Вы тут

У Блоні, дзе месціцца сядзіба рэвалюцыйных памешчыкаў...


Калі будзеце ехаць па дарозе з Мар’інай Горкі (райцэнтр Пухавіччыны, не так далёка ад Мінска) да вёскі Пухавічы, то не абмінуць вам Блоні.


Сядзібны дом Бончаў-Асмалоўскіх ў Блоні. Фота: wikipedia.org

Вёска вядомасць сваю мае з даўніх часін. У юрыдычных актах 1582 года згадваецца як сяло Балонне, ці Балонскае Мінскага павета і ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1745 годзе тут была Езуіцкая рэзідэнцыя і місія, якую ўзначальваў Юзэф Бака, асоба ў гісторыі і культуры Беларусі мала вывучаная, а ў дачыненні да літаратурнага краязнаўства Міншчыны, Пухавіччыны і ўвогуле забытая. Вядома, што нарадзіўся ён 18 сакавіка 1707 года на Міншчыне, а памёр 2 мая 1780 года. Акрамя таго, што славу аб сабе меў як каталіцкі прапаведнік, вядомы ён яшчэ і як польскі паэт. У 1740-х гг. Юзэф Бака жыў у Мінску. Вёў місіянерскую дзейнасць у Навагрудку і Вільні. Аўтар напісанай у стылі барока паэтычнай кнігі «Заўвага аб непазбежнай смерці» (1766 год), у якой не толькі ўсхваляў звышнатуральныя сілы і асуджаў «марнасць быцця», але і крытыкаваў прыгоннікаў, якія здзекуюцца над сваімі сялянамі. Паэзія Ю. Бака была дастаткова ў свой час папулярнай на Беларусі і ў Літве. Відавочна, рэзідэнцыя Езуіцкай місіі месцілася на сядзібе сённяшняй Блонскай школы, тут яшчэ ў дзевятнаццатым стагоддзі быў і каталіцкі касцёл.

Але ж цэнтральнае месца ў гісторыі Блоні займае сям’я Бонч-Асмалоўскіх ... У сваіх успамінах Анатоль Іосіфавіч Бонч-Асмалоўскі піша: «Іншы раз падоўгу, іншы раз кароткі час гасцявалі ў нас у Блоні і многія іншыя рэвалюцыянеры і грамадскія дзеячы. Напрыклад, пісьменнік-народнік Рыгор Аляксандравіч Мачтэт, які пад канец жыцця перайшоў у лагер кадэтаў.»

З Блонню паяднана і рэвалюцыянерка, публіцыст Кацярына Брэшка-Брэшкоўская (1844-1934). Асоба наўздзіў шматгранная, сам Керанскі на яе смерць адгукнуўся некралогам «Бабуля расійскай рэвалюцыі».

Не выключана, што ў Блонь прыязджаў і драматург, тэатральны рэжысёр Леапольд Сулержыцкі, пра якога таксама згадвае ў сваіх успамінах А. Бонч-Асмалоўскі. А рускі пісьменнік Яўген Чырыкаў па матывах падзей у Блоні на пачатку 20 стагоддзя напісаў аповесць «Мяцежнікі». Шэраг даследчыкаў выказваюць меркаванні, што ў Блоні гасцявала разам з хворым рэвалюцыянерам і сваім абраннікам украінская паэтэса Леся Украінка. Дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Аляксандравіч Прановіч проста перакананы ў гэтым.

Дарэчы, адзін з першых грунтоўных даследчыкаў жыццяпісу Бонч-Асмалоўскіх і рэвалюцыйнага руху ў Блоні — гісторык і публіцыст Барыс Клейн (нарадзіўся 1 лістапада 1928 года ў Віцебску). Доктар гістарычных навук (1989), прафесар (1990). Скончыў Ленінградскі універсітэт (1951). З 1955 года жыў у Гродна. Выкладаў на кафедры гісторыі КПСС ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце. У 2-й палове 1960х гг. выступіў з крытыкай палітычнага курса цэнтральнага кіраўніцтва, асудзіў увод войск Варшаўскага Дагавора ў Чэхаславакію. Быў пазбаўлены вучонай ступені і звання, вызвалены ад выкладчыцкай работы. У 1976 годзе рашэннем ЦК КПБ адноўлены ў КПСС. У 1979 г. Б. Клейну былі вернуты вучоныя ступень і званне. Працаваў на кафедры гісторыі СССР і БССР Гродзенскага універсітэта. З 1992 года — у ЗША. Аўтар прац «Рэвалюцыйны рух у Вільнюскім краі ў 1920-1939 гг.» (Вільнюс, 1961), складальнік і аўтар каментарыяў да зборніка «Вільнюскае падполле» (1966), кніг «Найдено в архиве» (1968), «За дело правое: борьба КПЗБ с буржуазным террором (1920-1938 гг.)» (1986), «В годину испытаний» (1986), «Время выбора» (1987), «Взгляд из прошлого» (1989), «Недосказанное. Имена» (2008). У гістарычным нарысе «Са справы Бонч-Асмалоўскіх» Барыс Клейн расказаў і пра свой візіт у Блонь, і вобразна ўзнавіў атмасферу ў маёнтку канца 19 стагоддзя: «...Анатолию Осиповичу ностальгировать было некогда. Более десяти лет потребовалось, чтобы восстановить рентабельность имения. С середины 1890-х, когда был построен крахмальный завод, оно стало приносить солидный доход. В семье, кроме Ивана, подрастали еще сыновья Родион и Глеб, дочь Ирина. Дети жили дружно и, можно сказать, с пеленок усваивали то сокровенное, что таилось под покровом рутинного быта.

«Я был очень осторожен, — вспоминал отец, — и мне, как редко кому, служило счастье...»

В радикальных общественных кругах (не только Беларуси) репутация хозяев Блони определилась. В их руках имение было не только источником средств, но и местом совещаний, подпольных явок, складом литературы, а также «санаторием» для больных и, кто знает, чем еще.

Сами же владельцы увлекались работой среди местных крестьян. У них находились помощники из интеллигентов: в мемуарах упоминается учитель А.Е. Богданович, отец поэта Максима Богдановича.

Но надо было завоевать доверие мужиков. Как-то Антолий Осипович созвал крестьян и объявил, что передает им часть земли, а также необходимый инвентарь и оборотный капитал, он гарантировал и определенный заработок. Был разработан устав «социалистической артели» — вероятно, первой такого рода кооперации в Беларуси.

Культурничество, толстовство? Бесспорно, личное общение Анатолия Осиповича с Л. Н. Толстым не прошло бесследно. Но автор записок сделал оговорку, что полностью «никогда не мог согласиться с ним: во-первых, категорическое непротивление злу насилием не укладывалось в моей психике; во-вторых, слишком много было в его учении мистического и божественного».

В имении проведен был обыск, устав артели нашла полиция. В секретной полицейской справке читаем: «В 1883 г. имелось указание на намерение его устроить в своем имении Блонь хозяйство на социалистических началах».

В неурожайный год артель распалась. Потом снова ожила.

«Масса молодежи как учащейся, так и крестьянской, — вспоминала участница тех событий М.О. Лебедева (Шебалина), — и все живут одной семьей. Днем работали, а к вечеру юноши и девушки собирались на площадке перед домом и танцевали, веселились до поздней ночи. Старшие поддерживали эту атмосферу. Как радовались все, когда Варвара Ивановна садилась за рояль!»

Как бы не трактовать это теперь, осваивались новые формы хозяйственной и общественной жизни.

Проверка их практикой обходилась недешево.

«В 1898 г., — сказано в справке Департамента полиции, — он (Анатолий Осипович) был замечен в сношении с членами Минской социал-демократической группы и вернувшимся из ссылки бывшим государственным преступником Сергеем Коваликом».

Бонч-Осмоловскому и двенадцати крестьянам предъявили обвинение в организации в Блони тайного кружка саморазвития «Свобода и воля».

1902 год застал отца и сына Ивана в Часовой башне Бутырской тюрьмы...«

Папрацаваўшы ў архівах, сустрэўшыся ў Маскве з сынам Анатоля Бонч-Асмалоўскага — Іванам Анатольевічам, у 1960-ыя гг. Барыс Клейн наведаўся і ў Блонь, паспеў яшчэ сустрэцца з сялянамі, якія асабіста былі знаёмы з сям’ёю Бонч-Асмалоўскіх.

...У 2005 годзе гасцямі Блоні і Пухавіцкага раёна была група балгарскіх пісьменнікаў. Сярод іх — старшыня Саюза балгарскіх пісьменнікаў, літаратурны крытык і публіцыст Мікола Пецеў, а таксама дзіцячая пісьменніца, паэт Майя Длгчава. Літаратары пазнаёміліся з краязнаўчым музееем, асаблівую ўвагу звярнулі на расповяды па літаратурнай гісторыі Пухавіцкага краю. Пакінулі свае запісы ў кнізе гасцей, якая, дарэчы, сама па сабе ўяўляе ўнікальную крыніцу інфармацыі пра міжнародныя стасункі раённага музея.

А цяпер крышачку раскажу пра Міколу Пецева. Нарадзіўся ён у 1951 годзе. Закончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Служыў у балгарскім войску. Затым працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Родная речь» (выданне аналагічна маскоўскаму штомесячніку «Литературная учеба»). Быў абраны сакратаром Саюза балгарскіх пісьменнікаў па працы з моладдзю і міжнародных пытаннях. Пасля ўзначаліў выдавецтва «Народная молодёжь» — гэта кшталту маскоўскай «Молодой гвардии» альбо колішняга мінскага «Юнацтва». Затым заснаваў прыватнае выдавецтва. Пасля працаваў у буйнейшым дзяржаўным выдавецтве «Христо Ботев», вярнуўся ў Саюз пісьменнікаў. І ў лістападзе 2002 года Міколу Пецева абралі старшынёю Саюза балгарскіх пісьменнікаў. Першая кніга М. Пецева пабачыла свет у Сафіі ў 1982 годзе. Адна з яго кніг — «Паэзія і пазіцыя» — перакладзена на рускую мову і выдадзена ў Маскве. Зборнік публіцыстычных артыкулаў балгарскага пісьменніка рыхтуецца да выдання ў Мінску ў перакладзе на беларускую мову. Пакідаючы Блонь, Пухавіччыну, Мікола Пецеў не раз заўважыў, што ўражаны той цікавасцю, якую праяўляюць да ўласнай літаратурнай гісторыі ў правінцыйным куточку Беларусі. На жаль, некаторы час назад М. Пецева не стала. Вельмі рана абарвалася жыццё добрага пісьменніка, шчырага сябра Беларусі і Расіі.

Майя Длгчава — дзіцячая пісьменніца, паэтэса. Яна прыехала ў Беларусь, каб наладзіць стасункі з беларускімі літаратарамі, якія працуюць для дзяцей. Таму і рада была многім сустрэчам у Мінску (пасля яна яшчэ прыязджала ў Беларусь у 2007 годзе для ўдзелу ў Міжнародным «круглым стале» «Мастацкі пераклад як шлях адзін да аднаго. Славянскі вектар», які праводзіла Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і РВУ «Літаратура і Мастацтва»). Сустракаючыся з балгарскай пісьменніцай, я не мог не пацікавіцца, а што ж чытаюць балгарскія дзеці, ці цікавіць іх класічная літаратура, ці ёсць у далёкай ад Пухавіччыны старонцы альтэрнатыва Гары Потэру? І вось што пачуў у адказ:

— Трэба зазначыць, што менавіта ў апошнія 15-20 гадоў для дзяцей у нас пішуць не так і шмат. На дзіцячую літаратуру пазіраюць чамусьці як на лёгкую — забаўляльную, несур’ёзную... І мяне калегі пытаюць, чаму я не займаюся сур’ёзнай паэзіяй, а губляю час на дзіцячыя вершы. З такой псіхалогіяй, такімі сумненнямі ў вартасцях напісанага з адрасным прыцэлам для дзяцей, мы шмат згубім у справе выхавання. Таму я вельмі рада з’яўленню ў нашай літаратуры рамана маладой пісьменніцы Юліі Спірыдоновай «Любімы Папетча». Я проста кулачкі за яе поспех трымаю. Раман нічым не саступае «Гары Потэру», і я вельмі спадзяюся, што галоўны герой гэтага твора хутка стане любімым персанажам балгарскай дзятвы, а пасля і для ўсіх юных чытачоў свету. Ён жа, Папетча, такі добры!.. Ці чытаюць балгарскія дзеці класіку?.. Відаць, толькі тое, што ёсць у школьнай праграме. Прабачце, але самы ўжо час ставіць пытанне болей абвострана: а ці чытаюць дзеці наогул? Так, нашы дзеці яшчэ памятаюць такіх герояў, як Айбаліт, Дзядзька Фёдар... Справа, відаць, у тым, што мы раслі на балгарскай і рускай дзіцячай літаратуры адначасова. У нашага пакалення яшчэ дзеці — школьнікі. Таму яны адкрываюць кнігі з нашага пакалення, тое, што засталося ў хатніх бібліятэках бацькоў. Я асабіста чытала Барто, Міхалкова, Чукоўскага, чытала «Беларускія народныя казкі»... І шкадую, што разам з забыццём гэтай літаратуры страчваецца чысціня, губляецца непасрэднасць успрыняцця жыцця, што дапамагала нам развівацца і ўваходзіць у свет рэалій... У маіх герояў галоўны клопат, няхай сабе і ў фантазійным свеце, — усталяванне дабрыні, спагады, чысціні, маральнасці...Такі і прыдуманы мною скрыпач Найшаноўны Шуралдзі. «Шурчо» на балгарскай мове — гэта скрыпач. Ёсць і адна цікавая цётка — цётка Мецандра (меца па-балгарску гэта мядзведзь). Буду рады, калі маіх герояў адкрыюць і дзеці Беларусі, спадзяюся, што і на Пухавіччыне будуць з часам чытачы маіх кніг!..

У розныя гады наведвальнікамі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея ў Блоні, пачынаючы ад сярэдзіны 1990-х, былі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, празаік і публіцыст Уладзімір Саламаха, паэт і бард Алесь Камоцкі, рускі белетрыст Станіслаў Сакалоў, паэт Ганад Чарказян (дарэчы, як літаратурна-мастацкі тапонім Блонь выведзена ў адным з яго раманаў. Назва гэтага твора — «Горкі пах палыні». А галоўнага героя, ураджэнца Блоні завуць Глеб Беразавік), паэты Навум Гальпяровіч, Анатоль Вярцінскі, краязнаўчы пісьменнік Віктар Хурсік і іншыя. Літаратурная экспазіцыя «вандруе» у музеі па розных залах. І справа тут, відавочна, у пашырэнні прасторы. Па-першае, для коласаўскай тэмы знайшлося месца ў філіяле ў Мар’інай Горцы. Там жа — і мемарыяльны пакой Алеся Бачылы. Як спрактыкаваны музейшчык, дырэктар Аляксандр Прановіч выкарыстоўвае любую магчымасць для развіцця плошчаў. Па-другое, падштурхоўваюць яго да гэтага і новыя зборы. Музей папаўняецца фондамі. Сем’і пісьменнікаў, іх блізкія родзічы, знаёмыя перадаюць у музей кнігі з аўтографамі, рэчы, якія належалі літаратарам, розныя дакументы. Калі будзеце ў Блоні, звярніце ўвагу і на запісы ў кнізе наведвальнікаў. Яе старонкі — таксама ўжо частка літаратурнай гісторыі Пухавіччыны.

З апошніх набыткаў краязнаўчага музея ў Блоні — мэбля сям’і Бонч-Асмалоўскіх, якую з Санкт-Пецярбурга перадала праўнучка Анатоля Восіпавіча Марына Бонч-Асмалоўская. Між іншым, яна — вядомая руская пісьменніца. Нарадзілася яна ў Ленінградзе ў 1954 годзе. Закончыла Маскоўскі педагагічны інстытут. Працавала лагапедам. У 1992 годзе выехала ў Аўстралію, там пачала займацца літаратурнай працай. Паслявярнулася ў Расію. У 1999 годзе ў Санкт-Пецярбургу выпусціла раман «Паўднёвы Крыж». У часопісе «Звезда» праз тры гады надрукавала аповесць «Дзень з жыцця старога на Беркендэйл, 42». Пра сваіх знакамітых прашчураў і іх повязь з Беларуссю напісала дакументальную кнігу. Не аднойчы ў апошнія гады прыязджала ў Блонь, на Пухавіччыну.

Расказваючы пра літаратурную Блонь — знакамітую пухавіцкую вёску, нельга не ўзгадаць імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Гаўрылавіча Чыгрынава. Менавіта ён, калі працаваў старшынёю Беларускага Фонда культуры, не аднойчы наведваўся ў Пухавіцкі раён. У значнай ступені паспрыяў пераезду раённага краязнаўчага музея з Дукоры ў Блонь. Пазнаёміў з Блонню, Пухавіччынай многіх пісьменнікаў, мастакоў. І зараз удзячныя пухавіччане помняць Івана Чыгрынава, амаль штогод ладзяць у раёне адмысловыя Чыгрынаўскія літаратурна-краязнаўчыя чытанні.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?