Вы тут

Якаў Пеўзнер — япаніст «шанхайскай пяцёркі»


Здараецца, што ў жыцці чалавека галоўным складнікам яго біяграфіі з'яўляецца пэўны эпізод, які займае зусім няшмат часу. А далей чалавек жыве ўспамінамі пра тое важнае здарэнне, той важны адрэзак часу, які спраектаваў яго біяграфію на ўсё астатняе жыццё. І ўжо, здаецца, нічым болей яркім і не вызначаецца яго лёс.


У біяграфіі ўраджэнца Гомеля Якава Аляксандравіча Пеўзнера (Хацкелевіча), які нарадзіўся ў Гомелі 15 студзеня 1914 года, сапраўды, быў такі яркі эпізод, якога хапіла б і на некалькі жыццяў. Дакументальныя крыніцы пра яго сведчаць досыць лаканічна: «... У 1941 годзе быў накіраваны ў Кітай. Афіцыйна працаваў дырэктарам арганізацыі «Саўэкспартхлеб». Уваходзіў у склад «шанхайскай пяцёркі» савецкіх разведчыкаў. У канцы 1942 года арыштаваны японскай жандармерыяй. Прайшоў праз турму і катаванні. Быў абмяняны і вярнуўся ў СССР...»

Хто не ведае, патлумачым адносна «шанхайскай пяцёркі»... У Кітаі існавала разгалінаваная сетка Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Узброеных Сіл СССР. Склалася яна не за адзін дзень. І з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, несумненна, Савецкі Саюз асабліва цікавіла дзейнасць японскіх мілітарыстаў, якія акупіравалі кітайскія правінцыі, непасрэдна — Шанхай. Але і японцы не спалі ў шапку, як той казаў. І ў выніку цэлага шэрагу арыштаў нанеслі значныя страты савецкай ваеннай разведцы. Былі разгромлены некалькі шанхайскіх рэзідэнтур. У тым ліку — і рэзідэнтура Разведупраўлення Галоўнага штаба ВМФ, якую ўзначальваў Якаў Пеўзнер. Усяго было затрымана 17 разведчыкаў. Але толькі пяць з іх з’яўляліся грамадзянамі СССР. Пасля допытаў і жорсткіх катаванняў японскі ваенна-палявы суд прысудзіў усім смяротнае пакаранне. Але расстралялі толькі аднаго кітайца, як прадстаўніка краіны, з якой Японія знаходзілася ў стадыі вайны. Астатнім замянілі расстрэл на тэрміны зняволення ад двух да дзесяці гадоў. А 23 лютага 1945 года (сімвалічная дата — Дзень нараджэння Узброеных сіл СССР) адбыліся перамовы паміж СССР і Японіяй, у выніку якіх 7 сакавіка прайшоў абмен савецкіх разведчыкаў на пяць японскіх грамадзян, арыштаваных у Савецкім Саюзе.

Вярнуўшыся ў Маскву, Якаў Пеўзнер пайшоў працаваць у Інстытут сусветнай гаспадаркі і сусветнай палітыкі. Варта ўзгадаць, што яшчэ да вайны Якаў Пеўзнер паступіў вучыцца ў Інстытут філасофіі, літаратуры і гісторыі. Пасля першага семеста перайшоў на японскі факультэт Маскоўскага інстытута ўсходазнаўства. Закончыў гэты інстытут, пасля закончыў аспірантуру Інстытута сусветнай гаспадаркі і сусветнай палітыкі. Пасля абароны дысертацыі нашаму земляку было прысуджана званне кандыдата эканамічных навук. Дарэчы, вучоную ступень малады чалавек атрымаў у самы пярэдадзень Вялікай Айчыннай — 11 чэрвеня 1941 года... У 1947 годзе інстытут быў зліквідаваны. Частка яго супрацоўнікаў (у тым ліку і Якаў Аляксандравіч) была пераведзена ў аддзел капіталістычных краін Інстытута эканомікі АН СССР.

З 1956 года наш зямляк працаваў у Інстытуце міжнароднай эканомікі і міжнародных адносін, дзе кіраваў японазнаўчымі даследваннямі. Абараніў у 1961 годзе доктарскую дысертацыю, атрымаў званне прафесара. Быў кіраўніком групы па вывучэнні Японіі, кіраўніком аддзела эканомікі Заходняй Еўропы і Японіі, а пасля і ўзначаліў аддзел Японіі. У 1977 годзе Якаў Пеўзнер ўганараваны званнем лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР. Быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Навуковую руплівасць былога разведчыка заўважылі і ў Японіі — адзначылі ордэнам «Святога скарба» ІІІ ступені (адбылося гэта ў 1994 годзе). Да канца свайго жыцця (памёр Якаў Аляксандравіч у 2003 го­дзе) вучоны займаў пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута міжнароднай эканомікі і міжнародных адносін, працаваў у Цэнтры Азіяцка-ціхаакіянскіх даследванняў гэтага інстытута. У 1990-я гады займаўся пытаннямі тэорыі сацыял-дэмакратыі і крытыкі камунізма і артадаксальнага марксізма. І сёння Якаў Пеўзнер у навуковым свеце застаецца адным з найгалоўнейшых расійскіх японазнаўцаў. Менавіта наш зямляк стварыў школу японазнаўцаў, якія аспрэчылі класавы падыход і сцвердзілі строгую навуковую аб'ектыўнасць галоўным крытэрыем ацэнкі творчых, навуковых памкненняў. Вучэбныя дапаможнікі, манаграфіі Я. Пеўзнера застаюцца настольнымі кнігамі для новых пакаленнячў даследчыкаў Японіі. Дарэчы, вайсковая біяграфія зрабіла Я. Пеўзнера на доўгія дзесяцігоддзі «нявыязным». І толькі ў 1984 годзе Якаў Аляксандравіч наведаў Японію.

Доктар эканамічных навук Якаў Пеўзнер — аўтар кніг «Манапалістычны капітал у Японіі («дзайбацу») у гады другой сусветнай вайны і пасля вайны» (1950), «Эканоміка Японіі пасля другой сусветнай вайны» (1955), «Дзяржава ў эканоміцы Японіі» (1976), «Дзяржаўна-манапалістычны капіталізм і тэорыя працоўнага кошту» (1978), «Крах камунізма і сучасныя грамадскія адносіны» (1999), «Уводзіны ў эканамічную тэорыю сацыял-дэмакратыі» (2001)…

Вялікае жыццё пражыў савецкі разведчык і савецкі, расійскі эканаміст. Прайшоў праз усе выпрабаванні XX стагоддзя. За смугою гадоў, хаця і памёр Якаў Пеўзнер параўнальна нядаўна, шмат што з яго біяграфіі і не разгледзіш. Але і тое, што засталося ў памяці нашчадкаў, сведчыць пра вартасці яго лёсу, пра выключную працаздольнасць і мужнасць гэтага чалавека. Дык чаму б яго імя не ўвасобіць у назве вуліцы ў родным для Якава Аляксандравіча Пеўзнера Гомелі?..

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.