Вы тут

Да інструмента — як да чалавека


Кожны мае магчымасць займацца музыкай. Ва ўсіх ёсць здольнасці, якія можна раскрываць, нават калі ўсё жыццё быў упэўнены ў адваротным. Галоўнае, як і ў любой справе, практыка і шчырае жаданне. Але не ў кожнага гэта ёсць. Колькі гісторый пачыналася з таго, што чалавека завялі ў музычную школу ў дзяцінстве, а пасля атрымання дыплома ён больш ніколі не падыходзіў да інструмента? Нават у тых, хто шчыра захапляецца музыкай і хоча навучыцца іграць на інструментах, часта бывае шмат страхаў. Але ў школе «Артгранд» з імі намагаюцца справіцца.


Прыватная школа, створаная прафесійным піяністам Арцёмам Шаплыкам, імкнецца да таго, каб стаць поўнай супрацьлегласцю ўсім сумненням, страхам і стэрэатыпам, якія склаліся вакол акадэмічнай музычнай адукацыі. Па-першае, сюды прымаюцца навучэнцы любога ўзросту і музычнага досведу. Паміж вучнямі і настаўнікамі максімальна карэктныя гарызантальныя стасункі, а праграма адаптуецца пад кожнага навучэнца. Выкладчыкі школы, многія з якіх — салісты Белдзяржфілармоніі і Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, працуюць па арыгінальнай, адмыслова распрацаванай методыцы. Дзякуючы ёй, праграму навучання ігры на інструменце, разлічаную ў звычайнай музычнай школе на восем гадоў, у «Артгранд» засвойваюць за пяць. Але рэкордныя тэрміны неабавязковыя, тут ніхто не імкнецца ўразіць іншага. Асноўны ўпор у навучанні робіцца менавіта на выканальніцкае майстэрства, але ёсць і агульныя класы па іншых дысцыплінах — сальфеджыа, музычнай літаратуры. Наведваць іх ці не, вучні выбіраюць самі, вырашаюць, што граць і чаму вучыцца.

Другое моцнае адрозненне школы ад звычайных музычных навучальных устаноў — адсутнасць спаборніцтваў. Выкладчыкі не параўноўваюць вучняў паміж сабой, не выстаўляюць адзнакі, а да прадстаўнічых і выніковых канцэртаў дапускаюцца ўсе жадаючыя.

Галоўны прынцып школы — усебаковае развіццё праз музыку, папулярызацыя класікі, наладжванне кантакту паміж чалавекам і загадкавым і складаным для яго светам. Навучанне накіравана менавіта на акадэмічную музыку. Але вучні выконваюць тое, што ім захочацца, у тым ліку, кампазіцыі з рэпертуару папулярных эстрадных выканаўцаў і рок-гуртоў.

Эстраднае аддзяленне ў «Артгранд» адкрылася год таму, а сама школа існуе ўсяго толькі пяць.

Акрамя класічных інструментаў — фартэпіяна, гітары, скрыпкі, у школе ёсць флейты, кларнеты, аддзяленні музыказнаўства і тэорыі музыкі, унікальныя для прыватнай навучальнай установы класы арфы, клавесіна і нават аргана.

Нядаўна школа правяла чарговы канцэрт для падвядзення вынікаў, які атрымаў назву «Гранд-лета». Імпрэза прайшла ў Малой зале імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Філармонія прымае школу ўжо традыцыйна — родныя для многіх выкладчыкаў-салістаў сцены паступова становяцца роднымі і для вучняў. Выніковыя прадстаўленні праходзяць двойчы на год. Гэта добры прыём работы з кароткатэрміновай матывацыяй. Чалавек можа займацца і дзеля высокай мэты, і для свайго задавальнення. Але ў абодвух выпадках яму будзе значна прасцей спраўляцца са складанасцямі, калі атрымаецца ўбачыць свае вынікі ўжо праз некалькі месяцаў і паказаць іх блізкім.

У першыя гады існавання школы канцэрты навучэнцаў цягнуліся дзве гадзіны. Сёлета прадстаўленне заняло каля пяці гадзін і было разбіта на два аддзяленні. Агульная колькасць удзельнікаў склала больш за 70 чалавек. У першым аддзяленні — пераважна юныя выканаўцы, але з даволі разнастайным рэпертуарам: ад самых простых дзіцячых твораў да сур’ёзных, дарослых п’ес і тэм.

Другое аддзяленне — больш сталыя навучэнцы. Набор інструментаў пераважна класічны — фартэпіяна і скрыпкі, але былі і гітары, і духавыя. І разнастайнасць рэпертуару стала больш заўважнай. У праграме «Месяцовая саната» Бетховена суседнічала з танга з кінафільма «Пах жанчыны», паланэз Агінскага — з акустычнай версіяй Nothing else matters гурта Metallicа, оперныя арыі з Show must go on гурта Queen. Можна было ацаніць майстэрства не толькі вучняў, але і іх настаўнікаў. Яны часта падтрымлівалі сваіх падапечных — выходзілі на сцэну ў якасці канцэртмайстраў, другой скрыпкі. Многія фартэпіянныя кампазіцыі граліся ў чатыры рукі. І нават седзячы ў зале, можна было прасачыць падтрымку. Ад таго, хто рыхтаваўся выступаць наступным, выкладчык не адыходзіў увесь папярэдні нумар. А пасля выступлення падыходзіў, шэпчучы «Малайчына!», нават калі не ўсё аказалася дасканалым.

Розніцы ў стаўленні да артыстаў сапраўды ніякага. У канцэрце ўдзельнічаюць і тыя, хто наведвае школу толькі два-тры месяцы, і лаўрэаты дзяржаўных і міжнародных конкурсаў. Узрост удзельнікаў канцэрта — ад 3 да 84 гадоў. Самая сталая вучаніца Галіна Фёдараўна Мішнева прыйшла ў «Артгранд», каб дакрануцца да захаплення свайго дзяцінства: «Я любіла музыку з самага дзяцінства, калі ў нас быў маленькі радыёпрыёмнічак. Нам падабалася слухаць арыі з опер. Мяне гэтым заразіла мая старэйшая сястра. Па прафесіі я геолаг, лясны інжынер, абараніла кандыдацкую дысертацыю ў Рызе. А цяпер пішу кнігі, выйшла ўжо дзесяць. А музыка — гэта асалода, радасць для душы. Таму, калі я даведалася, што тут узрост не абмяжоўваюць, я прыйшла ў школу Арцёма Шаплыкі, убачыла, што тут такая сяброўская атмасфера, прабачаюць усе памылкі, ні за што не лаяць, як у школе, а толькі вітаюць і акрыляюць. Гэта мяне падштурхвае.

Я займаюся ўжо два гады, але часам бывае сорамна — іншыя так граюць, у іх такія гнуткія рукі! Я вельмі шмат працую фізічна, на агародзе, таму рукі ўжо не такія спрытныя… Але ў мяне шмат улюбёных рэчаў, да якіх я хацела б дакрануцца. “Ронда Капрычыёза” Бетховена, “Песню Сольвейг” Эдварда Грыга я б хацела сыграць, “Да Элізы” ўжо граю. Больш люблю класіку. Джаз мяне не надта цікавіць», — распавядае Галіна Фёдараўна. На канцэрце яна выканала на фартэпіяна два творы — эцюд «Чортава кола» Ігнацьева і раманс «Тонкая рабіна» ў пералажэнні Геталавай. Магчыма, Галіна Фёдараўна расказала б яшчэ нешта, але падышла выкладчыца і паклікала натхнёную жанчыну назад у залу — слухаць вельмі прыгожую кампазіцыю на дзве скрыпкі. Відавочна, супрацоўнікі «Артгранд» імкнуцца да таго, каб вучні не толькі асвойвалі свае спецыялізацыі, але і слухалі адно аднаго, спазнавалі музычную навуку з розных бакоў.

Таму і патрэбныя такія канцэрты, і добра, што на іх выступаюць не толькі тыя, хто грае лепш за ўсіх. Камусьці, каб натхніцца на навучанне, дастаткова паслухаць больш майстравітых калег, а камусьці, наадварот, неабходна самому адчуць радасць і хваляванне выхаду на сцэну.

Атмасфера акадэмічнай музыкі без ціску, спаборніцтва, строгіх крытэрыяў, настаўніцкіх крыкаў і цяжкай працы гадзінамі. Тыя, хто ніколі не займаўся музыкай, пачуваюцца як дома, тыя, хто хадзіў у музычную школу, заўважаюць розніцу. Сюды прыходзяць займацца цэлымі сем’ямі, гэта заўважна нават па праграме выніковага канцэрта.

Супрацоўнікі школы займаюцца не толькі правядзеннем урокаў. Акрамя выніковых канцэртаў «Артгранд» арганізоўвае і іншыя музычныя імпрэзы, лекцыі па класічнай музыцы. У час школьных канікул установа ладзіць нешта накшталт музычнага школьнага летніка: дзеці праводзяць увесь дзень у «Артгранд», камунікуюць, гуляюць у настольныя гульні, удзельнічаюць у групавых занятках па сальфеджыа, музычнай літаратуры, вакале, прыходзяць на індывідуальныя заняткі да сваіх педагогаў па інструменце, а па вечарах для іх ладзіцца культурная праграма: наведванне музеяў, прагляд фільмаў, праслухоўванне музыкі на вініле.

Любоў да музыкі не перашкаджае ставіцца з любоўю да вучняў. Галоўная мэта школы — не вырасціць лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, а перадаць сваё захапленне. Таму музыка паўстае перад навучэнцамі «Артгранда» ў самых розных варыяцыях: як высокае і складанае, неверагодна прыгожае мастацтва, агромністы пласт чалавечай культуры, што існаваў ва ўсе часы, як пляцоўка для самапазнання і самаразвіцця, прастора для асабістых перамог і дасягненняў, як спосаб адкрываць таямніцы навакольнага свету — даведвацца пра гісторыю, фізіку і псіхалогію прасторы, устанаўліваць камунікацыю з іншымі, трапляць у нязвыклыя месцы і ролі. Музыка можа паддацца кожнаму, варта знайсці да яе правільны падыход. Але каб спарадзіць натхненне, варта знайсці правільны падыход і да чалавека.

Ганна ІВАНОВА

Фота даслана арганізатарамі «Гранд-лета»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».