Вы тут

Гродзенец увекавечыў памяць любімай жонкі і пайшоў у суд


Гаворка пойдзе пра эксклюзіўны манумент і тыя драматычныя падзеі, якія вакол яго разгарнуліся. Справа аказалася настолькі неадназначнай, што нават трапіла на разгляд судовай інстанцыі. У ходзе судовага працэсу сышліся інтарэсы самога заявіцеля, транспартнай і страхавой кампаній. Гродзенец аспрэчваў суму выплат на ўсталяванне мемарыяла дарагому яму чалавеку.


Гісторыі пра каханне, як правіла, маюць светлую афарбоўку. Вось і ў гродзенцаў Настассі Мікалаеўны і Міхаіла Аляксандравіча (імёны зменены. — Аўт.) пачуцці былі менавіта такімі — цёплымі і прыязнымі. Яны вельмі даражылі адно адным і не ўяўлялі жыцця паасобку. Ён юрыст, яна — дзіцячы ўрач. Дружная, інтэлігентная сям'я. За плячыма — некалькі дзесяцігоддзяў сумеснага жыцця. За гэты час выраслі дзеці, пайшлі ўнукі. Здавалася, так будзе і надалей. Магчыма, так і было б, калі б не дарожнае здарэнне.

...Тым познім студзеньскім вечарам 2019 года Настасся Мікалаеўна вярталася з працы дамоў. Рух транспарту па вуліцы быў малаінтэнсіўны, аўтамабіляў амаль не было. Але жанчына не стала парушаць правілы, дачакалася, пакуль з'явіцца зялёны сігнал светлафора, і рушыла праз пешаходны пераход. Вось толькі да наступнага боку так і не дайшла. Раптоўна на пераход выехаў гарадскі аўтобус. Кіроўца праігнараваў правілы, паехаў на чырвонае святло і збіў жанчыну.

Калі прыехала хуткая дапамога, жанчына была яшчэ жывая. У палаце інтэнсіўнай тэрапіі гарадской бальніцы яна правяла крыху больш за месяц. Але траўмы аказаліся вельмі сур'ёзнымі, і ўрачы не змаглі яе ўратаваць.

Міхаіл Аляксандравіч вельмі балюча перажываў страту любімай жонкі.

Увесь свой смутак ён увасобіў у помніку, які праз год з'явіўся на месцы яе пахавання. І гэта не проста помнік, а сапраўдны мемарыял. Адметнае месца ў ім займае барэльеф старажытнага гродзенскага храма — Каложскай царквы. Для ўстаноўкі гэтага фрагмента прыйшлося скарыстацца паслугамі кранаўшчыка. Адметны сам камень, пошукі якога занялі даволі працяглы час. Да таго ж яго апрацоўка вялася вельмі скрупулёзна. Важна было так распіліць, каб не было расколін.

Але Міхаіл Аляксандравіч не лічыўся ні з часам, ні з затратамі. Каложа для іх з жонкай была сімвалічным храмам — адсюль пачаўся іх шлюб, тут ён і завяршыўся. Да таго ж манумент павінен быў стаць сямейным некропалем.

Пазней у судзе эксперт скажа, што гэты помнік адносіцца да ліку нестандартных, складаных і эксклюзіўных. Ён поўнасцю робіцца па індывідуальным эскізе заказчыка. Такія помнікі заказваюць вельмі рэдка, можа, некалькі ў год, а то і менш. Тут шмат мастацкага аздаблення.

Вядома, і цана такога манумента значна вышэйшая, чым за тыпавы гранітны помнік, сярэдняя цана якога, па словах эксперта, складае каля 500 рублёў. А ўвесь комплекс работ з устаноўкай вагаецца ад 1,5 да 5 тысяч рублёў. Безумоўна, ёсць і даражэйшыя. Напрыклад, цана некаторых дасягае 7-8 тысяч долараў ЗША. Іх заказваюць вельмі рэдка. І манумент Міхаіла Аляксандравіча якраз з ліку такіх эксклюзіўных і дарагіх. Толькі лампадкі з італьянскага каталога каштуюць да 300 еўра.

Але для чалавека, які страціў сваю другую палавінку, многае бачыцца ў іншым святле. І затраты тут не самае галоўнае. Вось і Міхаіл Аляксандравіч у першую чаргу быў скіраваны на рэалізацыю свайго эксклюзіўнага заказу. А ўжо потым — на яго цану. Яна выйшла даволі значнай — 25 тысяч рублёў. На манумент пайшлі ўсе зберажэнні сям'і. Засмучаны ўдавец спадзяваўся, што яго затраты кампенсуе аўтапарк альбо страхавая кампанія, бо заканадаўствам такая магчымасць прадугледжана.

Так, уласнікі транспартнага сродку, у даным выпадку гарадскі аўтапарк, абавязаны пакрыць шкоду, якая нанесена аўтамабілем як крыніцай павышанай бяспекі ў выніку гібелі чалавека. Аўтапарк выплаціў 1,2 тысячы рублёў.

Што датычыцца страхавой кампаніі, згодна з правіламі кампенсацыі ў выніку ДТЗ, якое выклікала гібель пацярпелага, страхавы выпадак прадугледжвае выплаты, звязаныя з пахаваннем, устаноўкай помніка, агароджы, лаўкі, кветніка, добраўпарадкаванне ўчастка. Але тут ёсць і свае цэнавыя абмежаванні, якія ўстаноўлены нарматыўнымі дакументамі. Так, ліміты па абавязковым страхаванні за шкоду ў ДТЗ, якія датычацца менавіта гібелі чалавека, складаюць не больш за 4 тысячы еўра. Міхаілу Аляксандравічу было выплачана 11,7 тысячы рублёў, што ў эквіваленце адпавядае ліміту страхавой кампенсацыі. І ўсё ж удавец палічыў, што транспартная кампанія павінна поўнасцю аплаціць усе расходы, звязаныя з гібеллю яго жонкі.

З такой заявай ён у 2020 годзе звярнуўся ў Кастрычніцкі суд Гродна.

Падчас працэсу ўдавец паясніў, што помнік, які ён заказваў, не самы дарагі. На яго думку, ёсць значна даражэйшыя. Напрыклад, бронзавы бюст можа каштаваць і да 20 тысяч еўра. А тое, што помнік па жонцы нестандартны, гэта яго асабістая справа, яго адносіны да блізкага чалавека, яго выбар, за які не будзе сорамна перад роднымі. Да таго ж яго жонка заслужыла такі манумент. Яна 30 гадоў аддала лячэнню дзяцей, доўгі час працавала ўчастковым педыятрам. Яе жыццё абарвалася па віне кіроўцы, адказнасць за якога нясе, у тым ліку, і уласнік транспартнага сродку.

У аўтобусным парку з заяўленай дадатковай сумай не пагадзіліся. Маўляў, выплат па страхавых тарыфах дастаткова на ўсталяванне не толькі тыпавога помніка, але і па індывідуальным заказе. Ісцец, як адзначылі прадстаўнікі аўтапарка, выйшаў далёка за рамкі гэтага кошту. Яго манумент дасягае 25 тысяч рублёў, што больш чым у два разы перавышае ўстаноўленыя законам страхавыя выплаты.

Суд палічыў прэтэнзіі да арганізацый неабгрунтаванымі і адмовіў у іску.

Вядома, Міхаіл Аляксандравіч, як юрыст, не мог не ведаць аб гэтых нарматыўных дакументах. Яго прэтэнзіі ў многім зводзіліся менавіта да работы аўтапарка, дзе не было, на яго думку, дастатковага кантролю за кіроўцамі, у транспартным сродку адсутнічаў відэарэгістратар. Кіроўца, які здзейсніў наезд, пенсійнага ўзросту, раней перанёс інсульт. Ён адмыслова не тармазіў на пешаходным пераходзе дзеля эканоміі паліва. Усе гэтыя акалічнасці, на думку мужчыны, паўплывалі на тую сітуацыю, ахвярай якой стала яго любімая жонка. Заўважу, што суд пакараў кіроўцу чатырма гадамі калоніі пасялення. Высветлілася, што ён выхоўвае непаўналетняга ўнука, маці якога не выконвае свае бацькоўскія абавязкі, вядзе асацыяльны лад жыцця.

Цяжка сказаць, наколькі меў рацыю ўдавец, калі ўсе свае сілы, сродкі і намаганні скіраваў на ўвекавечанне памяці жонкі. Усё ж такі, мог аказаць дапамогу сваёй сям'і...Але зараз гаворка не пра тое.

Не так даўно, некалькі месяцаў таму, Міхаіл Аляксандравіч пайшоў з жыцця. Можна сказаць, услед за сваёй любімай палавінкай. Казалі, што ён вельмі хацеў, каб помнік прыцягваў да сябе ўвагу ўсіх, хто праходзіў міма. Маўляў, чалавек спыніцца, пастаіць, тым самым памяне яго любую жонку...

Хоць наўрад ці варта рабіць гэта дзеля іншых. Лепш, на мой погляд, каб родныя з удзячнасцю ўспаміналі тых, хто быў з імі побач. І манумент тут адыгрывае не самую галоўную ролю...

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: На дарагі ўспамін...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».