незалежнасць ад выклікаў і пагроз у ваенны час са зброяй у руках? У гэтым, акрамя іншага, заключаецца патрыятызм. Таму важна ўзняць на больш высокі ўзровень у свядомасці маладых людзей такія паняцці як абарона Айчыны, краіны і сям’і.

Цікавыя лічбы прывёў часова выконваючы абавязкі міністра ўнутраных спраў Юры НАЗАРАНКА, які расказаў, што сёлета ад ваенных камісараў у органы ўнутраных спраў было накіравана каля пяці тысяч зваротаў аб ухіленні ад прызыву і трох тысяч зваротаў аб прывадзе прызыўнікоў па адміністратыўных працэсах. І тут трэба нагадаць, што ўзнікае не толькі адміністратыўная адказнасць, але і крымінальная. З пачатку года ўзбуджана 255 крымінальных спраў у дачыненні да тых, хто ўхіляецца ад службы ў войску.

Безумоўна, з боку дзяржавы неабходна прымаць адпаведныя крокі па вырашэнні праблемны ў нежаданні моладзі служыць і абараняць сваю Айчыну.

Міністр абароны Віктар Хрэнін бачыць выхад у кардынальнай змене падыходаў у фарміраванні патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення ў сістэме адукацыі: інстытут ваенрукоў, які існаваў яшчэ ў савецкай школе, неабходна вяртаць у сучасны выхаваўчы працэс. Для гэтага можна задзейнічаць «армію» былых вайскоўцаў — сёння колькасць ваенных пенсіянераў дазваляе задаволіць запатрабаванасць у гэтых кадрах усіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў краіне.

Акрамя таго, як адзначыў міністр абароны, на фарміраванне патрыятызму павінен спрыяць Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання, які сфарміраваны не так даўно пад патранатам міністэрства абароны на базе Брэсцкай крэпасці (Кобрынскага форта), дзе штогод змогуць атрымліваць веды аб ваеннай гісторыі школьнікі з 5 па 9 класы з усёй краіны ў рамках профільнага летніка, а не толькі экскурсійнай дзейнасці выхаднога дня, якая зараз прысутнічае ў выхаваўчым працэсе.

У школах з’явяцца профільныя спецыялісты

Ігар КАРПЕНКА, міністр адукацыі, паведаміў, што сёння ў сістэме адукацыі працуюць 1579 настаўнікаў ваеннай падрыхтоўкі, аднак 244 чалавека з якіх (15%) ніколі не мелі ніякіх адносінаў да службы ў войску. Добра, калі гэтую функцыю выконваюць настаўнікі працоўнага навучання, але ёсць і іншыя прыклады.

Таму кіраўнік ведамства анансаваў з’яўленне з 1 верасня бягучага года новых спецыялістаў у школах — кіраўнікоў ваенна-патрыятычнага выхавання. У прыватнасці, амаль дзве тысячы ставак былі вылучаны міністэрствам адукацыі з існуючага бюджэту на гэтыя мэты.

Трэба падабраць кваліфікаваных спецыялістаў на гэтыя вакансіі, пераканана Наталля Качанава, ад гэтага будзе залежыць будучае маладога пакалення і іх жаданне служыць у войску ў далейшым. Ваенныя камісары рэгіёнаў, якія прымалі ўдзел выязным пасяджэнні, падключацца да гэтай работы.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.