Вы тут

На Свіцязі пакуль нельга купацца, аднак водныя атракцыі пад забарону не трапілі


У возеры Свіцязь Навагрудскага раёна з 5 ліпеня нельга купацца дзецям і дарослым, паколькі там выявілі кішачную палачку. Мікрабіялагічныя паказчыкі перавысілі дапушчальную норму. Падрабязнасці прыводзяць у Навагрудскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.


Лабараторныя даследаванні вады на дазволеных для купання вадаёмах праводзяцца штотыднёва. Таксама ў ведамстве адзначылі, што першыя дадзеныя аб зніжэнні санітарных паказчыкаў якасці вады былі атрыманы 1 ліпеня.

– Было прынята рашэнне абмежаваць купанне дзяцей у вадаёме. У суботу атрымалі новыя вынікі – паказчыкі палепшыліся, але ўсё яшчэ не адпавядалі норме. На дадзены момант дзейнічаюць абмежаванні для купання дзяцей і дарослых, пры гэтым у санітарных правілах адзначаецца, што можна займацца воднымі відамі спорту. Гэта веславанне, парусны спорт, плаванне на лодках і катамаранах, – паведаміла ўрач-гігіеніст аддзела гігіены Навагрудскага ЦГЭ Вольга Кропікава.

На дадзены момант дакладна невядома, калі бактэрыі знікнуць у вадзе. На гэты працэс ўплывае мноства прыродных фактараў. Да прыкладу, тэмпература навакольнага асяроддзя, надвор'е, колькасць ападкаў і многае іншае.

Цяпер на пляжах возера Свіцязь будуць устаноўлены спецыяльныя забараняльныя знакі, да якіх адпачывальнікам варта паставіцца з усёй сур'ёзнасцю. Рызыка падхапіць кішачную інфекцыю вельмі высокая.

Да ведама

Кішачная палачка з'яўляецца вельмі небяспечнай бактэрыяй, якая лёгка прыстасоўваецца да ўмоў навакольнага асяроддзя. Яна хутка размнажаецца, асабліва, калі гарачае надвор'е, таму вельмі актыўная ў купальны сезон. Заразіцца ёю можна вельмі проста – варта глынуць трохі вады пры ныранні або памыць гародніну або садавіну ў вадзе. Найбольш небяспечны гэты вірус для маленькіх дзяцей.

Урач-гігіеніст Навагрудскага занальнага ЦГЭ Анастасія Шлемпо распавяла, што кішачная палачка, патрапіўшы ў арганізм чалавека, часцей за ўсё выклікае вострую кішачную інфекцыю. Акрамя гэтага, палачка можа апынуцца і ў мочапалавой сістэме, выклікаўшы праблемы і тут. Сімптомы заражэння могуць праявіцца ўжо праз некалькі гадзін пасля патраплення бактэрый у арганізм. У заражанага чалавека ўзнікаюць болі ў вобласці жывата, млоснасць, галаўны боль, дыярэя, падымаецца тэмпература. У выпадку выяўлення падобных сімптомаў, варта неадкладна звярнуцца да ўрача.

Забарона на купанне ў возеры Свіцязь будзе дзейнічаць да паляпшэння якасці вады. Яе павінны будуць пацвердзіць рэгулярныя даследаванні.

Аліса СКІБА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.