Вы тут

У Віцебск прывезлі святыя мошчы князя Аляксандра Неўскага


У Віцебску маштабна адсвяткавалі 800-ю гадавіну з дня нараджэння святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага. Падзеі зацікавілі нават атэістаў. У абласным цэнтры ёсць помнік, на якім увекавечаны князь разам з жонкай — віцебскай княжной Аляксандрай і сынам Васілём. Такім чынам, гэты легендарны чалавек для віцяблян, як той казаў, не чужы. Упершыню ў сталіцу Падзвіння — у першы з беларускіх гарадоў — прывезлі мошчы, што стала вялікай падзеяй для вернікаў. У той жа дзень заклалі камень ніжняга храма ў гонар Аляксандра Неўскага ў будучым Сафійскім саборы, які пабудуюць на беразе Заходняй Дзвіны.


Каўчэг з самай вялікай часціцай святых мошчаў князя прывезлі ў Віцебск са Смаленска 2 ліпеня, у той жа дзень іх размясцілі ў старэйшым храме Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы XІІ стагоддзя. І не выпадкова, бо князь мог быць у гэтай царкве. Захоўваецца святыня ў мужчынскім манастыры Падольскай епархіі Узнясенскай Давідавай пустыні, размешчаным у населеным пункце Новы Быт Чэхаўскага раёна Падмаскоўя. Дарэчы, у гэтым манастыры сабрана больш за дзвесці часціц мошчаў угоднікаў Божых. У адным з каўчэгаў — часціца цвіка Укрыжавання Хрыстова. У саборы, асвечаным у гонар іконы Усяміласцівага Спаса, у машчавіках знаходзяцца часціцы хітона Збаўцы і рызы Багародзіцы. Прадстаўнікі манастыра суправаджаюць у Беларусі мошчы Аляксандра Неўскага.

Прынясенне святыні ў Беларусь стала магчымае па блаславеннай Найсвяцейшага Патрыярха Кірыла пры дапамозе дабрачыннага фонду імя святога раўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра. 3 ліпеня ў Віцебску адбыўся хрэсны ход з мошчамі святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ад храма Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы да Свята-Успенскага кафедральнага сабора. 4 ліпеня ўрачыстасці папрасілі ўзначаліць мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Прыехаць у Віцебск запрасілі таксама мітрапаліта Белацаркоўскага і Багуслаўскага Аўгусціна, мітрапаліта Смаленскага і Дарагабужскага Ісідора, мітрапаліта Пскоўскага і Пархоўскага Ціхана і архіерэяў Беларускай праваслаўнай царквы.

У Беларусі больш за сорак храмаў асвечаная ў гонар дабравернага Аляксандра Неўскага. У Мсціславе, Кобрыне і Мар'інай Горцы яны маюць статус кафедральных. У Віцебску будзе яшчэ адзін. — 4 ліпеня адбыўся малебен з нагоды заснавання ніжняга храма ў гонар князя Аляксандра Неўскага будучага Сафійскага сабора. Адбыліся канцэрт на Саборнай Плошчы, свята праваслаўных кулінарных традыцый і выстаўка.

Не раз на ўрачыстасці гучала, што Беларусь цесна звязаная з імем Аляксандра Неўскага. Важнай падзеяй стаў саюзны дагавор з Віцебска-Полацкім князем Брачыславам Васілевічам і князем Аляксандрам, заключаны ў 1239 годзе. Гэта быў першы дзяржаўны саюз Белай і Паўночна-Усходняй Русі. У гэтым жа годзе быў заключаны шлюб паміж князем Аляксандрам і князёўнай Аляксандрай Брачыслаўнай (Параскевай), з роду полацкіх князёў. Яе бацька — Брачыслаў Васількавіч быў Віцебскім князем, апошнім з дынастыі Рурыкавічаў. Ад іх шлюбу нарадзіліся пяць дзяцей. Адзін з іх — Васіль, выхоўваўся ў Віцебску, а князь Даніла стаў першым Маскоўскім князем. Такім чынам, з найстаражытнейшых часоў паўночныя землі сучаснай Беларусі падтрымліваюць кроўную сувязь з Расіяй.

Пасля Віцебска мошчы святога будуць знаходзіцца ва ўсіх епархіяльных гарадах Беларусі: у Полацку — да 6 ліпеня, Лідзе — з 6.07 да 8.07, Маладзечне — з 8. 07. да 10.07, Навагрудку — з 10.07 да 12. 07, Гродне — з 12.07 да 14.07, Брэсце — з 14.07 да 16.07, Баранавічах: з 16.07 да 18.07, Слуцку — з 18.07 да 20.07, Мазыры — з 20.07 да 22.07, Гомелі — з 22.07 да 24.07, Магілёве — з 24.07 да 26.07, Бабруйску — з 26.07 да 28.07, Барысаве — з 28.07 да 30.07, Мінску — з 30.07 да 02.08.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Віцебск узгадаў князя Аляксандра Неўскага

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.