Вы тут

Крэатыў з прынёманскай прапіскай


Не ведаеш, што рабіць, — ідзі ў бібліятэку, раіць пісьменніца Джоан Роўлінг. Пэўна, гэтая парада тычыцца і Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага. Бо тут безліч цікавасцей, якія даспадобы розным катэгорым чытачоў: сучасна, запатрабавана, крэатыўна. Згуртавалі неабыякавых кніжнае свята «Гарадзенскі ЛітФэст», пазнавальна-забаўляльны праект «Летні бібліясад», конкурс буктрэйлераў «Чытай! Рай! Прасоўвай!», V Шчорсаўскія чытанні… Галоўная кніжніца Прынёмання — узор актыўнасці і вынаходніцкіх ідэй, якія паспяхова рэалізоўваюцца і даюць плён. Як гэта ўдаецца, расказвае дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага Марына Ігнатовіч.


Марына Ігнатовіч.

— Свет — змяненне, жыццё — успрыманне, казаў яшчэ шмат стагоддзяў таму рымскі імператар Марк Аўрэлій. Як гэта пацвердзіла пандэмія?

— У дзейнасці Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага, як і большасці бібліятэчных устаноў, адбыўся шэраг змен. Цяжкасці мінулага года ў сувязі з пандэміяй накіравалі на пошук найбольш актуальных форм работы ў іншых рэаліях. Мы не спынялі дзейнасць па папулярызацыі кнігі, напаўнялі штодзённасць карыстальнікаў разнастайнымі падзеямі і фактамі, аднак у іншым фармаце. Залы бібліятэкі, у тым ліку чытальныя, не былі зачынены, разам з тым усе неабходныя меры прынялі: колькасць наведвальнікаў абмежавана, арганізавана бескантактнае абслугоўванне чытачоў, вернутыя карыстальнікамі выданні накіроўваюцца і да сённяшняга часу на 5-дзённы каранцін, ну і, вядома, адзін з самых асноўных кірункаў у рабоце публічнай бібліятэкі — сацыякультурная дзейнасць — пачаў ажыццяўляцца ў рэжыме анлайн.

— Удалося мабілізавацца? Або абмежаванні сталі нечаканасцю?

— Пандэмійная сітуацыя стала для нас няпростым выпрабаваннем. Неабходна было трансфармаваць ужо прывычны ўклад жыцця, знайсці новыя формы, застацца запатрабаванымі. Часу на роздум не было. У сучасным свеце пры хуткасным развіцці інфармацыйных тэхналогій бібліятэкі павінны таксама гучна заяўляць пра сябе. Як вынік пандэмійнага перыяду — стварэнне цэлага шэрагу інфармацыйных рэсурсаў: ад фактаграфічных баз даных да пазнавальных віктарын.

Публічныя бібліятэкі рэгіёна таксама не адсталі ад галоўнай кніжніцы Прынёмання і заклікаў часу. У выніку ў інтэрнэт-прасторы рэалізавана звыш 75 творчых праектаў і акцый, падрыхтавана больш за тысячу інфармацыйных рэсурсаў рознай тэматычнай накіраванасці. У дыстанцыйным фармаце супрацоўнікамі бібліятэчных устаноў і жыхарамі вобласці агучана амаль пяць тысяч твораў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

180-годдзе з дня нараджэння Элізы Ажэшкі стала сёлета сапраўдным святам.

— Віртуальная прастора дае шмат магчымасцей для творчасці...

— Вядома. Сумесная работа бібліятэчнай супольнасці Гродзеншчыны знайшла сваё адлюстраванне ў агульнаабласных анлайн-праектах: «ВО!Круг книг», «А ці ведаеце вы, што?..», «Кніжныя сустрэчы». Супрацоўнікамі абласной бібліятэкі сумесна з рэгіянальным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў ладзіўся віртуальны праект «Творы і творцы», у межах якога адбылося 40 анлайн-сустрэч з прадстаўнікамі пісьменніцкай арганізацыі Прынёманскага краю. Відэавыступленні атрымалі шэраг станоўчых водгукаў ад карыстальнікаў, таму мы вырашылі працягнуць добрую справу. У бягучым годзе відэазапісы («Пісьменнік і кніга») знаёмяць усіх жадаючых з творчымі дасягненнямі аўтараў.

Крэатыўна да падачы матэрыялаў падышлі ў дзіцячым філіяле абласной бібліятэкі, стварыўшы серыю відэаўрокаў па вывучэнні замежных моў («Multilingua з Совушкай»). Дзіцячыя бібліятэкі Гродзеншчыны прадстаўлялі пазнавальна-гульнёвыя рэсурсы, а ў Смаргонскай гарадской дзіцячай бібліятэцы працуе ў аддаленым рэжыме лялечны тэатр.

— Такім чынам, віртуальнасць — гэта знаходка альбо вымушаная адаптацыя да абставін?

— Сёння можна з упэўненасцю канстатаваць, што віртуальнае прадстаўніцтва для бібліятэчных устаноў стала яшчэ адным актуальным кірункам у рабоце. Адметнасцю бягучага года для наша рэгіёна стаў акцэнт на карпаратыўную працу. У Год народнага адзінства публічныя бібліятэкі вобласці паказваюць асаблівасці сваіх рэгіёнаў праз абласны web-праект «Мы — беларусы», а віртуальная акцыя «Чыталі, думалі, сталелі: кніга майго дзяцінства» дапамагае выявіць кніжныя захапленні жыхароў Гродзеншчыны. У выніку да Дня бібліятэк будзе падрыхтавана аднайменная выставачная экспазіцыя.

І ўсё ж, актыўна асвойваючы інтэрнэт-прастору, нельга забываць пра жывую кнігу і жывыя зносіны. Класічныя формы работы бібліятэкары павінны спалучаць з нетрадыцыйнымі, якія садзейнічаюць рэкламе ўстановы і яе паслуг. Летам, напрыклад, напоўніцу працуем на свежым паветры. У чэрвені ўзнавіў сваю дзейнасць літаратурна-гульнёвы праект «Бібліятэка пад адкрытым небам»: на працягу ўсяго лета можна будзе бавіць час ва ўтульнай атмасферы з кнігамі ды інтэрактыўнымі гульнямі. На адкрыццё сезона ў госці прыйшла Мэры Попінс. Акрамя гульняў, пазнаёміліся не толькі з новымі кнігамі, але і, што надзвычай важна, з сучаснымі тэхналогіямі.

— Перавага, значыць, лічбе, а не традыцыйным выданням? 

— Лічу, што асаблівую ўвагу мы павінны звярнуць і на раскрыццё дакументнага фонду, які з’яўляецца разнастайным па змесце ў любой бібліятэцы, незалежна ад яе статусу: ад абласной да сельскай. Тым не менш не кожны наш наведвальнік ведае пра гэтую разнастайнасць і ўніверсальнасць ці спытае пра яе ў бібліятэкара. Таму варта выкарыстоўваць любыя магчымасці для папулярызацыі дакументных багаццяў.

Неабходна крэатывіць і здзіўляць і ў добра знаёмай бібліятэкарам выставачнай рабоце. Сёння арганізаваць цікавы і пазнавальны для людзей прагляд літаратуры — адна з праяў інфармацыйнай функцыі бібліятэкі. Калектывам абласной бібліятэчнай установы ў бягучым годзе арганізаваны цыкл выставачных праектаў, якія зацікавалі не толькі пастаянных карыстальнікаў, але і прыцягнулі новых. «Надпіс на кнізе», «Нобель у літаратуры», «Маленькім беларусам — пра вялікую Беларусь», «Кнігі са смакам» — выстаўкі, якія дапамаглі раскрыць інфармацыйны патэнцыял установы. Унікальны прагляд «Імя ў кнізе» ўключаў больш за 300 выданняў самых розных аўтараў і жанраў, у назвах якіх выкарыстоўваюцца імёны. Можна сказаць, што нашы чытачы пазнаёміліся са сваім кніжнымі цёзкамі.

У сельскай бібліятэцы можна запрасіць да арганізацыі выставак мясцовых жыхароў, такім чынам выклікаць іх інтарэс да сумеснай працы. І гэта неабавязкова павінны быць кніжныя экспазіцыі. Разам можна арганізаваць прагляд фотаздымкаў, паштовак, побытавых рэчаў. Знаходзіць неабходна тыя адметнасці, якія аб’яднаюць людзей і выклікаюць зацікаўленасць.

— Думаецца, вялікі вопыт у гэтым кірунку дэманструе ваш аддзел мастацтва...

— Сапраўды, наш сумесны праект з прыватнымі калекцыянерамі, які ладзіцца ўжо не першы год, заявіў пра сябе вельмі гучна. «Дакрануцца да гісторыі» — адна з візітак бібліятэкі. Неабходна знайсці дату ці факт, які будзе цікавы людзям, правесці сапраўдную даследчую працу, выявіць экспанаты, апісаць іх, расставіць… Працы вельмі шмат, але ёсць вынік — жывая цікавасць у насельніцтва і дзякуючы гэтаму падтрымка ўвагі і да бібліятэкі. Лічу вельмі ўдалай выстаўку бягучага года «108 хвілін, якія змянілі свет», што прысвячалася 60-годдзю першага палёту ў космас Юрыя Гагарына. Да ўвагі жыхароў і гасцей абласнога цэнтра было прадстаўлена звыш 750 экспанатаў, сярод якіх рарытэтныя фотаздымкі, выданні з аўтографамі касманаўтаў, паштоўкі і канверты, маркі, медалі і значкі, мадэлі ракет і касмічных караблёў з асабістых архіваў гарадзенцаў. Падчас падрыхтоўкі мерапрыемства супрацоўнікі бібліятэкі пазнаёміліся з цудоўнымі людзьмі, жыццё якіх у свой час было напрамую звязана з космасам, яны былі на Байкануры, мелі зносіны з многімі знакамітымі касманаўтамі, а зараз жывуць у Гродне. Канешне ж, інфармацыя і ўспаміны, якімі падзяліліся з намі гэтыя людзі, дапамаглі падрыхтаваць і экспазіцыю, і віртуальны экскурс, тым самым папоўніўшы веды пра важную падзею ў нашай гісторыі.

Гарадзенскі ''ЛітФэст'' дае нагоду для творчасці.

— Якім яшчэ чынам бібліятэцы набіраць тэмп у сучаснасці?

— Сёння мы павінны выкарыстоўваць любую магчымасць для таго, каб паказаць сябе і сваю сучасную кніжніцу. Актуальнай застаецца арганізацыя абслугоўвання карыстальнікаў у працоўных калектывах. Выязныя дні інфармацыі, правядзенне тэматычных мерапрыемстваў і праглядаў літаратуры, арганізацыя бібліятэчных пунктаў — сёння мы выкарыстоўваем любую форму дзеля таго, каб наблізіць літаратуру да чытача. Распрацавана комплексная праграма «Кніжныя дэсанты» па супрацоўніцтве з навучальнымі ўстановамі горада. Спецыялісты бібліятэкі праводзяць на базе дашкольных устаноў, сярэдніх школ пазнавальныя акцыі, гульнёвыя праграмы, і нават наш знакаміты Мультыцэнтр «Совушка» стаў мабільным. Але ў першую чаргу мы папулярызуем жывую кнігу і веды. Як прыклад — адмысловае кніжнае свята «Гарадзенскі ЛітФэст» з насычанай праграмай, дзе кожны мог знайсці занятак на свой густ: «Кніжны multiгорад» — інтэрактыўныя лабараторыі мультыцэнтра «Совушка», сустрэчы з пісьменнікамі і аўтограф-сесіі, майстар-клас па напісанні кітайскіх іерогліфаў, конкурсы і віктарыны, фотазоны «Чытае Гродна», творчыя выступленні. Захапіў усіх непаўторны пазнавальна-захапляльны праект «Летні бібліясад»: гульнявая зона з канструктарам LEGО, краязнаўчы квіз «Па старонках гісторыі», мастар-клас па стварэнні закладак у тэхніцы арыгамі сваімі рукамі, гульнятэкі і спартыўная букландыя. На конкурс буктрэйлераў «Чытай! Рай! Прасоўвай!», арганізаваны нашай установай разам з упраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама, было даслана 204 ролікі з розных куткоў вобласці.

Паступова мерапрыемствы з анлайну пераходзяць у больш прывычны афлайн. Адметнай падзеяй для бібліятэчнай супольнасці Гродзеншчыны стала правядзенне 10—11 чэрвеня юбілейных V Шчорсаўскіх чытанняў на радзіме Адама Міцкевіча ў Навагрудку. У мерапрыемстве прымалі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, рэлігійных канфесій, спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, абласных і раённых бібліятэчных устаноў Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей, супрацоўнікі музеяў, навукоўцы, гісторыкі, краязнаўцы.

Праграма чытанняў была вельмі насычанай і разнастайнай. Прысутныя пазнаёміліся з творчымі здабыткамі культурна-асветніцкіх устаноў Навагрудчыны, дзейнасцю бібліятэчнай супольнасці ў сучасных умовах, абмеркавалі прыярытэтныя кірункі ў рабоце публічных бібліятэк. Цікавымі і змястоўнымі былі даклады пра кніжныя помнікі Рэспублікі Беларусь, рэдкія выданні пра Гродзеншчыну, кнігі, выдадзеныя ў Навагрудку ў першай палове ХХ ст., і Шчорсаўскую бібліятэку Храптовічаў.

— Такія мерапрыемствы дапамагаюць кніжніцы ісці ў нагу з часам?

— Прагрэс бібліятэчнай справы залежыць у большасці ад бібліятэкара. Добрая матэрыяльная база, камфортныя ўмовы для працы і адпачынку, наяўнасць сучасных тэхнічных сродкаў, пастаяннае абнаўленне фонду станоўча ўплываюць на імідж бібліятэчнай установы. Але вельмі важна, каб у гэтым храме ведаў быў сапраўдны прафесіянал, які знойдзе падыход да кожнага чытача і нават самага незгаворлівага.

— Не думаеце, што бібліятэкар сёння менш запатрабаваны?

— Наша прафесія мае неабмежаваныя магчымасці. Сучасны бібліятэкар — гэта своеасаблівы ўніверсал: і літаратуразнаўца, і краязнаўца, і псіхолаг, і фатограф. Пералік можна працягнуць. Вопыт работы Гродзенскай абласной бібліятэкі паказвае, што супрацоўнік установы можа быць цудоўным кансультантам у мультыцэнтры ці добрым экскурсаводам па жыцці і творчасці пісьменніцы Э. Ажэшкі.

Гарадзенскі ''ЛітФэст''.

— 6 чэрвеня адзначалася 180-годдзе з дня нараджэння славутай гродзенкі. Домік Элізы Ажэшкі з мемарыяльным пакоем, які працуе ў складзе вашай бібліятэкі, вось ужо не адзін дзясятак гадоў захоўвае памяць сусветна вядомай пісьменніцы. У гэтай тэме вы ведзяце рэй.

— Мы ўрачыста адсвяткавалі дзень нараджэння пісьменніцы, у Доміку Элізы Ажэшкі віраваў літаратурна-музычны салон, дзе «гаспадарыла» пані-сімвал Гродна. Новая выстаўка «Эліза Ажэшка і Гродна» адкрылася і ў нашым аддзеле мастацтва. Там прадстаўлена каля 300 экспанатаў, у тым ліку рэдкія прыжыццёвыя і дарэвалюцыйныя выданні твораў, а таксама польскія (1920—1960-х гг.) і савецкія (1950—1990-х гг.), вялікая калекцыя перыядычных выданняў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, прадметы побыту, фатаграфіі, гравюры, паштоўкі, дакументы, гербарый пачатку ХХ стагоддзя з асабістага збору вядомага гродзенскага калекцыянера і краязнаўца Аляксандра Сявенкі.

— Мабыць, такое супрацоўніцтва і канструктыўны падыход да справы і дае найбольшы плён?

— Людзі, якія сёння працуюць у нашай бібліятэцы, любяць сваю працу, любяць кнігу — і гэта вельмі важна. Бібліятэкару ХХІ стагоддзя неабходна адпавядаць рэаліям часу і не баяцца крэатыву.

Крэатыў падчас Гарадзенскага ''ЛітФэсту''.

Матэрыял падрыхтавала Наталля СВЯТЛОВА.

Фота з уласнага архіва М. Ігнатовіч.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.