Вы тут

Настасся Талай-Франкава: Я адчуваю, што я моцная. Гісторыя кахання і барацьбы — з першых вуснаў


Аляксей Талай даўно стаў героем навін і журналісцкіх матэрыялаў.


Матывацыйны спікер, бізнесмен, член Канстытуцыйнай камісіі, галава сям'і, бацька чатырох дзяцей, спартсмен-параалімпіец не стамляецца даваць інтэрв'ю і, здаецца, расказаў публіцы ўсё. Чаго нельга сказаць пра яго жонку — Настассю.

— Пакуль мая асноўная дзейнасць — гэта дом і сям'я. Мне 31 год, і я яшчэ шукаю сябе, мабыць, таму што спачатку быў адзін дэкрэтны адпачынак, потым другі, і я не атрымала пэўнага кар'ернага росту. Але ў мяне ёсць заняткі, якія не дазваляюць патануць у быце. Зараз я праводжу кансультацыю па грудным выкормліванні. Паступіла ў БДУФК на спецыяльнасць «Фізічная рэабілітацыя» і ў будучыні планую працаваць у гэтым кірунку, — расказвае Настасся.

 «Я была ў такой эйфарыі, што мяне нічога не палохала»

— З Аляксеем мы пазнаёміліся ў сацыяльных сетках. Мне здаецца, сёння там лёгка можна знайсці свайго чалавека. Цяпер мужчыны сталі нейкімі нясмелымі, сарамлівымі, і знаёміцца такім чынам ім прасцей. Я на нейкім энергетычным узроўні адчуваю людзей, разумею, мой гэта чалавек ці не, нават на адлегласці. У нас з Аляксеем ад першага паведамлення да першай сустрэчы прайшло пяць месяцаў. Гэта былі пяць месяцаў пастаянных перапісак. Памятаю, кожны ранак уставала, уключала камп'ютар і чакала пажадання добрай раніцы. Аляксей тады быў у ЗША, і калі паведамленне не прыходзіла своечасова, я пачынала нервавацца, перажываць. Наша збліжэнне адбывалася поўнасцю праз перапіску. Калі б я проста ішла па вуліцы, і ён прапанаваў пазнаёміцца, я, магчыма б, і не стала. У нас у грамадстве неяк заведзена, што чалавек на калясцы «нейкі не такі».

Мяне нестандартнасць Аляксея ніколі не палохала. Калі я аб гэтым даведалася, то ўжо была ў такой эйфарыі, што мяне нічога не спыняла. У сацыяльных сетках у яго былі толькі партрэтныя фота. Ну, я падумала, што проста чалавек так фатаграфуецца. Былі і фота з дзецьмі — ён шмат мне пра іх расказваў. А я чамусьці вырашыла, што ён сам выхоўвае дзяцей. Потым высветлілася, што хлопчыкі жывуць з мамай, але Аляксей праводзіць з імі шмат часу. І мне вельмі хацелася з ім убачыцца і зразумець, што будзе далей. А ён жа быў у Амерыцы, і прыйшлося пяць месяцаў чакаць. І калі сустрэліся, то ён аказаўся такі харызматычны, што мяне ўжо нічога не магло спыніць.

«Мама перажывала, што скажуць людзі»

— Калі ў нас пачаліся адносіны, я сустрэла вялікае непаразуменне ў грамадстве. Гэта было ці не самае страшнае, што я перажыла. Мама істэрыла, стаяла на каленях і прасіла, каб я не рабіла глупства. А потым сказала збіраць рэчы і ісці жыць да яго: маўляў, каб я зразумела, як гэта, і вярнулася. Маме вельмі не падабалася, што людзі пытаюцца, з якім гэта інвалідам яе дачка ходзіць? У нашай сям'і заўсёды было вельмі важна, што скажуць людзі. А людзі не маглі зразумець, што ў нас можа быць каханне, раман. Казалі, што я ў яго сядзелка, што гэта ўсё проста для карцінкі, што я з ім толькі дзеля грошай. А потым я зацяжарыла, і мама супакоілася, прыняла сітуацыю. Зараз у іх з Аляксеем нармальныя адносіны, але ўсё роўна ёсць нейкая недагаворанасць. Зразумела, што маё сямейнае жыццё не зусім такое, як у астатніх жанчын. І мама часам можа мне нагадаць, што я сама гэта выбрала.

Сяброўкі таксама мне казалі, што я раблю глупства. І мне нават не хацелася мець зносіны з сябрамі, бо ўсе яны паўтаралі толькі адно. Але я камунікабельная, знайшла людзей, якія мяне зразумелі і падтрымалі. Кола зносін вельмі змянялася. Але нават цяпер сустракаюцца людзі з рэакцыяй тыпу «а як такое магчыма?».

Што мне тады дапамагло не зламацца? Каханне. Я была такая закаханая і адчувала, што раблю так, як мне падказвае сэрца. Як гэта магчыма — адмовіцца ад таго, чаго я жадаю? Я не магла адмовіцца ад сваіх пачуццяў. Гэта быў сур'ёзны крок, але каханне дапамагло яго зрабіць.

«Нам абодвум трэба ісці наперад»

— Некалькі гадоў таму, калі Аляксей пачаў спартыўную кар'еру, мы пераехалі з Оршы ў Мінск. У нас тады была маленькая Даша, і я была цяжарная сынам. Многія здзіўляюцца, што я такая рашучая. А я проста вырашыла, што хачу памяняць жыццё, што нам патрэбны перспектывы. Нават калі мы жылі ў Оршы, нам ніхто не дапамагаў. Мы вырашылі, што і ў Мінску справімся сваімі сіламі. Нам абодвум пастаянна хочацца большага, трэба ісці наперад. А ў Оршы мы нібыта спыніліся на адным месцы. І ўсё добра склалася, нават заўважылі знакі лёсу і так вось адважна пераехалі. Канешне, было нялёгка. Спакушалі думкі, ці не вярнуцца назад: у Оршы ж усё-такі родзічы. Здаралася, што не было з кім пакінуць дзіця. Вырашылі браць няню, але мне ніхто не падабаўся, я не разумела, як пакідаць дзіця з чужым чалавекам. І выпадкова мы пазнаёміліся на вуліцы з цудоўнай няняй, якая мне спадабалася.

Калі мы жылі ў Оршы, Аляксея ўжо запрашалі на некалькі збораў у Мінск. І ён жыў там адзін, а я заставалася ў Оршы. А пасля пераезду мы сабраліся ўсе разам. Побач басейн, усё зручна. Вядома, я яго падтрымала, не пабаялася цяжкасцяў.

«Жанчынам неабходна адпачываць»

— Увесь наш быт ляжыць на маіх плячах. Калі Яраслаў быў зусім маленькі, я поўнасцю ім займалася, а Аляксей дапамагаў са старэйшай дачкой. Цяпер, калі сын падрос, то муж выходзіць з дзецьмі на вуліцу ці можа застацца з імі дома. Але нават калі дзеці былі зусім малымі, мы знаходзілі выйсце. Я клала малога ў каляску, Аляксей жа акуратна яго калыхаў, глядзеў за ім. Мы стараемся часцей адпачываць, кудысьці выходзіць, напрыклад павячэраць недзе ў горадзе, каб я вечарам не гатавала. Мы не фанацеем па парадку ў кватэры. Дзеці раскідалі цацкі — вечарам разам з імі прыбяром.

Калі я разумею, што стамляюся ад быту, што падступае выгаранне, я пераключаюся. Рыхтавалася да цэнтралізаванага тэсціравання, паступіла ва ўніверсітэт, абавязкова займаюся сабой, хаджу ў трэнажорны зал. Мамам неабходна праводзіць час без дзяцей, траціць яго на сябе. Нічога страшнага, калі адзін дзень дзіця паесць макарону з сасіскамі, а мама сходзіць на трэніроўку. Тым больш што нашы дзеці ўжо падраслі, і Аляксей можа спакойна застацца з імі адзін.

Мой галоўны прынцып як маці — прыслухоўвацца да дзяцей. Людзі старэйшага пакалення кажуць, што такім чынам можа распесціць дзіця. Але я лічу, што трэба слухаць малых, улічваць іх пажаданні і характары, у межах разумнага, канешне. І важна знаходзіць з імі кампраміс, а не сварыцца. Мая мама часам дзівіцца, чаму дзеці не могуць уседзець на месцы. А чаму дзеці павінны сядзець на месцы? У іх павінна быць свая прастора, іх трэба чуць, каб вырасціць упэўненага ў сабе чалавека.

Наша Даша захапляецца танцамі. Пэўны час займалася спортам, але гэта не для яе характару, а мы і не прымушаем. Яраслаў у свае чатыры гады вельмі добра трымае ўдар, яны часам з татам, гуляючы, баксіруюць. Магчыма, аддадзім яго ў адпаведную секцыю. А яшчэ ён захапляецца ўсім ваенным — тэхнікай, формай, салдатамі, нават ваенныя песні любіць. Можа, гэта дзіцячае захапленне і вырасце ў нешта сур'ёзнае. Дзяцей трэба чуць. У мяне цудоўныя адносіны са старэйшымі сынамі Аляксея, мы адразу пасябравалі. Да дэкрэту я працавала зубным фельчарам, лячыла зубы нават дзецям. І пасля прыезду з Амерыкі Аляксей прывёў хлопчыкаў да мяне на прыём. Калі жылі ў Оршы, яны часта да нас прыязджалі. Цяпер, на жаль, прыязджаюць радзей.

«Як інь і ян»

На мой погляд, самае цяжкае ў сямейным жыцці — гэта саступаць адно аднаму. Мы з Аляксеем зусім розныя, як інь і ян. Я падтрымліваю і дапаўняю яго, ён — мяне. Без яго я ўжо не той чалавек. І яму варта ў мяне павучыцца пэўнай мяккасці. Саступаць і прыслухоўвацца адно да аднаго вельмі важна. Канешне, як і ў любой сям'і, у нас бываюць канфлікты. Асабліва шмат іх здаралася падчас каранавіруса, калі мы суткамі сядзелі дома. Гэта было цяжка.

У чэрвені ў нас была гадавіна — 10 гадоў, як мы разам. За гэты час я многаму навучылася, вельмі змянілася. Раней я была няўпэўненая, маўклівая і нават лянівая. Але побач з моцным чалавекам многаму вучышся, цягнешся за ім.

«Ёсць што расказаць людзям»

— Як ні дзіўна, але я ніколі не слухаю выступленні мужа, я нават не прысутнічала ні на адным з яго трэнінгаў. Аляксей гэтага не любіць. Ён сказаў, што будзе саромецца выступаць, калі я раптам захачу паслухаць. Ён не абмяркоўвае са мной сваё выступленне. Максімум можа расказаць, як усё прайшло, ужо пасля. А так я не ўмешваюся, гэта яго асабістая прастора перад тысячамі людзей. Калі мне становіцца цяжка, то я прашу, каб ён правёў са мной асабісты трэнінг. Мы размаўляем, і становіцца лягчэй. Магчыма, у будучыні я сама стану спікерам. Мне ёсць што расказаць людзям і чым з імі падзяліцца. Але гэта пакуль толькі думкі.

А вось спаборніцтвы Аляксея, я, канешне, гляджу. Спадзяюся, што ў будучыні змагу яго суправаджаць на турнірах. Дзяцей ужо можна спакойна пакідаць у бабуль. А мы хочам, каб я магла ездзіць разам з мужам.

«Я існую і асобна ад яго»

— Лічыцца, што за кожным вялікім мужчынам стаіць вялікая жанчына. Не магу сказаць, так гэта ці не. У мяне доўгі час была нізкая самаацэнка, таму я хутчэй з гэтым не пагаджуся. Але нешта ўва мне ёсць, напэўна. Я з дзяцінства адчувала сябе не такой, як усе, мне не падабалася тое, што падабалася ўсім, — ад музыкі да адзення. Інтарэсы былі іншыя. У нас нават вяселле было нестандартнае. Проста распісаліся і пайшлі з сябрамі ў кафэ. Нават пярсцёнкамі не абменьваліся. Тады я не знайшла пярсцёнка, які б мне спадабаўся. Ды я была цяжарная, пальцы ацякалі.

Зараз я адчуваю, што я моцная. Раней я гэтага не адчувала, а цяпер зразумела. Не кожная жанчына вытрымала б такі лад жыцця, пры гэтым маючы свае інтарэсы і радуючыся жыццю. Я існую і асобна ад мужа, у мяне ёсць свае справы, свае захапленні.

Аляксей і да сустрэчы са мной нядрэнна жыў. Памятаю, быў момант, калі яму трэба было на некалькі месяцаў з'ехаць у Амерыку і пакінуць мяне, цяжарную, дома. І ён не паехаў, каб быць побач, назіраць, як праходзіць цяжарнасць.

Магчыма, калі б не я, у яго не было б такой матывацыі. Я настаяла, каб ён кінуў курыць, прапанавала правільна харчавацца. Ён таксама многаму мяне навучыў. Жанчына вельмі шмат дае свайму мужчыну, і ў кожнай сям'і вельмі многае залежыць ад жанчыны.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: «Я адчуваю, што я моцная»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.