Вы тут

Як навучыць дзіця вымаўляць «р»


Раней за ўсіх загаварыла мая першая дачка — Аляксандра. Некалі я вычытала ў кніжцы, што з дзіцем трэба пастаянна размаўляць, спяваць песенькі і дапамагаць пазнаваць яму свет, і тады яно будзе добра развівацца. Я так і рабіла. Ужо паўтарагадовай яна выдатна размаўляла і самастойна апраналася. У яслях выхавальніцы прыводзілі ў прыклад маю малую, што, натуральна, цешыла бацькоўскае эга. Калі Аляксандры было чатыры гады, да мяне ў госці зайшла знаёмая лагапед — папіць гарбаты. За адным разам яна вырашыла паспрабаваць «паставіць» малой гук «р», які ў яе ніяк не атрымліваўся. Узяла ў мяне ватную палачку, паклікала маю дачку і папрасіла хутка-хутка вымаўляць літару «д», а сама адначасова палачкай прыўзнімала яе язык... І раптам аднекуль узялося «р»! Гэта было захапленне для ўсіх. Спатрэбілася 10 хвілін, каб малая навучылася вымаўляць гэту няпростую літару.


З сынам усё было пазней. Я старалася займацца з ім, як і з першынцам, але не выходзіла ў мяне так гладка. Ну, і з літарай «р» усё было не так проста, як у яго сястры. Спатрэбіліся месяцы заняткаў з лагапедам, каб сын навучыўся «рыкаць». У выніку ў 5 гадоў ён упэўнена выкарыстоўваў «р» у словах.

Трэцяе маё дзіця, Ульяна, заўсёды была шустранькай дзяўчынкай, пасадзіць яе займацца з лагапедам было няпроста. Таму я, узброіўшыся кнігамі па лагапедыі, бегала за дачкой з ватнымі палачкамі... У выніку яна стала нават раней, чым сын, вымаўляць гэты няпросты гук.

Мелання з дзяцінства была падобная на старэйшую Аляксандру, з ёй лёгка дамовіцца, і яна літаральна схоплівае ўсё на ляту. Калі ёй было ўжо амаль пяць, я вырашыла, што прыйшоў час навучыць яе гаварыць «р». Наперадзе было цэлае лета, узяла з сабой на дачу развіццёвыя лагапедычныя кніжачкі і ўзялася, як мне падавалася, за вясёлые гульні па развіцці мовы.

Але нечакана для сябе сустрэла сур'ёзнае супраціўленне. Пасля сняданку мы садзіліся крыху пазаймацца і пачыналі з лагапедычнай гімнастыкі. Але Мелаша не вытрымлівала да канца заняткаў: пачынала капрызіць, адмаўлялася выконваць практыкаванні. Некаторы час я ўсё яшчэ храбрылася і, успамінаючы свой досвед з Ульянай, узброілася ватнай палачкай і пры першай магчымасці спрабавала «завесці маторчык». Мелання нервавалася. Ёй не падабалася мая настойлівасць і спробы засунуць ёй у рот «нясмачную» палачку. Што я толькі ні выдумляла: і заахвочванні, і ўзнагароды, і тэатральна хвалявалася, і перажывала...

Але Мелаша працаваць адмаўлялася і, як мне здавалася, дзівілася майму маніякальнаму жаданню пачуць ад яе «р». У канцы лета я здалася. Спынілася на тым, што проста чытала ёй казкі і рабіла час ад часу з ёй лагапедычныя практыкаванні. Пасля вяртання дадому адправілася ў паліклініку ў надзеі атрымаць накіраванне на заняткі з лагапедам у дзіцячым садку. Спазнілася. Месцы ў лагапедычнай групе людзі занялі яшчэ на пачатку лета, а заняткі з лагапедам былі распісаны ўжо да канца года. Прайшоў амаль год, практыкаванні мы не пакідалі, але рабілі іх нерэгулярна. Я змірылася з тым, што мне не ўдалося самой паставіць усе гукі малой, і цярпліва чакала заняткаў з лагапедам перад школай. Для мяне гэта як ускочыць у апошні вагон: у прынцыпе, можна, але напружанне застаецца.

І раптам перад пачаткам лета здарылася дзіўнае. Забіраю малую з садка, яна мне дорыць малюнак, на якім намаляваны букет кветак, і заяўляе: «Мама, я дару табе РРРРРРРамонкі». Радасці маёй не было мяжы! Пачалося смешнае і дзіўнае: «Мама, а паехалі на тРРРалейбусе», «Глядзі, які тыгРРРР, ён РРРыкае!», «Хочаш, я буду муРРРкаць», «РРРана-РРРана ўсталі тРРРы баРРРаны», «Левай, правай, левай, правай — баРРРабан ужо дзіРРРавы»... Яе «р» заўважалі ўсе: выхавальніцы, суседзі, пасажыры ў транспарце, нават наш тата, які не заўважае ў прынцыпе не вельмі маштабныя падзеі, якія адбываюцца ў сям'і, не змог не звярнуць увагі на муРРРкатанне дачкі. Праз пару тыдняў ён нават занепакоена спытаў: маўляў, можа, гэта ненармальна — такая вось зацыкленасць на літары? На самай справе, як выказаўся наш лагапед, проста прыйшоў час, і малая так замацоўвала сваё новае ўменне. Кожнае дзіця развіваецца ў сваім тэмпе, і не заўсёды развіццё вызначанага навыку залежыць ад старанняў і жадання бацькоў. У гэтай справе галоўнае не забываць заўважаць нават самыя маленькія крокі дзяцей да поспеху і, канешне, дастойна святкаваць іх перамогі.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Зачараванае «р», ці Кожнай перамозе свой час

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».