Вы тут

Мазыр робіць свой Крок да Алімпу


Спартыўна-масавае мерапрыемства «Вытокі. Крок да Алімпу», якое гэтым летам аб'ядноўвае ўсю краіну, працягваецца. На гэтым тыдні святочную эстафету прымае Гомельшчына, а дакладней Мазыр — адзін з самых старажытных і прывабных беларускіх гарадоў. З 24 да 26 чэрвеня тут пройдуць разнастайныя культурныя, адукацыйныя і спартыўныя мерапрыемствы.

Мазыр поўнасцю адпавядае галоўнаму прынцыпу выбару гарадоў для правядзення «Вытокаў». Гэта аўтэнтычны горад з багатым культурным і спартыўным мінулым і не менш цікавым сучасным. Расказваем падрабязней, чаму ў гэтыя выхадныя варта ўзяць курс на Мазыр.


Горад легенд і паданняў

За сваю доўгую і насычаную гісторыю Мазыр шмат чаго перажыў і па сёння захоўвае памяць аб мінулым. Упершыню ў летапісах горад згадваецца пад 1155 годам, калі вялікі князь Кіеўскі Юрый Даўгарукі перадаў яго свайму саюзніку чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу. Навукоўцы дагэтуль не знайшлі адзінай версіі паходжання назвы. Адны схіляюцца да думкі, што назву яму дала народнасць мазур, другія лічаць, што назва горада пайшла ад старажытнаскандынаўскага слова «мосыр» (вільгаць). А трэція прытрымліваюцца версіі пра першапачатковае цюркскае слова «мосар» (холм, курган). Як і належыць старажытнаму гораду, існуе прыгожае паданне аб паходжанні назвы. Згодна з ім, у даўнія часы два браты-кіяўляніны пасяліліся на дзікім горным беразе Прыпяці. Гэта было зручнае месца для іх промыслу — загатоўкі рыбінага тлушчу. Малодшы брат хутка разбагацеў, вырашыў адсяліцца і запатрабаваў сваю долю тлушчу. Старэйшаму брату гэта не спадабалася, і паміж родзічамі пачалася варожасць. Старэйшы звярнуўся да мясцовай вядзьмаркі, якая захапілася прыгожасцю малодшага і прапанавала ўсім памірыцца. Старэйшы раззлаваўся і ў ярасці закрычаў: «Мой жыр! Я не саступлю яго ні меркі». З тых часоў і пайшла назва месца: «можыр» — Мазыр.

Цэнтр гістарычнай спадчыны

За ўвесь час свайго існавання горад уваходзіў у склад Кіеўскай дзяржавы, затым — Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. У складзе Расійскай імперыі Мазыр быў цэнтрам Мінскай губерні. Дзякуючы выгаднаму геаграфічнаму становішчу быў цэнтрам гандлю, размешчаным на шляху «з варагаў у грэкі». Зразумела, што такому гораду было патрэбна ўмацаванне. У 1543 годзе пачалося будаўніцтва знакамітага Мазырскага замка, які ўзводзіўся па апошнім слове тагачаснай тэхнікі. Яго вежы ўзвышаліся на 25 метраў. За гады свайго існавання Мазырскі замак вытрымліваў шматлікія нападзенні, неаднаразова перажываў пажары, але кожны раз аднаўляўся дзякуючы намаганням мясцовых жыхароў. Сёння рэканструяваны замак — цэнтр нацыянальнай культуры, тут ладзяцца шматлікія мерапрыемствы, праходзяць розныя выставы. Замак з'яўляецца часткай Мазырскага аб'яднанага краязнаўчага музея, у які таксама ўваходзіць галерэя, музей народнай культуры «Палеская вада» з артэфактамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гістарычны музей партызанскай славы і музей-майстэрня Пушкара, дзе каларыт Мазыршчыны прадстаўлены ў малой керамічнай скульптуры. Пазнаёміцца з гісторыяй гэтага краю можна па адрасе Гара Камунараў 8.

Цікава будзе ў Мазыры і аматарам рэлігійнага турызму. Два галоўныя храмы носяць імя Святога Архангела Міхаіла. Абодва былі закладзеныя ў XVІІ ст. і абодва сёння дэманструюць, якім было позняе беларускае барока. Праваслаўны Свята-Міхайлаўскі сабор, што на вуліцы Камсамольская, 20, некалі быў бернардзінскім храмам. Цяпер гэта — галоўная царква Тураўскай епархіі. Сумна праславіўся храм у 1937—1941 гады, калі тут была турма НКВД Палескай вобласці. А рымска-каталіцкі касцёл Святога Міхаіла Архангела на вуліцы Гогаля, 93 бярэ свой пачатак ад мужчынскага манастыра цыстэрцыянаў. Дарэчы, на Беларусі было ўсяго тры манастыры гэтага ордэна, два з іх — мужчынскі і жаночы — у Мазыры. За пяць стагоддзяў свайго існавання храм быў казармай, дзіцячым домам, запалкавай мануфактурай «Маланка», музычным вучылішчам. Але ў выніку вярнуўся да вернікаў і стаў адной з візітак горада.

Свята прыходзіць у Мазыр

Фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» пачнецца 24 чэрвеня ў яшчэ адной славутасці горада — Мазырскім драматычным тэатры імя Івана Мележа, гісторыя якога пачынаецца ў пачатку ХХ стагоддзя. Тут у першы дзень адбудзецца круглы стол на тэму «Прасоўванне гісторыка-культурнай спадчыны», адкрыццё мастацкай выставы «Кола часу» і выставы дзіцячага малюнка, лекцыя-прэзентацыя «Сучаснае беларускае выяўленчае мастацтва». Канцэрт арганнай музыкі «Мой крок да Алімпу» Валерыя Шмата, якім скончыцца першы дзень фестывалю, для Мазыра ў навінку. Арганізатары грунтоўна падышлі да ўсіх мерапрыемстваў. «Мы вырашылі, што перш чым праводзіць круглы стол аб прасоўванні гісторыка-культурнай спадчыны і абмяркоўваць развіццё турызму ў горадзе, трэба паказаць гасцям гэтую самую гісторыка-культурную спадчыну. Асабліва ўлічваючы, што ў Мазыры незвычайны рэльеф, багатая гісторыя. Нашы атэставаныя экскурсаводы праводзіць цікавыя экскурсіі. І круглы стол стане важнай пляцоўкай для абмену вопытам, мы даведаемся важную інфармацыю, як прыцягнуць у горад турыстаў, паказаць, што нам ёсць, чым ганарыцца», — расказала Галіна Касцяшкіна, начальнік аддзела спорту і турызму Мазырскага райвыканкама.

Сучасны Мазыр — прамысловы цэнтр Палесся. Адно з самых знакамітых і буйных прадпрыемстваў — Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. У другі дзень фестывалю «Вытокі» менавіта тут адбудзецца культурна-эканамічная праграма «Капітал месца». Удзельнікі абмяркуюць распрацоўку і прасоўванне нацыянальных і рэгіянальных брэндаў. Дарэчы, нафтаперапрацоўчы завод таксама можа прыцягнуць у горад турыстаў. Сёння ўсё большую папулярнасць набывае менавіта прамысловы турызм.

Ключавая частка свята — спартыўны квэст — пройдзе 26 чэрвеня ў самым цэнтры Мазыра — на плошчы Леніна і набярэжнай Прыпяці. Тут можна будзе не толькі натхніцца спортам, але і гісторыяй. У гэтай частцы горада добра захавалася забудова канца ХІХ стагоддзя. Як расказала Галіна Касцяшкіна, Мазыр установіць рэкорд фестывалю: на квэсце будзе прадстаўлены 21 від спорту — гэта больш, чым у іншых гарадах. «Чым будзем здзіўляць? Тым, чаго не было ў іншых гарадах. Будзе пляцоўка для гольфа, выступяць чырлідары, прапануем фігурнае катанне на ролікавых каньках. Раскрыю адзін з сакрэтаў — будзе нават паказальнае выступленне парашутыстаў. Дзеці змогуць паспрабаваць розныя віды спорту. Заданні нескладаныя, але цікавыя. Скончыцца ўсё феерверкам, якога таксама не было ў іншых гарадах», — расказала начальнік аддзела спорту і турызму Мазырскага райвыканкама.

Вытокі беларускага веславання

Мазыр па праве лічыцца Меккай беларускага веславання. Адна з архітэктурных славутасцяў горада — вяслярная база, будаўніцтва якой пачалося ў 2006 годзе ў адпаведнасці з праграмай развіцця акадэмічнага веславання ў Гомельскай вобласці. У 2009 годзе беларускія весляры пачалі трэніравацца ў новым доме. Многія перамогі беларусаў у веславанні зарадзіліся менавіта ў Мазыры. У 2008 годзе на Алімпійскіх гульнях у Пекіне ў мужчынскіх стартах байдарак-чацвёрак на 1000 метраў перамог беларускі экіпаж. Два спартсмены з пераможнай чацвёркі — ураджэнцы Мазыршчыны. Артур Літвінчук нарадзіўся ў Мазыры, Раман Петрушэнка — у горадзе-спутніку Калінкавічы. Пяціразовыя чэмпіёны свету ў веславанні на байдарках і каноэ Дзяніс Гаража і Дзмітрый Рабчанка — таксама выхаванцы мазырскай школы. Чэмпіён свету Алег Юрэня, які будзе выступаць на Алімпійскіх гульнях у Токіа, да галоўных стартаў рыхтуецца ў Мазыры.

Марына Літвінчук і Вольга Худэнка.

Лёс прызёраў Алімпійскіх гульняў па веславанні на байдарках і каноэ Марыны Літвінчук, Надзеі Папок і Вольгі Худэнкі таксама звязаны з Мазырам, і тут жа яны праводзяць зборы напярэдадні Алімпіяды 2021 года. Лагічна, што менавіта тут жыве і працуе мэтр беларускага веславання на байдарках і каноэ, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Уладзімір Шантаровіч. Дзеля фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» спартсмены знойдуць час у трэніровачным графіку і сустрэнуцца са сваімі аматарамі і гасцямі горада.

«Мазыр — гэта горад чэмпіёнаў, прызёраў, пераможцаў Алімпійскіх гульняў. Зараз у нас праводзіць збор нацыянальная каманда па веславанні, рыхтуецца да Алімпійскіх гульняў. І спартсмены прыйдуць на спартыўны квэст, будзе Уладзімір Уладзіміравіч Шантаровіч. Для мазыран і для гасцей горада будзе вельмі запамінальна сустрэцца са знакамітымі спартсменамі. І ўвогуле, у нашым горадзе шмат людзей, якіх ведаюць ва ўсёй краіне і за яе межамі», — адзначыла Галіна Касцюшкіна.

У фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» ўжо склаліся пэўныя традыцыі. Адна з іх —адкрыццё, якое праводзяць знакамітыя прадстаўнікі горада ад культуры і спорту, сфер, якія аб'ядноўвае гэты праект. Мяркуецца, што свята ў Мазыры адкрые Марына Літвінчук. Пералічваць усе яе дасягненні можна бясконца: бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Рыа і Лондане, трохразовая пераможца Еўрапейскіх гульняў, шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы. «Мазыр — цудоўны горад з незабыўнымі краявідамі на рацэ Прыпяць. Я вырасла ў вёсцы Бабунічы Петрыкаўскага раёна, але знайшла сваё шчасце менавіта ў Мазыры. Мой муж Артур Літвінчук з гэтага горада. І ён адразу стаў для мяне другой маленькай радзімай. Горад вельмі спартыўны, мае шмат дасягненняў не толькі ў веславанні, але і ў іншых відах. Сам населены пункт невялікі, але ў ім ёсць што паглядзець. Усім гасцям Мазыра я раю абавязкова падняцца на Замкавую гару — адтуль адкрываецца цудоўны від, прагуляцца па парку. І, вядома, наведаць нашу вяслярную базу, па магчымасці праплыць на лодцы па Прыпяці», — дзеліцца Марына Літвінчук.

У інтэрв'ю «Звяздзе» каардынатар праекта «Вытокі. Крок да Алімпу» ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксей Карней адзначаў, што кожны фестываль адметны дзякуючы асаблівасцям кожнага горада. Якім будзе фестываль «Вытокі» ў Мазыры? Няхай на гэта пытанне кожны знойдзе адказ сам для сябе, наведаўшы свята на Гомельшчыне.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: Крок да Алімпу

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.