Вы тут

Віктар Скарабагатаў: Ні адна беларуская опера не ўтрымалася ў рэпертуары даўжэй, чым «Дзікае паляванне караля Стаха»


11 ліпеня на сцэну Вялікага тэатра Беларусі вяртаецца опера Уладзіміра Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха». Не, гэта не тая легендарная опера, прэм’ера, якой адбылася ў 1989 годзе і мела каласальны поспех. Гэта новая рэдакцыя оперы, новыя дэкарацыі, іншая пастановачная група і выканаўцы. А сустрэча прыхільнікаў опернага мастацтва з артыстамі і дырыжорам, занятымі ў «старой» оперы адбылася ў камернай зале Вялікага тэатра. І завяршылася яна пажаданнем ад мэтраў такога ж грандыёзнага поспеху маладым калегам.


Віктар Скарабагатаў — выканаўца партыі Беларэцкага

Першаму на гэтай сустрэчы далі слова заслужанаму артысту Беларусі, першаму выканаўцу партыі Беларэцкага, мастацкаму кіраўніку «Беларускай Капэлы» Віктару СКАРАБАГАТАВУ — таму чалавеку, без якога, магчыма, і не было б гэтай оперы. Па сутнасці, ён быў прадзюсарам, але тады, у 1980-х і слова такое мала хто ведаў.

Уладзімір Караткевіч — адзін з любімых пісьменнікаў Віктара Скарабагатава. І дома, і на гастролях ён не раз перачытваў яго творы.

— Летам 1984 года наш тэатр быў на гастролях у Маскве. Зноў перачытаў «Дзікае паляванне», якое настолькі ўзбудзіла фантазію, бо гэта гатовы оперны сюжэт. Падумаў, што трэба пазнаёміцца ​​з Уладзімірам Сямёнавічам. І якраз прыйшла горкая вестка з Мінска: пісьменнік памёр, — распавёў Віктар Іванавіч.

Але думка аб оперы яго не пакідала. І вось аднойчы Скарабагатаў ішоў па плошчы Свабоды ў кансерваторыю, дзе выкладаў вакал. Падыходзячы да будынка Саюза кампазітараў БССР, убачыў у акне свайго сябра яшчэ са студэнцкіх гадоў кампазітара Уладзіміра Солтана.

— Заходжу да яго і пытаю: «Валодзя, ці не прыходзіла табе ў галаву напісаць музыку па «Дзікім паляванні караля Стаха», — дзеліцца ўспамінамі Віктар Скарабагатаў. — Ён адказвае: «Так прыходзіла. І напісана часткова. Сімфанічная паэма». Валодзя сыграў вальс і «паляванне». Кажу яму: «Ніякай паэмы не будзе. Будзе опера!»

Кампазітар сумняваўся, ці знойдзецца добры аўтар лібрэта. Скарабагатаў прапанаваў кандыдатуру Святланы Клімковіч, дарэчы, суседкі Уладзіміра Караткевіча ў знакамітым «пісьменніцкім доме» на Карла Маркса, 36.

Віктар Скарабагатаў

У той жа дзень Віктар Скарабагатаў наведаўся да Святланы Міхайлаўны. Яна спачатку без энтузіязму сустрэла прапанову, але атрымаўшы запэўніванні, што Уладзімір Солтан — выдатны меладыст, пагадзілася з ім пазнаёміцца. Віктар Іванавіч прыехаў у Саюз кампазітараў са Святланай Міхайлаўнай. Лёс оперы вырашыўся ў адзін дзень!

Праз некалькі дзён Уладзімір Солтан гатовы быў паказаць восем фрагментаў оперы. З музычным матэрыялам пайшлі да дырыжора Яраслава Вашчакі. Вальс, які, сыграў кампазітар, уразіў дырыжора і ён пагадзіўся працаваць з операй.

У той час галоўным мастаком тэатра оперы і балета працаваў Эрнст Гейдэбрэхт. Да яго дадому, а жыў ён у Траецкім прадмесці і прыйшла невялікая дэлегацыя. У кватэры мастака было фартэпіяна, Солтан сыграў вальс і Гейдэбрэхт абяцаў прадставіць эскізы праз месяц. А Яраслаў Вашчак вазіў яго па беларускіх замках, і тым, якія цудам захаваліся, і па руінах.

— Калі я ўбачыў эскізы, зразумеў, што спектакль ужо адбыўся, — сказаў Віктар Скарабагатаў. — Па тых часах гэта былі геніяльныя дэкарацыі!

Уладзімір Солтан, па сутнасці, пісаў оперу ў тэатры, уся пастановачная група працавала ў цесным кантакце. І ўвесь тэатр чакаў гэтую пастаноўку! У той час ужо цяжка хварэў дырыжор Яраслаў Вашчак. Але працягваў працаваць. На рэпетыцыі з лечкамісіі яго прывозіў саліст беларускай оперы, выканаўца партыі Дубатоўка Уладзімір Экнадзіосаў. Жонка Яраслава Вашчака неяк сказала, што пастаноўка оперы лепш яго трымае на гэтым свеце, чым лекі. Але, на жаль, за месяц да прэм’еры Яраслаў Вашчак памёр.

Было вырашана прапанаваць працягнуць працу над операй Аляксандру АНІСІМАВУ. У той час ён працаваў галоўным дырыжорам Пермскага тэатра оперы і балета. Кар’ера Анісімава там выдатна складвалася, але, як прызнаўся маэстра, ён сумаваў па сваёй другой радзіме — Мінску. І вось у Перм прыехалі ганцы: кампазітар Уладзімір Солтан і канцэртмайстар опернага тэатра Георгій Карант. Вальс з «Дзікага палявання» і Анісімава ўразіў. Ён адразу пагадзіўся завяршыць пастаноўку оперы.

Аляксандр Анісімаў, 80-е годы.

— Я вар’яцкі закахаўся ў гэтую музыку, — падзяліўся ўспамінамі маэстра. — Ужо ў Мінску, працуючы з партытурай, думаў пра тое, што ў музычнае прачытанне оперы Яраславам Вашчаком укладзена шмат асабістага, але і мая асоба там таксама прысутнічае. Атрымаўся выдатны спектакль. Глыбокі нацыянальны сюжэт і такая ж музыка хвалявалі публіку. На прэм’еру трапіць было немагчыма. Ажыятаж неверагодны. Гэта не легенда, а сапраўды дзяжурыла конная міліцыя.

Аляксандр Анісімаў

Першы выканаўца партыі Дубатоўка, народны артыст Беларусі, рэжысёр, педагог — Уладзімір ЭКНАДЗІОСАЎ успомніў добрым словам рэжысёра-пастаноўшчыка Вячаслава Цюпу, адзначыўшы, што ён паважаў асобу артыста, бо тое пакаленне салістаў мела права на сваё прачытанне ролі.

Уладзімір Экнадзіосаў — выканаўца партыі Дубатоўка

У той жа час Вячаслаў Алегавіч усе нітачкі спектакля моцна трымаў у сваіх руках.

— Мы ўсе гарэлі гэтай работай, — рэзюмаваў Экнадзіосаў. — У гэтым спектаклі, у музыцы Солтана ёсць сапраўдная беларуская моц! І не трэба казаць, што беларуская музыка дрэнная. Важна, чые рукі бяруцца выконваць яе. Дзе б мы не гастралявалі з «Дзікім паляваннем», усюды быў каласальны поспех! Менавіта з гэтай операй Уладзіміра Солтана ў нашым тэатры з’явілася беларускасць!

Віктар Скарабагатаў успомніў, што ў Вялікім тэатры Расіі быў запланаваны адзін паказ оперы:

— Пасля спектакля просяць сабрацца нас на сцэне. Прыходзіць дырэктар Вялікага тэатра і кажа: «Заўтра ў нас выходны, але мы просім вас застацца, каб паўтарыць спектакль». Як так? Зала 2500 месцаў, у афішы няма оперы. Ён сказаў, што ўсё гэта не нашы праблемы. Мы засталіся, і зала сапраўды была запоўнена.

Вось так маскоўская публіка, якая прызвычаілася слухаць оперу на англійскай, французскай, нямецкай, рускай мовах, палюбіла спектакль на беларускай мове.

Выканаўца партыі Надзеі Яноўскай, заслужаная артыстка Беларусі, загадчыца Камернай залай Вялікага тэатра Тамара ГЛАГОЛЕВА адзначыла, што ўдзел у гэтым спектаклі — яе самы вялікі поспех. У спявачкі багаты рэпертуар, шмат любімых партый, але роля Надзеі Яноўскай — на асаблівым п’едэстале. І, вядома, самыя цёплыя ўспаміны пра выдатную пастановачную групу, у якой кожны чалавек — яркая асоба і вялікі талент.

Уладзімір Экнадзіосаў і Тамара Глаголева

Кажучы пра ўнікальнасць оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», Віктар Скарабагатаў нагадаў, што менавіта беларуская оперная трупа і беларускія ж аўтары з’явіліся ўпершыню ў Нясвіжскім замку Радзівілаў ў 1752 годзе. З таго часу ніводная беларуская опера не ўтрымалася ў рэпертуары даўжэй, чым «Дзікае паляванне». Яе давалі 22 сезоны. Менавіта опера Уладзіміра Солтана ўпершыню была паказана ў фармаце open-air у Траецкім прадмесці. А затым у Нясвіжы на адным з першых фестываляў «Вечары Вялікага ў замку Радзівілаў».

І вось яна вяртаецца на сцэну Вялікага тэатра. Першая пастановачная група заклікае публіку нічога не параўноўваць, а прымаць оперу такой, якая яна будзе. Бо цяпер іншы час, іншыя тэхнічныя магчымасці для тых жа дэкарацый.

— Ад усёй душы жадаю новай пастаноўцы поспеху, — сказала Тамара Глаголева і калегі яе падтрымалі. — Няхай калегам удасца атрымаць тую ж любоў публікі, якая была ў нас!

Такім чынам, прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» адбудзецца 11 і 12 ліпеня. Гэтай жа пастаноўкай 8 і 9 верасня Вялікі тэатр Беларусі адкрые новы, 89-ы тэатральны сезон.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з архіва Вялікага тэатра Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».