Вы тут

«Беларускія Мальдзівы»: фатаграфавацца і загараць можна, плаваць — нельга


Нягледзячы на адкрытыя межы, постковідны сіндром шэпча на вуха: ехаць за мяжу пакуль занадта страшна. Тым больш «на Беларусі летам бог жыве» — гэтую мудрасць нам перадалі літаратурныя класікі, а з самім сцвярджэннем згодны кожны суайчыннік. Таму мы зноў адкрываем карту краіны і выбіраем маршрут, дзе можна схавацца ад спёкі і атрымаць асалоду ад разнастайнасці, прыгажосці і першароднасці беларускай прыроды.


Фота: @woximila

Ёсць на тэрыторыі Гродзенскай вобласці адна яркая і незвычайная прыцягальная кропка, якую ніхто ніколі не аб’язджае па дарозе ў каралеўскі горад — мелавыя кар’еры пад Ваўкавыскам. Так-так, тыя самыя кар’еры, якія даводзіцца бачыць на фотаздымках. Яны сапраўды самыя велізарныя ў краіне, і менавіта іх параўноўваюць з Мальдзівамі з-за ўнікальнага блакітнага колеру вады.

Дарэчы, такіх аб’ектаў у Беларусі мы знайшлі восем, у чатырох абласцях — Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай. Але ганаровае званне «Мальдзіваў» носяць менавіта крэйдавыя кар’еры пад Ваўкавыскам.

Як растлумачылі ў мясцовым раённым выканаўчым камітэце, умоўна кар’еры каля Ваўкавыска можна падзяліць на старыя і новыя. Узрост старых «блакітных лінзаў» каля паўстагоддзя. Яны перададзены ў валоданне дзяржаве. На гэтых кар’ерах можна рабіць фотасесіі і загараць. Купанне забаронена. Новыя крэйдавыя кар’еры належаць прадпрыемству ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». Знаходзяцца яны адразу за цэментавым заводам уздоўж прамысловай дарогі, не заўважыць якую немагчыма. Кожныя некалькі хвілін там праязджаюць БелАЗЫ і МАЗы, абсыпаючы дарогу, дрэвы і людзей мелам. Гэта прамысловыя аб’екты, за знаходжанне на якіх прадугледжаны штраф ад 3 да 10 базавых велічынь.

Фота: @margo_salonikova

Дарэчы, пасёлак Краснасельскі вядомы найбуйнейшым у краіне прадпрыемствам па выпуску будаўнічых сумесяў. Намеснік генеральнага дырэктара Генадзь Найдзюк заўважыў, што ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» распрацоўвае праектную дакументацыю па ўладкаванні бяспечнай назіральнай пляцоўкі на адным з кар’ераў.

Справа ў тым, што гэтыя тэхнічныя аб’екты, запоўненыя блакітнымі водамі, з’яўляюцца прамыслова небяспечнымі. Берагі ў іх не пясчаныя, а мелавыя з глінай. Да таго ж вельмі стромкія, а часам і проста вертыкальныя. Пры выпадковым падзенні ўзлезці па іх практычна немагчыма. А калі ўлічыць, што парода ўздоўж берагоў мяккая і часта абвальваецца — верагоднасць скаціцца ўніз высокая. Пры лёгкім дожджыку наогул мала шанцаў — берагі становяцца слізкімі, так як у іх шмат гліны. Тэрыторыя гэтых кар’ераў раскінулася на некалькі кіламетраў у даўжыню.

Фота: @dashenka_matrosova

Ёсць два тыпы крэйдавых кар’ераў: адкрытыя і закрытыя. На закрытых кар’ерах турыст-непажаданы госць, бо за ўсе няшчасныя выпадкі ў адказе прадпрыемства ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», якое спрабуе змагацца з турыстамі-«нелегаламі», якія спрабуюць прарвацца ў забароненую зону «беларускіх Мальдзіваў». Устанаўліваюцца шлагбаўмы, папераджальныя шыльдачкі аб забаронах.

На адкрытых кар’ерах, у якіх здабыча мелу спыненая, праводзяцца работы па кансервацыі аб’ектаў, памяншаецца насып берагоў, у выніку глыбіня кар’ера зніжаецца да 10-15 метраў. Трапіць на іх можна, але толькі каб зладзіць фотасесію ці пазагараць, а не выкупацца.

Вада на «Мальдзівах» розная па колеры: ад блакітнага да цёмна-сіняга. Усё залежыць ад хімічных працэсаў з мелам, якія адбываюцца на дне. Толькі праз паўстагоддзя яна становіцца цёмнай, калі дно зарастае глеем. Купацца ў іх не варта не толькі таму, што ёсць рызыка патануць (глыбіня тут дзясяткі метраў), але і з-за хімічнага складу. Мел, які надаў вадзе яркія бірузовыя і смарагдавыя адценні, не лепшым чынам уплывае на скуру.

Фота: @m__yakutina

Тым не менш, вандроўнікі з розных куткоў Беларусі імкнуцца зладзіць сабе там пляжны адпачынак. Нягледзячы на ўсе небяспекі прыгожага месца і афіцыйныя забароны на знаходжанне на тэрыторыі кар’ераў, у інтэрнэце поўна захопленых водгукаў ад неспрактыкаваных грамадзян пра адпачынак на кар’ерах.

Нагадаем, што ў кар’ерах забаронена купанне, нават наведванне пад забаронай. Няма і дазволеных аўтастаянак. За гэта належыць штраф. Пры няшчасным выпадку аказаць экстранную дапамогу і выратаваць чалавека на такіх аб’ектах вельмі складана.

Фота: @m__yakutina

Нядаўна ў Нацыянальным агенцтве па турызме быў зарэгістраваны новы маршрут, прысвечаны Ваўкавыскаму краю, пад назвай «На ростанях краіны: падарожжа па горадзе Ваўкавыску і Ваўкавыскім раёне», часткай якога з’яўляюцца «блакітныя лінзы».

У Ваўкавыскім раённым выканаўчым камітэце распавялі, што гэта падарожжа даступна як арганізаваным групам, так і індывідуальным турыстам. У чэрвені аддзел спорту і турызму арганізаваў па гэтым маршруце паездку для групы пенсіянераў з Зэльвы, сумесна з тураператарам «Seven travel».

Аліса СКІБА

Фота з instagram

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».