Вы тут

Як у Беларусі выконваецца праграма «Сям'я кожнаму дзіцяці»


...Рома нарадзіўся ў лютым 2020-га. Мама адмовілася ад хлопчыка, і ён трапіў у Гомельскі абласны дом дзіцяці. Немаўля, якое па дакументах з'яўлялася грамадзянінам Украіны, у Беларусі чакаў лёс, наканаваны кожнаму іншаземнаму «адмоўніку»: дэпартацыя на радзіму ці жыццё ў беларускіх інтэрнатах да паўналецця. Апошняе адбылося, калі б украінскія органы ўлады не далі дазволу на ўладкаванне Ромы ў сям'ю на тэрыторыі Беларусі. Работнікі Гомельскага дома дзіцяці знайшлі спачатку бабулю хлопчыка і спадзяваліся, што яна аформіць над унукам апеку. Пасля адшукалі і біялагічную маці і доўга працавалі з ёй... У выніку праз год яна прыехала па сына і забрала паперу на адмову ад Ромы.


Гэта гісторыя, што выклікае шчымлівыя пачуцці, — канкрэтны прыклад работы, якой можна ганарыцца, лічаць у Міжнародным дабрачынным аб'яднанні «Дапаможам дзецям разам». У партнёрстве з ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі яно рэалізоўвае на Гомельшчыне праграму «Сям'я кожнаму дзіцяці», у межах якой здзяйсняецца праект «Прафілактыка інстытуалізацыі (дэінстытуалізацыі) дзяцей ранняга ўзросту на аснове ўкаранення індывідуальна-арыентаванай тэхналогіі вядзення выпадку». Вынікі праекта падвялі нядаўна на канферэнцыі ў Гомелі.

За год работы праграмы колькасць малых у Гомельскім абласным доме дзіцяці зменшылася на 35 %. Цяпер тут выхоўваецца 31 непаўналетні, 14 з якіх — паліятыўныя (ім неабходны пастаянны медыцынскі догляд). Менш стала трапляць у інтэрнаты і новых малых. З 61 дзіцяці-сіраты да чатырох гадоў, якія засталіся без апекі бацькоў, 41 уладкаваны ў замяшчальныя сем'і, у тым ліку на ўсынаўленне, у прыёмныя сем'і і дамы сямейнага тыпу.

Павысілася эфектыўнасць работы з сем'ямі, якія знаходзяцца ў цяжкім жыццёвым становішчы. Толькі 31 дзіця з 336 малых да чатырох гадоў, якія знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, было забрана ад біялагічных бацькоў. Вырасла таксама колькасць ахвотных стаць замяшчальнымі бацькамі. Створана 11 новых сем'яў-усынавіцеляў, 20 новых апякунскіх сем'яў.

«Мы шукаем не дзіця для сям'і, а сям'ю для дзіцяці» — гэта асноўны пастулат, згодна з якім і будуецца работа па тэхналогіі вядзення выпадку. Гэта тэхналогія сацыяльнай работы з дакладнай праблемнай сітуацыяй, і работа вядзецца для яе вырашэння, удакладніла Наталля САМОЙЛІК, выканаўчы дырэктар Міжнароднага дабрачыннага аб'яднання «Дапаможам дзецям разам»:

— Тэхналогія вядзення выпадку стварыла адзіны падыход і ўпарадкавала сістэму работы спецыялістаў розных ведамстваў адпаведна з міжнароднымі стандартамі. Яна забяспечыла інструментарый, які дапамог сфарміраваць якасную сістэму прафілактыкі вымання дзяцей з сем'яў.

Даследаванні Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) сведчаць, што кожныя тры месяцы знаходжання малога ў інтэрнаце затрымліваюць яго развіццё на месяц, таму так важна, каб дзеці жылі ў сем'ях: калі не ў родных, то хоць бы ў замяшчальных. З мінулага года асаблівая ўвага аддаецца менавіта сем'ям з дзецьмі ранняга ўзросту — да трох гадоў.

Гэты перыяд — самы спрыяльны час для развіцця чалавека, калі здольнасць засвойваць новае высокая, калі фарміруецца псіхіка і хутка развіваецца мозг. Дзеці ранняга ўзросту — адна з самых уразлівых катэгорый, якія патрабуюць увагі з боку дарослых. Стрэс, эмацыянальны і фізічны гвалт, адсутнасць магчымасці для фарміравання прыхільнасці ў гэты перыяд вядуць да негатыўных наступстваў для фізічнага і псіхаэмацыянальнага стану дзіцяці, патлумачылі ў ЮНІСЕФ.

Сёлета праект, рэалізаваны на Гомельшчыне, намерваюцца распаўсюдзіць і ў Віцебскай вобласці.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Не дзіця для сям'і, а сям'я для дзіцяці

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?