Вы тут

У Докшыцкім раёне пройдзе абласная акцыя памяці знішчаных фашыстамі вёсак


У мемарыяльным комплексе «Шунеўка» ў Докшыцкім раёне 22 чэрвеня роўна ў 4 гадзіны раніцы пачнецца акцыя памяці «Дарогамі спаленых вёсак» у памяць пра знішчаныя фашыстамі вёскі і сёлы Віцебскай вобласці.


Фота: planeta Belarus

Як паведамілі карэспандэнту «Звязды» ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Докшыцкага райвыканкама, у акцыі будуць удзельнічаць аўтаклубы вобласці. Прадстаўнікі кожнага раёна прывязуць карту спаленых вёсак свайго рэгіёна, раскажуць, колькі іх было, колькі так і не паўстала з попелу. Перад пачаткам мітынгу-рэквіема для гасцей мерапрыемства правядуць экскурсію па мемарыяльным комплексе, пабудаваным на месцы спаленай вёскі Шунеўка.

Ад вёскі не засталося і следу, калі туды 22 мая 1943 года раніцай уварваліся карнікі. Мірных жыхароў сагналі ў хлеў і падпалілі. Людзі прынялі пакутніцкую смерць, згараючы жывымі. Маленькіх дзяцей ад 1 да 6 гадоў фашысты кінулі ў глыбокі калодзеж. З зямлёй зраўнавалі 26 двароў, тады загінула 66 чалавек. Толькі траім шунеўцам цудам удалося выратавацца. Гэта сямігадовы хлопчык Валодзя Рудкоўскі, які знайшоў шчыліну ў палаючай адрыне і выслізнуў, уцёкшы пад градам куль у лес. А таксама Канстанцін Ананіч з дачкой Сонечкай, якія хаваліся ў зямлянцы ў лесе і засталіся незаўважаныя, калі фашысты прачэсвалі наваколлі ў пошуках жыхароў вёскі. Софія Ананіч (Шаблоўская) пасля жыла ў Мінску і яшчэ доўгія гады прыязджала на малую радзіму — у вёску, ад якой захаваліся толькі гаротныя ўспаміны. Яна расказвала падрастаючаму пакаленню, як удалося выжыць і якія зверствы ўчынялі захопнікі на нашай зямлі.

Удзельнікам акцыі таксама прадставяць тэатралізаваную пастаноўку, дзе пакажуць мірнае, даваеннае, жыццё Шунеўкі і яе трагедыю. Пасля правядзення мітынгу-рэквіема прадстаўнікі аўтаклубаў перададуць моладзі Докшыцкага раёна карты спаленых вёсак як знак пераемнасці пакаленняў. Гэтыя карты затым адправяцца ў Бягомльскі музей народнай славы. Завяршальным жалобным акордам мерапрыемства стане запальванне свечак памяці.

Аўтар Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Выратавацца ўдалося толькі траім

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».