Вы тут

Жывыя і мёртвыя. Вялікая Айчынная вайна зачапіла амаль кожную беларускую сям'ю


Саракавыя-ракавыя раскідалі па свеце людзей, разлучылі цэлыя сем'і, пакінулі дзяцей сіротамі. Вайна перакрэсліла чалавечыя лёсы, прыняла за людзей усе важныя рашэнні. З фотаздымкаў, змешчаных у часовай экспазіцыі «Сорак першы: вобразы вайны і міру», якая адкрылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, глядзяць маладыя пары, бацькі і дзеці, браты і сёстры. Яны пакуль не ведаюць, што вайна падзяліла іх на жывых і мёртвых...


Хімік Амнуіл і Агаф'я Барысенка (1941 год).

Не дачакаліся мужоў...

Хімік Амнуіл і Агаф'я Барысенка пажаніліся да вайны. Ён — афіцэр, служыў у ваенным гарадку ў Мінску. За некалькі дзён да пачатку вайны (18 чэрвеня) яна нарадзіла сына. Хімік яшчэ паспеў забраць іх з радзільні і ў той жа дзень, 23 чэрвеня, сышоў на фронт. Агаф'ю, як і ўсіх жонак афіцэраў, з палаючага Мінска эвакуіравалі. Яна прыехала да сваіх бацькоў у вёску, часта наведвалася да родных мужа ў Чарнёўку, што ў Магілёўскай вобласці.

Хімік удзельнічаў у абарончых баях пад Мінскам і Магілёвам. Трапіў у палон, але паспеў праз некага паведаміць, дзе ён. Агаф'я, якая прыскакала ў Магілёў на кані, там свайго мужа не знайшла. У Оршу (больш за 70 кіламетраў!), куды яго перавялі, жонка ішла пешшу з трохмесячным сынам на руках. Яна выкрала мужа з палону і, абяссіленага, прывяла дамоў. Толькі лёс не падманеш: праз тыдзень Хіміка расстралялі ў Дрыбіне, у агульнай магіле з яўрэямі. Неўзабаве забілі яго маці, сястру і яе дзяцей.

«Вы не можаце ўявіць, як мы перажылі гэты час, — пісала Агаф'я Барысенка сваякам свайго мужа ў Маскву. — Я не думала, што застануся нармальным чалавекам... Яшчэ вялікае шчасце, што я і мой сынок засталіся жывымі. Я чакала кожны дзень смерці, нават прызвычаілася да гэтай думкі і хацела, каб хутчэй мяне забілі: жыць не хацелася...»

Трагічна склаўся лёс і ў сям'і Аляксандра і Валянціны Яворскіх. Маладая настаўніца выйшла замуж за кадравага вайскоўца ў 18 гадоў. Неўзабаве ў іх нарадзіўся сын Віталік. Гэта быў вельмі моцны шлюб, у іх было шмат планаў і мар, якім не суджана было здзейсніцца. Па першай трывозе Аляксандр пайшоў у вайсковую часць (жылі яны ў Навагрудку). Больш муж і жонка ніколі не бачыліся... Валянціна ўсё жыццё перажывала, што яны нават не развіталіся. Яшчэ яе доўгі час непакоіла тое, што Саша не ўзяў з сабой свайго шыняля.

Аляксандр і Валянціна Яворскія з сынам Віталём (1940 г.).

На другі дзень бамбёжкі Навагрудка яны з двухгадовым сынам пакідалі горад. «Ехалі праз Стоўбцы ў палаючы Мінск (якім ён тады здаваўся мне родным, безабаронным, жаласным), — успамінала Валянціна Яворская пасля вайны. — Я з маленькім Віталенькам на руках кідалася з кута аднаго дома ў іншы, дахаў у хатах не было: згарэлі. Нас пагрузілі ў таварны цягнік і адправілі ў далёкі тыл, без адзення, грошай, ежы. Які гэта быў доўгі, цяжкі шлях... Да Оршы нас бясконца высаджвалі, і мы хаваліся ў жыта або лес ад абстрэлу з паветра...»

Вядома, што Аляксандр Яворскі ваяваў у складзе 27-й танкавай дывізіі 17-га механізаванага корпуса. Удзельнічаў у абарончых баях каля Слоніма, Баранавічаў, Нясвіжа. У жніўні 1941-га корпус (на жаль, не ў поўным складзе) аб'яднаўся з часцямі Чырвонай Арміі каля Вязьмы, дзе была сфарміравана зводная дывізія, якая ўдзельнічала ў баях на маскоўскім кірунку.

Кожны дзень Валянціна з сынам, якія эвакуіраваліся ў Башкірскую ССР, у вёску з сімвалічнай назвай — Аляксандраўку, чакала ад мужа вестачкі. І як толькі яны спісаліся (ішоў ужо 1942 год), праз месяц новае паведамленне: Аляксандр знік без вестак. «Колькі я перажыла, колькі слёз праліла, але ўсё чакала і чакала, не верыла, як так: такі здаровы, жыцця поўны — і раптам, не, проста неспасціжна розуму...» — пісала ўдава.

Вайна раздзяліла і сям'ю Курцэр. На даваенным фотаздымку — чатыры сястры і брат. Кожнага з іх чакае свой лёс. Ганна загінула ў Мінскім гета ў пачатку вайны. Фаня і Броня жылі ў эвакуацыі. Юзік спачатку эвакуіраваўся ва Узбекскую ССР, а ў маі 1942 года пайшоў на фронт. Ужо ў верасні прыйшло паведамленне аб тым, што ён знік без вестак. Люба, па адукацыі настаўніца матэматыкі, прайшла ўсю вайну санінструктарам, Дзень Перамогі сустрэла ў Чэхаславакіі. Дзяўчына перажывала, што ёй няма ў чым ехаць дамоў — не было нармальнага адзення. І тады з кавалкаў тканіны, якія здолелі знайсці ў стралковым палку, дзе яна служыла, дзяўчатам пашылі гімнасцёркі. Люба не толькі вярнулася ў ёй у Мінск, а яшчэ доўга насіла пасля вайны. Сёння гэта музейны экспанат.

Сям'я Курцэр. Люба ў верхнім радзе справа (1936 год).

Ім пашчасціла сустрэцца

Міхаіл і Вера Зялёнкіны пажаніліся ў гады вайны. Ён — лётчык 156-га знішчальнага авіяпалка, яна — машыністка ў тым жа палку. Міхаіл Зялёнкін ваяваў на Заходнім, Калінінскім, 1-м і 2-м Беларускіх франтах, удзельнічаў у Парадзе Перамогі. Цікава, што Герой Савецкага Саюза, а па сумяшчальніцтве прафесійны мастак, пасля вайны працаваў на Мінскім мастацка-вытворчым камбінаце. У музеі захоўваецца яго партрэт ва ўвесь рост, напісаны Кімам Шастоўскім.

Міхаіл і Вера Зялёнкіны пасля ўручэння Міхаілу зоркі Героя Савецкага Саюза (май 1946 года).

Юрый Трыфанаў і Валянціна Жукава пажаніліся літаральна ў першыя дні вайны — у ліпені 1941-га. Яны, дарослыя людзі, добра разумелі, што могуць больш ніколі не сустрэцца, але ўсё ж адважыліся на такі сур'ёзны крок. Юрый і Валянціна былі разам са школьнай лаўкі: спачатку вучыліся ў адной з пскоўскіх школ, потым разам паступалі ў Ленінград: ён — у медінстытут, яна — у інстытут дакладнай механікі і оптыкі. Вайна разлучыла іх на доўгія пяць гадоў. Юрый быў мабілізаваны хірургам-ардынатарам у эвакашпіталь, пасля ратаваў жыцці на перадавой. Валянціна перажыла найбольш цяжкі і галодны год у блакадным Ленінградзе, затым эвакуіравалася ў Волагду, пасля пераехала ў Харкаў. Усю вайну муж і жонка перапісваліся, але сустрэліся толькі ў 1946 годзе. З таго часу больш ніколі не расставаліся.

Незайздросны лёс у Аляксандра і Лідзіі Барысавых. Намеснік камандзіра батарэі 44-га артылерыйскага палка ўдзельнічаў у абароне Беларусі. У ліпені 1941 года трапіў у палон, прайшоў праз некалькі канцлагераў. У чэрвені 1943 года яму цудам удалося збегчы. Уступіўшы ў партызанскі атрад імя Ракасоўскага брыгады імя Жукава, які дзейнічаў у Баранавіцкай вобласці, быў і камандзірам атрада, і начальнікам штаба. Пасля вызвалення Беларусі Аляксандр Барысаў уладкаваўся выкладчыкам у Магілёўскую школу механізацыі сельскай гаспадаркі. Толькі папрацаваў там нядоўга: за тое, што быў у палоне, яго арыштавалі — наперадзе Аляксандра чакала 10-гадовая ссылка ў выпраўленча-працоўны лагер у Рэспубліку Комі. Працаваў на шахтах, у майстэрнях, на хлебазаводзе. Жонка, якая чакала яго ўсю вайну, атрымаўшы дазвол, разам з дачкой пераехала ў Комі. Нягледзячы на вызваленне і рэабілітацыю Аляксандра ў 1960 годзе, у Магілёў, дзе яны жылі да вайны, вярнуліся толькі праз сем гадоў. Цікавы дысананс: побач з баявымі ордэнамі на святочным кіцелі ветэрана вайны ззялі працоўныя ўзнагароды, атрыманыя ім за самаадданую працу на шахтах.

Такія розныя лёсы. Многіх вайна не зламала, зрабіла яшчэ больш моцнымі. Астатніх бяздушна падзяліла на жывых і мёртвых...

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва Белдзяржмузея Вялікай Айчыннай вайны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».