Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Памяць супраць забыцця

Для кожнага чалавека вайна пачыналася па-рознаму і ў розны час, хоць афіцыйны яе адлік ідзе ад 22 чэрвеня 1941-га.

Раіса Сах­рай.

...Напярэдадні Ася з двухгадовай дачушкай Алачкай выбралася з Масквы — у водпуск у Магілёў, дзе іх даўно чакала Асіна сястра Рая. Сустрэцца з ёй хацелася як найхутчэй, аднак цягнік поўз вельмі марудна, да таго ж досыць часта спыняўся.

Каб хутчэй дабрацца да месца, у Оршы яны пераселі на прыгарадны цягнік і ўжо з яго ўбачылі самалёты з чорнымі крыжамі, якія сталі бамбіць станцыю. На шчасце, іх машыніст не разгубіўся: набраў хуткасць, і праз нейкі час Ася ўбачыла сястру на пероне Магілёўскага вакзала. Але радасць сустрэчы азмрочыла вайна.

Афіцыйную вестку пра яе пачатак гараджане пачулі па радыё апоўдні 22 чэрвеня, калі горад ужо бамбілі. Жыхарам Вялікай Грамадзянскай вуліцы, дзе жыла сям'я Раі, здавалася, што нямецкія і савецкія самалёты пралятаюць літаральна над іх дамамі — у вокнах дрыжэла шкло. Раніцай праз Магілёў пацягнуліся войскі — артылерыя і пяхота.

Асю ўразіла, што ў горадзе па-ранейшаму працавалі цырульні і асобныя крамы, ад чаго здавалася, што жыццё гараджан не змянілася. Але ў кожнага ў вачах застылі трывожныя пытанні: «Дзе немцы? Ці прыйдуць сюды? Ці трэба ўцякаць?» Многія казалі, што вораг далёка і яго не прапусцяць. Іншыя — што ў горадзе шмат шпіёнаў і дыверсантаў, што хутка з'явяцца немцы. Падумаць, што ўсяго праз некалькі дзён на далёкіх подступах да горада ўспыхнуць жорсткія баі, а гараджане з сем'ямі пацягнуцца ў бок вёсак Масток, Сідаравічы, Цішоўка, Зацішша, Княжыцы, Стайкі, не мог ніхто.

Рая з сястрой (муж першай знаходзіўся ў дзеючай арміі, другой — застаўся ў Маскве) таксама сталі збірацца ў дарогу, казаць пра гэта сваякам ды суседзям. І ад аднаго з іх пачулі: не трэба, маўляў, сеяць паніку. Немцы ў горад не прыйдуць! А калі і прыйдуць... Гэта ж культурныя людзі, іх не трэба баяцца.

Аднак жанчыны ўжо прынялі рашэнне, сказалі ўсім, каб бралі самае неабходнае для дзяцей і выязджалі.Многія верылі, што Чырвоная Армія хутка вернецца, іншыя не хацелі расставацца са сваёй маёмасцю, жытлом і чакалі цуду.

Імклівасць нямецкага наступлення не дала людзям да канца ўсвядоміць ступень небяспекі, якая на іх насоўвалася. Угаварыўшы родных пакінуць горад, сёстры тым самым выратавалі іх, бо ўжо да канца 1941 года яўрэі Магілёва і яго ваколіц былі цалкам знішчаны.

Нашмат пазней, у пачатку 1942 года, у Берліне на сумна вядомай Ванзэйскай нарадзе лёс гэтага народа быў канчаткова вырашаны: пятнаццаць вышэйшых чыноў рэйха, многія з якіх мелі дыпломы дактароў розных гуманітарных навук і вучоныя ступені, з нямецкай педантычнасцю і добрасумленнасцю прапрацавалі ўсе дэталі знішчэння мільёнаў людзей, уся віна якіх была ў іх не «арыйскім» паходжанні.

Але гэта было пазней, а тады...

Яны змаглі сесці ў воінскі эшалон. Цягнік на Урал рухаўся без усялякага раскладу, прапускаючы сустрэчныя цягнікі. Маленькая Алачка была прыгожай дзяўчынкай, і вайскоўцы (мяркуючы па абрыўках фраз, яны ехалі на Урал па ваенную тэхніку) частавалі яе сухарамі і цукрам. На станцыях, дзе цягнік спыняўся надоўга, Ася, пакідаючы дзіця на сястру, бегала па кіпень. А неяк раз вярнуцца не паспела: цягнік тузануўся і, з кожнай хвілінай набіраючы хуткасць, памчаў наперад. Рая (а гэта была мая мама), застаўшыся з Алачкай і сваімі малымі, думала, што сястра ўсё ж паспела заскочыць у адыходзячы састаў і зараз з'явіцца, але Асі не было. Не ведаючы, што рабіць, яна выйшла на першай жа станцыі і на пероне стала прасіць пасажыраў сустрэчных цягнікоў, каб яны, убачыўшы жанчыну ў чырвонай кофтачцы па імені Ася, сказалі ёй, што на гэтай станцыі яе чакае Рая.

У такім вось трывожным чаканні яна правяла некалькі дзён, і сёстрам зноў пашанцавала — хтосьці з пасажыраў перадаў Асі словы Раі, яны сустрэліся і ўжо разам дабраліся да Чэлябінскай вобласці, дзе іх чакала ўся сям'я.

...У ліпені 1941-га фашысцкая армія з захаду падышла да Магілёва, маючы намер узяць яго адразу, але так не атрымалася: горад пасля гераічнай трохтыднёвай абароны, змучаны і абяскроўлены ўрэшце паў, але не скарыўся. Частка яго абаронцаў, прарваўшы варожае акружэнне і прайшоўшы з баямі па тылах праціўніка, выйшла за лінію фронту. Другая частка, сярод якіх былі апалчэнцы, стала партызанамі. Актыўна змагаліся з ворагам і падпольшчыкі.

...Маці ў час эвакуацыі не пераставала шукаць бацьку, пра якога з пачатку вайны не ведала нічога. На яе запыты камандаванне Чырвонай Арміі адказвала, што ў спісах ён не значыцца. І тады хтосьці параіў напісаць ліст у Маскву, у Цэнтральны штаб партызанскага руху. Якая ж была радасць, калі прыйшоў адказ, дзе паведамлялася, што Мацвей Сахрай знаходзіцца ў партызанскім атрадзе, які дыслацыруецца на тэрыторыі Беларускай ССР... Там жа быў пазначаны адрас.

Можна ўявіць і пачуцці бацькі, калі ў канцы 1943-га ў іх атрад прыляцеў самалёт з Вялікай зямлі і яму ўручылі пісьмо ад мамы.

Так яны знайшлі адно аднаго, каб сустрэцца ўжо ў вызваленым Магілёве і ніколі больш не расставацца.

...Больш за 75 гадоў мінула з той пары, як адгрымелі пераможныя залпы гармат, але падзеі мінулай вайны не могуць быць забытыя. Яны жывуць ва ўдзячнай памяці нашчадкаў.

Генадзь Сахрай, гісторык


Атрад асобага прызначэння

...Першыя парасткі мастацкай творчасці беларускіх партызанаў з'явіліся ў тым жа 1941-м. Спачатку гэта было жаданне разам паслухаць даваенныя песні ды вершы, паспяваць каля вогнішчаў, а потым…

Гру­па ўдзель­ні­каў Ві­лей­ска­га агі­тат­ра­да імя М. Гор­ка­га. Край­ні спра­ва — Аляк­сандр Ні­ка­ла­еў, пе­рад ім — Ко­ля Ва­ла­се­віч.

Амаль у кожным атрадзе знайшліся свае самадзейныя артысты: на лясных палянах у свабодны час пачыналіся імправізаваныя канцэрты. Да іх далучаліся гледачы.

У І942—І944 гадах партызанскія мастацкія калектывы сталі паўсюднай з'явай. Найбольшая іх колькасць была створана ў цэнтральных і ўсходніх рэгіёнах Беларусі. Там шырокую вядомасць атрымалі калектывы 1-й, 2-й і 3-й Мінскіх партызанскіх брыгад, імя газеты «Праўда», «Полымя», «Разгром»... Як адзначаў прафесар Адам Залескі, мастацкая самадзейнасць існавала ў кожнай партызанскай брыгадзе. І не дзіва, што ў пачатку 1944-га ў Вілейскай вобласці па ініцыятыве П. М. Машэрава быў створаны агітатрад.

Камандаваннем былі вызначаны яго мэта і структура, «прапісаны» патрабаванні да зместу выступленняў, якія павінны былі натхняць партызанаў і насельніцтва на барацьбу з нямецкімі акупантамі, высмейваць фашыстаў ды іх памагатых, умацоўваць веру ў перамогу.

Камандзірам агітатрада быў назначаны капітан Уладзімір Ціханаў, камісарам і мастацкім кіраўніком — Аляксандр Нікалаеў, начальнікам штаба — Фёдар Ягадзінскі. Першы з іх добра спяваў ды іграў на гітары, другі — вучыўся ў Арэнбургскім музычным вучылішчы, трэці — удзельнічаў у тэатральных гуртках.

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца дзённік канцэртнай дзейнасці агітатрада. У ім пазначаны даты і месцы выступленняў, колькасць гледачоў. Вось характэрныя запісы: «2І.V.44 года. Праведзены канцэрт на свяце, прысвечаным баявой дзейнасці партызанскіх атрадаў імя Пархоменкі і «Знішчальнік». Прысутнічалі партызаны і насельніцтва з вёсак Шляпы, Макарычы і іншых. Усяго больш за 800 чалавек». Ці яшчэ: «4.VІ.44 года. Канцэрт адбыўся на вуліцы вёскі Іжы. Прысутнічала каля тысячы чалавек. Гледачы сардэчна дзякавалі ўдзельнікам ансамбля».

Не заставаліся без увагі партызанскіх артыстаў і вёскі ў глыбінцы: куды не мог адправіцца ўвесь агітатрад — адпраўлялася яго частка. Кіраўнікі ансамбля ўспаміналі, як камсамольцы Эма Громава, Міхаіл Захараў, Зоя Пярвушына, Мікалай Кісялёў ды іншыя, нагрузіўшыся свежымі зводкамі Саўінфармбюро, лістоўкамі, плакатамі-карыкатурамі, захапіўшы з сабою баян, ехалі ў далёкія вёскі, жыхары якіх з захапленнем слухалі кожнае слова выступоўцаў, засыпалі іх пытаннямі і доўга не адпускалі артыстаў... Яшчэ і таму, што сярод іх былі не толькі беларусы, але і грузіны, палякі, рускія, украінцы, яўрэі. Яны неслі гледачам шматнацыянальную культуру народаў, згуртоўвалі людзей у адзіную сям'ю.

Шырокае распаўсюджанне атрымалі і партызанскія сатырычныя плакаты, на вастрыё якіх траплялі «непераможныя» фашысцкія ваякі ды іх хаўруснікі.

Камандаванне суседніх партызанскіх брыгад і атрадаў, мясцовыя жыхары наперабой запрашалі артыстаў, з нецярпеннем чакалі канцэртаў. Вельмі цёпла ўспрымалі гледачы выступленні цымбаліста ды скрыпача Ф. Гентафта і падлетка Колі Валасевіча. Хлапчук у чырвонаармейскай пілотцы з чырвонай зорачкай спяваў складзеную ў атрадзе песню «Товарищи, вперёд, нас Родина зовёт», а таксама выконваў рускія і беларускія народныя творы.

Агітатрад імя Горкага быў самым вялікім калектывам партызанскай мастацкай самадзейнасці — каля 70 чалавек. За перыяд сваёй дзейнасці яны далі 150 канцэртаў, на якіх пабывала каля 80 тысяч чалавек.

Калектыў удзельнічаў у абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзным аглядах самадзейнай мастацкай творчасці. Пасля вызвалення Беларусі быў рэарганізаваны ў прафесійны калектыў — ансамбль песні і танца, на афішах якога яшчэ доўгі час значыліся словы «Партызанскі ансамбль».

Аляксандр Пацыенка, г. Мінск


«Той жах у душы і да сёння...»

Як ёсць, так ёсць: маё свядомае ўступленне ў жыццё пачалося не з вясёлых дзіцячых забаў, а з разрываў бомбаў і свісту куль, якія ляцелі з роднага неба.

Жылі мы тады ў невялічкай вёсачцы Вараціхава, што за нейкіх дзесяць—пятнаццаць кіламетраў ад Смаленска. Мне ішоў пяты гадок. Немцы пачыналі бамбіць горад. Першыя іх самалёты з чорнымі крыжамі праляталі блізка, над нашай новай двухпавярховай школай. Тры зеніткі, якія стаялі за ёй, адкрылі агонь, што ворагам, вядома ж, не спадабалася, і таму пасля чарговага іх налёту ні ад зенітнай батарэі, ні ад самой школы, якую не паспелі нават адкрыць, амаль нічога не засталося...

Нас з малодшым братам тая бамбёжка заспела ў вялікім цэбры паблізу дома. Унутр яго з дапамогай падстаўкі мы яшчэ неяк залезлі, а вось вылезці ўжо не маглі. Да ўсяго наш плач заглушалі самалёты...

На шчасце, мама ўсё ж пачула нас, выручыла з «засады», а ўжо ў зямлянку (іх выкапалі ўсе напярэдадні) мы ляцелі, як тыя бомбы — галовамі ўніз, не чуючы пад нагамі прыступак...

Шмат гадоў пасля я прачытаў у земляка Аляксандра Твардоўскага:

...И какой ты вдруг покорный

На груди лежишь земной,

Заслонясь от смерти чёрной

Только собственной спиной.

Паэт пісаў так пра байца, пра дарослага чалавека. А як было нам, малым?

У вачах і да сёння палаючы Смаленск. Горад гарэў, як велізарнае вогнішча. Днём яго зацягваў чорны дым, ноччу ўздымалася ярка-рыжае зарыва. Яго водбліскі людзі бачылі за 40—50 кіламетраў!

— На Маскву пайшлі,— шапталі вясковыя бабулі ўслед варожым самалётам. — Страшэнная сіла... Хіба такую спыніш?

Дзякаваць богу, спынілі: знайшлося каму...

Семдзесят шэсць гадоў мы жывём пад мірным небам, і наш агульны абавязак помніць тых, хто адстаяў яго, хто цаною свайго жыцця зрабіў чалавецтву бясцэнны дар — раздавіў фашысцкую гадзіну.

Леанід Емяльянаў, г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».