Вы тут

«Урач года» Таццяна Рудзько: Найлепшая ўзнагарода — адчуваць, што ты патрэбны


Таццяна Рудзько — пераможца сёлетняга рэспубліканскага конкурсу «Урач года» ў намінацыі «Урач-педыятр». 35 гадоў яна працуе ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Яе першыя маленькія пацыенты ўжо даўно самі сталі бацькамі і прывялі да Таццяны Уладзіміраўны сваіх дзяцей. Урач і сама ўжо мае ўнукаў, але развітацца з любімай прафесіяй пакуль не можа. Напэўна, якраз такія людзі, як яна, якія знайшлі сваю справу і робяць яе з дня ў дзень, з году ў год, і складаюць аснову дабрабыту — сваёй сям'і, горада і краіны.


Нарадзілася Таццяна Рудзько ў вёсцы Вышкава ў Карэліцкім раёне. І першай у сваёй сям'і вырашыла стаць урачом. Паступіла ў Гродзенскі медыцынскі інстытут. Пасля яго заканчэння пэўны час практыкавалася, атрымлівала першы вопыт у дзіцячым аддзяленні Навагрудскай бальніцы. З удзячнасцю згадвае свайго тамтэйшага настаўніка Георгія Конюха, які прыадкрыў ёй многія сакрэты прафесіі. А пасля вярнулася на малую радзіму, у Карэлічы.

— Хацела працаваць у дзіцячым аддзяленні ў стацыянары. Аднак у паліклініцы быў вольным трэці ўчастак, і я пайшла туды. Там мяне апякала вопытны ўрач Кацярына Ціханаўна Ушкевіч. Здаецца, было гэта зусім нядаўна, а цяпер ужо і самой прыйшоў час перадаваць вопыт, — усміхаецца Таццяна Уладзіміраўна. — Ці ёсць з кім падзяліцца? Канешне, нядаўна выйшла з дэкрэтнага адпачынку наша маладая доктар, з ёй і дзелімся.

Таццяна Рудзько падкрэслівае, што калектыў, у якім цяпер чатыры педыятры, дружны і працу тут дзяліць на сваю і чужую не прынята.

— Мы без праблем падмяняем адна адну, калі ёсць такая патрэба, выходзім на дзяжурства ці на іншы ўчастак замест калегі — з гэтым пытанняў ніколі няма.

Увогуле, работа ўчастковых урачоў-педыятраў у раёне крыху адрозніваецца ад абавязкаў іх калег у паліклініках вялікіх гарадоў. Гэта не толькі прыём на сваім участку, дзе, дарэчы, каля 700 юных пацыентаў, у тым ліку каля чатырох дзясяткаў дзетак да года. Таццяна Уладзіміраўна курыруе дзве групы малых у санаторным садку. Гэта дзеткі, якія часта хварэюць і маюць патрэбу ў дадатковай падтрымцы здароўя. Прызначэнне працэдур, агляд — усё гэта штодзённы клопат доктара. Таксама сярод абавязкаў участковага педыятра — рэгулярныя дзяжурствы па экстраннай дапамозе ў прыёмным пакоі раённай бальніцы ці стацыянарным дзіцячым аддзяленні. Ну і выезды ў населеныя пункты Карэліцкага раёна, дзе таксама жывуць юныя пацыенты. Падчас піку распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі Таццяна Уладзіміраўна працавала ў кантактнай групе і выязджала да дзетак, якія хварэлі на COVІD-19.

У любы час сутак урача могуць выклікаць у бальніцу. Але не гэта яна лічыць самым складаным у прафесіі.

— Мне няпроста назіраць, калі дзіця цяжка хварэе, доўга не папраўляецца, нягледзячы на тое, што ты зрабіў усё, што мог. Мы заўсёды ідзём насустрач бацькам, калі просяць адправіць на дадатковае абследаванне ў Гродна ці Мінск. Даводзіцца накіроўваць нашых самых маленькіх пацыентаў і ў сталічны РНПЦ «Маці і дзіця». Я не баюся, што хтосьці скажа, быццам я чагосьці не ведаю і таму адправіла дзіця ў горад. У рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах найлепшыя дыягнастычныя магчымасці, ёсць урачы, якія спецыялізуюцца на рэдкіх выпадках. Самае галоўнае, каб своечасова быў выстаўлены правільны дыягназ і малое паправілася, — кажа доктар.

Выпадкаў, калі і сама Таццяна Уладзіміраўна западозрыла небяспечную хваробу і тым самым выратавала жыццё, за 35 гадоў было шмат.

— Неяк прыехала на чарговы патранаж у адну з вёсак. Кажу маме: у вашага дзіцяці вялікі жывот, вы ж самі бачыце. Яна адказвае, што ён любіць паесці, таму і жывот такі. Давялося настаяць на дадатковым абследаванні. Выявілі нефрабластому (вельмі злаякасная пухліна ныркі. — «Зв.»), прааперыравалі, на шчасце, усё скончылася паспяхова. Наколькі я ведаю, хутка з дзіцяці будуць здымаць інваліднасць.

Разам з мужам Таццяна Уладзіміраўна выхавала дзвюх дачок. Малодшая, Надзея, прадоўжыла сямейную дынастыю медыкаў. Яна ўрач-гінеколаг.

— З дзяцінства Надзейка вырашыла, што будзе доктарам. Заўсёды казала: мама, так прыемна ісці з табой па вуліцы — усе вітаюцца, усе цябе паважаюць. Яшчэ калі вучылася ў школе, захапілася біялогіяй, заняла першае месца на рэспубліканскім этапе алімпіяды, і яе запрасілі вучыцца ў Ліцэй БДУ. Там ужо на алімпіядзе яна стала трэцяй і без экзаменаў магла паступаць у медуніверсітэт, — дзеліцца Таццяна Уладзіміраўна.

У доктара чацвёра ўнукаў: трое хлопцаў-школьнікаў і дзяўчынка Ксюша, якая сёлета стане першакласніцай.

— Люблю, калі да нас з мужам прыязджаюць дзеці і ўнукі. Вельмі радуюся, калі мне прывозяць малых на канікулы. Заўсёды стараюся ўзяць каго-небудзь з іх з сабой, калі летам працую ў нашым дзіцячым лагеры «Вясёлка». Гэтым летам са мной паедзе Пеця, ён сёлета скончыў першы клас.

Блізкія прапануюць Таццяне Уладзіміраўне адпачыць ад працы, аднак яна не пагаджаецца:

— Ведаеце, я ні разу ў жыцці не пашкадавала, што стала дзіцячым урачом. Прыходзіш пасля перапынку ў дзіцячы садок, а малыя наперабой: «А дзе вы былі, мы па вам сумавалі!» Ідзеш па вуліцы і чуеш: «Мама, наш доктар пайшла!» Гэта, напэўна, самая лепшая ўзнагарода — адчуваць, што ты карысны і патрэбны. Дочкі часам кажуць: «Мама, хопіць працаваць, адпачні». А я адказваю: «Мае ўнукі ўжо падраслі, але мяне чакаюць іншыя дзеткі, і там я больш патрэбна».

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.