Вы тут

Дырэктар лагера «Зубраня»: Чаканні дзяцей павінны супадаць з тым, што мы ім прапануем


Чаканні дзяцей ад адпачынку павінны супадаць з тым, што мы ім прапануем. Такую думку выказала дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» Надзея Ануфрыева.


— Мы маем справу з новым пакаленнем, яго прадстаўнікі чакаюць ад адпачынку найперш уражанняў, таму ўсё, што мы робім, павінна выклікаць у іх эмацыянальны водгук. А лагер — гэта тое месца, дзе дзіцячыя душы адкрываюцца. Таксама для сучасных дзяцей вельмі важнае значэнне мае магчымасць самарэалізацыі. Важна падтрымліваць іх імкненне да лідарства, — падкрэслівае Надзея Генадзеўна.

Нацыянальны дзіцячы цэнтр «Зубраня» — сапраўдная краіна дзяцінства. І, як у любой краіны, у яе ёсць свае законы і традыцыі. Адзін з іх — «закон правай рукі». Любы чалавек, якому неабходна сказаць нешта важнае, каб яго ўсе пачулі, можа падняць уверх правую руку, павернутую далонню да людзей. Навакольныя, убачыўшы гэты знак, павінны замаўчаць і паслухаць. Трэба не толькі ўмець выказваць сваё меркаванне, але і ўважліва выслухоўваць іншых. Паднятая правая рука — сігнал, што патрабуецца ўвага.

Самая любімая ўсімі «зубранятамі» традыцыя — «Вячэрні агеньчык». Ад педагогаў патрабуецца сапраўднае мастацтва для стварэння цёплых і шчырых вячэрніх гутарак. «Агеньчык» — гэта абмеркаванне атрадам і важатым пражытага дня, аналіз праведзеных спраў, разбор узаемаадносін, што складваюцца ў атрадзе. Канкрэтнае ўвасабленне ў жыццё прынцыпу самакіравання: самі плануем, самі рыхтуем, самі праводзім і самі аналізуем.

Перад пачаткам «Вячэрняга агеньчыка» важаты з выхаванцамі распальваюць вогнішча і рассаджваюцца вакол яго. Седзячы ў крузе каля агню і перадаючы талісман атрада, які выбіраецца на самым першым «агеньчыку», дзеці дзеляцца сваімі думкамі і ідэямі, падводзяць вынікі дня і плануюць наступны. А ў канцы «Вячэрняга агеньчыка» становяцца ў «зубраняцкае» кола. Далонь, якую кладуць на плячо чалавека справа, азначае, што ў кожнага ёсць сябар, на якога можна абаперціся. Далонь, якой абдымаюць чалавека злева за пояс, азначае, што кожны гатовы падтрымаць адзін аднаго.

«Нашым дзецям не хапае эмацыянальных кантактаў, — разважае Надзея Ануфрыева, — нават звычайны дотык — „дай пяць“ — мае вялікае значэнне. Таму, мяркую, што ва ўсіх лагерах трэба ўводзіць свае традыцыі прывітання...»

Нядаўна ў «Зубраняці» прайшоў «Чэмпіянат рэальных спраў», падчас якога дзеці спаборнічалі ў самых жыццёвых уменнях: акуратна і хутка заслаць ложак, сервіраваць стол да абеду, завязваць шнуркі, расказаць пра навыкі бяспечных паводзін у перыяд распаўсюджвання вірусных захворванняў. Па меры праходжання этапаў спаборніцтва хлопчыкі і дзяўчынкі маглі атрымаць шмат карыснай інфармацыі і заслужыць чэмпіёнскія тытулы сапраўдных майстроў рэальных спраў.

Яшчэ адзін цікавы праект — «Уікэнд на нагах». Выхаванцам была прапанавана магчымасць самім выбраць тэматыку прагулкі, зыходзячы з іх захапленняў: ЗСЖ-прагулка «Кіламетр добрага настрою», прагулка-трэнінг «Падзяка ў кожным кроку», экапрагулка «Гукі лесу», арт-шпацыр «Мастацтва жыць, сябраваць і радавацца лету», прагулка-роздум «Усё аб усім». Уражаннямі аб шпацырах атрады дзяліліся ў спецыяльна створанай «Гугл»-форме.

А 22 чэрвеня ў НДЦ «Зубраня» распачалося мітынгам-рэквіемам, прысвечаным 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Сцэны мірнага часу, страшныя гукі, якія азнаменавалі пачатак вайны, важнае ўрадавае паведамленне, зварот герояў Брэсцкай крэпасці, што першая прыняла на сябе ўдар, вобразы загінулых салдат, душы якіх ператварыліся ў белых жураўлёў, — усяму знайшлося месца. Як канстатавала Надзея Ануфрыева, арганізацыя мітынгу-рэквіема патрабавала вялікіх намаганняў перш за ўсё ад саміх выхаванцаў. Яны былі задзейнічаны літаральна на ўсіх этапах: у тэатралізаванай частцы, працавалі над дэкарацыямі, асвятленнем і гэтак далей. У гэты памятны дзень усе «зубраняты» таксама ўзялі ўдзел у рэспубліканскім культурна-патрыятычным марафоне «Глядзі і памятай», праектах «Мабільная франтавая агітбрыгада», «Лёсы, складзеныя трохвугольнікам», тэатралізаваным прадстаўленні «На прывале» і іншых.

«У новага пакалення адсутнічаюць навыкі крытычнага аналізу вялікіх патокаў інфармацыі, таму размываюцца духоўныя каштоўнасці і жыццёвыя арыенціры. Безумоўна, з імі неабходна займацца грамадзянска-патрыятычным выхаваннем, але рабіць гэта трэба ненавязліва», — дадала дырэктар цэнтра.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Законы і традыцыі «краіны дзяцінства»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».