Вы тут

Выстаўка «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп’ютарнай графікі» праходзіць у Галерэі Міхаіла Савіцкага


Што мы прывыклі ўспрымаць як мастацтва? У чым мастацтва заключаецца найперш — у ідэальнай тэхніцы выканання, у прыгажосці, у арыгінальнай канцэпцыі, у яскравасці аўтарскага стылю? Сучасны тэхналагічны свет заўважна пашырае і магчымасці мастацтва, і яго межы ў вачах саміх творцаў і ва ўспрыманні аўдыторыі.


Dasha Tea Time, 2021 г.

Фатаграфія — гэта мастацтва?

Выяўленчае мастацтва — залежная ад тэхнікі галіна, таму за апошні час уяўленне пра «сапраўднасць» у ім абмяркоўвалася шмат разоў. Ці лічыцца мастаком той, хто працуе не з пэндзлем і палатном, алоўкам і паперай, а малюе на графічным планшэце? Фатаграфія — гэта мастацтва? А апрацоўка фатаграфіі?

Выстаўка «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп’ютарнай графікі», што адкрылася ў Галерэі Міхаіла Савіцкага, змяшчае творы лічбавых мастакоў з усяго свету. «Вы ўбачыце больш за 70 тварэнняў прафесіяналаў з усіх канцоў свету (Бразілія, Вялікабрытанія, Германія, Іспанія, Італія, Кітай, Літва, Польшча, Расія і многія іншыя краіны). Сярод удзельнікаў праекта — Гедымінас Пранкевічус, Адам Марцінакіс, Катрын Вельц-Штайн, Аляксей Андрэеў, Ігар Морскі і многія іншыя ілюстратары.

Маціас Юнг «Ураборас», 2015 г.

Праект прадставіць усе актуальныя кірункі камп’ютарнай графікі: фотаарт (стварэнне сюррэалістычных калажаў на аснове фотаздымкаў), лічбавы жывапіс (карціны, выкананыя пры дапамозе графічнага планшэта), 3D-графіку (трохмерныя лічбавыя «скульптуры»). Вы пераканаецеся, што стварэнне лічбавых твораў патрабуе не толькі віртуознага валодання сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі, але і шматгадовай практыкі, скрупулёзнага адшліфоўвання навыкаў, глыбокіх тэарэтычных ведаў і, вядома ж, бязмежнай фантазіі і невычэрпнага ўяўлення!» — абяцае анонс выстаўкі.

Прамая трансляцыя

Графіка, дзе не заўважныя мазкі, наслаенні фарбаў, дзе мы проста не бачым руху мастака, не бачым цень яго рукі над карцінай. У параўнанні з класічным жывапісам для звычайнага гледача гэта выглядае максімальна рэалістычна. Мы быццам бы назіраем за чыстай думкай, чыстай ідэяй наўпрост у галаве мастака, да ўвасаблення. Лічбавае мастацтва — значна больш дасканалы спосаб трансліраваць думкі ў тым выглядзе, у якім яны з’яўляюцца ў галаве, тут менш улады мае тэхніка рукі, над вынікам менш навісае верагоднасць памылкі, якая непапраўна адлюструецца на творы, нават калі застанецца незаўважнай для гледача. Але немагчыма сказаць, што лічбавы мастак працуе над творам менш, чым звычайны, толькі таму, што ён можа адмяніць недасканалую лінію, быццам яе і не было, і змешвае фарбы на слаях у праграме, а не на палітры. Лічбавы мастак нясе значна большую адказнасць за канцэпцыю, характар свайго твора. Яго твор, каб зацікавіць аўдыторыю, не можа быць проста прыгожым, ён, нават пры ўмове статыкі, павінен расказваць гісторыю.

Карціны, прадстаўленыя на выстаўцы «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп’ютарнай графікі», цяжка назваць статычнымі. Яны ўсе так ці інакш расказваюць гісторыю. Нават абсалютная абстракцыя перадае сваю пакручастую метафарычную ідэю.

Валерыя Фурс «Пяшчота», 2020 г.

Галоўнай тэмай выстаўкі можна назваць прастору. Лічбавыя тэхналогіі даюць нам магчымасць пашыраць прастору ва ўсіх яе праявах: атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі, развіццё фантазіі, крыніцы і спосабы самапраяўлення. Але на карцінах на выстаўцы прастора — у прамым сэнсе. Тут шмат фантастычных пейзажаў прыроднага ландшафту і горада, галоўны матыў на іх — вялізны маштаб, шырокая перспектыва, насычаныя фарбы і сюжэт, які пашырае, працягвае выяўленае ва ўяўленні гледача.

Літаральна яркая асаблівасць лічбавага мастацтва — моцная каларыстыка. Усе колеры насычаныя і правільныя. Нават чорны. Карціны на выстаўцы — сінонім моцнага ўражання. Каляровасць, глыбокая перспектыва, незвычайны, метафарычны, але нескладаны для счытвання сюжэт і часта буйныя памеры. На экспазіцыі прыцягвае ўвагу кожны аўтар. Тут лёгка ўпэўніцца ў тым, што нават у мастака, на чыіх творах не бачна мазкоў, ёсць свой стыль, характар колеравага рашэння, размяшчэння аб’ектаў і, канешне ж, падыходу да канцэпцыі.

Буйны план

Так, аўтары карыстаюцца лічбавымі магчымасцямі, каб адкрыць новыя гарызонты, перанесціся ва ўяўную фантастычную прастору. Але некаторыя дэталі ў мастацтве застаюцца нязменнымі: творцаў дагэтуль хвалюе чалавек. Экспазіцыя атрымалася даволі антрапацэнтрычная, персанажы прысутнічаюць на кожнай другой карціне, але іх чакаюць незвычайныя выпрабаванні. Выпрабаванні новай прасторы. Тут чалавек — гэта вобраз, абстракцыя, лабараторны атрыбут.

Катрын Вельц-Штайн «Спадарыня Мяцеліца», 2010 г.

Мастакі проста карыстаюцца ім як спосабам прымяраць на сябе створаную фантазію. Чалавек — звыклая катэгорыя, і яго змяшчаюць у фантастычныя абставіны як лакмусавую паперку. Чалавек становіцца цэнтральным вобразам і пачынае акумуляваць незвычайнае вакол сябе, пераключаць элементы кампазіцыі і ўвагу чытача. Так у прасторы, складзенай з увогуле знаёмых дэталяў, ствараюцца ці адкрываюцца новыя канцэпты. Элементы рэчаіснасці, якія раней не сутыкаліся, зліваюцца ў адно.

Канешне, змяшчэнне чалавека на такія карціны — таксама і работа з рэакцыяй аўдыторыі. Маштабы і колеры прымушаюць нас захапляцца, а чалавек у кампазіцыі вымагае суперажываць і прымяраць прастору на сябе — так ужо сфарміраванае візуальна ўражанне ўзмацняецца за кошт кантэксту.

Падыход да метафары і вобразнасці, візуальныя і сюжэтныя рашэнні, якія выбірае мастак, натуральна, адрозніваюцца. Лічбавае мастацтва шмат у чым магія канатацыі, гульня з успрыманнем: спачатку счытваеш тое, што выхоплівае твая звычка візуальнага ўспрымання, а потым чытаеш назву карціны.

Аўтары падыходзяць да гэтага парознаму: хтосьці выбудоўвае значэнне для фантазіі пры дапамозе дробных дэталяў, хтосьці візуалізуе пэўнае паняцце настолькі літаральна і падрабязна, што зразумець увесь пласт сэнсаў можна толькі зірнуўшы на назву карціны.

Ігар Салаўёў, Марыя Салаўёва «Шкло», 2010 г.

Асобная частка выстаўкі — экспазіцыя, сабраная з работ і фотапраектаў аўтаркі з Беларусі. Dasha (Дар’я Матросава) у 2020 годзе атрымала абсалютную перамогу ў конкурсе Федэрацыі еўрапейскіх фатографаў, а таксама была прызнана найлепшым прафесійным Еўрапейскім фатографам — 2020. Dasha — першая ва Усходняй Еўропе жанчына-фатограф, удастоеная гэтага ганаровага звання. Яе работы інтрыгуюць у кантэксце антрапацэнтрычнасці асноўнай экспазіцы, бо для яе чалавек у кадры ужо не лабараторны ўзор, а літаральна матэрыял для выяўлення канцэпцыі, стварэння арт-аб’екта.

Яе фатаграфія — гэта своеасаблівае пераасэнсаванне мастацтва. Улічваючы пытанні пра тое, наколькі фотапраекты варта расцэньваць як мастацтва. Dasha стварае арыгінальныя вобразы, пераўтвараючы сваіх мадэляў у сімвалы, чароўныя істоты, халсты. На выстаўцы прадстаўлены фрагменты цыкла, дзе на твар чалавека наносяцца фарбы ў стылі папулярных карцін вядомых мастакоў. Ёсць некалькі твораў, дзе аўтарка шукае новыя канатацыі формы — круга, трохкутніка, квадрата. Працу мастачкі цяжка аднесці да нейкай канкрэтнай галіны, гэта прыклад, калі крэатыўнасць і мастацтва становяцца адным цэлым.

Ігар Морскі «Успаміны», 2006 г.

Ідэя — тое, на чым трымаецца мастацтва. Чым далей яно развіваецца, тым больш відавочна, што спосабаў быць арыгінальным у мастацтве, дзе ўсё прыдумана, але новае працягвае прыдумвацца кожны год, усяго два: або сфармуляваць канцэпцыю і знайсці сродкі яе выявіць, або пераасэнсаваць тэму, апрацаваную іншымі, знайшоўшы новую форму для яе. Лічбавае мастацтва — сінонім пошуку, бо яго з’яўленне дазволіла знаходзіць новыя гарызонты не толькі ў тэхнічных магчымасцях, але і змяніла творчую прастору самім фактам свайго з’яўлення, дало новую глебу для разважанняў пра межы мастацтва, межы вялікага, нязведанага свету і месца чалавека ў ім.

Дар’я СМІРНОВА

Друкуецца у часопісе «Літаратура і мастацтва»

Загаловак у газеце: Наўпрост з галавы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.