Вы тут

Старажытны і заўжды малады


У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працягвае работу музейны праект «Май Данцыг. Унутры ідэі», які складаецца з дзвюх частак. Наведвальнікам прапануюць аднайменную выстаўку, дзе прадстаўлены карціны і асабістыя рэчы народнага мастака, і фотавыстаўку «Горад, які змяняецца».


Май Данцыг «Песня аб Мінску», 1975 г.

Мэта — пазнаёміць наведвальніка з Маем Данцыгам, аднак не толькі як з персаналіяй з энцыклапедыі па мастацтвазнаўстве, але і як з жыхаром горада-героя і сведкам сваёй эпохі. Аматары творчасці мастака ведаюць, наколькі па-майстэрску ўпэўнена, смела, праўдзіва і адначасова кранальна ён апісваў любімы Мінск, які не захацеў пакідаць ні ў сталым узросце, ні ў маладосці: пасля вучобы ў мастацкім інстытуце імя В. Сурыкава была магчымасць застацца жыць і працаваць у Маскве. Цяпер мы глядзім на яго вялізныя па памеры і маштабе думкі палотны, створаныя ў другой палове XX стагоддзя, і знаходзім рэальныя прыкметы таго Мінска, якім яго бачылі сучаснікі і ўяўляюць цяперашнія сталыя (і не толькі) насельнікі. Аднак галоўны партрэтыст сталіцы Май Вольфавіч, лічачы сябе рэалістам, не баяўся выдумляць і ўпрыгожваць родны горад. Найлепшы прыклад з нерэальным, але, безумоўна, пазнавальным ракурсам і насычаным каларытам — карціна «Мой горад старажытны, малады» (1972). Работа, як лічаць мастацтвазнаўцы, адлюстроўвае ўсе тыя прыёмы, што дазваляюць творчасці мастака заставацца актуальнай і сёння. Перадаць не толькі змены, але і характар Мінска, яго нязменны дух і на буйных палотнах, і на камерных эцюдах — ці ўдалося гэта яшчэ каму-небудзь, акрамя Мая Данцыга?

Шмат карцін розных перыядаў яго творчасці было прадстаўлена на выстаўцы ў Нацыянальным мастацкім музеі, прымеркаванай да 90-годдзя з дня нараджэння, таму наўрад ці нейкі музей ці галерэя зможа перасягнуць гэты праект. Але экспазіцыя ў Гістарычным сапраўды дазваляе зведаць пэўную таямніцу, якой яна бачыцца прыхільнікам таго ці інашага жывапісца: як выглядалі працоўны стол, мальберт, эцюднік мастака, у што творца любіў апранацца, чым любіў карыстацца?

У 2019 годзе дачка мастака, Ала Данцыг, перадала Нацыянальнаму гістарычнаму музею калекцыю прадметаў — асабістых рэчаў яе бацькі. Некаторыя з якіх, дарэчы, выкарыстоўваліся Маем Данцыгам у якасці натуры. Сярод такіх — друкавальная машынка «Continental», пачак цыгарэт, гільза ад снарада і попельніца, выявы якіх глядач можа ўбачыць на нацюрморце «Аб Вялікай Айчыннай...» (1968). Змешчаны ў экспазіцыі працоўны стол майстра з арыгальнай расстаноўкай фарбаў, мальберт з абстрактнай карцінай (1960—1980), асабістыя рэчы: партфель, эцюднік, вокладка для дакументаў, сумка з інструментамі, боты, кепі, саламяны капялюш, нават патратыўны тэлевізар…

У праекце, створаным сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем і Беларускім саюзам мастакоў, экспануецца ўнікальны сямейны фотаархіў, фотаздымкі з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея. На адным з іх Май Данцыг у сваёй майстэрні на вул. Сурганава (1980—1990), на іншым — на фоне работы «І памятае свет выратаваны» (1995), яшчэ на адным малюе працэс будаўніцтва Салігорска (1960). На значнага памеру банерах таксама змешчана шмат фота. Так, на выяве 1950-га мастак адлюстраваны падчас навучання ў Маскве (майстэрня П. Пакаржэўскага і В. Цыплакова) — сядзіць на ложку з падручнікам па эстэтыцы «ў позе турэцкага султана» (як вынікае з подпісу, пакінутым Данцыгам на здымку). Аўтарства многіх фотаздымкаў ці невядома, ці арганізатары вырашылі яго не пазначаць…

Нягледзячы на тое, што праект размешчаны ў сценах Нацыянальнага гістарычнага і галоўнае ў экспазіцыі — каштоўныя музейныя экспанаты, стваральнікі выстаўкі змясцілі некалькі работ майстра са збораў Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускага саюза мастакоў і прыватнай калекцыі Людмілы Галіцынай. Прадстаўлена і найбольш вядомая і значная карціна Мая Данцыга «Песня аб Мінску» (1975). Куратарам праекта выступіла Данута Грынь, якой належыць ідэя паказаць дзве выявы Мінска Данцыга — былога і сучаснага. Так, з аднаго боку музейнай залы глядач бачыць хрэстаматыйную работу 1975 года, а насупраць знаходзіцца варыянт гэтага твора — такі, які мог бы быць створаны мастаком, калі б ён жыў і маляваў сёння.

Фрагмент экспазіцыі «Горад, які змяняецца».

Але найбольшую цікавасць выклікаюць работы, якія сёння не так проста ўбачыць. Сярод іх — «У вёсцы»: датуецца ажно 1954 годам і цяпер знаходзіцца ў калекцыі Людмілы Галіцынай. На невялічкай па памеры карціне адлюстравана вёска ў прыцемках летняга вечара, а на першых ролях — коні, якія частуюцца скошанай травой з воза. Пад такой жа назвай у экспазіцыі ёсць твор 1958 года (таксама з прыватнай калекцыі). У подпісе да яго змешчана цытата, на жаль, без аўтарства: «…Май Данцыг вельмі любіў маляваць вёскі, але не жыць у іх…» Насамрэч, у творчасці Данцыга ёсць палотны, што выказваюць думкі і пачуцці чалавека, які перажыў вайну, а таксама сельскія і індустрыяльныя пейзажы, серыя партрэтаў, аднак тэма Мінска, горада, які ён абышоў з эцюднікам уздоўж і ўпоперак, засталася вядучай. На свае вочы мастак бачыў, як сталіца з цягам часу мяняе аблічча, і імкнуўся адлюстраваць гэта.

Фотавыстаўка «Горад, які змяняецца», што дапаўняе экспазіцыю, прысвечаную мастаку, з дапамогай архіўных здымкаў з калекцыі музея паказвае Мінск — знаёмы, але невядомы. Этапы будаўніцтва, змяненні ў перыяд ад заканчэння Вялікай Айчыннай вайны і да пачатку 70-х гадоў — усё гэта можна ўбачыць на ўнікальных кадрах. Перад гледачом — панарама круглай плошчы 1955 г., від на квартал паміж вул. Нямігскай і Рэвалюцыйнай (ад Паркавай магістралі, сучасн. праспект Пераможцаў; 1975—1980 гг.), від Ленінскага праспекта 1961 г., дзе на першым плане — будынак цырка, новыя жылыя дамы на праспеце імя Пушкіна 1970 г. У некаторыя фотаздымкі ўключылі дэталі розных работ Мая Данцыга, таму многія чорна-белыя фота ўспрымаюцца інакш. Так, на адным з іх глядач бачыць на мосце своеасаблівае вынаходніцтва Мая Данцыга — яркі самазвал са знакамітага палатна «Мой горад старажытны, малады»…

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».