Вы тут

Згадкі пра Міколу Арочку — таленавітага паэта, бліскучага літаратуразнаўцу й далікатнага ў абыходжанні з людзьмі ўраджэнца Слонімскага раёна.


Летась 10 снежня былі 90-я ўгодкі Міколы Мікалаевіча Арочкі. Нарадзіўшыся ў 1930-м на Гарадзеншчыне, у вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна, ён быў яскравым прадстаўніком пакалення ўнікальных беларусаў, чые лёсы перамолваліся ў жорнах трох эпох. У першую з іх Вецявічы былі ў складзе Польскай Рэспублікі. Другая наступіла ў 1939-м: пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР.


Мікола Арочка ў роднай вёсцы Вецявічы

«Заходнікі» перажылі й далёка не для ўсіх шчаслівы прыход «першых саветаў», і фашысцкую навалу, несучы велізарныя ахвяры. Савецкая эпоха закончылася ў 1991-м, калі абвешчана была дзяржаўная незалежнасць Беларусі. Неўзабаве пасля той знакавай падзеі Мікола Арочка пераязжае-вяртаецца з Мінска, дзе жыў з 1951 года, у родную вёску. Там і жыў пастаянна да смерці, а не стала яго 2 сакавіка 2013 года. Прычынай для пераезда была гібель двух сыноў, трагедыя здарылася ў беларускай сталіцы. І прыдушаны горам бацька палічыў: жывучы ў вёсцы, яму лягчэй будзе несці свой крыж.

Найплённай для Міколы Мікалаевіча была эпоха савецкая. Пад яе «аховай» атрымаў ён спачатку сярэднюю, затым вышэйшую адукацыю, абараніў кандыдацкую, потым і доктарскую дысертацыі. Меў працу ў сродках масавай інфармацыі, напісаў большасць твораў, правёў фундаментальныя даследаванні як навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 27 гадоў, у самы разгар хрушчоўскай адлігі, аформіў членства ў Саюзе пісьменнікаў СССР. Па мерках таго часу — даволі малады ўзрост, каб патрапіць у такую аўтарытэтную й даволі ўплывовую ў тых варунках арганізацыю. Праз пару месяцаў пабачыў свет першы яго паэтычны зборнік «Не ўсе лугі пакошаны», а да таго вершы Міколы Арочкі дзевяць гадоў друкаваліся ў газетах і часопісах. У часе «адлігі» выйшаў і зборнік «Ветраломная паласа», а напрыканцы яе праявіўся малады чалавек як дзіцячы паэт, як празаік. Дзетвара зачытвалася добра выдадзенай кніжкай «У птушынай вёсцы», дарослыя — аповесцю «Хай расце маладая таполя».

У часы, якія адмыслоўцы па гісторыі савецкага грамадства называюць застойнымі, да чытача прыйшлі зборнікі паэзіі Міколы Арочкі «Крылатае семя», «Кветкі бяссмертніка», «Матчына жыта», «Колас на ржышчы», драматычныя паэмы «Курганне» ды «Крэва». У гады гарбачоўскае перабудовы пабачылі свет яго зборнікі паэзіі «Бяздоннае», «Падземныя замкі», драматычная паэма «Судны дзень Скарыны». Жывучы ўжо ў Вецявічах, паэт напісаў драматычную паэму «Каранацыя Міндоўга».

Мікола Арочка — не толькі літаратар, у сваёй творчасці ён і філосаф, псіхолаг, гуманіст, патрыёт, інтэлектуал. Вершы яго ўражваюць шчырасцю, сардэчнасцю. Паэт часта ўкладвае ў вусны герояў засяроджаны роздум пра жыццё і час. Паэму «Матчына жыта», вершы «Перакалочаныя ночы», «А салдаты ішлі», «Партызанскі пароль», «Начная балада салдаткі» даследчыкі лічаць своеасаблівымі ўзорамі маральнага вымярэння пакут, якія перажыў народ у суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны. У згаданых паэмах творцы паказана, як асэнсаванне мінуўшчыны ўплывае на ўмацаванне маральнага здароўя соцыума, на выбар народам духоўных арыенціраў, шляхоў у будучыню. Пры тым у тэкстах знітаваныя непарыўна духоўнасць і стваральная праца народа-волата, народа-героя, народа-пераможцы. Паэмы поўняцца глыбокай верай у стваральныя народныя сілы.

У аўтабіяграфічных вершах люструецца любоў паэта да Бацькаўшчыны, якой поўнілася сэрца вясковага хлапчука з маленства. Да літаратурнай класікі з іх ліку я б аднёс «Далучэнне да зямлі», «Дарогай світання», «Пах саломы».

З часоў гарбачоўскай перабудовы творчая спадчына Міколы Арочкі ўзбагацілася вершамі на біблейскія матывы. У творах ёсць глыбокія хрысціянскія вобразы, пранікненне ў сутнасць хрысціянскай веры. Шырокі розгалас у грамадстве мелі вершы «Укрыжаванне», «Малітва сына Віталія», «Святая зямля», «У пустой капліцы», «Асвячэнне крыніцы». Чытачы заўважаюць зварот паэта да каштоўнасцяў, якія — і агульначалавечыя, і хрысціянскія ў адным часе. І лірыка творцы кранае душу й сэрца. Напрыклад, такія радкі: «Нас выпадкам/ Сцяжынкі лясныя звялі,/ І калі/ Пад птушыную песню ў галлі/ І пад ранішні пошум лістоты/ Ёй руку паціскаў/ І з сям’ёй віншаваў,/ Мне яна засмяялася:/ — Што ты,/ З ім даўно не жыву.../ І абцасікам тонкім/ Прымяла траву./ А калі/ На расстанне руку падалі,/ Мне сказала:/ — Ты помніш прагаліны,/ Як сюды па грыбы прыбягалі мы,/ Помніш зорную россып суніц,/ Тыя гнёзды драздоў і сініц?/ І ўсе гнёзды, што знала, —/ Гэта ж я раскідала!../ Памятаю, якой ты была./ Раскідала тады,/ Раскідала,/ А цяпер жа свайго не звіла...»

І наробак на ніве крытычна-літаратуразнаўчай у Міколы Арочкі быў важкім. Выходзілі кнігі, артыкулы. Зберагліся тэксты дакладаў і тэзісы выступаў на канферэнцыях, засталіся рэцэнзіі на кнігі. Шэсць кніг напісана ім самім: «Валянцін Таўлай», «Галоўная служба паэзіі», «Беларуская савецкая паэма», «Саюз часу і майстэрства», «Максім Танк: Жыццё ў паэзіі», «Поэзия и война». Гэты навуковец — адзін з ключавых аўтараў кнігі «История белорусской советской литературы», напісаў шэраг раздзелаў і ў «Гісторыю беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» (выдадзена ў 4 тамах, 5 кнігах). Што там прынцыпова новага? Па сутнасці, то быў першы досвед сістэмнай рэканструкцыі творчых біяграфій Валянціна Таўлая ды Максіма Танка. Падаецца ў працы арыгінальная і ў той жа час пераканальная аўтарская канцэпцыя пры аналізе айчыннай паэзіі 30-х гадоў, беларускай ваеннай паэзіі, пры даследванні сувязяў між беларускай літаратурай ды літаратурамі народаў іншых. Прыкметны новы этап у вывучэнні творчай спадчыны Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Дубоўкі. Згаданая «Гісторыя...» — фундаментальнае даследаванне, канцэптуальнае па змесце для беларускага савецкага літаратуразнаўства 1944-91 гадоў, якое звярнулася да аналізу таго, як адлюстраваны лёсавызначальныя падзеі ХХ стагоддзя ў айчыннай мастацкай літаратуры.

Мікола Арочка зрабіў бліскучыя пераклады на родную мову твораў літаратурных класікаў: рускага савецкага паэта Аляксандра Пракоф’ева, народнага паэта Латвіі Яніса Райніса, яскравага прадстаўніка польскай грамадзянскай лірыкі Уладзіслава Бранеўскага ды англійскага паэта-рамантыка Джорджа Байрана. Ды й творы Міколы Арочкі перакладзеныя ўжо на іншыя мовы.

Калегі заўсёды згадваюць цёплым словам пра гэтага чалавека. У прыватнасці, з ім быў у добрых стасунках паэт Міхась Скобла, які напісаў цікавыя нататкі «Зь Бібліяй у кошыку». Ён заўважае: «Далікатны ў абыходку з людзьмі й з кожнай жывою істотай, ён і ў слове адчуваў і вычуваў кожны гук. Мог па-майстэрску ва ўласны верш уплесці фальклорны малюнак: «Іду, як заварожаны,/ а спеў плыве з-за гаці:/ ня ўсе лугі пакошаны, / ня ўсе сенажаці». І дзе тут народнае, а дзе Арочкава?».

Як вядома, галоўным помнікам працаўнікам слова застаецца імі напісанае. Да таго ж, як піша журналістка Аксана Шпак, на магіле ў вёсцы Вецявічы жонка пісьменніка Марыя Іванаўна ды ўнук Валеры паставілі помнік Міколу Мікалаевічу. І ў той жа вёсцы на хаце, дзе нарадзіўся й жыў апошнія 20 гадоў па звычайным вясковым раскладзе зямляк-творца, ёсць мемарыяльная дошка. Яе ўстанавілі сябры пісьменніка з дазволу Марыі Іванаўны. Унук, як і дзед, піша вершы. Магчыма, прыйдзе час — і апублікуе. У 2020-м выйшла кніга выбраных твораў Міколы Арочкі. Маю надзею, што імем земляка з часам назвуць і вуліцы ў Слоніме, Гродне, Мінску.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук

Фота: Міхась Скобла

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Кожнае слоўца душой вычуваў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».