Вы тут

Мора Герадота. Дзе можна набрацца незабыўных уражанняў і самых прыемных успамінаў


Хутка водпуск, і так хочацца на мора. Уяўляеш яго: то блакітнае, то бутэлечна-зялёнае, як яно плешчацца аб ногі або люляе цябе на хвалях. Часам нават здаецца, што вільготны гарачы вецер прыносіць здалёк яго ледзь улоўны пах... Але яно, мора, сёлета ў жыцці здарыцца наўрад ці. Час неспакойны, лепш пабыць дома. А пра мора можна проста прыемна паўспамінаць, пагартаўшы яркія фотаздымкі. Балазе было яно неаднойчы — і Чорнае, і Азоўскае, і Міжземнае, і Эгейскае, і Адрыятычнае, і Балтыйскае, і Паўночнае... Я ўчора вечарам так і зрабіла — дастала альбомы з фота, паадкрывала папкі на камп'ютары, разглядала, успамінала кожнае сваё лета, калі даводзілася з'язджаць далей за сто кіламетраў ад Мінска ці роднай вёскі. Пасля паспрабавала прааналізаваць і падвесці вынік (пэўна, старэю) — якая з гэтых шматлікіх вандровак запомнілася найбольш, пакінула найярчэйшыя ўражанні і найбольш момантаў, якія людзі па-простаму называюць шчасцем. І, вы ведаеце, абсалютна нечакана для сябе зрабіла выснову: за ўсе гады мой найлепшы, найцікавейшы, напоўнены самымі яскравымі ўспамінамі водпуск быў на поўдні... роднай краіны, на моры Герадота, якое мы сёння называем Палессем.


Фота: pixabay.com

Тады ўсё супала: і адсутнасць магчымасці паехаць кудысьці за мяжу, і нейкі роспачна-самотны настрой, з якім вельмі не хацелася ехаць у родную вёску, і жаданне зрабіць штосьці такое нечакана-адчайнае нават для самой сябе. І такі дарэчны званок былога школьнага настаўніка гісторыі: «Еду пад Петрыкаў на раскопкі. Хочаш са мной, там яшчэ валанцёраў набіраюць...» Ужо праз два дні я трэслася ў ноч у душным плацкарце цягніка Баранавічы — Жытомір да невялікай станцыі Муляраўка, пасля на аўтобусе да Макарычаў — вялікага палескага паселішча, што раскінулася на беразе шырокай павольнай ракі... Кінуўшы ў школьнай спартзале, дзе атабарыліся новаспечаныя археолагі, рукзак і спальны мяшок, памчала на раскоп — вельмі хацелася з усімі пазнаёміцца ды паглядзець, што яно і як.

Прыемна ўразіла ўсё. І кампанія — у асноўным студэнты-старшакурснікі гістфака ды некалькі іншаземцаў (прафесар і дзве яго студэнткі прыехалі аж з Амерыкі). І сама праца: пераціраеш сабе ў пальцах жоўценькі пясок, што выкідваюць хлопцы з раскопу, — і раптам знаходзіш у ім гліняны чарапок, ці кавалак аплаўленай жалезнай руды, ці — вялікая ўдача — бронзавае колца (капалі культуру V стагоддзя — першых вядомых славян). Але галоўным уражаннем была яе вялікасць Прыпяць — ёсць версія, што менавіта гэту паўнаводную шырокую раку падчас вясновага разводдзя і палічыў грэк Герадот морам. Спакойная, рудавата-чырвоная, яна цячэ ў Макарычах, лічы, за агародамі. А раскопкі нашы месціліся крыху далей — на старыку ракі, адкуль наш кіроўца Іванавіч штодня выцягваў па дзесяць-пятнаццаць вялізных самоў. Ён нанізваў іх на лазовы дубец і ў выцягнутай руцэ ўрачыста прад'яўляў нам, падымаючыся ад берага. А вялікія рыбіны плямкалі шырокім ротам і грозна шавялілі вусамі (падобных страшыдлаў я тады ўбачыла ўпершыню).

Наеліся мы тады самяціны — на ўсё жыццё. Асабліва ўпадабалі юшку з галоў ды катлеты — пляскатыя, памерам з далонь, белыя ўсярэдзіне — смаката! Такія вось у нас былі «спартанскія» ўмовы, хутчэй падобныя да санаторскіх. А яшчэ маладая бульба, свежая цыбуля з вялікімі ўжо залацістымі галоўкамі, купленыя на базары ў Мазыры ў бабуль у стракатых хустках, з загарэлымі да цёмна-рудога тварамі і рукамі. У Мазыр плавалі праз Прыпяць на пароме, які цягнуў невялікі кацярок, што раз-пораз гучна чхаў, намерваючыся спыніцца. І гэта таксама была прыгода, бы на здымках гістарычнага фільма, бо дзе ж яшчэ ў апошні год XX стагоддзя можна было пабачыць на пароме разам з машынамі вялікую рахманую карову, трох коз ды бухматы воз з сенам.

Мы не нашмат адрозніваліся ад тых амерыканцаў, калі, разінуўшыся, з цікавасцю слухалі мясцовую гаворку, сакавітую, не падобную да літаратурнай. Дагэтуль помню: «Нагленны памідор вырас», — казала гаспадыня суседцы, з гонарам паказваючы праз плот той самы «нагленны» памідор, сапраўды, вялізны, больш падобны на гарбуз... Чаўны, самаробныя, вялікія, што туліліся ўздоўж берага, звалі гілярамі. На гэтых гілярах з аднаго берага на другі перавозілі вялікія копы сена... Яшчэ — і гэта самы цёплы ўспамін, адзін з самых важных у жыцці — мясцовая бабуля, у якой пайшлі купіць цыбулі. Яна спачатку прыняла нас за амерыканцаў і паставілася ветліва-насцярожана. Калі ж пачула, што мы з Мінска, радасна пляснула далонямі: «А мае ж вы дзеткі! Дык вы свае!» І завяла нас у хату, і накарміла абедам, і не адпусціла, пакуль не ўзялі ад яе вянок цыбулі — бясплатна (а мы ж хацелі купіць дзве цыбуліны), пакуль не насыпала цэлую торбу чырванабокіх яблык. Памятаю, мы ішлі па вуліцы, смачна грызлі гэтыя яблыкі і разважалі, як добра быць сваім на сваёй зямлі. Для дваццацітрох-дваццаціпяцігадовых гэта было вельмі патрэбнае разуменне, на перспектыву, можна сказаць...

Здзіўляла Прыпяць. Гушкала на сваіх карычневых хвалях, як сапраўднае мора, збірала над сабой цэлае неба белых птушак — нібы менавіта тут была школа лятання для маладых буслоў, «дыміла» шчыльным, бы малако, туманам на досвітках. Калі ж ноччу здаралася навальніца — чарнела і бушавала, а па берагах прыгаломшана кракталі векавыя дубы...

Зтаго працоўнага адпачынку я прыехала, як трапна сказала мама, «бы галавешка» — пахудзелая і літаральна чорная ад загару. На пытанне, дзе адпачывала, адказвала: «На поўдні», і ўсе зайзросна казалі: «А-а-а». «Роднай Беларусі», — працягвала я. Чамусьці многія не верылі, думалі што жартую.

Яны проста не ведалі пра Мора Герадота і пра ягоныя дзівосы. Як, думаю, і пра іншыя не менш цікавыя мясціны нашай краіны. Яно так заўсёды бывае: кідаеш позірк кудысьці ўдалеч, не спрабуючы нават убачыць тое, што зусім побач.

Зрэшты, яно ніколі не позна — паглядзець, што побач. І чаму б не зрабіць гэта менавіта цяпер, не вельмі спакойным летам 2021-га?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?