Вы тут

Та­ям­ні­цы і ад­крыц­ці


Костка ў горле

Навукоўцы расказалі, як неандэртальцы чысцілі зубы.

Яны мяркуюць, што для зубачыстак тыя маглі выкарыстоўваць рыбныя косткі.

Вышэйшыя прыматы чысцілі зубы ад ежы так жа, як гэта сёння робяць сучасныя людзі. Навукоўцы знаходзяць шматлікія сляды на карэнных зубах неандэртальцаў ад старых «зубачыстак», што толькі пацвярджае здагадкі даследчыкаў. Пра гэта піша Scіence alert.

Нядаўна прааналізаваны зуб неандэртальца, знойдзены археолагамі ў Польшчы ў 2010 годзе, утрымліваў невялікую выемку на вонкавым баку, што паказвае на рухі «зубачысткі». Верагодна, уладальнікам зуба быў мужчына ва ўзросце ад 30 гадоў, і ён вельмі сачыў за гігіенай рота.

Аўтары ў рамках гэтага ж праекта прааналізавалі яшчэ адзін зуб ужо другога неандэртальца. Высветлілася, што эмаль зуба танчэйшая, чым у Homo Sapіens; вялікая ямка ў целе зуба ўтварылася, верагодна, з прычыны механічнага сцірання.

Зараз навукоўцы па ўсім свеце мяркуюць, што для «зубачыстак» неандэртальцы маглі выкарыстоўваць косткі, сухажыллі і траву, хоць пакуль гэта не пацверджана археалагічнымі знаходкамі.


Задавальненне ад сябе

Даследчыкі палічылі карысным глядзець на ўласны твар.

Навукоўцы з Універсітэта Асакі (Японія) высветлілі, якія працэсы адбываюцца ў мозгу чалавека, калі ён глядзіць на ўласны твар «на падсвядомым узроўні». Даследаванне было апублікавана часопісам Cerebral Cortex.

У ходзе эксперымента людзям паказвалі адлюстраванне, якое нагадвае іх уласныя аблічча. Удзельнікі разумелі, што гэта іх твар, толькі на падсвядомым узроўні. Высветлілася, што калі чалавек глядзіць на ўласны твар, у мозгу актывізуецца ўчастак, які адказвае за выпрацоўку дафаміну — гармону задавальнення.

Даследчыкі таксама выкарысталі магнітна-рэзанансную тамаграфію, каб вызначыць, якія ўчасткі мозгу актывізаваліся падчас глядзення на ўласны твар і твар іншага чалавека. Такім чынам, яны зразумелі, што пры поглядзе на чужы твар у чалавека задзейнічаны іншы ўчастак мозгу.

«Мы выявілі, што актывацыя вентральнай тэгментальнай вобласці, якая з'яўляецца цэнтральнай крыніцай выдзялення дафаміну, была больш актыўная нават падчас падсвядомага ўяўлення ўласнага твару ўдзельніка, чым пры ўяўленні твараў іншых людзей», — распавяла вядучы аўтар даследавання Чыса Ота.

Падчас уяўлення чужога твару ў чалавека актывізаваліся тыя вобласці мозгу, якія ўспрымаюць незнаёмую інфармацыю, адзначылі даследчыкі.


Дыеты даўгалецця

Выяўлена небяспека некаторых мадэляў харчавання.

Існуе ўстойлівая сувязь паміж рэжымам харчавання і рызыкай развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў і заўчаснай смерці. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Кітая, вынікі работы якіх апублікаваныя ў часопісе BMC Medіcіne.

Навукоўцы прааналізавалі даныя ўдзельнікаў праграмы UK Bіobank, у рамках якой даследаваліся фактары, што ўплываюць на развіццё захворванняў. У прыватнасці, рэспандэнты з
2006 да 2010 года фіксавалі звесткі аб рацыёне і частаце харчавання. Вынікі параўноўваліся з паказчыкамі шпіталізацыі і смерцяў удзельнікаў да 2017 і 2020 гадоў.

Вядучы аўтар даследавання Кармэн П'ернас адзначыла, што ў ходзе работы былі ўстаноўлены дзве негатыўныя распаўсюджаныя мадэлі харчавання.

У першым выпадку рацыён удзельнікаў уключаў вялікую колькасць кандытарскіх вырабаў, сметанкавага масла і шакаладу ў спалучэнні з паніжаным утрыманнем гародніны і садавіны. У другім варыянце рэспандэнты злоўжывалі салодкімі напоямі, шакаладам, кансерваванымі прадуктамі, пры гэтым у іх рацыёне была малая колькасць масла і сыру.

Высветлілася, што першы стыль харчавання ўласцівы мужчынам з невысокім дастаткам, якія пакутуюць на атлусценне або гіпертанію, якія паляць цыгарэты і не займаюцца спортам. У асоб да 60 гадоў з гэтай групы была зафіксавана больш высокая рызыка сардэчна-сасудзістых захворванняў і ранняй смерці, чым у людзей, старэйшых за 60, якія спажываюць здаровую ежу.

Другі рацыён харчавання ў большай ступені распаўсюджаны ў жанчын, якія не кураць і вядуць здаровы лад жыцця. Нягледзячы на гэта, спецыялісты выявілі ў іх павышаны халестэрын, лішнюю вагу, гіпертанію і дыябет.

Вынікі пацвярджаюць атрыманыя ў папярэдніх даследаваннях звесткі аб зніжэнні рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў пры спажыванні ежы з меншай колькасцю цукру і калорый, адзначыла Пьернас.

«Высновы нашай работы могуць быць выкарыстаны для распрацоўкі дыет, заснаваных на харчовых прадуктах. Яны дапамогуць людзям харчавацца правільней і знізяць рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў», — сказала на заканчэнне эксперт.


 «Біяпашпарты» вадаёмаў

Прапанавана вывучаць іх насельнікаў праз ДНК у вадзе.

Спецыялісты з Нацыянальнага навуковага цэнтра марской біялогіі імя А. В. Жырмунскага РАН у Прымор'і пачалі выпрабаванні новага спосабу даследавання біяразнастайнасці вадаёмаў шляхам збору ўзораў ДНК у вадзе. Аб гэтым паведамляецца на сайце ўстановы.

Даследаванні вядуцца на базе Уладзівастоцкага акіянарыума, дзе адбіраюцца пробы вады для наступнага выяўлення з іх ДНК.

«Галоўная вартасць метаду, які цяпер адпрацоўваецца навукоўцамі ў Прыморскім акіянарыуме, — неінвазіўнасць, бо матэрыял бярэцца не ад саміх насельнікаў, а з вады», — гаворыцца ў заяве.

Як растлумачылі даследчыкі, любы жывы арганізм на працягу свайго жыцця скідае нейкую колькасць адмерлай тканкі, з якой, на іх думку, у навакольнае асяроддзе непазбежна трапляе ДНК. Эколагі часта карыстаюцца такім метадам для маніторынгу біяразнастайнасці.

Старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі малекулярнай сістэматыкі Нацыянальнага цэнтра марской біялогіі РАН
Сяргей Туранаў растлумачыў, што акіянарыум выступае ў якасці трэніровачнай базы, на якой адпрацоўваецца працэс, перш чым выйсці ў рэкі, азёры і мора.

Ён дадаў, што аналіз такога матэрыялу дае дакладную інфармацыю аб разнастайнасці мікра- і макраарганізмаў.

«У акварыуме мы дакладна ведаем віды і колькасць рыбы, якія яго насяляюць. Калі вынікі даследаванняў ДНК супадуць з гэтымі данымі, значыць, наш метад працуе, калі не супадуць — будзем дапрацоўваць», — сказаў на заканчэнне вучоны.


Спадарожнікі папярэджання

Яны ацэняць верагоднасць з'яўлення паўночнага ззяння.

Расійская групоўка спадарожнікаў зможа ў перспектыве праводзіць даследаванні, якія дазволяць прадказваць паўночныя ззянні і шыроты, на якіх яны могуць з'явіцца. Пра гэта ў інтэрв'ю «РІА Навіны» паведаміў начальнік аддзялення «Расійскіх касмічных сістэм» (РКС) Аляксей Кавалёў.

Паводле слоў спецыяліста, у РКС цяпер ужо створана бартавая апаратура, якая рэгіструе змены магнітнага і радыяцыйных палёў, на аснове чаго можна прадказваць іх узнікненне і мінімізаваць іх негатыўныя наступствы. У перспектыве ж магчыма стварыць сістэму аварыйных папярэджанняў аб усіх анамальных з'явах, якія з'яўляюцца ў космасе, дадаў Кавалёў.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Костка ў горле

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.