Вы тут

Карэспандэнт АНТ Аляксандр Мацяс: Мы не ўмеем знаходзіць прыгожае ў малым


Размаўляць пра культуру з любоўю, без ацэнак, але паказваючы аўдыторыі, што беларусам ёсць што любіць, чым ганарыцца і натхняцца — гэта пазіцыя карэспандэнта АНТ Аляксандра Мацяса. Ён не дзеліць людзей па поглядах, але любіць і паважае за прафесіяналізм. Разам з тым перакананы, што культурны і турыстычны патэнцыял Беларусі мае вялікія магчымасці. Пры сустрэчы і распыталі ў Аляксандра пра работу ў тэлежурналістыцы, творчых людзей, малую радзіму і яго асабістыя каштоўнасці.


Ці відаць творцу ў натоўпе?

— З чаго для вас пачынаецца культура?

— З любові да яе самой. Таму што трэба любіць тое, чым  займаешся. Ты павінен размаўляць са сваімі суразмоўцамі не толькі ў тыя хвіліны, пакуль вы запісваеце інтэрв'ю, па прынцыпе «ўбачыліся і да пабачэння». Я імкнуся са сваімі героямі выбудоўваць сяброўскія адносіны. Трэба часам ім патэлефанаваць і пацікавіцца, які ў іх настрой, як здароўе ці проста пагаварыць пра жыццё.

— Вось цікава, ці адрозніваецца нечым беларускі творчы чалавек у жыцці і ў кадры?

— Так, перш за ўсё тым, што людзі пачынаюць падбіраць словы. І я вельмі не люблю, калі мяне просяць загадзя даць ім пытанні, каб падрыхтаваць на іх адказы. На гэта я заўсёды кажу: «Я ж буду ў вас пытацца пра тое, у чым вы эксперт». А нашы людзі хочуць нават імправізацыю падрыхтаваць. Я супраць такога.

— На ваш погляд, чаму так атрымліваецца: недастаткова ўвагі ці проста гэта рамкі, за якія баяцца выйсці: а раптам скажу лішняе?

— Гэта ментальнасць. І яна сфарміраваная не ў 1990-я і не ў 2000-я гады. Мы ж беларусы, глядзім заўсёды, каб сусед чаго не сказаў і чаго дрэннага не выйшла. Лепш увогуле моўчкі пасядзець. Я ў адной са школак нядаўна сутыкнуўся: дзіця настолькі «настрапалілі», што нельга было пісаць ягоны завучаны расповед. Прашу: раскажы па-свойму. Не, зацяўся, і ўсё...

— А ці павінен творчы чалавек вылучацца ў натоўпе?

— Мне здаецца, што творчы чалавек — гэта антаганіст натоўпу. Я, напрыклад, не такі. На масавых мерапрыемствах накшталт «Славянскага базару ў Віцебску», Дня беларускага пісьменства я вельмі хутка стамляюся, і калі шмат людзей вакол і кожны нешта кажа, крычыць, то мне цяжка. У гэтым сэнсе я больш камерны чалавек. Хоць люблю шумныя кампаніі, але толькі не падчас працы. Мне здаецца, творчыя людзі хутка стамляюцца ад патоку інфармацыі, таму такі чалавек не можа быць у натоўпе... Калі ж гаварыць пра знешні выгляд, то тут ужо кожны сам вырашае. Я розных людзей сустракаў. Напрыклад, асацыяцыя з музейнымі супрацоўнікамі, што выгляд у іх такі вінтажны... Але ж так не заўсёды. Не звяртаю ўвагі: вопратка дарагая ці сціплая. Важна, што чалавек кажа, як ён даносіць гэта да гледача, як падае свой прадмет.

У Капылі, на малой радзіме.

— Ці заўсёды ўдаецца быць на адной хвалі з суразмоўцамі, бо сустракацца ж даводзіцца з людзьмі розных творчых прафесій?

— Амаль што. Калі дыялог не складваўся, то гэта здаралася толькі хіба з заезджымі. Таму што беларус з беларусам заўсёды знойдзе паразуменне. А вось несупадзенне часам бывае з «хайпавымі» артыстамі. Ёсць і шмат момантаў, якія застаюцца за кадрам. У мяне, напрыклад, была сітуацыя з адной расійскай спявачкай, калі яна пашкодзіла нагу, і мы былі адзінай камерай, якая тое зняла, але наша каманда засяродзіліся не на падзенні зоркі, а на тым, каб дапамагчы ёй падняцца. І потым на службовым аўто адвезлі яе ў бальніцу...

— Не сакрэт, што перад любой сустрэчай па рабоце мы, журналісты, рыхтуемся. Як у вас гэта адбываецца?

— Жонка ўкладвае дачку спаць, а я саджуся за стосік кніг і асвяжаю ў памяці патрэбныя веды. Бо, разумееце, калі сёння ў цябе выстава, а ўчора быў тэатр, а потым фестываль выяўленчага мастацтва, то хоць бы для сябе ты хочаш згадаць нейкія моманты. Самаадукацыя патрэбна. І я ў гэтым плане старамодны чалавек, бо вельмі люблю друкаванае: газета, часопіс, кніга... Кніг тысячы дзве ў мяне ўжо ёсць напэўна. У нататніку я пішу ад рукі. У мяне з дзяцінства добрая зрокавая памяць. Бывала, ва ўніверсітэце ты напішаш «бомбу» і нават не скарыстаешся ёй, але дастаеш білет і бачыш тэкст перад вачыма.

— Дарэчы, пра кнігі. Вы расказвалі, як з кожнай камандзіроўкі тата прывозіў іх. Які лёс сямейнай бібліятэкі?

— Часткова яна пераехала са мной, таму што кнігам трэба дзесьці жыць. Я рос і фарміраваўся на розных кнігах. Заўсёды любіў беларускую літаратуру. У школьныя гады здарыўся такі выпадак. У мяне былі адны пяцёркі па літаратуры, а потым нам задалі прачытаць «На ростанях» Якуба Коласа, я пачаў чытаць і пасля пяці старонак зразумеў, што не ідзе мне кніга. Прыйшоў і кажу настаўніку: «Не магу чытаць гэты твор, стаўце двойку». А потым я быў у адпачынку і знайшоў у маці гэтую кнігу. Праглынуў залпам і лічу гэты твор вялікім. Пасля патэлефанаваў у музей Коласа, каб даведацца, ці з'яўляецца Ядвіся рэальным персанажам. Аказваецца, гэта была дзяўчына, якую пісьменнік пакахаў, калі прыехаў у Люсіна. А потым яна засталася па той бок мяжы, і так разышліся іх лёсы.

— Ці ўдаецца цяпер выкройваць час для чытання, каб менавіта для душы?

— У асноўным, на жаль, усё ж такі больш чытаю па рабоце. Але ёсць падборачка кніг, якія хачу прачытаць. У Сяргея Астрэйкі зборнік вершаў выйшаў. Мне яго жонка набыла, тым больш што ён мой зямляк. Я маленькую бібліятэчку Капыля збіраю. Не ведаю, як каму, а мне тры Гады малой радзімы пайшлі на карысць. На мяне гэты час паўздзейнічаў сапраўды. Цягне туды.

Карыснае запусценне і адчуванне апоры

— Сёлета ў Капылі (на вашай малой радзіме) будзе адзначацца Дзень беларускага пісьменства. Ці ёсць у вас нейкія чаканні?

— Я люблю Дні беларускага пісьменства, таму што гэта вельмі беларускае свята, тут ёсць беларуская душа. І зноў жа для беларускіх гарадоў гэта шанс быць заўважанымі. Мы часта ў Мінску думаем меркамі МКАД, а за ёй таксама ёсць жыццё. І разумееце, калі твой горад заўважаюць на нацыянальным узроўні і як мінімум год яго назва гучыць усюды, то гэта вельмі шмат значыць для людзей. Нам усім важна ўсведамляць сябе часткай народа, нацыі.

— Такія святы — гэта яшчэ і магчымасць змяніць умовы жыцця для мясцовых да лепшага... Хоць не абыходзяцца такія дзеянні і без крытыкі...

— Колькі людзей — столькі і меркаванняў, і гэта нармальна. Усім не дагодзіш, заўсёды знойдзецца той, хто раскрытыкуе любыя дзеянні. А іншы скажа, як добра і прыгожа стала ў гэтым месцы. Мы не ўмеем знаходзіць прыгожае ў маленькім. Я асабіста вельмі люблю бываць у малых гарадах. Там ты знойдзеш, напрыклад, адзіны будынак канца ХІХ стагоддзя і проста смакуеш тое, што бачыш. Маеш магчымасць уявіць, што там было. У думках дабудоўваеш мястэчка і ўяўляеш, як усё выглядала раней. Маленькія гарады прывабныя тым, што там ты можаш зрабіць для сябе сапраўдныя адкрыцці. Вядома, калі чалавек жыве там увесь час і кожны дзень усё гэта бачыць, то яму можа і нецікава, а ты прыязджаеш, спасцігаеш месца і захапляешся. Шкада, часта ў нас кіруюцца прынцыпам, каб зрабіць прасцей, а з-за гэтага мы страчваем гістарычнае аблічча будынка. І атрымліваецца, што старыя майстры маглі зрабіць больш складана, чым сучасныя рэнаватары. Таму часам умоўнае запусценне ідзе на карысць гістарычнай каштоўнасці.

З жонкай.

— Чаго, на вашу думку, не хапае малым беларускім гарадам?

— У нас на раёнах прамысловасць і сельская гаспадарка ў прыярытэце, а культура, турызм з нявыкарыстаным патэнцыялам. Напрыклад, я заўсёды кажу, што лёс Капыля — быць горадам-спадарожнікам Нясвіжа. Не хапае маршруту, які б звязаў іх. Так, там аграрны рэгіён, але яго патэнцыял турыстычны, нават калі не браць літаратараў, найвелізарнейшы. Аднак пакуль не створана інфраструктура для турыстаў. Трэба прапрацоўваць брэнд тэрыторыі. Рэгіёны ў плане культурнай разнастайнасці цяпер вырываюцца наперад. І многія інстытуцыі там нават пры адсутнасці вялікіх грошай прапаноўваюць прадукт, які не сорамна паказаць...

— Вы, як чалавек публічнай прафесіі, знаходзіце ў ёй для сябе больш пераваг ці нейкіх адмоўных момантаў?

— Я заўжды кантралюю ўласнае меркаванне. Вядома, мой профіль у сацсетках — гэта мая асабістая прастора. Хоць у святле апошніх падзей у мяне там вельмі рэдка з'яўляюцца нейкія рэчы, якія не датычацца працы. І, як правіла, мне пішуць тыя людзі, якім мне ёсць што адказаць. Але я ніколі не ўступаю ў публічную палеміку. Не пішу каментарыяў і не чытаю іх. Мне гэта проста нецікава. Плюс у нашай сям'і ёсць правіла, што мы не публікуем сямейныя фотаздымкі. Не таму, што не хочам, а проста сацсеткі спарадзілі тое, што вельмі размытай стала мяжа паміж асабістым і публічным. Усё ж такі павінна заставацца нешта і для сябе.

— Сёння вы больш шчаслівы ў кадры ці па-за ім?

— Не магу сказаць, што будзе заўтра, але мне падабаецца тое, чым я займаюся і што раблю. У мяне ёсць тая свабода, якую зараз многія шукаюць. І калі былі пэўныя падзеі, то я ні на хвіліну не пашкадаваў, што застаюся на сваім канале. Я не з тых, хто коней мяняе на пераправе. Мы ў адказе і за сваіх калег у тым ліку. Наколькі б ні адрозніваліся нашы погляды. Трэба адзіным фронтам выстаяць, а потым ужо разбяромся, чыя праўда і хто сыдзе, а хто застанецца. Я шчыра ўдзячны, што наш кіраўнік Марат Маркаў змог захаваць калектыў, і наш АНТ выстаяў. З намі размаўлялі, і нас чулі... Але калі спытаць мяне, дзе я больш шчаслівы, то адкажу: «За кадрам». І гэта для мяне нават не параўнальна. Абсалютна спакойна стаўлюся да сваёй прысутнасці на экране. Я працаголік, але разумею, што калі нешта здарыцца, то толькі на родных можна разлічваць.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.