Вы тут

Што можна ўбачыць на выстаўцы «Зруйнаваныя надзеі»


У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка, падрыхтаваная сумесна з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа, — «Зруйнаваныя надзеі», прымеркаваная да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.


У першыя дні вайны, калі пачалася бамбёжка, з-за сухога надвор'я, паўднёвага ветру з цэнтральнай часткі горада полымя перакінулася на другі бераг Свіслачы. Драўляныя кварталы вельмі хутка выгарэлі, ужо на пасляваенных здымках можна заўважыць, што гэта частка горада ператварылася ў пустэчу, зрэзаную варонкамі. Згарэлі ў тым ліку і драўляныя дамы Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Але засталася памяць, архіўныя дакументы, карты, планы. У Аляксандра Храмога, які ўзначальвае Нацыянальны гістарычны музей, з'явілася ідэя аб тым, каб паспрабаваць вярнуць страчаную спадчыну дзякуючы сучасным тэхналогіям. Спачатку планавалася стварыць 3D-мадэль дома Якуба Коласа, але паступова яна перарасла ў маштабны праект, дзе назапашвалася інфармацыя і пра наваколле. Збіраліся архіўна-бібліяграфічныя матэрыялы, звязаныя з планіровачнай структурай, міжваеннай архітэктурай…

Далёка не ўсе аб'екты ўдалося ўзнавіць па архіўных дакументах. Сапраўды, складана (ды ці магчыма наогул?) адшукаць праекты кожнага доміка, таму шараговая драўляная забудова ўзнаўлялася па аналагах тых будынкаў, якія існавалі ў Мінску. Затое ландшафт і планіроўка ў фільме, які быў у выніку створаны, цалкам навукова абгрунтаваныя, пададзеныя па архіўных матэрыялах, гэтак жа як і мураваная архітэктура.

Свіслач, лодачная станцыя, стадыён і велатрэк, першая мінская электрастанцыя, дом І з'езда РСДРП (на тым месцы, дзе ён знаходзіўся гістарычна, гэта пазней будынак музея быў перанесены), вуліца Савецкая (былая Захар'еўская), рэшткі вузкакалейкі для падвозу торфу... Разам са стваральнікам трохмернай мадэлі фрагмента гарадскога асяроддзя 30-х — пачатку 40-х гадоў ХХ стагоддзя Юрыем Данілавым, які аматарам мабільных рэканструкцый больш вядомы пад псеўданімам Ахрэм Белабровік, праглядаем стужку, і ён падказвае, як гэтыя мясціны выглядаюць сёння. Адчуванне, што трапляеш у страчаны горад.

Пры падрыхтоўцы праекта было выкарыстана багата разнастайных архіўных крыніц, даводзілася параўноўваць фатаграфіі розных часоў, у тым ліку зробленых яшчэ ў дарэвалюцыйны перыяд, бо ў 20—30-я гады Мінск быў прыгранічнай тэрыторыяй і шмат што не дазвалялася здымаць і фатаграфаваць. Да таго ж пасля вайны горад перакройваўся, бо перад забудоўшчыкамі не стаяла мэты вярнуць яму папярэдняе аблічча. Напрыклад, моцна змянілася былая вуліца Леніна, там з'явіўся бульвар. Ранейшая Захар'еўская была даволі вузкай, пасля таго як яе значна пашырылі, узнік праспект Незалежнасці. Таму сучасніку было б даволі цяжка ўявіць, якім быў стары Мінск.

Невыпадкова падчас адкрыцця выставы Аляксандр Храмы параўнаў вернутыя, дзякуючы сучасным тэхналогіям, выявы з мінскімі Пампеямі: «Для мяне вяртаецца Мінск, якога я фактычна не ведаў. Дзякуючы візуалізацыі я магу адчуць яго, фотаздымкі пачынаюць ажываць, я ўжо павандраваў па парку і хачу прайсці па горадзе».

Відэафільм паказвае толькі частку даваеннага горада, але на выставе пададзены фатаграфіі, якія падкажуць, як раней выглядаў цэнтр. Тут можна пабачыць фотакалажы вядомага гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава, якія дэманструюць выгляд сталіцы даваеннага перыяду, выявы тых жа кварталаў пасля бамбёжак першых дзён вайны і сучасную карціну адноўленага горада. Таксама выкарыстаны фотаматэрыялы з прыватнай калекцыі аднаго з найлепшых знаўцаў даваеннай архітэктуры Паўла Растоўцава. Экспазіцыя створана пры падтрымцы грамадскага аб'яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Вяртанне страчанага горада

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.