Вы тут

Прыгажосць на вулічнай пляцоўцы


У юбілейны год праекта «Мастак і горад» выстава на адной з мінскіх вуліц прысвечана творчасці народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва.



Без перабольшвання, гэта чалавек дзіўнага творчага лёсу, які зрабіў велізарны ўнёсак у скарбніцу нацыянальнага выяўленчага мастацтва. Ніколі не прыцягвалі яго толькі адгалоскі надзённых тэм, не прыцягвалі модныя мастацкія павевы, а тым больш салоннае псеўдамастацтва, часам папулярнае ў пэўных колах і сёння. Адным словам, у яго творчасці не было, вобразна кажучы, слізгання па паверхні, лёгкай жыццепадобнасці, мелкаводдзя імгненных задач.

— Характэрнае для гэтага мастака пачуццё часу вяло да глыбінь, да высокіх вобразна-пластычных пошукаў, не проста да выявы, а да філасофскага спасціжэння свету, да думак аб яго сутнасці, — адзначае заслужаны дзеяч мастацтваў, даследчык творчасці мастака, арт-крытык Барыс Крэпак. — Падняць пласт сучаснасці або гісторыі, выявіць раскідзістую каранёвую сістэму пэўных жыццёвых з’яў і працэсаў, злавіць «гены» вобраза чалавека, прыроды, рэчаў — вось так фарміраваў Леанід Шчамялёў патрабаванні да сябе і бліскуча сцвярджаў іх сваёй творчай практыкай. У яго не было твораў, прадыктаваных «розуму халодным назіраннем», пазбаўленых хаця б часцінкі асабістай веры, запалу, трывогі, любові, надзеі.

Леанід Шчамялёў нядаўна пайшоў з жыцця. Прайшло яшчэ зусім мала часу, каб паспрабаваць асэнсаваць вялікую страту. Але пачынаеш яшчэ больш разумець, што да яго твораў будзем звяртацца заўсёды — у смутку і ў радасці. І знаходзіць калі не адказы на ўсе жыццёвыя пытанні, то, ва ўсялякім выпадку, адчуваць тое нешта, што сугучна свайму сэрцу.

— Таму што ягоны жывапіс — не толькі ўнікальны факт нацыянальнай культуры, але і фактар, які вызначае і фарміруе своеасаблівасць духоўнага свету беларуса другой паловы XX — пачатку XXІ стагоддзя, — сцвярджае Барыс Крэпак.
Дзе б не выстаўляліся працы Леаніда Шчамялёва, нават як цяпер у вулічнай прасторы беларускай сталіцы, мастак заўсёды паўстае ў дзіўнай цэласнасці свайго творчага аблічча. Не толькі бліскучым жывапісцам, не толькі вытанчаным віртуозам рукатворнай графікі, але Шчамялёвым — цэльным творцам свету незвычайнага. Свету не прыдуманага, а ўбачанага як бы ў натуры, але глыбока пераасэнсаванага і казачна пульсуючага ў кожным фрагменце жывапіснага палатна, у кожным мазку, у кожным уздыху пэндзля. Яго палотны — гэта самапазнанне сучаснага чалавека, самапазнанне духу. Усведамленне не проста прыгажосці, але і яе сэнсу. У гэтым і ёсць сутнасць яго творчасці.

Паэтычна-няўлоўны, казачны, містычны ў сваіх старажытных каранях беларускі край... Зямля неспасціжнай прыгажосці і светлай прыцягальнасці. Колькі мастакоў спрабавалі падабраць ключы да яе запаветных дзвярэй, і як нячаста гэта ў іх атрымоўвалася! У Леаніда Шчамялёва шмат святла — яснага, спакойнага, раўнамернага, які ажыўляе і запаўняе палотны. І шмат фантазіі. У яго ўсё арганічна перапляталася: паэзія, гісторыя, гарадскія вуліцы, прырода, сельскія рытмы, боль вайны. І роздум аб пражытым жыцці, аб творчасці.

Леанід Шчамялёў заўсёды адчуваў сябе лістом вялізнага дрэва, адчуваў галінку, на якой рос, галіну, на якой тая галінка трымалася. Адчуваў і ведаў сваю крону і ствол. І карані, якія сыходзяць углыб. Карані Айчыны. Рэальна і іншасказальна, за межамі часу, быццам бы ў іншым вымярэнні, якое ледзь-ледзь зрушылася, жывуць у яго і бела-блакітная зіма ў Полацку, і чырвона-залатыя снапы івянецкага лёну, і вераснёвае золата чароўнага ліставея, і сумныя коні на пясчанай касе, і вечар на сенажаці пад Ракавым, і млявыя дзяўчыны пры месячным святле на рацэ Ясельдзе, і вячэрні луг у туманным блакітным малаку, і звонкая цішыня на Астрашыцкім возеры, і неба — блакітнае, як акно ў космас, і шумнае вяселле дзе-небудзь у Новым полі ці ў мінскім дворыку, і брутальнае месіва блакітнага, белага, вохрыстага ў сваёй аголенай гучнасці восеньскага возера; і хрэсны ход у Багданаве, і асляпляльна шыкоўныя букеты півонь альбо руж; і абліччы блізкіх і родных яму людзей, пазнавальна падобныя, такія, як у жыцці, і не такія... А побач — захаваныя пэндзлем майстра дзеячы беларускай культуры: Янка Купала, Якуб Колас, а таксама шматлікія выдатныя персанажы «былых часоў», узятыя ў разнастайных падзейных вымярэннях.

— Універсалізм Леаніда Шчамялёва, глабальнасць праблематыкі, з аднаго боку, і глыбокая ўкаранёнасць у роднай культуры, — з другога, — такое двуадзінства было характэрна для мастака на працягу ўсяго яго доўгага творчага шляху, — упэўнены мастацтвазнаўца Барыс Крэпак. — Леанід Шчамялёў любіў сваю Радзіму, яе людзей і прыроду. Цяпер такія душэўныя сувязі творцаў прыгожага з першароднай зямлёй губляюцца. І гэта трэба прызнаць. Урбаністычная цывілізацыя ў многіх выпадках спальвае чалавечае аблічча.

Вядома, такога мастака як Шчамялёў па палічках не раскласці, нават калі гэтых палічак будзе мноства. Занадта шмат усяго і рознага. Леанід Дзмітрыевіч пісаў свет такім, якім яго бачыў і ўяўляў. І кожны ў шчамялёўскім свеце можа знайсці і ўбачыць сваё, блізкае яго душы і сэрцу — незалежна ад нацыянальнасці, прафесіі, узросту, рэлігіі…

Так, традыцыі наладжваць ў Мінску выставы ў адкрытым гарадскім асяроддзі ўжо дзесяць гадоў. Большасць гэтых выстаў прайшло на плошчы Якуба Коласа беларускай сталіцы. Сёння ў экспазіцыі — іншы адрас. Напэўна і таму, што літаральна побач з цяперашняй выставай, усяго ў нейкіх пяці хвілінах хады, знаходзіцца Гарадская галерэя Леаніда Шчамялёва. Вельмі зручна: можна лёгка працягнуць дзіўнае падарожжа па лабірынтах творчасці гэтага найцікавага мастака, пачатае на вулічнай пляцоўцы.

ВЕНІЯМІН МІХЕЕУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.