Вы тут

Па Магілёве засела ў ліфтах 200 чалавек


Гэта адбылося ў сераду каля дзесяці гадзін вечара, калі ва ўсім горадзе знікла святло. Абласны цэнтр знаходзіўся ў поўнай цемры амаль 40 хвілін.


Фота: pixabay.com

Без святла засталіся, па інфармацыі абласнога ўпраўлення МНС, акрамя Магілёва, яшчэ 717 населеных пунктаў вобласці — у Бялыніцкім (181), Круглянскім (140), Шклоўскім(200), Горацкім (34) і Магілёўскім (162) раёнах. Знікла не толькі святло, але і вада, бо спыніліся электрапомпы, якія падаюць яе на паверхі. Па інфармацыі «Магілёўэнерга», у той жа дзень, калі адбылася аварыя, у 23.20 электразабеспячэнне ў вобласці было цалкам адноўлена. Вада ў кранах адсутнічала крыху даўжэй.

— Па інфармацыі раёнаў, усе наступствы былі ліквідаваныя ўжо на 9 гадзін раніцы, — паведаміў генеральны дырэктар Жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскай вобласці Віталь Ігнатовіч. — Сітуацыя была пазаштатная, у Магілёве каля 200 чалавек аказалася заблакіраванымі ў ліфтах. Прадпрыемства «Магілёўліфт» аператыўна прымала меры па вызваленні людзей. На шчасце, абсталяванне са строю не выйшла, з падачай электрычнасці ўсё запрацавала. Вобласць паспяхова выйшла з гэтай экстрэмальнай сітуацыі.

Надзвычайная сітуацыя адбылася позна вечарам, калі большасць жыхароў знаходзілася дома. Не пашчасціла крыху тым, хто ў час адключэння электраэнергіі ехаў у тралейбусе.

— Былі цалкам абясточаны ўсе падстанцыі, стаяў увесь горад, у тым ліку і мы, — паведаміў карэспандэнту «Звязды» дырэктар Магілёўскага філіяла «Тралейбусны парк № 1» Сяргей Манастырэнка. — Пасажыраў у гэты час было няшмат, яны з разуменнем паставіліся да сітуацыі. Ніякіх скаргаў не было. Выпадак, вядома, выключны. Я амаль 30 гадоў працую ў гэтай сістэме, але такога нават і не ўспомню.

Учора раніцай у Магілёўскім аблвыканкаме прайшло пазачарговае пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пад кіраўніцтвам намесніка старшыні аблвыканкама Сяргея Маслава. Была прааналізавана работа ўсіх службаў і прыняты дадатковыя рашэнні па ўзмацненні бяспекі на некаторых аб'ектах.

Трэба аддаць належнае сістэме аховы здароўя Магілёўскай вобласці. Па інфармацыі ведамства, усе бальніцы забяспечаны акумулятарнымі батарэямі і дызельнымі генератарамі, што дазволіла ім пратрымацца, пакуль не аднавілася падача электраэнергіі.

У Магілёўскім абласным упраўленні МНС паведамілі, што за час адключэння электраэнергіі ратавальнікамі здзейснена 34 выезды на аказанне дапамогі насельніцтву, у тым ліку па дэблакіроўцы людзей з кабін ліфтаў і падачы электрычнасці на апараты ШВЛ.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.