Вы тут

Знакаміты беларускі майстар Валерый Калтыгін пра тое, што прыцягвае ў Бабруйск вядучых керамістаў, якія яго навацыі атрымалі сусветнае прызнанне і ў чым галоўны сакрэт магіі агню


Гліна для гэтага чалавека — целы сусвет з яго бясконцым часам, непадатлівай для разумення філасофіяй, непрадказальнасцю, загадкавасцю, непасрэднасцю. Магчыма, таму яго мала хто і разумее. Крыклівы дзядзька ў цюбецейцы, чымсьці падобны на казачнага джына. Ён сапраўды крыху чараўнік. Схапіў за хвост агнявога бога Жыжаля і выведаў у яго ўсе таямніцы. Цяпер вось спрабуе стварыць у Бабруйску Цэнтр керамікі, які б стаў рэальным увасабленнем унікальных ведаў у жыццё — выдатнай пляцоўкай для развіцця мастацтва керамікі на высокім узроўні. Абяцае, што згаданы Цэнтр стане сапраўдным аазісам беларускай керамікі, падобнага на які няма ва ўсёй Беларусі. Ды што там у Беларусі! Вунь на яго тварэнне — пленэр «Арт-Жыжаль» — у Бабруйск прыязджаюць керамісты з Еўропы і нават Амерыкі...


Мары майстра

Заслугі Валерыя Калтыгіна адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі, ён уладальнік медаля Францыска Скарыны за ўнёсак у беларускую кераміку. Як ужо было адзначана, майстар вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У Бабруйску ён узначальвае гарадскую арганізацыю Беларускага саюза мастакоў, пад яго патранажам праходзіць галоўнае тутэйшае свята керамікі «Арт-Жыжаль». Налета бабруйскаму керамісту спаўняецца 75 гадоў. Ён яшчэ поўны энергіі, планаў, ідэй. І нам здаецца, што Калтыгін і без Цэнтра зможа здзівіць і прывабіць каго заўгодна. А той перажывае. Яму, здаецца, і не адмаўляюць, але і не дапамагаюць. Вось нарэшце прапанавалі прыдатны будынак пад Цэнтр керамікі, але што там можна зрабіць, калі неабходны грунтоўны рамонт? Пытанне толькі ў адным: дзе ўзяць грошы? Калтыгін так стаміўся нешта даказваць, што купіў з жонкай Наталляй стары дом у прыватным сектары і цяпер пакрысе спрабуе рэалізаваць свае мары. Увесь час, пакуль мы ішлі да яго прыватнай майстэрні, ён з горыччу расказваў пра набалелае — адсутнасць умоў для работы з вучнямі, недальнабачнасць людзей, якія, па сутнасці, нават не разумеюць, якая карысць Бабруйску ад гэтага Цэнтра керамікі. Слухала і не перабівала. А што тут можна было сказаць? Проста ціха спачувала таленавітаму чалавеку, які, ну ні кропелькі не сумняваюся, можа зрабіць Бабруйск арыгінальным месцам для ўсіх, каму цікавае гэта мастацтва.

Ён адчыняе брамку — і мы трапляем у царства яго вялікасці Жыжаля. Вунь пад навесам тая самая буржуйка з гліны, якую разам рабілі ўдзельнікі-керамісты пленэру «Арт-Жыжаль» некалькі гадоў таму. Яшчэ адна фестывальная работа з пяшчотнай назвай «Бонік», па мянушцы чатырохногага ўлюбёнца, хаваецца пад парасонам. На паўтараметровай фігуры чаго толькі не закадзіравана! Нават сам майстар з дубцом. Так нязлосна пасмяяліся са свайго гуру яго вучні і таварыша па фэсце. Валерый Калтыгін не крыўдуе і нават не хавае, што за ідэю гатовы пасварыцца з любым.

Двор — наогул гэткі невялічкі калтыгінскі мікракосмас, дзе кераміка толькі дапаўняе стыхійнае спалучэнне жывых дрэў, кветак і пустазелля. Гаспадар супраць штучнага акультурвання, яму цікава назіраць за прыродай. А ў доме, як у лаўцы старажытнасцяў, — самавары, прасы, фарфоравыя статуэткі, бутэлькі, слоікі, шклянкі, іншыя рэчы, якім, па маім наіўным разуменні, месца на сметніку. Але майстар глядзіць на мяне вельмі сярдзіта: які яшчэ сметнік? «Гэта для вас яны бутэлькі, — абураецца ён. — А для мяне — разнастайнасць формаў. Іх тут некалькі сотняў. І ніводнай падобнай. Для вучэбнага працэсу гэта вельмі важна. У мяне тут падборкі па ўсіх тэхналогіях керамікі».

На палічцы, у шуфлядках, шафах, каробках — творы аўтара і яго вучняў. Адных плакетак — звыш 200 распрацовак. Гэта ж наколькі трэба быць апантаным, каб стварыць такое багацце?! У яго, як у Анарэ дэ Бальзака, цэлая галерэя на тэму «Чалавечая камедыя». Толькі ў гліне.

— Гэта — бомж,— знаёміць аўтар з героямі з цыкла «Правінцыялы». — Побач — Васіль, за ім сялянка, Вераб'іха, нават Юрка Боўда — ёсць такі ў Бабруйску майстар». На суседняй палічцы — персанажы з алегарычнай серыі пад назвай «Месца сустрэчы». Напрыклад, «Птушка ў яблыках» — гэта тэма сметніка. Дакладней, усяго таго, што туды трапляе. А вунь стаіць нейкі гліняны пакет з носам. Гэта ж «Чалавек-пакет», — тлумачыць аўтар, не разумеючы майго здзіўлення, і пытаецца: А што, чалавек хіба не пакет?»

Ёсць тут і сам Калтыгін. Праўда, не ў класічным выкананні. На адным плячы ў яго вяпрук, на другім — крумкач, збоку наогул нейкая паненка прымасцілася. Не разумею: пра што гэта ён? Ён тлумачыць — і ўсё становіцца на свае месцы. Ну зразумела, гэта намёк на тое, што Валерый Калтыгін па знаку задыяка Дзева, нарадзіўся ў год Кабана, а крумкач — проста любімая яго птушка.

Вялікую частку дома займае бібліятэка — у ёй шмат класікі, у тым ліку беларускай. «Чытаю пастаянна, — удакладняе суразмоўнік. — Цяпер узяўся за Чэхава. Прыходзіць новае асэнсаванне твора». Ёсць у яго і свая кніга — «З вопыту настаўніка керамікі», якая выйшла тыражом усяго ў 100 асобнікаў. Гэта своеасаблівы практычны дапаможнік, напісаны вельмі лёгкай і зразумелай мовай. Праглядаю — і мне здаецца, што нават я магла б па гэтым дапаможніку чагосьці дасягнуць у дадзенай сферы.

З дынастыі… настаўнікаў

Пра сваіх вучняў Калтыгін расказвае з павагай, іх няшмат, але яны ёсць. Адзін з яго паслядоўнікаў — сын Максім, у Магілёве якраз цяпер праходзіць іх сумесная выстаўка з серыі «Чатыры чвэрці». З Максімам усё зразумела. Яго дзяцінства прайшло сярод керамічнай разнастайнасці бацькавых работ. А вось адкуль такое жаданне з'явілася ў майстра? Бацькі былі настаўнікамі, дзед і на пенсіі выкладаў матэматыку.

— Не паверыце, але я нават у школьным сачыненні пісаў, што мару стаць скульптарам, — расказвае ён. — Менавіта скульптарам, не менш. На кераміку тады наогул не звяртаў увагі — так, мелкая пластыка, розныя чайнікі, кубачкі, нічога асабліва цікавага. Пасля чарговай няўдалай спробы паступіць у інстытут на абраную спецыяльнасць даведаўся, што ў 15-е бабруйскае вучылішча набіраюць скульптараў-мадэльшчыкаў. На гэта і клюнуў. Конкурс быў дзікі — па 6-8 чалавек на месца. Экзамены здаў добра, але мяне ўсё роўна не хацелі браць. Мне на той момант ужо 25 гадоў споўнілася. Але дапамагла... партыя. Умяшалася маці і сябар, які дапамог зварот напісаць. Адным словам, прынялі. Вучыўся з задавальненнем, нават браў дадатковыя заняткі па кампазіцыі, з майстэрні па 12 гадзін не выходзіў. Пасля вучылішча, якое скончыў з адзнакай, нарэшце паступіў і ў інстытут.

Настаўніцкія гены ў рэшце рэшт «спрацавалі». Праўда, выкладаць прыйшлося не беларускую мову або матэматыку, а асновы керамікі. Дарэчы, кніга «З вопыту настаўніка керамікі» якраз і
з'явілася дзякуючы такому настаўніцтву. Аўтар папярэджвае пытанні, якія ў яго самога ўзнікалі, калі выкладаў тэорыю. Ён заўсёды падмацоўваў яе практыкай. І калі нешта не атрымлівалася, упарта шукаў выйсце. Толькі ў пошуках нараджаецца майстар, лічыць ён. «Арт-Жыжаль» — таксама эксперыментальны праект. За яго ён у 2009 годзе нават атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта.

— Гэта такі каласальны вопыт, што я напісаў яшчэ адну кнігу, — дзеліцца запаветным суразмоўнік. — Яна пакуль не выдадзена, але там цэлы скарб карыснай інфармацыі па пленэры керамікі і дрывяному абпалу, які з'яўляецца галоўнай фішкай «Арт-Жыжаля». Там і пра печы, і пра тэхналогію, і пра інструмент, і пра гліну — такой падрабязнай інструкцыі вы нідзе больш не знойдзеце. Усё, паўтаруся, выпрабавана на сабе, а не ўзята з нейкіх там энцыклапедый. Ёсць нават слоўнік, бо тэрміналогію таксама важна ведаць. А з гэтым праблемы не толькі ў вучняў, але і ў некаторых выкладчыкаў.

Ра́ку па-беларуску

Сёлета плануецца правесці «Арт-Жыжаль» ужо ў 17-ы раз. Месца дзеі тое ж — база адпачынку «Вербкі» пад Бабруйскам. Старт пленэру будзе дадзены ў ліпені і, што сімвалічна, менавіта 17-га. Удзельнікаў таксама будзе 17, сваё жаданне прыехаць выказалі прадстаўнікі Абхазіі, Малдовы, Украіны, Перу, Бангладэш, Іспаніі, іншых краін. За час існавання «Арт-Жыжаля» на ім пабывалі госці з 25 краін. Гэтым разам навічкоў будзе як мінімум траціна. Сапраўдных керамістаў нічога не пужае — ні пандэмія, ні іншыя абмежаванні.

— Кераміка — гэта вельмі цікавая навука, яе можна спасцігаць бясконца, — разважае майстар. — Наш пленэр дае магчымасць істотна павысіць узровень ведаў. Спецыфікай дрывяных абпалаў, стварэннем агнявой скульптуры сёння мала хто валодае. У Беларусі, магу сказаць дакладна, мала хто. Я ведаю вельмі шмат, але тут няма межаў для ўдасканальвання. Аднойчы падчас адкрыцця маёй выстаўкі сказалі: Калтыгін у чыстым полі можа пабудаваць печку. І гэта праўда. Я шмат чаго чытаў, потым усё гэта выпрабоўваў. Цяпер у інтэрнэце шмат рознай інфармацыі, у тым ліку і пра дрывяныя абпалы. Але ўся яна павярхоўная. Пачынаеш рабіць, а нешта не клеіцца.

Неяк Калтыгін мадэрнізаваў пад дрывяныя абпалы газавую печку з нямецкай кнігі па кераміцы і нават на адным з форумаў у Латвіі зрабіў яе для Даўгаўпілскага цэнтра керамікі. Было дзіўна пачуць ад латышкі, якая прыязджала на «Арт-Жыжаль», што гэтае прыстасаванне і сёння вельмі папулярнае ў Прыбалтыцы. Называецца, дарэчы, «печка Калтыгіна». Вялікае распаўсюджанне яна атрымала ў сувязі з тамтэйшай модай на стыль ра́ку — перарваны абпал. Прычым і тут не абышлося без навацыі Калтыгіна. Дзякуючы яму з'явілася беларуская абвараная тэхналогія керамікі ў прафесійным мастацтве. Цяпер некаторыя нават прэтэндуюць на пальму першынства. Маўляў, гэта іх набыццё. Але Калтыгін гатовы прывесці доказы, што ўсё пачалося менавіта ў нас.

Фота аўтара.

— Абвараная кераміка, дзякуючы нашаму пленэру, пачала прымяняцца ў прафесійнай кераміцы ў Расіі, Малдове, ва Украіне, і нават у Індыі і Турцыі, — кажа ён. — Людзі, якія сур'ёзна займаюцца керамікай, усё часцей звяртаюць на нас увагу. У нас заўсёды можна ўзяць на ўзбраенне нешта новае. І керамісты прыязджаюць дастаткова высокага ўзроўню. У сябе яны працуюць у студыйных умовах, дзе ўсё прадказальна, а тут імправізацыя — экстрым, эксперымент, хваляванне, напружанне. Яны абпальваюць, перапальваюць, расстройваюцца, некаторыя нават плачуць. Навічкам асабліва складана, яны баяцца жывога агню. Ім трэба доўга тлумачыць, супакойваць, навучаць. Шмат хто мысліць стэрэатыпна ў адносінах да сваёй творчасці. А тут трэба вельмі хутка мяняцца, адмаўляцца ад сваіх дэкаратыўных схільнасцяў, прыстасоўвацца да тэхналогіі жывога агню. Тут нават прафесійныя мастакі губляюцца. Гэта сапраўдная работа і не толькі над скульптурай, але і над самім сабой.

На фоне таго, як у свеце расце цікавасць да керамікі, Бабруйск выглядае адным з цікавых цэнтраў такога мастацтва. Валерый Калтыгін гэта добра разумее і робіць усё для таго, каб трымаць высокую планку. На жаль, канстатуе ён, будучае беларускай керамікі вельмі няпэўнае. У краіне закрываюцца вядомыя некалі ў Савецкім Саюзе заводы па кераміцы — і разам з тым цікавасць да гэтага віду мастацтва ў моладзі знікае. «Калі не спыніць гэты працэс, аднойчы мы страцім адну са сваіх нацыянальных адметнасцяў», — кажа ён. І з упартасцю працягвае рабіць усё, што ў яго сілах, каб захаваць гэты скарб. Піша кнігі, праводзіць пленэр «Арт-Жыжаль» і ўпарта не адмаўляецца ад думкі пачаць адраджэнне мастацтва з Цэнтра керамікі ў Бабруйску. Вельмі хочацца спадзявацца, што ў сваіх памкненнях ён не адзіны.

Нэлі ЗІГУЛЯ, г. Бабруйск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».