Вы тут

Музычны тур у барока ад харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» і салістаў Вялікага тэатра Беларусі


За гадзіну трапіць у барока і прасякнуцца эпохай дзякуючы паглыбленню вакальнаму, танцавальнаму і інструментальнаму, тым самым шматгранна адчуўшы дэталі і фарбы? Унікальную магчымасць падарылі Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» і салісты Вялікага тэатра Беларусі Юрый Гарадзецкі і Алена Золава, а таксама аўтары ідэі народная артыстка Беларусі галоўны балетмайстар «Харошак» Валянціна Гаявая і заслужаны артыст Беларусі мастацкі кіраўнік «Беларускай капэлы» Віктар Скарабагатаў, прадставіўшы ў канцэртнай зале «Мінск» новую праграму «Каханне спрадвеку».


Ансабль «Харошкі» з музычна-харэаграфічнай кампазіцыяй «Танец рамеснікаў».

Інструментам, своеасаблівым білетам, каб трапіць у барока, стаў «Полацкі сшытак» — нацыянальны здабытак музыкі XVII стагоддзя, мастацкі помнік беларускай культуры. Вядомы харэаграфічны спектакль ансамбля «Харошкі» «Па старонках Полацкага сшытка» ўваходзіць у залаты фонд калектыву і з’яўляецца адной з яго візітак. Але гэтым разам ён расквеціўся вакальнымі партыямі, адбылося спалучэнне жанраў — танца, вакалу, інструменталістыкі. Такое мастацкае спляценне спарадзіла феерыю эмоцый.

Алена Золава.

— Калі кампазітар Сяргей Хвашчынскі рабіў для «Харошак» сюіту «Полацкі сшытак», на той момант яго іграў толькі «Кантабіле» — ансамбль старажытнай музыкі Белдзяржфілармоніі, — згадвае Віктар Скарабагатаў. — Калі ж з гэтай ідэяй да мяне прыйшла адміністратар «Харошак» Наталля Надтачаева — выканаць з «Харошкамі» вакальныя п’есы, — я, памятаючы, як гэта рабіў для «Харошак» Хвашчынскі, падумаў, а чаму б і не. Уласна, інструменты ж усе ёсць. Хай чэмбала няма, але калі на цымбалах іграць піцэката, то і будзе тое ж чэмбала (клавесін). Дарэчы, у гэтай праграме гучыць басэтля — не віяланчэль і не кантрабас. А гэта не так часта можна пачуць. Я папрасіў свайго аднакурсніка Косцю Шарава, філарманічнага арганіста і клавесініста, з якім мы шмат выступалі, каб ён зрабіў клавіры гэтых сачыненняў, і ён зрабіў. І, маючы гуказапіс «Кантабіле» ды клавіры, працаваць было нашмат прасцей, плюс яшчэ веданне стылю барока. У «Харошак» да гэтага не было барочнай вакальнай праграмы — толькі танцавальная і інструментальная. Вакальная праграма — безумоўна, пашырэнне гарызонтаў. Мы трапілі ў XVII стагоддзе лёгка і нязмушана.

Салісты ансамбля «Харошкі» Яўгенія Саколікава і Ягор Мельнікаў выконваюць харэаграфічную карцінку ''Закаханы стражнік''.

«Полацкі сшытак» — зборнік барочнай музыкі, створаны ў 1640 годзе, сёння брэнд беларускай музыкі, а гісторыя ў яго надзвычай цікавая.

Юрый Гарадзецкі.

— У 1962 годзе Адам Мальдзіс ездзіў у Ягелонку ў Кракаў шукаць матэрыялы па літаратуры, — расказвае Віктар Скарабагатаў. — І знайшоў цэлы зборнік вершаў сярэдзіны XVII стагоддзя, у тым ліку 55 вершаў на беларускай мове. І там дакладна было ўказана, адкуль, — Орша, Аршанскі сшытак. І ён звярнуў увагу на кнігу: гэта аказаўся ўніяцкі Трэбнік, а ў вокладцы — зацвярдзеласць, быццам там штосьці ёсць. А каб разрэзаць і паглядзець, што ж там, вядома, патрэбна звяртацца па дазвол. Яго калега польскі даследчык Ежы Голас усё давёў да канца. Калі разрэзалі, дасталі паперкі, на якіх... ноты. І Ежы Голас расшыфроўваў іх даволі доўга. У 1970 годзе нарэшце выдаў 120 нумароў. Сярод іх ёсць нават арганная фантазія з прозвішчам аўтара — Жэлягоўскі.

Алена Золава і Юрый Гарадзецкі выконваюць праграму «Каханне спрадвеку».

Аршанскі сшытак, Орша... Куды нас прывядзе? Вядома, да Уладзіміра Караткевіча, які, аказваецца, таксама спрычыніўся да музычнай культуры Беларусі. «Аднойчы, у годзе, пэўна, 1975-м, сядзелі Караткевіч і Мальдзіс на канцэрце «Кантабіле» ў Доме літаратара, — успамінае Віктар Скарабагатаў. — Артысты ігралі Баха, Гендэля. Мне ўжо Мальдзіс расказваў: «Штурхае мяне Караткевіч і пытаецца: “Слухай, Адась, а што, нашы музыканты ў той час нічога не пісалі?” — “Як жа нічога! Я ж прывез з Кракава!” — “А гэтыя хлопцы пра тое ведаюць?” — “Хутчэй за ўсё не”. — “Хадзем да іх”. Скончыўся канцэрт, яны прыходзяць за кулісы, і Караткевіч кажа: “Хлопцы, а вы ведаеце, што нашы музыкі таксама ў той час у шапку не спалі? Вось у Адама ёсць ноты. Вы б сыгралі...” І яны сыгралі. Ды як! З таго часу “Полацкі сшытак” фактычна з’яўляецца брэндам беларускай музыкі XVII стагоддзя».

Кампазіцыя ''Ах, сэрца'' абудзіла трапятлівыя перажыванні.

Гэта засведчылі артысты, прадставіўшы новы ракурс праграмы дзякуючы сумеснаму выступленню з зоркамі Вялікага.

Юрый Гарадзецкі выконвае кампазіцыю «О, дзівосная краса».

— Я вельмі задаволены, — гаворыць саліст Вялікага тэатра Беларусі Юрый Гарадзецкі. — Мы нарэшце злучылі тое, што было напрацавана з нашага боку, і тое, што, аказваецца, ужо даўным-даўно зроблена ў ансамблі «Харошкі». Мы нарэшце зліліся. Тэксты песень з Аршанскага сшытка XVII— XVIIІ стст. актуальныя і цяпер. Сёння мы назіралі тэатр танца ад «Харошак». Камернасць сцэны дала вялікі плюс — інтэрактыў: ты бачыш вочы, зараджаешся. Супрацоўніцтва з «Харошкамі» — выхад у штосьці новае, гэта можна паўтарыць.

— Сённяшні канцэрт — і адкрыццё, і пазнавальна, і цалкам нешта новае, — не хавае захаплення салістка Вялікага тэатра Беларусі Алена Золава. — Мне здаецца, гэта цікавы праект, які трэба развіваць. Сінтэз народнага і класічнага мастацтваў, упэўнена, спадабаецца публіцы. Гэта наша нацыянальнае, роднае і ўсім зразумелае. Музыка і словы выходзяць з душы і сэрца. І не трэба нічога іншага. Камерная абстаноўка дапамагае: чым бліжэй людзі адно да аднаго — тым цяплей. Прысутнічаў момант інтымнасці. Дзякуючы Віктару Скарабагатаву, Ганне Каржанеўскай мы паглыбіліся ў барока, старажытнае мастацтва.

Гама эмоцый, падораная музыкай з «Полацкага сшытка» ў камбінацыі з вершамі з «Аршанскага сшытка», найлепшым чынам адлюстравалася на малой сцэне канцэртнай залы «Мінск», якая вызначаецца сваёй камернасцю.

Пусціцца ў скокі разам з ансамблем «Харошкі».

— На малой сцэне выступаем упершыню, — адзначае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Прыходзька, які ў Харошках танцуе 27 гадоў. — Але любое выступленне — заўсёды свята, бо гэта сустрэча з гледачамі, і трэба пераканаць у шчырасці таго, што робіш, каб табе паверылі, каб глядач змог акунуцца ў тую атмасферу на сцэне, якую ты ствараеш. Бо прызначэнне мастацтва — несці дабро, звяртацца да чалавечых каштоўнасцей. Каб пасля выступлення мы ўсе сталі чысцейшыя, свабодныя, як паветра пасля дажджу з навальніцай. Сённяшні праект з калегамі-вакалістамі з Вялікага — вельмі цікавы вопыт, добра, што ён наспеў, мы ўпершыню працуем у такім міксе. Можа, у далейшым гэта перарасце ў асобны кірунак і будзе паўтарацца ў шырокіх формах на вялікіх пляцоўках.

Саліст «Харошак» Ягор Мельнікаў у харэаграфічнай карцінцы «Закаханы стражнік»

За праграму, заснаваную на «Полацкім сшытку», Валянціне Гаявой уручана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, і, хто ведае, можа аздабленне яе вакальнымі нумарамі дасць новы плён?

— Гэта першы праект, калі «Харошкі» працуюць з опернымі спевакамі. Прытым вакалісты з опернага тэатра працуюць у кірунку, адрозным ад нашага, — заўважае артыстка балета Таццяна Рубчэня, якая танцуе ў калектыве 19 гадоў. — Прыемна, што мы знайшлі такія кропкі судакранання, калі можна ў адным канцэрце паказаць і творчасць народнага калектыву, і творчасць такога маштабу, як оперны тэатр. А камернасць, якой валодае сцэна, садзейнічае выказванню.

Эмоцыі артыстаў можна было літаральна злавіць...

Эмоцыі артыстаў можна было літаральна злавіць, бо сцэна — усяго за метр ад гледача. Ён становіцца ўдзельнікам дзеі, ледзь сам не пускаецца танцаваць і спяваць. Такая магчымасць — удача і новае перажыванне. Не кожны дзень «Харошак» можна «памацаць», а пасыл Гарадзецкага і Золавай успрыняць з улікам мімікі, якая аказалася як пад павелічальным шклом. Барока паўстала, ажыло ў драбніцах і дэталях. Здаецца, не прыдумаць лепшага, чым злучэнне «Харошак» і вакалістаў Вялікага ў камернай зале.

— Глядач вельмі блізка, таму атрымаецца лепш успрыняць нашы эмоцыі, — гаворыць салістка балета «Харошак» Яўгенія Саколікава, якая служыць у калектыве больш чым 20 гадоў. — Звычайна гледачы сядзяць падалей, а тут усе вельмі блізка, як тэатр. Калі ж сцэна большая — іншая экспрэсія, рухі, бо ты займаеш больш прасторы. Сённяшняя сцэна невялікая, камфортная, дамашняя. Можа, з аднаго боку, месца малавата, але з іншага — ёсць магчымасць іграць больш па-акцёрску.

Так і атрымалася, што якраз і ўзбагаціла выступленне. Глядзець на твары салістаў і сачыць за кожным мімічным рухам — неперадавальная асалода. Эмоцыі артыстаў — у максімальным прыбліжэнні.

Алена Золава выконвае кампазіцыю «Да пад вішняю».

Вы яшчэ сумняваецеся, куды выправіцца ў падарожжа? Выберыце беларускае барока ад «Харошак» і салістаў Вялікага. Найлепшы тур!

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара

Друкуецца ў часопісе «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

Найлепшым спосабам прафілактыкі з'яўляецца прышчэпка ад COVІD-19.

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?