Вы тут

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі: Парламенцкае вымярэнне інтэграцыі


Форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі ўяўляюць з сябе эфектыўны сумесны праект Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Расіі. Калі лаканічна, то можна сказаць, што гісторыя форумаў — гэта ў пэўным сэнсе і парламенцкая гісторыя поспеху. Бо такія штогадовыя сустрэчы партнёраў і перагаворы на практыцы пацвердзілі сваю запатрабаванасць рэгіёнамі абедзвюх краін і маюць устойлівую тэндэнцыю да далейшага развіцця.


Фота: БелТА

Ад харчавання да высокіх тэхналогій

Пачыналася ўсё са зразумелага і жыццёва важнага — забеспячэння харчовай бяспекі дзвюх дзяржаў. Зазірнём у пачатак чэрвеня 2014 года ў Мінск, дзе праходзіў першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Ён сабраў каля 300 удзельнікаў, якія засяродзіліся на абмеркаванні і пошуку шляхоў павышэння эфектыўнасці развіцця аграпрамысловых комплексаў.

Паколькі падобны форум праводзіўся ўпершыню, яго асноўнай мэтай у значнай ступені было максімальнае садзейнічанне ўстанаўленню новых сувязяў і пашырэнню ўжо існуючых прамых кантактаў паміж рэгіёнамі. І з гэтай задачай сенатары верхніх палат беларускага і расійскага парламентаў справіліся. Яны аказалі дапамогу, напрыклад, па лініі заканадаўчай і выканаўчай галін улады, у выпрацоўцы рэкамендацый па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы для паскарэння развіцця аграпрамысловага сектара Беларусі і Расіі ва ўмовах стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза.

Удзельнікі форуму за два дні яго работы паспелі дамовіцца аб канкрэтных праектах, падпісалі шэраг дакументаў, якія датычыліся стымулявання беларуска-расійскага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Таксама ўдалося абмеркаваць як праблемы, так і перспектывы ды магчымасці актывізацыі ўзаемадзеяння ў АПК.

Тады ўдзельнікі форуму аднадушна выказаліся за павелічэнне экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі ў трэція краіны, вырашылі выпускаць больш экалагічна чыстай прадукцыі.

Другі Форум рэгіёнаў адбыўся ў Сочы ў верасні 2015 года і быў прысвечаны агульным падыходам і рэгіянальным аспектам рэалізацыі прамысловай палітыкі Саюзнай дзяржавы. Колькасць яго ўдзельнікаў у параўнанні з першым форумам павялічылася ўдвая. Прыехалі прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай галін улады Беларусі і Расіі, рэгіёнаў краін, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і бізнес-супольнасцяў.

Знакавай падзеяй стала сумесная выстаўка прамысловай прадукцыі. Галоўнымі яе тэмамі былі імпартазамяшчэнне і беларуска-расійская прамысловая кааперацыя.

На ёй быў падпісаны пакет пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і іншых сферах. Сярод падпісантаў, напрыклад, Рэспубліка Комі і Гродзенская вобласць, Іванаўская і Віцебская, Арэнбургская і Гомельская вобласці ды іншыя пары рэгіёнаў. А Беларусбанк і Расэксімбанк заключылі генеральнае пагадненне.

Праграма трэцяга форуму, які зноў прайшоў у Мінску, таксама была накіравана на садзейнічанне развіццю міжрэгіянальнага навуковага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Чацвёрты форум (у Маскве) прысвяцілі тэме інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў у сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства. У сямі секцыях ішла зацікаўленая размова аб стымуляванні канкурэнтаздольных высокатэхналагічных вытворчасцяў, сумеснай рабоце расійскіх і беларускіх ІT-кампаній на рынках Саюзнай дзяржавы і ў трэціх краінах. Тады прагучала думка аб неабходнасці больш рашучага пераходу ад рэгіянальных кантактаў да супрацоўніцтва гарадоў і раёнаў, дыверсіфікацыі ўзаемнага гандлю.

Праз прызму інтэграцыі

Пяты форум (у Магілёве) у кастрычніку 2018 года вызначыў прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва. Секцыі прайшлі па пяці асноўных тэмах: аграрная палітыка, уніфікацыя і гарманізацыя заканадаўстваў, лічбавая эканоміка, маладзёжная палітыка, міжнародная дзейнасць і эканамічная бяспека.

Форум выклікаў цікавасць у кіраўнікоў суб'ектаў Расіі — адтуль прыехала больш чым 20 губернатараў: Маскоўскай, Бранскай, Самарскай, Арэнбургскай, Кіраўскай, Растоўскай, Варонежскай, Ліпецкай, Валагодскай, Смаленскай, Курскай абласцей, Рэспублікі Алтай, Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі, Карачаева-Чаркесіі і іншых. Заяўкі на ўдзел у форуме падалі таксама 17 кіраўнікоў прадстаўнічых органаў улады расійскіх рэгіёнаў.

Упершыню на форуме прайшоў Савет дзелавога супрацоўніцтва, дзе асноўныя кірункі ўзаемадзеяння і сумесныя праекты абмеркавалі кіраўнікі кампаній і прадпрыемстваў Беларусі і Расіі. У выніку было падпісана больш за 70 пагадненняў аб супрацоўніцтве на міжурадавым, абласным і раённым узроўнях. Агульная сума заключаных кантрактаў склала больш за 500 мільёнаў долараў.

Нагадаем, на той час з пачатку правядзення форумаў было заключана камерцыйных кантрактаў і пагадненняў на 930 мільёнаў долараў. Напрыклад, па выніках ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі такіх дакументаў падпісалі на 300 мільёнаў долараў, а па выніках ІV Форуму — звыш 400 мільёнаў долараў. І далей па ўзрастаючай.

Не аб адным хлебе

VІ Форум прымаў Санкт-Пецярбург. Зразумела, былі падпісаны ўзаемавыгадныя пагадненні аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі, камерцыйныя кантракты, іншыя дакументы аб партнёрстве. Але на гэтым форуме прапанавалі паглядзець на міжрэгіянальныя сувязі як на інструмент фарміравання адзінай культурнай і гуманітарнай прасторы народаў Беларусі і Расіі.

Разгарнулася дыскусія вакол рэалізацыі сумесных маладзёжных праектаў, аб шляхах узаемадзеяння рэгіёнаў у стварэнні агульнай інфармацыйнай прасторы ў мэтах развіцця культурных і гуманітарных сувязяў Саюзнай дзяржавы. А ў паскораным ажыццяўленні культурна-гуманітарных праектаў убачылі важны прыярытэт для збліжэння народаў Беларусі і Расіі. Турызм сталі разглядаць як драйвер эканамічнага росту і культурнага развіцця рэгіёнаў.

Леташні VІІ Форум у Мінску і Мінскай вобласці займае асаблівае месца ў практыцы іх правядзення. Тэма Вялікай Перамогі, яе гістарычная спадчына як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязяў народаў Беларусі і Расіі, вядома, былі абраны невыпадкова. Гістарычная памяць аб гераічнай перамозе савецкага народа мае выключнае значэнне для фарміравання і ўмацавання грамадзянскай самасвядомасці (грамадзянскай ідэнтычнасці) народаў Беларусі і Расіі, паступальнага сацыяльнага і эканамічнага развіцця Саюзнай дзяржавы, а таксама ў барацьбе са спробамі фальсіфікацыі асобнымі замежнымі аналітыкамі прычын і наступстваў Другой сусветнай вайны, перагляду яе вынікаў і прыніжэння выключнай ролі СССР у разгроме нацысцкай Германіі.

З гэтай нагоды ўдзельнікі форуму выказалі шэраг слушных рэкамендацый, у прыватнасці па процідзеянні гераізацыі нацызму, выхаванні ў моладзі патрыятызму і грамадзянскай адказнасці, павагі да гістарычнай спадчыны і подзвігу савецкіх людзей.

Мікалай ЛЮБЧАНСКІ

Загаловак у газеце: Парламенцкае вымярэнне інтэграцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».