Вы тут

Супрацоўнікі МУС выйшлі на след нарказлачынцаў


Буйная інтэрнэт-крама па пастаўцы і збыце наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў выяўлена супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС. Выйсці на след нарказлачынцаў, дзейнасць якіх ахоплівала 70 % наркарынку краіны, дапамаглі праваахоўнікі з рэгіянальных падраздзяленняў.


Крымінальных спраў будзе заведзена нямала. У складзе злачыннай арганізацыі — асобныя групы людзей, кіраўнікі і куратары, адміністратары чатаў, аператары, аптовыя і рознічныя закладчыкі. Усяго да злачыннай дзейнасці інтэрнэт-крамы мае дачыненне звыш 120 асоб. Сярод іх — нямала непаўналетніх. У пагоні за лёгкімі грашыма падлеткі не заўсёды ўсведамляюць адказнасць, якую панясуць за свае дзеянні. Цяпер іх чакаюць немалыя тэрміны пазбаўлення волі.

— Інтэрнэт-крама працуе на шэраг дзяржаў, — удакладніў начальнік 1-га ўпраўлення па наркакантролі галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС палкоўнік міліцыі Аляксандр ВЫСОЦКІ. — У нас яна дзейнічала амаль два гады і ахоплівала жыхароў пяці рэгіёнаў. На жаль, на дадзены момант падобная інтэрнэт-крама ў Беларусі не адзіная. Аднак жыццё «мінёра»-закладчыка нядоўгачасовае, як нядоўгая і яго злачынная дзейнасць.

Сумесна з супрацоўнікамі Следчага камітэта міліцыяй праведзены 20 ператрусаў, у выніку якіх канфіскавана больш чым 198 тысяч долараў ЗША і 114 тысяч беларускіх рублёў, а таксама два аўтамабілі, камп'ютарная тэхніка і сродкі мабільнай сувязі, якія ўтрымліваюць матэрыялы, што пацвярджаюць факты злачыннай дзейнасці фігурантаў.

— Праблема наркаманіі па-ранейшаму застаецца актуальнай для нашай дзяржавы і з'яўляецца пагрозай нацыянальнай бяспецы, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС палкоўнік міліцыі Алег СІЛЬВЕСТРОВІЧ. — Беларусь — у ліку краін, дзе ўдалося скараціць тэмпы распаўсюджвання наркотыкаў, аднак рызыкі пры гэтым захоўваюцца. Наркотыкі і наступствы іх абароту ўздзейнічаюць на нацыянальныя інтарэсы ў шматлікіх сферах. Наносіцца шкода дэмаграфічнай, сацыяльнай, эканамічнай бяспецы. Наркаманія выклікае выміранне нацыі, наносячы ўдар па генафондзе. Прычынай таго з'яўляецца ўцягванне ў незаконны абарот наркотыкаў маладых людзей.

Як паведамілі ва ўпраўленні па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС, уцягванне ў збыт наркарэчываў маладых людзей, а таксама перадазіроўкі наркотыкамі, у тым ліку са смяротным зыходам, зноў з'яўляюцца актуаліямі сённяшняга дня. Прычым гэтыя працэсы прагрэсіруюць. «Хуткасць, з якой гэта адбываецца, вымушае нас аператыўна рэагаваць, мабілізоўваць патэнцыял нашых падраздзяленняў, — удакладніў Алег Сільвестровіч. — Пачынаючы са студзеня гэтага года, у краіне па артыкуле 328 затрымана звыш 100 навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. У большасці з іх — асабліва цяжкі састаў злачынства, што прадугледжвае меру пакарання ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі. У выніку атручэння ад перадазіровак загінула 58 чалавек. Усе гэтыя негатыўныя працэсы непарыўна звязаныя з інтэрнэтам: менавіта там адбываецца вярбоўка асноўнага персаналу для работы кур'ерамі і так званымі закладчыкамі».

Аднак нягледзячы на тое, што наркаіндустрыя ўдасканальваецца, у тым ліку дзякуючы развіццю тэхнічнага патэнцыялу, праваахоўныя органы таксама шукаюць новыя шляхі барацьбы з нарказлачыннасцю — каб папярэдзіць новыя трагедыі і мінімізаваць колькасць, а то і ўвогуле не дапусціць зламаных лёсаў.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Лёгкія грошы — зламаныя лёсы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.