Вы тут

Адкрываць адметнае ў будзённым


У Нацыянальным мастацкім музеі не засталася не заўважанай выстава графікі і акварэляў Леаніда Марчанкі «Летапіс маіх дарог», прымеркаваная да 80-годдзя з дня нараджэння майстра


Трэба адзначыць, што і раней працы мастака нярэдка экспанаваліся на рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Графіка Леаніда Марчанкі ёсць у фондах многіх галерэй і музеяў, уключаючы Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Траццякоўскую галерэю, Музей сучаснага мастацтва ў Кёльне, у прыватных калекцыях.

Ён пайшоў з жыцця рана — у 54-гадовым узросце, пакінуўшы, тым не менш, пасля сябе багатую творчую спадчыну: афорты, літаграфіі, лінагравюры, алоўкавыя малюнкі, акварэлі, жывапіс. Так, сёння пра гэтага таленавітага мастака, нястомнага падарожніка, чалавека, замілаванага жыццём, расказваюць яго працы — яркія, выразныя, грунтоўныя. А галоўнымі героямі твораў Марчанкі часцяком становяцца самыя звычайныя матывы: дарога, ледзь асветленая нясмелым вясновым сонцам, утопленыя ў снезе хмурным зімовым днём пчаліныя вуллі, аксаміцісты фіялетавы вечар на беразе ўпрыгожанай восеньскім золатам ракі, магутныя корпусы старых караб­лёў, старажытныя пахаванні, закінутыя ў туркменскіх стэпах, горад, з дакументальнай дакладнасцю зафіксаваны з вышыні птушынага палёту... Але менавіта ў такіх, на першы погляд, непатрабавальных сюжэтах, на думку аўтара, і выяўляецца дзіўная шматграннасць навакольнага свету, раскрываецца рэчаіснасць ва ўсёй разнастайнасці яе праяў.

Леанід Марчанка нястомна вёў своеасаблівую «рэпарцёрскую» дзейнасць. Дзе б ён ні быў, аловак з’яўляўся яго самым верным і нязменным спадарожнікам, які дапамагаў зафіксаваць месцы, падзеі, людзей. Мастак пабываў у многіх кутках планеты: на поўначы, ля падножжа гор Туркменістана, падарожнічаў па краінах Заходняй Еўропы, прайшоўся па вузкіх вулачках шумнага Баку, вандраваў па ўсёй Беларусі. У выніку як памяць пра шматлікія паездкі з’яўляліся цэлыя серыі: «Палярны круг», «Па Турк­меніі», «Мая Беларусь», «Жанчыны Палесся», «Мой край азёрны», «Край Нарачанскі», «Мінск», «Зямля і людзі», «Лета ў Залацінцы. БАМ». Некаторыя лісты з гэтых серый былі прадстаўлены і на цяперашняй выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Стройныя, гнуткія лініі характэрныя для літаграфіі «Дзяўчаты» з серыі «Жанчыны Палесся», якая гучыць сапраўдным гімнам юнацтву. Спакойны веліч паўночных мораў паўстае з афортаў «Праводка», «Порт Ігарка», якія прадстаўлялі на выставе серыю «Палярны круг». Выразны рытм горада з уласцівым яму бесперапынным рухам перададзены ў афортах серыі «Мінск». Бясконцасцю сусвету дыхае старажытная туркменская стэп у афорце «Старажытныя пахаванні» (серыя «Па Туркменіі»). У той жа час парадаксальным чынам сюжэт распавядае пра непазбежную канечнасць быцця. Гімнам прыродзе роднай краіны, яе велічы і прыгажосці гучалі алоўкавыя малюнкі «Векавыя дубы», «Тры хвоі», афорт «Бераг».

Так, Леанід Марчанка вядомы перш за ўсё як майстар афорта. Але пры гэтым мастак ствараў і цудоўныя акварэлі. Да гэтай тэхнікі ён звяртаўся на світанку свайго творчага шляху, затым вярнуўся да яе, будучы ўжо дасведчаным майстрам, выпрабоўваючы патрэбу ў колеры, у жывапісу. Яго акварэлі — лёгкія, паветраныя, празрыстыя. Створаныя на пленэрах практычна «ў адзін прыём», яны адрозніваюцца свежасцю ўспрымання і натуральнасцю выканання. Марчанка па-майстэрску перадаваў пераходны стан прыроды, калі ўсё вакол нібы апускалася ў цішыню, замірала перад будучымі зменамі. І гэтыя асаблівыя вібрацыі пераходзячага ў змярканне дня альбо разлітага ў празрыстым восеньскім паветры дыхання зімы ўмела перадаваліся ім далікатным дотыкам пэндзля па паперы, мяккім каларытам, які грае тонкімі гранямі і стварае адчуванне бязважкасці намаляванага. Такія працы «Восеньскі матыў», «Возера. Вечар», «Зімовы дзень», «Бярэзіна. Сіні вечар». А нібы ў процівагу іх зыбкасці, насычанасцю і буянствам фарбаў прыцягваюць «Бэз», «Яблыневая галінка», «Каложская царква», «Вясна. Вярба».

Пейзаж і нацюрморт — упадабаныя жанры ў акварэлі Марчанкі. Да выявы чалавека ён звяртаўся радзей, таму «Партрэт жонкі мастака (Ніна Марчанка)» прыкоўвае да сябе асаблівую ўвагу. Акрамя жанравай спецыфікі, праца напоўненая чароўным гучаннем асаблівай пяшчоты, самім жыццём, якое гучыць у залацістым паветры летняга дня.

Выстава «Летапіс маіх дарог» паказвае творча рознабаковага Марчанку: і як здольнага афартыста — аднаго з лепшых у Беларусі, і, несумненна, як тонкага акварэліста-каларыста. Аднак яго галоўны талент, па трапным назіранні вядомага беларускага мастака Барыса Заборава, заключаўся ў тым, што Леанід Марчанка ўмеў адкрываць прыгажосць у штодзённым, бачыць у малым вялікае, у простым матыве — гармонію свету.

У пару свайго творчага станаўлення, у сярэдзіне 70-х гадоў, Леанід стварыў афортны трыпціх «Мой край азёрны». Асабліва адметны адзін з лістоў гэтай серыі пад назвай «Вясна»: хлопчык-мастак стаіць на каленях перад мальбертам, углядаючыся ў велізарны квітнеючы свет. Быццам пытаецца: што чакае мяне наперадзе ў гэтым цудоўным свеце, напоўненым свежасцю паветра і водарам траў, надзеямі, адкрыццямі і неразгаданымі сусветнымі таямніцамі?

Леанід Марчанка пражыў у гэтым свеце нядоўга, але многае паспеў па-сапраўднаму ўвабраць у сябе, у свой характар, у сваё мастацтва: першародную прыгажосць зямлі і яе боль, чалавечую неабыякавасць і кліч гістарычнай памяці, доўгія вёрсты шматаблічных дарог і сучасныя рытмы бягучых будняў.

Так, свае ўражанні, адчуванні, свае мары мастак увасабляў у малюнку, афорце, літаграфіі, акварэлі, пакідаючы на памяць сучаснікам, і тым, хто будзе жыць пасля. У моманты радасці і ў гадзіны нялёгкіх перажыванняў Леаніда ніколі не пакідала глыбокая вера ва ўрачыстасць светлых праяў жыцця. А па дарогах творчасці яго заўсёды вяло імкненне да пазнання новага, нязведанага.

Паездкі па далёкіх і блізкіх паралелях і мерыдыянах тагачаснага Савецкага Саюза былі яго арганічнай патрэбай, а бясконцыя зносіны з людзьмі — крыніцай яго душэўнай раўнавагі. Ён любіў сваю Айчыну — Беларусь, як і малую радзіму — Бабруйшчыну. З зачараваннем і захапленнем маляваў Нарачанскі край і Лепельшчыну, вялікі Мінск і маленькія Паставы, Смаргонь і Лагойск, дзівосныя азёры, маляўнічыя рэкі Бярэзіну і Днепр, Свіслач і Прыпяць.

Безумоўна, Леаніду пашчасціла ўбачыць свет: ён пабываў у Запаляр’і, Сібіры і Сярэдняй Азіі, у Крыме, Прыбалтыцы і на Каўказе, наведаў Іспанію, Польшчу, Германію, Сірыю, тройчы гасцяваў у Даніі. І ўсюды мастак займаўся творчасцю. А вынікі сваёй працы нёс людзям: звыш трыццаці рэспубліканскіх, больш за дзясятак замежных і міжнародных выстаў на яго рахунку, не кажучы ўжо пра тыя творы, якія сышлі ў прыватныя калекцыі і галерэі.

Сустрэча з вядомым графікам, народным мастаком Беларусі, акадэмікам Георгіем Паплаўскім, якая перарасла потым у шматгадовую цесную дружбу, стала для Леаніда Марчанкі значнай падзеяй у яго творчым і асабістым жыцці. Паплаўскі стаў не толькі яго духоўным настаўнікам у мастацтве, але і патрабавальным крытыкам.

Важна заўважыць, што маладым мастакам 70-х гадоў пашанцавала: як правіла, пасля заканчэння інстытута амаль усе яны сталі майстрамі, для якіх мастацтва было галоўнай справай жыцця, і свой хлеб надзённы здабывалі толькі творчасцю. Гэтаму спрыялі і Саюз мастакоў з добрай матэрыяльнай базай і дамы творчасці. У адным з такіх, вядомым як «Сенеж», што пад Масквой, Леанід Марчанка працаваў тройчы. І можна з упэўненасцю сказаць, што тут ён не толькі адшліфаваў сваё прафесійнае майстэрства ў галіне друкаванай графікі, але і ўвабраў у сябе тую дзіўную духоўную атмасферу, якую стваралі маладыя мастакі, хто прыязджаў сюды з розных куткоў краіны.

Леанід працаваў у розных галінах выяўленчага мастацтва, спрабаваў сябе ў жывапісу і кніжнай ілюстрацыі. Але найбольш поўна, як ужо адзначалася, праявіў сябе ў афорце, акварэлі і алоўкавым малюнку. Гэта быў для яго «роздум з алоўкам у руцэ». Ён па-сапраўднаму любіў графітны аловак за пяшчоту і пругкасць, аксаміцістасць і калянасць лініі, за празрыстасць і гушчыню рыскі. Ён маляваў усё, што клалася на яго душу, што магло спатрэбіцца для будучага афорта. Маляваў беларускія вёсачкі і сібірскую бязмежную тайгу, пейзажы Даніі і хвоі Крыма альбо Юрмалы, землякоў-беларусаў на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі і старых ветэранаў-партызан, рабочых каспійскіх суднаверфей і маракоў ледаколу «Пётр Вялікі».

У апошнія гады жыцця ён стварыў вялікую серыю бліскучых афортаў, прысвечаных прыродзе Беларусі. Гэтую «лебядзіную песню» майстра, напоўненую пяшчотай да роднай зямлі, трапяткім пачуццём датычнасьці да яе і разважаннямі пра месца чалавека ў прыродзе, можна «слухаць» гадзінамі. А першую яе страфу Леанід Марчанка напісаў яшчэ ў канцы 70-х, заявіўшы пра сябе ў афортах «Возера Чаросава» і «Цішыня» як пра мастака вялікага эмацыйнага накалу. І працягваў ён гэтую лінію да канца сваіх дзён, лічыў сябе мастаком «сваёй зямлі і свайго неба».

Аляксандр ПІМЕНАУ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.