Вы тут

​Упраўленне ДАІ Гомельскага аблвыканкама запусціла праект «Блогеры Гомельшчыны за бяспеку на дарогах!»


Яго ўдзельнікамі сталі папулярныя гамяльчанкі-блогеркі. Гэта прадстаўніцы розных прафесій і адначасова — аўтары разнастайнага інтэрнэт-кантэнту. Яны маюць вялікую аўдыторыю, атрымліваюць актыўную зваротную сувязь ад падпісчыкаў, а ў сваіх «пабліках» асвятляюць сацыяльна значныя тэмы. Удзельніцы праекта — да таго ж мамы і ў сваіх акаўнтах у тым ліку ўздымаюць праблему дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.


Начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Кацярына Радзівонава праводзіць экскурсію для дзяцей.

Каб з годнасцю адказаць на чэлендж ДАІ, блогерам давялося вытрымаць некалькі экзаменаў. Так, тэст па Правілах дарожнага руху паспяхова прайшлі ўдзельніцы, якія маюць пасведчанне кіроўцы і, што не менш важна, актыўны вадзіцельскі стаж. Тыя, хто ўсё ж такі дапусціў памылку ў тэорыі, праходзілі тэст паўторна, каб замацаваць свае веды.

Пад наглядам інструктара Гомельскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа неабходна было аказаць «першую дапамогу» «пацярпелым». Паколькі некаторыя з удзельніц — урачы і вядуць свой блог менавіта ў гэтым кірунку, яны з лёгкасцю справіліся з заданнем. Пасля пад кантролем начальніка міжраённага экзаменацыйнага аддзела ўдзельніцам выпрабавання неабходна было прадэманстраваць на вучэбным аўтамабілі навыкі кіравання. Таксама супрацоўнікі ДАІ прапанавалі блогеркам паспаборнічаць у хуткасці ўстаноўкі ў транспартным сродку дзіцячага аўтакрэсла. Усе справіліся з гэтым заданнем менш чым за паўтары хвіліны.

Падрыхтаваныя тэсты і выпрабаванні, адзначылі гамяльчанкі, дапамогуць у далейшым з большай упэўненасцю дзяліцца новай каштоўнай інфармацыяй і атрыманымі ведамі са сваёй аўдыторыяй.

— Я працую ў Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай паліклініцы, — расказала адна з удзельніц праекта Юлія Міхалюк. — І мяне як урача турбуе нядбайнае стаўленне да дзіцячай бяспекі. Калі кожны тыдзень на «пяціхвілінцы» ў паліклініцы
дакладваюць аб трагедыях, разумееш: большасці выпадкаў можна было пазбегнуць.

Блогер за рулём з 2017 года. Экзамен у ДАІ здала з першага разу, але прызнаецца, што не любіць кіраваць — вось толькі, каб усюды паспяваць, без машыны не абысціся.

Калега Юліі, блогер Зоя Добыш працуе педыятрам. Яна ніколі не садзілася за руль, гэтую ганаровую місію выконвае яе муж, пакуль жонка на пасажырскім крэсле спакойна вядзе блог з 10 тысячамі падпісчыкаў.

— Калі я як пасажыр або пешаход перамяшчаюся па горадзе і бачу дзяцей, якія не прышпіленыя ў аўтамабілях, перабягаюць дарогу або пераязджаюць яе на веласіпедзе ці самакаце, мне хочацца падысці і многае сказаць іх бацькам, — кажа Зоя, дарэчы, мама дзвюх дзяўчынак. — Растлумачыць, што так нельга рабіць. Як педыятр я даю ўсім бацькам пад подпіс памяткі пра прафілактыку дзіцячага траўматызму. Менавіта яны павінны думаць пра бяспеку дзяцей, але некаторыя чамусьці забываюць.

Да таго ж Зоя пастаянна даносіць перасцерагальную інфармацыю да бацькоў у сваім блогу. Падчас удзелу ў праекце яна таксама «посціла», як вытрымлівае чэленджы, радавалася, што пайшоў вялікі водгук ад падпісчыкаў. Увогуле за ходам выпрабаванняў блогераў сачыла цэлая армія анлайн-балельшчыкаў, падтрымлівалі лайкамі і каментарыямі.

Інстаблогер-пачатковец, але дасведчаны кіроўца Ціна — гамяльчанка Крысціна Судняк — на «выдатна» прайшла выпрабаванне на кіраванне аўтамабілем пад наглядам начальніка міжраённага экзаменацыйнага аддзела абласной ДАІ Дзмітрыя Кавалёва.

— Цяпер, бывае, мужчыны горш водзяць, чым жанчыны. Таму не варта баяцца нас на дарогах, — упэўненая Крысціна.

А вось прэс-аташэ валейбольнага клуба «Энергія» Таццяна Пугачэўская два гады таму здала на правы, але ў салоне выбірае пасажырскае месца. Між тым, для яе тэма бяспекі дзяцей на дарогах вельмі вострая, Таццяна — мама дзвюх дачок-блізнят. Выпрабаванні ў ДАІ — гэта магчымасць нагадаць сабе і сваім падпісчыкам пра неабходнасць час ад часу асвяжаць веды, ад якіх залежаць жыцці.

Начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Кацярына Радзівонава ўпэўненая, што правядзенне падобнага мерапрыемства станоўча паўплывае на паводзіны ўдзельнікаў дарожнага руху, дапаможа забяспечыць іх бяспеку. Блогеры — прыклад для сваёй аўдыторыі. Супрацоўнікі ДАІ, у сваю чаргу, як падпісчыкам афіцыйнага акаўнта «Інстаграм» @gaі_gomel, так і падпісчыкам запрошаных блогераў, на канрэтных прыкладах паказалі, наколькі важна выконваць правілы дарожнага руху і ўсе меры засцярогі за рулём.

— Асвяжыць, успомніць і паказаць. Самая галоўная наша задача, каб па той бок экранаў тэлефонаў людзі ўбачылі, што ўзаемадзейнічаць з ДАІ і выконваць Правілы дарожнага руху неабходна і важна, — адзначыла Кацярына Радзівонава.

Яна дадала, што блогеры таксама атрымалі магчымасць падзяліцца сваім вадзіцельскім вопытам, задаць супрацоўнікам ДАІ пытанні, якія цікавяць грамадзян, унесці прапановы па паляпшэнні бяспекі на дарогах.

Падчас мерапрыемства ўдалося прыцягнуць і інтарэс дзяцей. Маленькія гамяльчане падтрымлівалі сваіх мам-блогераў. Для іх таксама правялі экскурсію па выстаўцы аўтапарка ДАІ. Дазвалялася фатаграфавацца, сядзець на месцы кіроўцы і нават самастойна ўключаць гукавую сігналізацыю і маячкі. Правялі і фотасесіі на фоне ўнікальнай патрульнай «Перамогі», якая адказвала за бяспеку дарожнага руху ў Гомелі больш за 50 гадоў таму.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама

Загаловак у газеце: Тандэм бяспекі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?