Вы тут

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!


Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека. У пагоні за імгненнямі задавальнення мы страчваем пачуццё меры і забываемся на тое, чаго жадаем на самай справе. Два тавара па адным кошце, торты, булкі, макароны і мяса са зніжкай. Выгадна і эканомна! Але ж, для каго?..


Атлусценне — адна з глабальных праблем чалавецтва. Гэтая адносна маладая хвароба ўзнікла ў сярэдзіне ХХ стагоддзя па прычыне маларухомага ладу жыцця і ўжывання вялікай колькасці «фастфуда». Акрамя зніжэння якасці жыцця, псіхаэмацыянальнага і фізічнага дыскамфорта, атлусценне, выклікае шэраг сур’ёзных праблем са здароўем: сардэчна-сасудзістыя паталогіі, цукровы дыябет, інсулінарэзістэнтнасць, захворванні пазваночніка і суставаў. Акрамя таго, павышаецца рызыка развіцця інфарктаў, парушэння рэпрадуктыўнай і дыхальнай функцый, узнікнення анкалагічных захворванняў.

Мужчынскім і медыцынскім поглядам на гэтую сур’ёзную праблему спецыяльна для чытачоў сеткавага выдання ZVIAZDA.BY дзеліцца нейрахірург, навуковы супрацоўнік адзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава — Гурбаніджад Гумен Гушанг.

Пахудзенне: гісторыя, мода і псіхалогія

На самай справе быць худым — гэта мода і нічога больш. У кожную гістарычную эпоху гэта мода свая. Калі разгледзець карціны мастакоў XVI-XVII стагоддзяў, то на гэтых палотнах мы не ўбачым ніводнай худой жанчыны. Усе складкі на целе добра намаляваныя. Вось такім «пышным» быў у той час эталон прыгажосці. А як вядома, малявалі прыгожых і ўпадабаных жанчын!

У канцы XX пачатку XXI стагоддзя з актыўным развіццём фэшн- індустрыі ўзнік попыт на танклявых жанчын. Параметры «90-60-90» сталі лічыцца аптымальным варыянтам мадэльнай знешнасці. Татальны паказ на подыумах і ў папулярных часопісах худых жанчын паспрыяў фарміраванню ў свядомасці простых жанчын стэрэатыпу «худаба=прыгажосць». І калі ты хочаш прыцягваць супрацьлеглы пол, то абавязкова трэба быць худой. На самай справе, для кожнага мужчыны існуе свой асабісты эталон жаночай фігуры, які залежыць у тым ліку і ад геаграфічнага фактара. Адзін з яскравых прыкладаў — усходнія і афрыканскія краіны. Там худы чалавек успрымаецца ад слова «худа», а чалавек «у целе», як багаты і заможны. Не мае значэння, мужчына гэта ці жанчына. Пышнасць формаў кажа толькі адно: гэты чалавек добра жыве. Ёсць, канешне, у пахудзення і важны псіхалагічны фактар: чалавеку заўсёды трэба тое, чаго ў яго няма. Адсюль і шматлікія спробы дасягнуць пажаданага.

Худзець ці заставацца поўным?

Адназначна чалавек з атлусценнем мае вялікую колькасць праблем, у параўнанні з чалавекам нармальнай вагі. Уявіце, кожны год на нашай планеце людзі больш гінуць ад наступстваў атлусцення, чым ад голаду ў Афрыцы. Сапраўдны парадокс! А ўсё з-за таго, што вытворчасць прадуктаў харчавання накіравана перш за ўсё на вялікія аб’ёмы іх продажу. Шырокі выбар ежы на любы густ і яе даступнасць прыводзяць да таго, што людзі атрымліваюць лішнія калорыі і пачынаюць набіраць вагу. Разам з гэтым ёсць і іншыя праблемы са здароўем.

Гаворка перш за ўсё пра ўнутраны тлушч. Менавіта ён наносіць вялікі ўрон арганізму чалавека. Чым больш тлушчавых клетак, тым горш сябе адчуваюць нармальныя клеткі: парушаюцца трофікі і працэс абмена кіслароду. Тлушчавыя клеткі блакіруюць дзейнасць здаровых клетак. У выніку атлусцення павялічваецца нагрузка на сардэчна-сасудзістую сістэму, памяншаецца эластычнасць сасудаў, у іх утвараюцца бляшкі, як вынік узрастае рызыка ўзнікнення гіпертаніі і інфаркта. Не забываемся на цукровы дыябет другога тыпу — як правіла ён спадарожнік поўных людзей. Акрамя гэтага, чым больш вага, тым больш нагрузка на пазваночнік і суставы, што у сваю чаргу прыводзіць да ранняга артрозу і астэахандрозу.

Пасля 30-гадоў фізіялагічна і ў мужчын, і ў жанчын пачынае памяншацца мышачная маса. І калі чалавек актыўна не займаецца спортам, то з ўпэўненасцю можна сказаць: кожны лішні кілаграм на шалях у гэтым ўзросце — гэта тлушч і вада.

Пахудзенне — мэта даўжынёю ў жыццё!

Калі ў чалавека назіраецца лішняя вага, ні ў якім разе нельга займацца самалячэннем ці ачышчэннем арганізма. Лекі і напоі, якія хутка зробяць вас худымі, не дапамогуць вырашыць праблему. На самай справе — гэта маркетынг і нічога іншага. Трэба ўсведамляць, што пры нізкакаларыйнай дыеце і фізічных нагрузках за месяц чалавек максімум можа скінуць да 400 г тлучшу. Калі чалавек скідвае 4, 5, 10 кілаграмаў вагі за кароткі прамежак часу, на самай справе ён проста губляе ваду. І вяртаецца яна так хутка, як сышла.

Пахудзенне — гэта доўгі працэс, сапраўдная вайна. І добры вынік не дасягаецца праз месяц. Калі вы на самай справе вырашылі прывесці сябе ў аптымальную фізічную форму, вы павінны разумець, што дасягненне гэтай мэты будзе доўжыцца да канца жыцця. Галоўнае, пры першых станоўчых выніках не спыняцца, а настойліва ісці далей.

Чаму мы пераядаем і як з гэтым змагацца?

Зразумела, калі чалавек усё сваё жыццё многа еў, ён мае вялікі аб’ём страўніка. Чым гэта дрэнна? Сігнал ад перапоўненага страўніка трапляе ў галаўны мозг запаздала ці ўвогуле не трапляе. Чалавек не адчувае сябе сытым, працягвае есці і ў рэшце рэшт пераядае. Паспрабуйце сябе падмануць: да пачатку ўжывання ежы прыміце дзве шклянкі вады. Яна не мае калорый і добра запаўняе страўнік, такім чынам для ежы становіцца менш месца. Тую колькасць ежы, якую мы хочам з’есці, трэба есці марудна і доўга, пажадана маленькім відэльцам ці, напрыклад, бамбукавымі палачкамі. Дайце вашаму страўніку час, каб накіраваць сігнал аб насычэнні ў галаўны мозг.

Яшчэ адзін момант датычыцца колькасці спажываемай ежы. Тут добра працуе прыказка: " Сняданак з’еш сам, абед падзялі з сябрам, а вячэру аддай ворагу!" Начны прыём ежы дакладна да дабра не давядзе. Увечары наш арганізм рыхтуецца да сну, а ў гэты час мы напаўняем страўнік ежай. Асабліва гэта датычыцца жыхароў мегаполісаў, якія прыходзяць з работы і менавіта ўвечары атакуюць халадзільнік. Страўнік не можа ўключыць функцыю «адцягнутага старта» і пачынае адразу ж пераварваць ежу. Чалавек спіць, а страўнік у гэты час працуе, сэрца працуе і арганізм не адпачывае. У выніку раніцай вы атрымліваеце ацёкі і пачуццё разбітасці, якое захоўваецца на ўвесь дзень. Акрамя гэтага, чалавек атрымлівае лішнія калорыі. Здабытыя ноччу, яны адкладаюцца ў пласт тлушчу ў розных праблемных месцах. І калі гэта адбываецца кожны вечар, нічога дзіўнага ў тым, што чалавек набірае лішнюю вагу няма. Гэта заканамерна!

Вячэра павінна быць ранняй, каб было дастаткова часу для арганізма перапрацаваць ежу і падрыхтавацца да сну. Ноччу страўнік павінен быць пустым. Выключэнні бываюць, але нячаста і несістэматычна. Яшчэ адна прычына, якая выключае тормаз, ужыванне спіртных напояў. Калі не адмовіцца ад іх ужывання, то працэс пахудзення будзе ісці марудна.

Худзець камфортна можна, але ёсць нюансы

Вядома, працэс пахудзення — гэта заўсёды стрэс. Адна думка пра тое, што прыйдзецца сябе абмяжоўваць у ежы, пазітыву не дадае. Смачная ежа — гэта самы лёгкі спосаб атрымання задавальнення, які не патрабуе ад нас дадатковых дзеянняў. А мы асэнсавана пазбаўляем сябе ад яго. Што рабіць?

  1. Звярніцеся да ўрача. Каб мінімізаваць стрэс, трэба абавязкова звярнуцца да спецыяліста. Вопытны дыетолаг дапаможа збалансаваць рацыён, каб у ім у аптымальнай для вас колькасці прысутнічалі бялкі, тлушчы і вугляводы. Падбярэ патрэбныя вітаміны і мінералы. У працэсе пахудзення нельга ахвяраваць сваім імунітэтам.
  2. Мінімізуйце спажыванне ежы. Гаворка не толькі пра дрэнныя прадукты харчавання з «пустымі калорыямі», але і пра аб’ёмы порцый.
  3. Піце ваду. Часам арганізм блытае пачуццё голаду з пачуццём смагі. Прыслухоўвайцеся да сябе і не забывайцеся піць ваду перад кожным прыёмам ежы і абавязкова на працягу дня.
  4. Дадайце фізічныя нагрузкі. Для чалавека з атлусценнем — вялікая фізічная актыўнасць можа быць небяспечнай. Як правіла, такія людзі маюць сардэчна-сасудзістыя захворванні, праблемы з суставамі, і арганізм можа проста не вытрымаць. Аптымальны варыянт для поўных людзей — плаванне. За кошт вады памяншаецца вага цела, і такім чынам зніжаецца нагрузка на пазваночнік і суставы. Яшчэ адзін варыянт — скандынаўская хада. Дзякуючы палкам, здымаецца нагрузка на пазваночнік і суставы і спальваецца больш калорый. Абавязкова трэба кантраляваць пульс, каб сэрца было ў парадку.
  5. Спіце. Аптымальны начны сон доўжыцца 6-8 гадзін. У памяшканні павінна быць вельмі цёмна. Нават маленькія лямпачкі на тэлевізары, так званы «рэжым чакання», могуць парушыць сон.
  6. Выбірайце правільную пару года. Пахудзенне — рэч, якая залежыць ад сезона. Узімку чалавек скідвае вагу хутчэй, чым летам. Зімой холадна і арганізму трэба выпрацоўваць больш цяпла. Для гэтага ён затрачвае шмат калорый. Летам чалавеку грэцца не трэба. Наадварот, жаркае надвор’е выклікае потааддзяленне, і арганізм не расходуе ўнутраныя запасы тлушчу, а проста губляе ваду. Таму атрымлівайце асалоду ад цёплага сезона, акумулюйце энергію і добры настрой для будучых асабістых перамог!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота: Юрый ІВАНОЎ, pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.