Вы тут

Дзякуючы Ваеннай акадэміі лейтэнанты Алег і Вольга Суны атрымалі афіцэрскія пагоны і стварылі сям'ю


Днямі са сцен галоўнай кузні ваенных кадраў краіны выпусціліся 718 лейтэнантаў. З іх — 15 залатых медалістаў. Выпуск адметны тым, што сёлета Ваенную акадэмію пакінулі як тыя, хто вучыўся пяць гадоў, так і выпускнікі, якія атрымлівалі адукацыю па чатырохгадовай праграме. Аднак наўрад ці гэта важна, хто колькі вучыўся, галоўнае — афіцэрскі строй нашай краіны папоўнілі маладыя і таленавітыя людзі, якія, як і многія іх папярэднікі, з годнасцю стануць на абарону нашай Радзімы.


Многія з іх будуць служыць ва Узброеных Сілах. Сярод іх — Вольга і Алег Суны. І гэта не брат і сястра, а муж і жонка — Ваенная акадэмія стала для іх не толькі другім домам, а і месцам, дзе яны сустрэліся і стварылі сям'ю.

Каб пазнаёміцца з будучымі афіцэрамі бліжэй, карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў Ваеннай акадэміі напярэдадні выпуску, акурат у гарачы час іспытаў. Аднак мы не засталі маладых людзей знянацку: Алег і Вольга заўжды добра вучыліся, цяпер сваімі ведамі яны гатовыя дзяліцца на практыцы — у складзе 86-й брыгады сувязі, дзе неўзабаве прыступяць да службы.

Быць вайскоўцамі хацелі з дзяцінства

Алег і Вольга з першага курса вучыліся ў адным узводзе — асвойвалі ваенную навуку на факультэце сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання. Як той казаў, нічога не прадвяшчала... Вольга — выдатніца, любы прадмет даваўся з лёгкасцю. Ён жа найлепшыя поспехі паказваў у спорце. Алег — кандыдат у майстры спорту па таэквандо, прызёр чэмпіянатаў СНД і Узброеных Сіл па стральбе. З пісталетам Макарава і аўтаматам Калашнікава малады чалавек сапраўды на «ты». Галоўнае, што Вольгу і Алега зблізіла, — гэта любоў да будучай прафесіі, мара стаць афіцэрам.

Вольга родам з Кобрына. У сям'і дзяўчыны афіцэрскія пагоны ніхто не насіў. Таму адкуль у яе, яшчэ школьніцы, з'явілася жаданне атрымаць зусім не жаночую на першы погляд прафесію, яна сама дакладна не ведае. Аднак усведамленне таго, што яна хоча насіць афіцэрскія пагоны, прыйшло рана — невыпадкова Вольга паступіла ў Брэсцкае кадэцкае вучылішча, дзе вучылася чатыры гады. У апошніх класах у яе нават думкі не ўзнікала, што яна выбера грамадзянскі інстытут.

— Па-першае, быць вайскоўцам — гэта прыгожа, — перакананая Вольга Суна. — І я не толькі пра форму: да таго, што на мяне звяртаюць увагу, я прызвычаілася яшчэ ў вучылішчы. Я хутчэй пра грамадзянскі абавязак, гонар і афіцэрскую годнасць.

Алег нарадзіўся і вырас у Бабруйску. Да прафесіі ваеннаслужачага прыгледзеўся таксама ў дзяцінстве. Яшчэ хлопчыкам ён любіў глядзець ваенныя кінастужкі, серыялы пра кадэтаў. Хоць і прыклад быў побач. Бацька Алега — афіцэр міліцыі, служыць у падраздзяленні МУС і сёння. Сімвалічна, што падчас тэрміновай воінскай службы ён таксама быў сувязістам.

Разам не страшна

Бацькі рашэнне сваіх дзяцей стварыць сям'ю падтрымалі. Тыя заспакоеныя, што і падчас вучобы ў акадэміі, і службы, якая ўжо не за гарамі, у любой складанай сітуацыі ім будзе на каго абаперціся. У акадэміі, дарэчы, мала хто ведаў, што маладыя людзі пажаніліся. Хоць людзі яны ваенныя, але вяселле ў іх было як ва ўсіх — з гасцямі, музыкай.

— Падчас вучобы Алег мне дапамагаў з фізкультурай, я яму — з вучобай, — расказвае Вольга. — Неаднойчы прышывала яму шаўроны. Кашулі ж ён прасуе сам — афіцэры рэдка давяраюць гэтую справу жанчынам. Хутка мы будзем жыць асобнай сям'ёй, мяне крыху палохае змена абстаноўкі: да распарадку ў акадэміі за гэтыя гады мы ўжо прызвычаіліся, а тут трэба ўсё пачынаць спачатку. Аднак з Алегам мне не страшна: я з ім як за каменнай сцяной.

Алег — па натуры лідар. Падчас вучобы ён быў старшыной курса — такую адказную місію давераць не кожнаму курсанту. Як прызналіся выкладчыкі Ваеннай акадэміі, у будучыні яны спадзяюцца ўбачыць Алега адным з кіраўнікоў ва Узброеных Сілах, таму чакаюць маладога чалавека на факультэце Генеральнага штаба.

Ну што ж, у добры шлях, лейтэнанты!

Вераніка КАНЮТА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: На шляху да мары

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.