Вы тут

Дачнае смецце: новыя правілы абыходжання


З 1 верасня мінулага года дзейнічаюць новыя правілы абыходжання з камунальнымі адходамі. Навацыі ў тым ліку датычацца і садаводчых таварыстваў. Колькі павінна быць кантэйнераў для смецця ў садаводчым таварыстве, каго і як пакараюць, калі не будзе ёмістасцяў для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў — пра гэта і не толькі расказаў Віктар ПАДНЯСЕНСКІ, начальнік аддзела кантролю за абыходжаннем з адходамі Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


Садаводчае таварыства «Станіца» — так выглядала пляцоўка да візіту супрацоўнікаў тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды.

— З уступленнем у сілу Тэхнічнага кодэкса ўстаноўленай практыкі ТКП 17.11-08-2020 «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Адходы. Правілы абыходжання з камунальнымі адходамі» і ў адпаведнасці з нормамі Закона «Аб абыходжанні з адходамі» садаводчыя таварыствы ўключаны ў агульныя (тэрытарыяльныя) схемы абыходжання з камунальнымі адходамі. Прасцей кажучы, усю дакументацыю павінен распрацаваць і зацвердзіць райвыканкам і ўзгадніць з тэрытарыяльным органам Мінпрыроды і дзяржаўным органам санітарнага нагляду, — тлумачыць Віктар Паднясенскі. — У схеме абавязкова ўказваецца: колькі павінна быць кантэйнерных пляцовак, колькі кантэйнераў і якіх, перыяд вывазу адходаў.

Што трэба ведаць дачнікам і да чаго ім рыхтавацца? У садаводчых таварыствах, дачных кааператывах падлягаюць раздзельнаму збору другасныя матэрыяльныя рэсурсы, адходы расліннасці, буйнагабарытныя адходы. На кожныя 70 і менш участкаў павінна быць абсталявана адна кантэйнерная пляцоўка, пры гэтым на кожныя 30 і менш участкаў устанаўліваецца адзін кантэйнер для змешаных камунальных адходаў. У кожным таварыстве або кааператыве размяшчаецца не менш за адзін кантэйнер для збору кожнага віду ДМР. Дапускаецца арганізацыя часовага захоўвання камунальных адходаў на зямельных участках членаў таварыства пры ўмове планавага вывазу адходаў. Для збору раслінных адходаў пры наяўнасці дамовы з арганізацыяй, якая ажыццяўляе кампаставанне ці іншае выкарыстанне такіх адходаў, ствараецца спецыяльная пляцоўка, на якой устанаўліваецца кантэйнер вялікай ёмістасці. Для збору буйнагабарытных і будаўнічых адходаў выкарыстоўваюцца спецыяльныя кантэйнеры або абсталяваныя пляцоўкі. Гэта — кароткі пералік таго, што трэба ведаць дачніку. Дададзім яшчэ, што кантэйнерныя пляцоўкі павінны быць на адлегласці, не меншай за 20 метраў ад вокнаў садовых дамоў. А вось да чаго трэба рыхтавацца, дык да таго, што ўсё гэта ўстанаўліваецца за кошт таварыства/кааператыва, і без мэтавых узносаў мала ў каго атрымаецца ўсё ўладкаваць.

Па словах Віктара Паднясенскага, «нават вельмі далёка ад сталіцы» ёсць таварыствы, дзе ўжо даўно наладжаны раздзельны збор ДМР, маецца дастатковая колькасць пляцовак і кантэйнераў.

— Што датычыцца ўсіх астатніх, то перш за ўсё спецыялісты раённых інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзяць вялікую тлумачальную работу са старшынямі праўленняў садаводчых таварыстваў, непасрэдна з самімі дачнікамі. Адначасова выдаюцца рэкамендацыі, прызначаюцца адэкватныя тэрміны, да якіх трэба ліквідаваць заўвагі, — расказвае спецыяліст. — Пакуль рана казаць пра нейкія вынікі за гэты год, таму што дачны сезон з-за халаднаватага мая толькі пачынаецца. Але практыка такая, што калі прадпісанне не выконваецца, на старшыню ці садаводчае таварыства накладаецца штраф. За парушэнне парадку абыходжання з адходамі (арт. 16.44, ч. 3 КаАП) на юрыдычную асобу накладаецца штраф да 1000 базавых велічынь. На дадзены момант гэта 29 000 рублёў. За гэтыя грошы можна купіць 50 вулічных кантэйнераў для збору цвёрдых камунальных адходаў.

Тое ж месца пасля выканання прадпісання.

Гэта вельмі важная рэмарка, таму што выплата штрафу не вызваляе ад арганізацыі месцаў збору адходаў (у тым ліку ДМР), таму эканамічна выгадна адразу купіць кантэйнеры і ўладкаваць пляцоўкі.

Яшчэ адна вострая дачная праблема — несанкцыянаваныя звалкі смецця, забруджванне тэрыторый вакол садаводчых таварыстваў.

— Калі ёсць доказы, а гэта факт фота- або відэафіксацыі, што дачнік выкінуў, напрыклад, на сельгасугоддзі тачку смецця, то да адказнасці будзе прыцягнута непасрэдна вінаватая асоба. Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях ацэньвае такія дзеянні грамадзяніна на суму штрафу да 30 БВ, — кажа Віктар Паднясенскі. — Калі ж у лесе мы бачым выкінутыя невядома кім пакеты са смеццем, то вінаватым лічыцца землекарыстальнік, гэта значыць лясніцтва, калі яно такое дапусціла на сваёй тэрыторыі, не прыняўшы адпаведных мер, у тым ліку па ўборцы адходаў. У такім выпадку штраф складае да 1000 БВ (у выпадку прыцягнення да адказнасці юрыдычнай асобы). Таму супрацоўнікі лясніцтваў і сочаць, каб суседзі-дачнікі не засмечвалі лес. Бывае, што ў самім садаводчым таварыстве ёсць несанкцыянаваная звалка. У залежнасці ад розных нюансаў, у такіх выпадках караецца ў адміністрацыйным парадку старшыня праўлення або само таварыства.

Спецыялісты аддзела кантролю за абыходжаннем з адходамі Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама ўсіх раённых інспекцый пастаянна выязджаюць з мэтай правядзення маніторынгаў у сельскія населеныя пункты, садаводчыя таварыствы і гаражныя кааператывы. Красамоўней за ўсё пра тое, як выконваецца схема абыходжання з адходамі, кажуць лічбы. Летась у вёсках, на лецішчах і ў гаражных кааператывах было праведзена 982 кантрольныя мерапрыемствы. Выяўлены 894 парушэнні, выдадзена 858 пунктаў рэкамендацый,
51 пункт прадпісанняў, прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 80 вінаватых асоб, якія, аплаціўшы штрафы, папоўнілі бюджэт на 24 тысячы рублёў.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Мінскага абласнога камітэта ПРіАНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.