Вы тут

Арцём і Таццяна Басалаі з дзяцінства хацелі служыць у міліцыі


Здаецца, што ў летні перыяд, калі большасць мінчан з'язджае з горада, работы ў Дзяржаўнай аўтаінспекцыі павінна быць менш. Удзельнікаў дарожнага руху, сапраўды, не так шмат, але ці аблягчае гэта работу дарожнай міліцыі?! Летам ёсць свае нюансы: на дарогах часцей з'яўляюцца дзеці (многія, на жаль, без суправаджэння дарослых), па праспектах і вуліцах рэгулярна ганяюць матацыклісты, а апошнім часам тут трывала «прапісаліся» яшчэ і самакатчыкі…


Каб на свае вочы пераканацца ў тым, што цяпер у супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі — гарачая пара, карэспандэнты «Звязды» выехалі з імі на дзяжурства. Наша патруляванне адбываецца ў самым вялікім раёне сталіцы — Фрунзенскім. Таму работы аўтаінспектарам хапае.

Не здрадзілі мэце

Разам з камандзірам узвода дарожна-патрульнай службы Дзяржаўтаінспекцыі Фрунзенскага РУУС сталіцы Арцёмам Басалаем мы едзем па гарадскіх вуліцах. Ніякіх парушэнняў правілаў дарожнага руху пакуль не заўважаем. Ёсць час пазнаёміцца.

Арцём Басалай нарадзіўся ў вёсцы Стайкі Івацэвіцкага раёна. Вясковы хлопец з дзяцінства марыў быць міліцыянерам. Пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, ужо будучы дыпламаваным інжынерам лясной гаспадаркі, у чэрвені 2014 года малады чалавек прыйшоў у міліцыю. Паўгадавое навучанне ў вучэбным цэнтры Міністэрства ўнутраных спраў — і Арцём Басалай атрымаў доўгачаканыя лейтэнанцкія пагоны. Ён адразу трапіў у Дзяржаўтаінспекцыю. Пазней ажыццявілася і даўняя задумка — інспектар паспяхова скончыў Акадэмію МУС.

Дарэчы, мала хто ведае, што на выбар прафесіі Арцёма Басалая паўплывала не толькі дзіцячая мара, а і жонка. Таццяна Басалай таксама служыць у міліцыі. Спачатку працавала тут як грамадзянская асоба, потым атэставалася, цяпер яна — прапаршчык міліцыі. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, яна больш ні ў якай прафесіі сябе не ўяўляла, таму паступова набліжалася да сваёй мэты. І калі перад мужам стаяў выбар — ісці ў міліцыю ці не — адназначна настаяла на першым, бо і сябе без гэтай прафесіі ўжо не ўяўляла.

Цікавы факт: Арцём і Таццяна — родам з адной вёскі, нават вучыліся ў адным класе. Мала таго, што столькі часу яны заставаліся верныя адно аднаму, ды яшчэ і прафесію выбралі адну на дваіх.

Галоўнае — не дапусціць правапарушэння

Як на ліха (для мяне як рэпарцёра) і на шчасце, на дарогах, па якіх мы едзем з капітанам міліцыі Арцёмам Басалаем, — ціха і спакойна. Камандзір узвода дарожна-патрульнай службы расказвае, што парушэнні правілаў дарожнага руху апошнім часам у асноўным звязаныя з невыкананнем хуткаснага рэжыму кіроўцамі і непрытрымліваннем імі дыстанцыі паміж транспартнымі сродкамі. Пешаходы ж грэбуюць пераходамі, святлафорамі і перасякаюць праезную частку ў непрызначаных для гэтага месцах.

— Многія, і кіроўцы, і пешаходы, думаюць, што задача інспектараў дарожна-патрульнай службы — выключна пакараць удзельнікаў дарожнага руху: ці штрафам, ці больш сур'ёзнай адказнасцю, — гаворыць Арцём Басалай. — Аднак мала хто задумваецца, што ў першую чаргу мы працуем на прафілактыку: наша галоўная задача — не дапусціць правапарушэння.

Не ўсе ведаюць, што калі нешта (несур'ёзнае, вядома!) здараецца ў кіроўцы ці ў пасажыра ўпершыню, праваахоўнікі абмяжоўваюцца папярэджаннем. Безумоўна, гэта фіксуецца, таму разлічваць на рэгулярныя патуранні з боку супрацоўнікаў ДАІ не варта. Папярэджанне даецца для таго, каб чалавек у будучыні не здзяйсняў падобных правапарушэнняў.

На прафілактыку працуюць і шматлікія акцыі, якія рэгулярна праводзяцца Дзяржаўтаінспекцыяй. Тымі днямі, напрыклад, калі мы «дзяжурылі» разам з Арцёмам Басалаем, праходзіла акцыя «Таксі». Супрацоўнікамі ДАІ быў узмоцнены кантроль за выкананнем правілаў дарожнага руху кіроўцамі, якія дзеля свайго заробку выкарыстоўваюць сродкі электрасувязі і інтэрнэт.

— Павышаная ўвага да кіроўцаў дадзеных сэрвісаў звязаная ў першую чаргу з тым, што апошнім часам фіксуецца вялікая колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам таксі, — тлумачыць капітан міліцыі. — Яны звязаныя як з праездам на забараняльны сігнал святлафора, так і з грэбаваннем правілаў дарожных знакаў і разметкі. Акрамя таго, пачасціліся выпадкі ўдзелу ў дарожным руху таксістаў у нецвярозым стане.

А тым часам мы спыняемся каля аднаго з аўтамабіляў таксі. Інспектар дарожна-патрульнай службы просіць кіроўцу паказаць дакументы. Праверыўшы іх і адзначыўшы, што ўсё ў парадку, Арцём Басалай нагадвае таксісту аб элементарнай культуры паводзін на дарозе. Пасля прафілактычнай гутаркі мы працягваем сваё дзяжурства.

У любым ДТЗ вінаватыя абодва

Праязджаем каля аднаго з аўтамабіляў, кіроўца якога размаўляе па тэлефоне. Інспектар падае спецыяльны сігнал — жанчына спыняе размову.

— Сучасныя тэхналогіі, у прыватнасці ўсялякія гаджэты, аказалі свой негатыўны ўплыў і на дарожны рух, — адзначае Арцём Басалай. — Якой колькасці аварый можна было б пазбегнуць, калі б кіроўцы аўтамабіляў не карысталіся гаджэтамі за рулём. Прычым гэта датычыцца і пешаходаў, якія не адрываюцца ад сваіх смартфонаў, нават калі пераходзяць дарогу альбо надзенуць навушнікі і ідуць, быццам навокал нікога няма. Аднак не трэба забываць — у любым дарожна-транспартным здарэнні вінаватыя два ўдзельнікі: адзін — больш, другі — менш.

Яшчэ адна праблема, якая найбольш актуальная ў летні перыяд, — дзеці на дарогах. І колькі б інспектары ні прыходзілі ў школы і ні тлумачылі, як сябе паводзіць на праезнай частцы, з году ў год сітуацыя застаецца напружанай. І як паказвае практыка, у дарожна-транспартныя здарэнні дзеці ў асноўным трапляюць тады, калі побач з імі няма бацькоў. Праваахоўнікі лічаць, што прыйшоў час удасканаліць заканадаўства і ў адносінах да веласіпедыстаў, самакатчыкаў, гіраскутарыстаў і тых, хто ездзіць на манаколах — на жаль, яны таксама рэгулярна становяцца ўдзельнікамі ДТЗ.

Тэлефануючы, людзі разлічваюць на дапамогу

Як кіроўцу, мяне зацікавіла, хто часцей становіцца віноўнікам дарожна-транспартнага здарэння: мужчыны ці жанчыны? «На гендарную прыкмету ўдзельнікаў ДТЗ сёння не варта звяртаць увагі, — лічыць супрацоўнік Дзяржаўтаінспекцыі. — З вопыту скажу, што мужчыны-кіроўцы больш манеўраныя ў дарожным руху. Жанчыны ездзяць больш спакойна, аднак у іх менш хуткая рэакцыя».

З апошнім, дарэчы, жонка камандзіра ўзвода дарожна-патрульнай службы Дзяржаўтаінспекцыі Фрунзенскага РАУС можа паспрачацца. Яна як ніхто ведае, што часам хуткая рэакцыя чалавека можа выратаваць не адно жыццё. Таццяна Басалай працуе ў службе міліцыі 102. Гэта ў тым ліку яе голас мы чуем, калі набіраем адпаведны нумар.

— Калі да нас тэлефануе чалавек, часцей за ўсё ён чакае дапамогі, — гаворыць прапаршчык міліцыі. — Менавіта з аператыўна-дзяжурнай службы ўсё пачынаецца. Ад нашых дзеянняў многае залежыць: сабраўшы ўсю неабходную інфармацыю ад таго, хто патэлефанаваў, мы павінны як мага хутчэй зрэагаваць і максімум на працягу дзвюх хвілін накіраваць звесткі ў тое падраздзяленне міліцыі альбо ў іншыя структуры, у кампетэнцыі якіх дапамагчы чалавеку. А яшчэ важна наладзіць кантакт з тым, хто патэлефанаваў. Часта трэба быць тонкім псіхолагам. Работа ў нас вельмі адказная.

А неадказных людзей у міліцыі, напэўна, не існуе. І тое датычыцца не толькі прафесійных абавязкаў супрацоўнікаў МУС. Як правіла, гэта ў прынцыпе неабыякавыя людзі. Арцём Басалай, напрыклад, — актыўны донар крыві. Яшчэ са студэнцкай лаўкі раз на два месяцы інспектар дарожна-патрульнай службы здае кроў. Між іншым, яму не хапае ўсяго дзвюх кроваздач да звання ганаровага донара.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Адна мара на дваіх

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».