Вы тут

Чаму Гродзенскі філіял РУП «Белпошта» застаецца ў ліку топавых сэрвіс-паслуг


З развіццём інфармацыйных тэхналогій сутнасць пошты наўрад ці змянілася. Людзі як атрымлівалі паштовыя адпраўленні, так і атрымліваюць. Але многія традыцыйныя паслугі сёння працуюць на новых платформах. Пашырыўся спектр саміх паслуг. Цяпер іх каля 60-ці. Пра самыя папулярныя і новыя сэрвісы сучаснай пошты — у інтэрв'ю з дырэктарам Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Андрэем Анісімавым.


— Андрэй Віктаравіч, які сёння структурны састаў Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта»?

— Гродзенскі філіял РУП «Белпошта» з'яўляецца прадстаўніком нацыянальнага аператара паштовай сувязі ў Гродзенскай вобласці. Гэта адзін з сямі філіялаў РУП «Белпошта». Гродзенскі філіял РУП «Белпошта» ўтвораны 1 красавіка 1996 года. Рэарганізацыя закранула і структуру прадпрыемства. Калі да 2004 года у яго склад уваходзіла 17 вузлоў паштовай сувязі, то на сённяшні дзень Гродзенскі філіял складаецца з галаўнога падраздзялення, аб'яднанага цэха паштовай сувязі горада Гродна, шасці рэгіянальных вузлоў і дзевяці ўчасткаў паштовай сувязі.

— Як абслугаоўваецца сельскае насельніцтва?

— Хачу назваць канкрэтныя лічбы. Зараз у Гродзенскай вобласці функцыянуюць 364 аб'екты паштовай сувязі. Большасць з іх сельскія — 250. У нас працуе 23 перасовачныя аб'екты. Гэта — аддзяленні сувязі «на колах». З дапамогай транспартных сродкаў мы абслугоўваем тыя населеныя пункты, дзе няма пастаяннага аддзялення. Працуе 46 пунктаў паштовай сувязі там, дзе колькасць насельніцтва невялікая. У сямі гарадах вобласці дзейнічае падраздзяленне «Бізнес-пошта» для абслугоўвання юрыдычных асоб і карпаратыўных кліентаў.

На дарогі вобласці выязджае 288 аўтамабіляў амаль па 200 маршрутах. Напрыклад, па 21 маршруце ў Гродне вадзіцелі праязджаюць больш як 22 тысячы кіламетраў у дзень.

— Чым адметная ваша каманда супрацоўнікаў?

Наш калектыў — гэта 2434 прафесіяналы сваёй справы. Большасць работнікаў — жанчыны. Нямала ў нас і моладзі — чацвёртая частка калектыву. У нас працуюць 636 паштальёнаў, амаль 590 спецыялістаў. Дзякуючы згуртаванай камандзе прафесіяналаў, Гродзенскі філіял РУП «Белпошта» прапануе кліентам больш як 60 відаў паслуг. У іх ліку паштовыя, кур'ерскія, банкаўскія, страхавыя і іншыя. Яны ў поўным аб'ёме даступныя ў любым населеным пункце Гродзенскай вобласці. Іх можна атрымаць на аб'ектах паштовай сувязі, дома альбо ў офісе.

— Раскажыце больш падрабязна пра тыя паслугі, якія цяпер найбольш папулярныя.

— У нас шырокі пералік запатрабаваных паслуг. Гэта, вядома, прыём і выдача рэспубліканскіх і міжнародных паштовых адпраўленняў. Папулярныя фінансавыя паслугі — паштовыя грашовыя пераводы, выплата пенсій і дапамог, банкаўскія паслугі, плацяжы, кур'ерскія паслугі.

Мы працуем на хуткасць. Сёння гэта важны фактар. Паскоранае атрыманне адпраўленняў ажыццяўляецца праз паштаматы (іх два ў рэгіёне). У ліку паслуг — страхаванне і набыццё бланкаў дакументаў з вызначанай ступенню абароны.

Мы пастаянна ўкараняем новыя сэрвісы і паслугі, якія спрыяюць паскоранаму атрыманню адпраўленняў. Раскажу больш падрабязна пра Нацыянальную паштовую электронную сістэму.

Гэта адзін з новых фарматаў — электронная форма для перасылкі простых і заказных пісьмаў. Нацыянальная паштовая электронная сістэма ўкаранёна ў пачатку 2021 года і забяспечвае канфедэнцыяльнасць ды бяспеку перапіскі на сучасным узроўні з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій. Дзякуючы гэтаму сэрвісу, карыстальнікі ажыццяўляюць прыём, апрацоўку, дастаўку паштовых адпраўленняў, а таксама перасылку гібрыдных адпраўленняў — з электроннай формы ў папяровую.

— Як адбываецца такая перасылка? Наколькі гэта складаны працэс?

— Для перасылкі карыстальнік стварае ў НПЭС электронную паштовую скрыню. На гэты адрас яму прыходзіць паведамленне аб паштовым адпраўленні. Адрасату не патрэбны дапаўняльныя рэквізіты і ідэнтыфікатар. Ён атрымае паведамленне на нумар тэлефона альбо e-maіl. Для атрымання і прачытання пісьма адрасату толькі трэба ўвайсці ў электронны паштовы адрас.

Калі адрасат не зарэгістраваны ў Нацыянальнай паштовай электроннай сістэме, РУП «Белпошта» аўтаматызавана раздрукуе і сканверсуе ўлажэнне, а пасля даставіць на патрэбны паштовы адрас. Пры гэтым гарантуюцца тайна паштовай сувязі, бяспека і канфедэнцыяльнасць перапіскі. Перасылка электронных пісьмаў ажыццяўляецца па абароненых каналах перадачы даных з выкарыстаннем сертыфікаваных сродкаў крыптаграфічнай абароны інфармацыі.

— Я ведаю, што цяпер можна атрымлівць паштовыя адпраўленні без усялякіх квітанцый...

— Гэта можна ажыццявіць у аддзяленнях паштовай сувязі на падставе SMS-кода без прад'яўлення пашпарта і запаўнення квітка-паведамлення. Для гэтага неабходна зарэгістравацца ў асабістым кабінеце і ўвесці даныя дакумента, як правіла, пашпарта. Раздрукаваць і запоўніць заяву можна ў аддзяленнях паштовай сувязі.

Дзякуючы дадзенаму сэрвісу, няма неабходнасці запаўняць папяровыя квіткі і паказваць пашпарт. Кліенту варта толькі назваць сваё прозвішча, адрас альбо нумар адпраўлення, а таксама нумар тэлефона, указаны пры рэгістрацыі. Менавіта на гэты нумар паступіць аднаразовы SMS-код. Яго і трэба будзе паведаміць аператару. Сэрвіс бясплатны. Адначасова паведамляецца, што адсачыць статус адпраўлення можна на сайце прадпрыемства, а таксама з дапамогай мабільнага дадатку РУП «Белпошта» (Арр Store, Google Play). Пры атрыманні статуса «паступіла ва ўстанову дастаўкі» можна атрымаць адпраўленне без папяровага квітка.

Сучасная пошта — надзейны лагістычны партнёр. Прадпрыемства прапануе розныя варыянты даставак у любы пункт Беларусі. Ад элітных («дзверы-ў-дзверы») да бюджэтных (аддзяленне — аддзяленне). Гэта дазваляе паспяхова вырашаць многія лагістычныя задачы інтэрнэт-крамаў і гандлёвых сетак.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з сайта філіяла

Загаловак у газеце: Стратэгія на хуткасць

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.